15158.fb2 Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 22

Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 22

Быў у Зэльве А. Вялюгін з жонкаю. Разумны ён і добры чалавек, але ж надта п’е. Хоць у нас удома не піў, казаў, што не можа. Чыталі вершы, якія і забраў з сабою. Доўга, разумна і міла гутарыў з намі. Бяда толькі, што абавязкі гаспадыні не далі мне магчымасці болей з імі паразмаўляць. Жонка яшчэ маладая і прыгожая, вельмі хораша з ім абыходзілася.

Вельмі радыя з маіх поспехаў літаратурных Аляксандр Аляксандравіч і ягоны цесць! Другая кніжка не запланаваная, гэта памылка. Запланавалі дзіцячую – на 1969 г. Яны гавораць адно, а робяць другое. Не прыслалі мне пакуль ганарару, але гэта няважна! Гэта цікавіць болей Івана Пятровіча.

Хочацца Вас пабачыць, але з гэтым пакуль што трудна. Крыху працую над дробнымі рэчамі. Хачу паехаць на вёску, добра паслухаць мову, мне гэта патрэбна, як соль.

Віншую Вас усіх з 8 Сакавіка! Як маюцца Вашыя дамы? Як хлапчаняты? Ці добра даходзяць лісты? Пісаў Мікола [Прашковіч], што калі паявяцца кніжкі, ён іх Вам прышле. Бывайце здаровыя! Вершы перапішу, як крыху паздаравею.

Цалуем Вас усіх – Геніюшы.

Аляксею Пяткевічу

Зэльва, 21 сакавіка 1968 г.

Дарагія і паважаныя!

Толькі цяпер пішу Вам і дзякую за Вашага харошага ліста. Вельмі ўзварушылі мяне Вашыя словы і высокая ацэнка маіх вершаў. Спадзяюся, што Вы ўжо дома, і ліст мой застане Вас у Гродне. Я крыху хварэю, ляжу. Вясняны грып ломіць мне косці. Ён такі нялюдскі, без тэмпературы.

Вельмі добрыя водгукі прыходзяць на мой зборнік. Нават беларускія мастакі дзякуюць за “багацце”, з якога яны чэрпаюць… Я шчаслівая гэтым, хоць я сама не задаволеная са сваіх вершаў, але жыццё амаль прайшло, і старасць не дасць ужо таго, што звычайна выкоўвае са слоў і пачуццяў узлётная маладосць.

Што да сустрэчы са студэнтамі Вашага інстытута, то не абяцаю Вам гэтага. Ім, маладым, не будзе цікава бачыць старога чалавека, змучанага жыццём і змаганнем. Няхай лепш самі чытаюць вершы і думаюць, што ў мяне яшчэ столькі сілаў, што невад яшчэ закіну і выцягну яго на родны бераг з новымі лінамі і шчупакамі, а, можа, і з той залатой рыбкай, што ўсё не напісана мною, усё ў марах…

Нас, паэтаў, трэба пакідаць, як ваўкоў, у сваіх гушчарах, дзе мы і палюем начамі на вершы. Гутарыць з намі не заўсягды цікава. Цяжка спалучыць вымоўнасць лёгкую і чулае пяро.

У нас – па-старому. Быў нядаўна А. Карпюк, як заўсягды, ветлівы. Пагутарылі крыху. Але ён пра нікога не расказвае. Нейкі дыпламатычна скрыты, ці ўжо такая натура… Так што пра Вас усіх я так нічога і не даведалася. Сашы [Белакозу] трэба паперапісваць нешта і паслаць у школьны архіў, усё не збяруся, а апошнія дні – у ложку. Збіралася да іх пад’ехаць, але ўжо хіба на весну, на дзедаву магілку.

Як маецца наша Дануся? Хоць Вы, даражэнькія, іх не забывайце! Гэта харошыя людзі, якім, аднак, час ад часу яшчэ трэба напомніць, якія яны харошыя… Чужы чалавек там патрэбны, бо яны часам чадзеюць ад уласнага шчасця і не заўважаюць яго. Ці былі ў [Олі Іпатавай]? Як там яе сынок? Як там Ніна Говгель – мая сястронка? Перадавайце ёй ад мяне прывітанне. Збіраюся адведаць Данусю і Олю, тады, напэўна, мы і Вас паклічам на сустрэчу паэтэс.

