15158.fb2
Застаюся з пашанай да Вас – Ларыса Геніюш.
P.S. Дзеці забралі мне палову здароўя і ўвесь спакой. Радавалі толькі ўнучкі. Харошыя і разумныя хлопчыкі.
Зэльва, 23 снежня 1968 г.
Дарагія!
Прашу не клапаціцца аб краватках! Сваячкі ўжо паехалі, так што паслаць іх покуль што нельга. Не трэба чапаць і нашу дарагую Юлю Бібіла. Абыдзецца неяк. Ніткі яна мае, паслала ёй Паўлінка М[ядзёлка] з Масквы, няхай сабе тчэ памаленьку, а трэба будзе, дык папросім.
Як гэта Вы ліста дасталі раней, чымсці бандэроль? А можа, Вы яе зусім не дасталі? Тады будзем рэкламаваць. Я ўжо да ўсяго прывыкла.
З А. Быкоўскім трэба звярнуцца ў Дзятлаўскі музей баявой славы. Так мне парадзілі з Гродна. Няхай гэта зробіць пісьменна сябра Лявон.
З нашымі экспанатамі на літоўскай этнаграфічнай выстаўцы да слёз балюча. Чытаць гэтага не магу… На Белакоза не гневайцеся, хопіць, што я яго “грызу”. Чалавек ён адумысловы, але мае трое дзяцей (для Беларусі, можа, найболей і патрэбныя нашыя дзеці!), мусяе дбаць крыху і аб іх. Яму нялёгка. Прыслаў нядаўна копію заявы ў Менск. Іх завуч, нейкая саратаўская мадам, загадала вывучаць у школе гісторыю па-расейску, бо выкладчык гісторыі, яе зямляк, за 20 гадоў, праведзеных у нас, не навучыўся мовы! Вось і бароніцца школа! Паслала я гэтую копію Паўлінцы М. у Маскву, але няма ні слыху ні дыху! Баюся, што, можа, захварэла. А можа, яны з Зосяй Шамардзіной, жонкай Язэпа Адамовіча, прыедуць, як збіраліся, на святкаванне 50-годдззя БССР. Ліста я ёй паслала заказным.
Дык яшчэ раз прашу Вас не думаць. Не клапаціцца аб краватках. Ведаеце, пашто яны мне былі патрэбныя? Вось аднойчы ў нядзелю нехта звоніць, бачу – стаяць на ганку два юнакі і дзяўчына. Аказалася, што гэта нашыя студэнты. Яны мелі многа прыкрасці, бо нейк спантанна, само сабой, не ведаю, колькі там соцень подпісаў сабралі ў інстытуце пад петыцыяй, каб усе дысцыпліны ў іх выкладаліся на роднай мове! І ўсяго! Збэсцілі іх, пакаралі, некаторых змусілі адрачыся ад подпісу. Нехта іх лаяў, нехта бараніў, дасталі, здаецца, выгавары. Я ўжо добра не памятаю. Бо не расслухала, была на кухні, каб хоць іх накарміць. Гарэлкі – ні ў рот! Выпілі пакрысе хатняга віна і адразу паехалі, бо спяшаліся на аўтобус, каб паспець на “Узлёт”, іх вечар паэзіі.
На “Узлёт” не паспелі. А начальства пранюхала, што былі ў Зэльве, і было не задаволенае, што мяне прывяло ў лютую ярасць! Абяцалі мне вучыцца на выдатна і пакуль што вучыцца і толькі вучыцца! Вось хацелася мне вельмі даць ім па краватцы. Аднаму дала, праўда, а вось Алесю Р[азанаву] не дасталося, бо не было. А пасля папрасіў краваткаў і сын. Аб тым, што “смаркуны” мелі непрыемнасці, пісаў мне Прашковіч, бо я, ведаючы, як мяне “любяць”, папрасіла іх не пісаць мне… Цяжка да болю, да адчаю. Найболей шкадую, што за кухняю і не пагутарыла з імі як належыць, нічога так і не спытала.
