15158.fb2 Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 19

Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 19

Вельмі аслабеў Іван Пятровіч. Чакаем наступнага месяца, у якім ён возьме водпуск. У Зэльве восень. Фільмы на 50-годдзе, планы і іх выпаўненне і т.п. Моладзь заўсёды прывозіць з сабою ажыўленне і адвозіць яго, зразумела. Як чуешся? Ці яшчэ не трапіў у палон да мілай, таленавітай мінчанкі? Глядзі, гэта табе перашкодзіць расці да неба! Хоць гэта, можа, і лепш, чымсьці гарэлка… Не ведаю, што з Валодзем, ці вярнулі яму правы? Калі не, дык няхай тата Голуб пасадзіць яго шыць розныя порткі і т.п. – проста за кару! Ах-ах, такі харошы хлопец, а той баранкі ўсё ніяк не ўтрымае, усё яна яму выслізгваецца з рук… Убачыш Мікалая Іванавіча Краўцова – вітай яго ад нас з Іванам Пятровічам. Я вось хату бялю, падлогу крыху памалявала, цяпер у гародзе. Усе пра мяне забыліся…

Бывай, маленькі сябра! Пі малачко, кефір і ўсякую безалкагольнасць! Вітай ад мяне харошых сваіх сяброў (няп’ючых!). Не гневайся, не дуйся, а прыязджай!

Ларыса Геніюш.

P.S. Вельмі харошы зборнік прыслаў украінец Валодзя Лучук.

Максіму Танку

Зэльва, 18 кастрычніка 1967 г.

Максім Танк!

Даведалася, што Вы ўжо прыехалі. О, homo sapiens, чаму ж не ехалі на лячэнне? Я думала, што Вы недзе ўмацоўваеце свае сілы на айчынным курорце, а Вы шыбуеце цераз акіяны! Нічога сабе для хворага чалавека! Ці лекар Вам дазволіў на гэта? Каб хоць прывезлі кружэлак з беларускімі песнямі! Напэўна, забыліся... Як здароўе? Як адчуваеце сябе сяння? Што цікавага ў Вашым жыцці? Як расце ўнучка, а можа, іх прыбавілася? Вы цяпер недзе пад мілай апекай Любові Андрэеўны. Адпачыньце добра, не рвецеся зноў пад аблокі.

Наш малы дворык усланы лісцем, як год таму, калі Вы прыехалі. Толькі сёлета не было прымаразкаў, і цвітуць усе юргіні! Морква ўжо выдраная!.. Я сёння накапала хрэну. Аглядала слоікі з баравікамі, замнога воцату ў іх, яны чакаюць Вас. Мне так хочацца аб гэтым думаць. О, Вы, напэўна, зусім забыліся аб маім існаванні! Нічога, я вось Вам прыпомню аб сабе!

Як Ваш тата? Бярэце, можа, яго на зіму ў Мінск, а то клапатліва Вам будзе зімою. А Татур не меў пуцёўкі... Казаў Прашковічу, што трэба лекарскую посвядку, заяву і г.д., і то на наступны квартал – гэта на наступны год. Не, гэта не падходзіць, ды ўрэшце, я ж – не член Саюза... Муж едзе 10 лістапада недзе ў Лётцы каля Віцебска. Дастаў пуцёўку цераз больніцу. Вельмі, вельмі аслабеў і ледзь ужо ходзіць на работу. Цешуся, што падлечыцца і крыху адпачыне. Я чуюся даволі добра.

Пісаў Прашковіч, што хутка будзе мая карэктура... Нейк дзіўна мне. Была тут Оля Іпатава – мілая, разумная дзяўчына. Ужо – будучая мама (між намі!). Прывезла паказаць мне зборнік Дануты Б[ічэль] «Запалянкі». Харошая, вельмі харошая кніжачка, аж міла на сэрцы... Я чула, што сябрам Быкаву і Карпюку жывецца неспакойна, цяжка. Максім Танк, яны ж на сваёй зямлі, чаму так, чаму, чаму? Ах, гэта ізноў ранка на Ваша сэрца, але што рабіць? Буду вельмі чакаць ліста! Сябра Бажко быў вельмі добры адносна мяне. Пісаў мне сябра Мікола, што нават на 1969 г. уключыў мой зборнік. А ці я так доўга пражыву? Нягледзячы на ўсё, шчыра яму дзякую. Ён мне абяцаў яшчэ «Humoresku» Дворжака, і гэта важна!