Яшчэ раз шчыра дзякую Вам за сяброўскія цёплыя словы аб кніжцы, у якой найболей мне падабаецца яе цудоўнае афармленне.

Ваша Ларыса Геніюш.

Аляксею Пяткевічу

Зэльва, 4 красавіка 1968 г.

Дарагія і паважаныя!

Дзякую Вам за лісты. Няхай будзе мне прабачаны мой спознены адказ. Жыццё маё не заўсягды лёгкае, а здароўе – тым больш. Многа пісаць сяння Вам не буду. Толькі прашу прабачэння, што не змагла і не змагу пакуль што да Вас прыехаць. Яшчэ хварэю – гэта адна справа. Другая – выступаць у Гродне, дзе так сурова, варожа, не па-людску адносяцца да беларускай мовы і да нас, мне боязна... Боязна таго болю тых правакацыяў, з якімі сутыкаюся амаль на кожным кроку свайго тут існавання…

Я адважная, нават замнога, але я хварэю тады, калі на зямлі нашай нас уніжаюць… Лісты, якія пішуць мне школьныя дзеці, і тыя да мяне не даходзяць… Нашу старую хатку абкладваюць штораз вышэйшымі падаткамі, і наагул, я баюся ад’ехаць з хаты.

Ліст гэты шчыры, як кожнае маё слова. На абмеркаванне зборніка Данусі (як яна мне пісала) сабралася маленькая жменька студэнтаў, а яна ж – свая, гродзенская… Мне гэта ўсё несказана балюча, таму лепш не будзем рабіць сустрэчаў, якіх наша беларускае грамадства яшчэ не жадае шчырым і патрыятычным сэрцам! Мне не хочацца кідаць свайго сэрца і свайго болю за Радзіму пад ногі абыякавых да нашай зямлі людзей.

Асабіста да Вас я прыеду. З глыбокай пашанай да Вас і Вашай сям’і – Ларыса Геніюш.

Аляксею Пяткевічу

Зэльва, 17 красавіка 1968 г.

Аляксей Міхайлавіч!

Дык калі і дзе я магла ў жыцці выступаць перад шматлікай аўдыторыяй? Вы памыліліся! На эміграцыі была нас жменька, і то – ваўкоў болей! Ага, у лагеры! Там я выступала. За нас і за ўкраінцаў пры любым нашым свяце (царкоўным), пры нашых тайных, скромных да жудасці гасцінах, калі з нараў рабіліся сталы і ставілася стража, каб не ішла надзорка.

А тут? Ды і што, браце, гаварыць: я не ведала, што гэта інтымнае амаль, Ваша таварыства шчырых людзей! Гэта другая справа. Гэта тое самае – каб прыехаць да Вас ці да Дануты. Дык вось: назначце дзень! Прыеду днём раней, бо вельмі хачу пабачыць нашчадкаў Дануты Іванаўны, і як яна іх за гэту зіму паправіла. Згода!

Не я адна, дружа! Піша мне сяння маладзенькая Валя Ковтун, якая з Львоўскага інстытута перавялася ў Мінск: “Баюся тут патрыятычнай хлусні…” Не судзеце нас строга, мы хочам гутарыць сэрцам да сэрца, а не кідаць яго на суд ці на пасмешчышча чужых нам ды абыякавых людзей. Хацела б, каб была там са мною Данута. Прывязу лепш, думаю, новыя вершы. Крыху саромеюся за іх немадэрную форму – ну што ж…

Шмат раскажу пры сустрэчы, і Вы мяне болей зразумееце. Мне не соладка, як Вы сабе ўяўляеце… Няважна ўсё, важна тое, што прыеду, дзень і гадзіну Вы з Данусяй назначце самі. Безумоўна, пасля 22 красавіка 68 г. Вось і ўсё.

Шчырае прывітанне Вашай сямейцы. Заставайцеся здаровыя, чакайце мяне.

Ваша Ларыса Геніюш.

P.S. Няхай будуць толькі Вашыя студэнты, каб я магла быць як удома.

Аляксею Пяткевічу

Зэльва, 1 траўня 1968 г.

Дарагія!