Зноў той А[ляксей] К[арпюк]. Я іх вельмі паважаю, але нічога няма ў нас асабістага, чаго б не павінныя мы былі б аддаць у любы час народу: ці то весткі, ці іншыя інфармацыі, успаміны і г.д. Бог з імі, але не люблю, калі нехта з мяне робіць дурня, а ён раз зрабіў! Піша мне год таму назад, што Забэйда памірае і г.д. “Я ведаю, што Вы не любіце яго, але ратуйце, бо хоча памерці на роднай зямлі” і г.д.
Я, дурань, узбурыла цэлы Менск! Аказалася – усё няпраўда, Забэйдзе і не снілася сюды ехаць, а “органы” такое прыдумалі на Забэйду, калі Вера Вярба пайшла прасіць за яго. Каб ведаў пра гэта Забэйда, сапраўды захварэў бы. Пашто і чаму гэта было патрэбна? Другі раз так мяне падвёў Карпюк, праўда, не з Забэйдаю. Я цяпер баюся хітрых людзей і губляюся ўжо, хто паганы, а хто добры.
Пісалі мне Паўлінка і Дануся Бічэль аб М[аксіму] [Танку]. Ён крыўдаваў на мяне, што яго не слухаю. Я яго вельмі паважаю і буду зноў мірыцца (хоць ніколі не сварыліся), і калі змагу, буду рабіць, як ён пажадае. Прыкра мне, што я яго злую, а ён, як піша Данута Б., хоча мне дабра. Я зноў баюся сваёю выбуховай натурай нашкодзіць яму. Я ж, напрыклад, не магу маўчаць, калі ідзе гутарка аб нашай мове. Вось такія праблемы ў мяне.
А[ляксею] К[арпюку] аб маіх настроях адносна яго персоны не ўспамінайце! Аб краватках, яшчэ раз прашу, не думайце. Як здаровячко? Каб хоць памаглі Вам тыя лякарствы! Калі што яшчэ Вам трэба будзе, то дам Вам адрас Юры, калі захочаце, дык, можа, зноў што прышле праз каго. Хлопец на гэта ён харошы.
Яшчэ раз жадаю Вам усяго добрага ў Новым годзе! Вітайце ад нас Л. Луцкевіча і ўсіх знаёмых. Усяго Вам добрага. Прывітанні ўсім хатнім.
Ваша Ларыса Геніюш.
Зэльва, 24 студзеня 1969 г.
Дарагі Аляксей Міхайлавіч!
Што з Марыяй? Ці сапраўды – нічога небяспечнага? Ці раней яна на страўнік не хварэла? Вось і мне няважна са сздароўем. Збіраюся таксама ў Гродна. Дануся Вам пазвоніць, калі я прыеду. Марыі Міхайлаўне перадайце ласкава ад нас самыя шчырыя прывітанні і пажаданні выдатнага здароўя.
Я ўжо тут счарнела ад попелу і торфу і ад рознай хатняй працы. Уварваліся тут да нас на дзянёк Прашковіч з Панізнікам, і то не было мне як гаспадыні часу з імі пагутарыць, ды і людзей набілася ў хату – патрэбных і непатрэбных.
І так – снег мяне завеяў, адгарадзіў ад усяго свету (акрамя эфіру…), і я зусім вярнулася да першабытнага існавання нашых продкаў. З аднаго боку – гэта і здорава, і люба! Муж амаль тыдзень ляжаў. Можна сказаць, што першы раз ад нашага прыезду сюды. Старасць, і сілы здаюць. Так як з яго пенсіяй справа нецікавая, дык пастанавілі ўцякаць на старасць да сына. Бедны гэты наш хворы слупок, на які трэба абаперціся сяння ўсім малым і старым нашай сям’і. Ён на ўсё гатовы. А нам сяння важна бачыць унукаў, ды каб яны нам закрылі вочы. Сяння ў мужа была пяцімінутка, але ў больніцу ён зайсці па снезе не змог. Справы сумныя. Жыццё чалавека даканала, ды ўжо і час…
Што да Халянковай, дык некалі ў гутарцы яна мне падкрэсліла, што яна – полька. Пры яе сведамасці і інтэлігенцыі гэта гучала дзіўна. Калі гэта гаворыць мой цёмны сусед, дык я амаль дароўваю. Людзям жа сапраўды разумным трэба быць прыкладам для іншых задураных клірам і ворагамі наогул. Вось таму я Вам шчыра напісала, што думаю. Іначай я яе (Халянкову) лічу вельмі інтэлігентнай і цікавай жанчынай, а яе мужа нечаму паважаю яшчэ болей.