Будзьце здаровыя, Максім Танк! З пашанай і шчырым сяброўствам да Вас – Ларыса Геніюш.

Зосьцы Верас

Зэльва, 20 лістапада 1967 г.

Даражэнькія!

Ліст Ваш прыйшоў у суботу, але толькі сяння адпісваю. Была ў мяне пару дзён пляменніца мужа, вось і трэба было яе “забаўляць”. Ёй 19 г., але нават талерак не выцерла… І так я набегалася. На шчасце, прыйшоў Вовка (і яму 19 г.), ды мы гралі ў дурня. А цэлы дзень і вечар ліў дождж.

Учора мяне наведалі мае знаёмыя. Зрабілі неспадзеўку, знача – прывезлі печанага пеўніка, хатнюю булку, зялёнак ды “цыстэрну” каньяку… Ніяк не могуць зразумець, што я не п’ю! Прыйшлося крыху выпіць, а так, як і яны пілі мала, дык рэшта стаіць на торты. Лічу гэты час змарнаваным…

Сяння быў першы марозік. Юргіні я выкапала раней. Прыкрывала ружы. Пасадзіла моркву і часнык. Засаплася зусім, бегаючы, гэта таму, што я – крыху гультай… Пабіла калена, крыху спацела, крыху змерзла ў ногі і нарэшце гутару з Вамі.

Карэктуру робіць Валодзя [Караткевіч] сам. Аднойчы ў дажджлівую ноч прынеслі мне ад яго тэлеграму. Гатовіць да друку другі том раману, таму не прыедзе, хоча разам вычытаць другую карэктуру і г.д. Я згадзілася.

Сябры з Гродна ўсё ж такі клічуць мяне на 24 лістапада разам у Мінск. Не ведаю, што і рабіць?

Муж пісаў толькі раз. Хоча ўцякаць з санаторыя… Пішу яму кожны дзень. Хачу, каб крыху хоць падлячыўся. Вельмі чакаю ад яго другога ліста. Няма нічога і ад сына. Баюся, што муж не дабудзе належнага часу ў санаторыі. Ён капрызны. Капусты ўдома – не есць, грыбоў – не любіць, катлеты – яму не смакуюць, заячы паштэт – нядобры, каўбаса – надаела ў маладосці, цяляціна – залазіць у зубы, калдуны – фэ! Вось цяпер там недзе з’еў бы ўсё.

Я адпачываю, чытаю. У №9 “Нового мира” вельмі добра напісаў Расул Гамзатаў “Мой Дагестан”. Хачу, каб Вы гэта прачыталі. У “Полымі” – новыя вершы М. Танка. Харошыя. Чэрпае многа з фальклёру. Вершы цёплыя. Піша, што наглытаецца пілюляў ды цягне лямку, ледзь знайшоў хвілінку часу напісаць мне ліста. Кліча ў Менск, але я цяжкая на пад’ём. Ездзіў з Брылём і Панчанкам ды з польскім паэтам Пшыбасем на Свіцязь, на Нарач і ў Вільню. Піша, што 9 лістапада назбіралі зялёнак і баравікоў… Дзіўная восень. Я 15 лістапада знайшла тры маладзенькія, цудоўныя баравічкі.

У Дануты маёй усё покуль у парадку, толькі папрасіла яна ад’ехаць мужаву маці – бабу Казю… Можа, і будзе ў іх лад. Людзі часта самыя ствараюць сабе праблемы…

Мой муж таксама вучыўся ў Гродне – у гімназіі графа Тармосава. Часта аб гэтым успамінае. Славіку варта паказаць гэты стары горад. Прыедзьце на весну да нас, і разам наведаем Гродна. У нас там ёсць філіял Саюза бел[арускіх] пісьм[еннікаў] ды свае сябры. Гродна – мой горад. Некалі там усе справы ляжалі на маёй галаве, бо тата не любіў ездзіць па скарбовых “ужэндах” ды выпрошваць льготы з падаткамі…

Жаль мне вялікі п. Смоліч, як жа харошым быў яе муж… Хоць я асабіста нікога не знала. Ізноў піша Валодзіна мама. Ён – то ў саюз, то на студыю, то да сяброў, а ёй, бедненькай, сумна і цяжка. Запрасіла б яе да нас, але ці ж яна пакіне Валодзю? Цешуся, што Саламевічы – харошыя людзі. Ці быў Ваш сын у Лойкаў?