Крыху спознена вітаю Вас са святам Вясны і Працы. Прашу за гэта прабачэння. Прыехала я шчасліва. Муж аж пахудзеў за гэтыя пару дзён. Адвезла я з Гродна самыя харошыя, самыя жыццядайныя пачуцці, за ўсё гэта дзякую Вам ад шчырага сэрца. Усё тым было цудоўна і дорага, не ведаю – што самае дарагое. Магчыма, Ваша прамова ці слова сябра Р. ці сяброўкі К., ці слова моладзі, ці кветачка, якую падаў мне адзін з Вашых сяброў і ад якой забілася маё сэрца…

З майго боку не ўсё было добра. Я была вельмі хворая і, наеўшыся парашкоў, старалася быць здольнай хоць нешта сказаць ці прачытаць. Я крыху не была сабою, бо хвароба і чужое, непрывычнае для мяне асяроддзе апошніх дзён, перад выступленнем падзейнічалі на мяне, выклікаючы крыху разгубленасць. Вельмі ўдзячная Вашай жоначцы за яе асаблівую, тонкую сардэчнасць і мілую вячэру. Марынкай я захопленая. У ёй многа дабраты, непасрэднасці, скромнасці і беларускай грэючай шчырасці, хоць яна яшчэ і дзіця. Хацелася б, каб і расла такая светлая духова, такая сонечная.

На гроб дзедаў не ездзіла. Калолі мне зноў зуб пеніцылінам, і ў гародчыку яшчэ не ўсё пасаджана. Быў у нас харошы, як на Зэльву, парад. Мы вярнуліся і адпачываем. Мне хацелася з Вамі пагутарыць, вось і пішу. Зноў пачаліся старыя праблемы, якія мне не зусім па сэрцы. Буду старацца іх вырашыць. Сыну і яго сям’і далі вызаў. Мы былі шчаслівыя ім гэты вызаў паслаць. Дома чакаў на мяне ліст Міхаські (унука), якому 10 лет. Гэта былі дзве карткі, запісаныя хораша па-беларуску і па-англійску! Вучыцца ў польскай школе, знае і рускую мову. Чытае.

Прашу прабачэння, што збудзіла Вас, але, магчыма, іначай цяжка мне было б ад Вас дабрацца дамоў, бо не дастала б білета.

Я з болем чула, што Еўдакія Лось вельмі востра звяртаецца супраць маёй кніжкі ў самыя высокія ўстановы… Я яе не ведаю, але гэта – брыдкі паступак, і не спадзяюся, каб ён меў поспех у разумных людзей. Ёсць розныя напрамкі паэзіі, і гэта яе абагачае. Я люблю свае карэнні і наш беларускі, славянскі твар! Паэт мусяе не толькі слухацца, але і думаць, добра думаць і сапраўды лавіць у Нёмане беларускага жыцця сваіх шчупакоў.

Прашу перадаць ад мяне падзяку і прывітанні ўсім сябрам. Цудоўная ў Вас жонка, якую шчыра цалую. Марынку абнімаю, а Вам кланяюся. Падзяка і прывітанні Вашай сямейцы ад мужа.

Ваша Ларыса Геніюш.

Максіму Танку

4 траўня 1968 г., Зэльва

Максім Танк!

Толькі ўчора А. Н. Карпюк расказаў мне аб усім, што ў апошні час робіцца ў Б[еларускім] С[аюзе] п[ісьменнікаў] вакол майго імя і кніжкі. Я балюча і трагічна зразумела насамперш адно: Вы і іншыя людзі, якія стараліся мне дапамагчы, маюць незаслужаную непрыемнасць з гэтай прычыны. Абедзьве кніжкі мае няхай гавораць самі за сябе, я закрану падзеі.

Аднойчы я ўжо ў БСП аб гэтым пісала, але гэтая вялікая юстычная несправядлівасць свядома і здзекліва зноў закранула балючае і незажыўшае. Мне сказалі, што адпаведныя органы паказваюць маладым беларускім пісьменнікам «дакумент» аб падпісанні пражскімі беларусамі тэксту тэлеграмы Гітлеру ў сувязі з нападам апошняга на Савецкі Саюз.