Смешна было на святкаванні 50-годдзя БССР у Зэльве. Заўсягды ад інтэлігенцыі выступала ў нас Халянкова. Цяпер жа выступала яе замясціцельніца ў школе-інтэрнаце – таксама завуч (прозвішча не ведаю). Яе спецыяльна знекуль выпісаў той Фогэльман ці як яго там, адным словам – дырэктар. Гутарыла яна вельмі няўпэўнена, і нават колькасць разоў паўторанага слова “партыя” не прыдала асаблівага бляску яе выступленню. На канец, каб нешта яшчэ сказаць і для беларусаў, яна закончыла: “Беларусь, красуйся і… расцвітайся!” Вось тады мы і прыгадалі Халянкову і яе выступленні.
Цяпер у Зэльве, калі хто каго віншуе, дык гавораць: “Красуйся і расцвітайся!” Хахочуць! Пра Сашу нічога не ведаю. Той мядзведзь недзе акапаўся ў Гудзевічах і нікуды носа не высоўвае. Нават не чутно, як яму цяпер дыхаецца. Магу толькі меркаваць па сабе – нялёгка…
Нядаўна атрымала ліста з Масквы – ад Паўліны Мядзёлкі. Яна выразіла думку абліць сябе бензінам і запаліць – у пратэст прыгнечання беларускай мовы на нашай зямлі! Я яе як магла пераканала ў нечасовасці гэтай ахвяры, але гэты чалавек рашучы, і хто ведае, што яшчэ яна нам вырабіць з неспадзеўкі! Цяпер яна, разам з другімі маімі сябрамі, занялася думкай зрабіць з мяне нашую грамадзянку. Вось не люблю, калі хто, не ведаючы майго жыцця, самохаць напраўляе яго куды хоча! Людзі часам не заўважаюць, што і ў мяне галава на плячах трымаецца для нейкага ўжытку! Мне колькі разоў адмовілі ў рэабілітацыі (а я ж ведаю сваю “віну”!), занішчаюць дзе могуць, а я маю кланяцца і дзякаваць за гэта і, безумоўна, – маўчаць.
Пішу гэта прафілактычна, каб пры сустрэчы і Вы не населі на мяне з гэтымі прапановамі! Вы мне, ведаю, даруеце гэтыя словы. І так, крыху пацяплее, і я прыеду да Вас, вось цешуся. Гэта – як з цямніцы па глыток паветра! Прыгатуйце для мяне ўсе цікавыя літаратурныя новасці і абавязкова – беларускія! Для ўсяго іншага – ці варта жыць?
Як Вы там даяце рады з Марынкай? Хто гаспадарыць? Вось і ўсё – муж адыходзіць, каб кінуць ліста. Бывайце! Прывітанні ўсім сапраўдным сябрам у Гродне, самому гораду, Нёману, Каложы, замку, Азотна-тукаваму і г.д. Цалую мілую М[арыю] М[іхайлаўну]. Заставайцеся здаровы!
Ларыса Геніюш.
2 лютага 1969 г.
Сябра Мікола!