Муж мае быць у санаторыі да 5 снежня, толькі я чакаю яго з дня на дзень. Я сама яго распесціла ды сапсавала да дурасці. Калі б хоць нешта рабіў фізічна, дык быў бы, напэўна, мацнейшы. Так, у беларускіх ідэйных сем’ях жывецца нялёгка… Жаль мне п. Ванды Лёсікавай, і скуль столькі гора?..

Што за кусты дэўцыі? Як яны выглядаюць? Можа, яны ў мяне ёсць? Макі Вам навесну прышлю, яны трывалыя. Прышлю ці прывязу ўсё, што будзеце хацець.

Даволі добра выдалі і “Анталогію беларускай паэзіі” на 67 г. Ёсць там нават мой верш.

Ці я баюся адна? Не! Я нічога не баюся, калі злосная, дык нават не жутка адной. Некалі амаль да старасці я баялася духаў, так, духаў! Нашыя сем’і па тату і маме – гэта гісторыі, дзе напалову дзейнічалі людзі і духі… Вось усё гэта ў мяне ў крыві. Але калі нашыя (паганыя) суседзі пачалі мяне палохаць, тупаючы на гары, я хутка ўпэўнілася, што гэта не духі! Аказалася, што дзверцы зачыненыя з нашага боку, і ніяк не мог нехта лазіць. Тады я памацала ўсе дошкі і ажно крыкнула! Цяпер усё наглуха забіта, “духі” мяне спалохаліся, і я смачна сплю. Не сплю толькі тады, калі многа думаю.

Людзі тут кругом да мяне добрыя. Толькі цераз дом паставілі “тэлевізар” – нейкую пластмасавую забягалаўку. Вось гэта горай. Як пачнуць там біцца, то і нашыя штахеціны трашчаць, на двары поўна пабітых бутэлек і калоў. На днях нашай суседцы высадзілі акно – іх кватэра ад вуліцы. Дом гэты наш, але канец ад вуліцы належаў другому брату майго свёкра. Яго забралі пад камунхоз. Але я і з гэтымі суседзямі добра. Калі я з імі і не размаўляла, то ўсё роўна іх дочка з інстытуту ехала спачатку да нас.

Сяння я крыху прастыла, не магу сагрэцца. Іду ў кіно на 3-ю серыю “Вайны і міру”. Непакоюся аб сыне, але моцна бяру сябе ў рукі, бо што ж памагу? Няхай разбіраецца ў сваім жыцці і пачуццях сам… Памагаю ім чым магу матэр’яльна, хоць яны шмат багацейшыя.

Я такі выберуся да Вас, як вернецца мой Яначка… Папыталася ў мужа, як яго поспехі ў дам? Некалі любіў пафліртаваць, але цяпер – неадлучнае целятка... Крыху сумую без Яначкі, але і адпачываю…

Моцна цалую Вас. Славіку – вітанне! Кланяйцеся хатнім.

Ваша Ларыса Геніюш.

Аляксею Пяткевічу

Зэльва, 25 лістапада 1967 г.

Паважаны сябра!

Дзякую за ліста. Муж мой апошнім часам вельмі аслабеў. Цяпер ён у санаторыі ля Віцебска. Цешуся, што ў Вас усё добра, і жонка мае цікавую працу. Як гэта слаўна, што не забываеце Сашу! І мне хочацца яго бачыць.

Што да Данусі, дык дарма Вы баіцеся яе настрою. Там даўно ўжо ўсё ў парадку. Ізноў мір і гармонія ў сям’і. Гэта была невялічкая хмарка. У нас, паэтаў, гэта часцей, як у іншых… Трэба Вам запрасіць яе (з мужам) як найхутчэй! Няхай вучыцца, Атэла, як жыць і пазнаваць харошых людзей! Даўно гэтага вартаснага, але дзікаватага друга Дануты трэба было прыручыць… Гэта, праўда, ніколі не позна. Вы сваім тактам і шчырасцю адносінаў паможаце дарэшты забыцца дваім закаханым (у супружжы гэта нячаста) аб тым, чаго болей нельга рабіць… Гордыя яны абое і прынцыповыя. Вось, можа, у гэтым – цікавасць жыцця, без воблачнае – яно для прымітываў. Пачуццё выратуе з найгоршага шторму. Спадзяюся на Вашыя педагагічныя і таварыскія здольнасці (якія я ўжо мела прыемнасць наглядаць) і думаю, што сустрэча з Данутаю і абмеркаванне “Запалянак” пройдзе ў Вас на належным узроўні.