Вось як на следстве, так і цяпер кажу, што гэта НЯПРАЎДА!!! Ніхто, паўтараю, ніхто са змушаных прыйсці ў той дзень на сход Бел[арускага] кам[ітэту] самапомачы ў Празе падобнай тэлеграмы ці пастановы не падпісаў! Уся б гэта справа выглядала б гратэскна, каб не трагічнае становішча тых дзён і тэндэнцыйна несправядлівы падыход да яе следчых сталінскай эры.

У канцы 1937 г. я на польскі пашпарт (такі ж меў і мой муж) з вялікімі цяжкасцямі і перашкодамі выехала ў Прагу. Пасля знішчэння польскай дзяржавы мы аўтаматычна засталіся без грамадзянства. Усе такія людзі, як наогул людзі іншых нацыянальнасцяў у Чэхіі, яўрэямі пачынаючы, мусілі, паводле загаду немцаў, арганізавацца ў адпаведных, дазволеных уладамі ўстановах. Гэты загад і ўстановы былі нават пададзеныя чэшскай прэсай. Для беларусаў гэта быў Бел[арускі] кам[ітэт] самапомачы, які заснаваў і пастараўся ўзначальваць Ян Ермачэнка. Сярод членаў камітэту была і захавалася да канца вайны яўрэйская сям’я Вальфсонаў (бацька, сын, дачка). Камітэт асаблівай дзейнасці не праводзіў, а нейкай палітычнай дзейнасці не праводзіў зусім, не да таго было людзям.

Аднойчы, у дзень нападу фашыстаў на Савецкі Саюз, у дзень трывогі, неспакою ды адчувальнага проста тэрору Ермачэнка асабіста і грозна аб’ехаў усіх беларусаў са строгім загадам — сабрацца ўсім назаўтра а такой і такой гадзіне ў яго на кватэры. Дарэчы, там з яго «ласкі» той камітэт і памяшчаўся. Не паслухаць загаду было ў той час амаль раўназначна лагеру. Прыйшлі ўсе. Не было толькі майго мужа, які [неразб.] спакойна замяшчаў спецыяліста скур[на]-вэн[ерычных] хваробаў доктара Віцеслава Градзіла, стараючыся не пападацца немцам на вочы.

Сход пачаўся трывожна і дзіўна. Ермачэнка, які заўсёды быў старшынёю сходаў, на гэты раз аб’явіў: «Старшыня арганізацыі не можа быць старшынёю сходу!» Ён пачаў прапаноўваць іншых і мяне ў тым ліку, усе чамусьці адмаўляліся, В. Захаркам пачынаючы. Настрой рабіўся трывожна-напружаным. У гэты час увайшоў мой муж, якому Ермачэнка тэлефанаваў на працу, каб ён з’явіўся. Не паспеў той увайсці ў хату і адумацца, як прызначылі яго, першы і апошні раз у жыцці, старшынёй сходу гэтага камітэту…

Усе чакалі. Ермачэнка знік у раскошы пакояў, адкуль прынёс гатовае пасланне таму клятаму фюрэру, якое і зачытаў усім прысутным! Сябры замоўклі, але пасля пачалі даводзіць, што камітэт гэты — арганізацыя апалітычная (хто ж тады славянам нейкую «палітыку» дазваляў?). І таму не мае права на падобныя тэлеграмы. Ермачэнка лоўка вывернуўся, кажучы: ну, тады гэта будзе ад бел[арускай] калоніi ў Празе.

Сказаць, што мы — супраць, гэта было б роўным чынам ісці ў Асвенцым. Гэтая камедыя не была таго варта! Але пратаколу сходу гэтага падпісаць з нас ніхто не мог і ніхто не падпісаў!!! Клятую тую тэлеграму падаў назаўтра сам не меней кляты Ермачэнка, паставіўшы пад яе імя, якое яму найбольш спадабалася, імя «старшыні сходу»…

Сталася правакацыя. Я хацела спачатку сабраць подпісы пад сапраўдным пратаколам гэтага свінства, але пачыналася вайна, ды людзям ці ўсім паверыш? Так і засталося. Я вельмі горача занялася паэзіяй зусім не для Рэйху, а для падтрымкі сваіх землякоў і іх вернасці сабе і Радзіме. Хто думаў, што гэты няшчасны фарс з тэлеграмай воляй нядобрых людзей прарасце ў такую агіду...