Гэта мой трэці ліст у адказ на Ваш апошні. У чацвер (30 студзеня) я была ў Гродне. Чаму яны хацелі мяне бачыць – сама не разумею. Пісалі недзе дзеля “красного словца”. Перадусім яны ўсе хворыя. Быкаў ляжыць, і з сынамі, у Пяткевіча ў больніцы жонка, у Данусі пахварэлі дзеці. Карпюка ж я не бачыла, прызнаюся, і не хацела бачыць. Яны ў цэлым, як я і раней пісала, – харошыя людзі. Малайцы! Быкаў ляжаў і чытаў Грынблата. Пытаўся, ці я бачыла такую кніжку.
Учора зноў прыехала з Менску Ніна Л[ойка], казала, што і ў Вас усе хворыя. Нават наш Багіна ляжыць недзе, але яна не мела часу яго адведаць. Хворая і Паўліна М[ядзёлка] ў Маскве. Ледзь-ледзь напісала пару слоў з просьбай не пакідаць яе… Заўсёды шкада мне, калі розум, памяць і пачуцці яшчэ жывуць, здольныя да жыцця, да творчасці, а арганізм знішчаецца, і час адыходзіць. Так нешта і з ёю адчуваецца, а яна нервуецца і нейк неадчэпіста трымае другіх у атмасферы гэтых сваіх непазбежных спраў.
Што да грамадзянства (між намі), дык браць яго і не думаю. Як можна, калі ў Гродне нельга аказацца па-беларуску, каб не пачуць ад прадаўцоў грубасці! Як толькі Дануся гэта перажыла, нешта купляючы ў кіёску! Няхай я – пясчынка, можа, бяссільная, але на такое я не хачу глядзець. Не для гэтага ў нас загінуў кожны чацьверты і мае родныя браты ў тым ліку! Каму не сорамна, няхай той пасецца на гэтай ніўцы мяшчанскай ды чужой! Я з дзеда-прадзеда – беларуска, гэта ў крыві маёй, у душы, і я не гад, якія мяняе скуру!
Друкавацца таксама не хачу і не буду. Няхай гэта будзе пакуль што толькі для Вас. Бачыце, калі мне браць нейкае грамадзянства, дык – грамадзянства народу, які нам ніколі не рабіў крыўды, які шануе сваю і чужую свабоду і які не прадаў бы мяне, як гэта зрабілі Чэхі ў 1948 годзе. Вы ведаеце, што я ніколі не галасавала ў ніводзін урад у маім жыцці? У Польшчы галасавалася позна, ад 21 г. жыцця. Калі я выйшла замуж, дык мы з мужам не галасавалі таксама, бо не было там як галасаваць – усе беларусы тыя выбары байкатавалі. У Чэхах я была чужынкай. За нямецкай акупацыяй я была “без грамадзянства”, як і сяння, бо сваё польскае грамадзянства згубілі мы з падзеннем Польшчы. Чэшскае грамадзянства ўзялі мы ў 1947 годзе. Не галасавалі, бо ў 1948 г., 5 сакавіка, нас ужо арыштавалі, а 13 жніўня таго ж году нас выдалі. Нейкім нелагічным чынам мы зноў аказаліся без грамадзянства. І так – ніякага галасавання на працягу 8, 5 гадоў зняволення. Ніякага і да сяння! Гэта нейкі унікум! Вось вынесла я беларускую святасць са сваёй зямлі, і гэта адзіны мой “паспарт”…
Вось з раніцы гаворыць у нас “радиоточка”, і яшчэ ні слова не пачула я па-беларуску – ні для старых, ні для моладзі, а ўжо 12 гадзін. Будуць заўтра крыху гаварыць, бо гэта працоўны дзень, і клас сялян і рабочых, які яшчэ карыстаецца роднай мовай, будзе слухаць перадачы, якія будуць падганяць да выканання і перавыканання нормаў працы. Нейкі надклас, не карыстаючыся роднай мовай, у гэты час будзе “начальстваваць”, а вечарам усе яны будуць слухаць нешта іншае – кожны сваё…
Гродна цяпер ціха радуецца, па нейкім канале яны ловяць Вільню і Польшчу. У Польшчы асабліва цікавая праграма замежных фільмаў. Вось і нашыя вучацца польскай мове, каб зразумець каўбойскія ці шпіянажныя, ці іншыя цікавыя фільмы. У шэрым жыцці чакаюць вечара, сядзяць да 3 г. уначы (у палякаў час на 2 гадзіны адстае ад нашага) і глядзяць “казкі”, з якіх прачынаюцца да рэчаістасці і чакаюць вечара, каб зноў іх пабачыць.