Верш мой у “Дні паэзіі” сапраўды архаічны. Яго недзе ўзялі са зборніка. Пісаны ён быў для Гудзевіч – як дыдактычная крыху паэзія. Маю ўражанне, што і цэлы мой зборнік будзе архаічным да пэўнай меры. Толькі – і гэта жыццё, і немаведама, якое болей цікавае і сапраўднае… Архаічныя погляды на жыццё (адвечнай беларускасці) добрыя тым, што прадоўжылі б яго і захавалі б… Вялікая частка народу нашага не разумее інакшай паэзіі, ды і самі паэты не могуць быць усе – аднаго жанру. Цікавае якраз – у іх рознасці. Я сама не люблю сваіх вершаў і кажу Вам гэта шчыра, але людзі іх разумеюць.

Бывайце! Кланяйцеся жонцы. Цешуся і жадаю поспехаў пачыну Аляксея Н[ікіфаравіча Карпюка]. Жаль, што не магу памагчы яму.

Ларыса Геніюш.

Максіму Танку

Зэльва, 4 снежня 1967 г.

Дарагі і паважаны Максім Танк!

Я цяпер у таварыстве і атмасферы Вашых вершаў з апошняй падборкі ў «Полымі». Яны гаючыя і глыбокія, на многія [пытанні] адказваюць, захопліваюць і задавальняюць мяне. У іх ёсць мужчынская сіла і розум, ды тое, што я люблю, – дабрата... З імі мне добра, як і наогул з Вамі.

У Вас – гора, і я Вам спачуваю з нагоды скону тав. Казлова. Як жаль, што народ так мала знае пра сваіх кіраўнікоў. На мой погляд, пра іх павінен ведаць кожны, каб склаліся пра іх адпаведныя думкі і пачуцці. Вось адыходзіць чалавек, які, напэўна, нечым заслужыў высокае становішча ў нашым народзе...

Паштоўка ад Вас – цудоўная! Мяне так і пацягнула ў лес, але дарогі ўжо белыя, ды вецер студзіць... Мой муж недзе ў Мінску. Ён, напэўна, скажа Вам, куды хоча ехаць на лячэнне, а я дастасуюся да ягонай волі. Шчыра кажучы, мне найбольш хацелася б у Нясвіж, ці на Нарач. Люблю быць удома, доўга не была… Што да грамадзянства, дык пастараюся, каб было так, як Вы гэтага хочаце. Мне гэта смешна. Я – нічыя і належу сусвету і Беларусі. Я нейкі госць на зямлі, гарошына, якую лёс кідае, дзе хоча, і разам з гэтым – шчыры Ваш сябра. Добра, гарошына будзе мець нейкую фармальнасць...

Чаму не хачу прыехаць? Проста я баюся людзей. I яшчэ баюся, што калі ўбачу Вас у іншых абставінах, дык рассеецца той харошы вобраз, які застаўся ў маім сэрцы пасля Вашага візіту ў нашай хаце. Я многа згублю, калі адчую Вас іншым, хоць і знаю, што становішча Ваша гэтага вымагае.

Карпюк прыслаў мне карэктуру маёй кнігі. Кніга атрымалася светлая і ўзнёслая. Я не ведаю, як і чым Вам за ўсё аддзякую. Яна такая толькі дзякуючы Вам. Гэта вынік Вашай несказанай тонкасці і інтэлігенцыі, Вашых парадаў.

Я крыху адпачыла. Часам не давалі людзі, сваякі (скуль яны толькі бяруцца...). Некалі я дасканала пераносіла адзіноту, таму цяпер у мяне быў нейкі ясны свой свет, і я не сумавала зусім. Жадаю Вам здароўя. У апошніх сваіх вершах Вы такі багаты...

Бывайце, харошы Максім Танк. Гадзіннік цікае ўсё.

Ларыса Геніюш.

Зосьцы Верас

Зэльва, 20 снежня 1967 г.