Вучні робяць з тэлевізара малаўдалыя фота “біталсаў”, але іх купляюць такія ж мальцы і носяць у ранцах сваіх заплечных мяшочкаў – гэта лічыцца вялікім шыкам. А вось Алесь [Разанаў] і Віктар [Ярац] выраслі, падняліся над узровень гэтага дэкадэнцтва, за што і маюць. Між іншым, Данута наша сказала: “Ну што ж, нічога страшнага, даўно ўжо пара, каб і мы паказалі свой твар”. Нейк гэтак, ну, крыху, можа, мацней. Цудоўная яна бабка! Яшчэ сыпаліся з яе вуснаў “перлачкі”, але гэта пры сустрэчы.
Як маецеся? Ніна Л[ойка] зноў на днях едзе ў Менск, можа, зойдзе да Вас. Адным словам, мая рука з Вашымі. Будзьце вельмі і вельмі разумнымі. Я чакаю Вашых лістоў. Муж па-ранейшаму чуецца блага. Сяння ляжыць. Бывайце, дружа! Прывітанні сябрам.
Л. Г.
Цяпер я занялася вышываннем ручнікоў, гэта бяспечней, як пісаць паэзію.
Зэльва, 7 лютага 1969 г.
Даражэнькія!
Атрымала абодва лісты. Была ў Гродне. Усе хварэюць на грыпу: і Васіль Б[ыкаў] з сынамі, і Данусі Бічэль дзеці, і прафесара Пяткевіча жонка ў больніцы. Ляжаць і стогнуць, і я ледзь уцякла. Усе яны харошыя людзі, і я цікава пагутарыла з імі. Так, як гутарыла б, напрыклад, з Вамі. Аб нас не думайце. Я магу жыць з найменшых грошай, я ўмею. Былі цяпер студэнты на канікулах, дык адведвалі нас. Быў у Зэльве і Рыгор С[емашкевіч]. Раз я сама бачыла, як прайшоў з сябрам пад вокнамі, увайшлі ў сені і – паўцякалі… Кажуць, падыходзілі пару разоў і баяліся мяне… Во, бачыце, які я “леў”? Адным словам, добра яны зрабілі, што не зайшлі да нас, бо гутарка была б адпаведная.
З Менску ніякіх вестак! “Кітаб І. Луцкевіча”, мусіць, таму, што ён гэты Кітаб знайшоў. Аўтар спасылаецца ў звязку з гэтым Кітабам на Я. Станкевіча: Stankevič S. Příspěvky k dějinám běloruského jazyka na základě rukopisu “Al-Kitab”. “Slavia”, rocnik XII, Praha, 1933–1934, s. 375-390; Я. Станкевіч. Беларускія мусульмане і беларуская літаратура арабскім пісьмом. “Гадавік Беларускага навуковага таварыства ў Вільні”, 1933, стар. 111-141; Я. Станкевіч. Мова рукапісу “Аль-Кітаб” з Музею Івана Луцкевіча ў Вільні. Веда, Нью-Ёрк, 1952, стар. 21-31, 55-62, 84-95, 146-152, 236. Вось гэта ў звязку з тым Аль-Кітабам.
Нехта пісаў ці казаў мне, што п. Смоліч выбіраецца ў Менск, а так, як Надзежда Васілеўна Караткевіч гасціць у сястры ў Кіеве, то недзе абедзве паявяцца ў Менску. Я таксама люблю дом, люблю свята, як англічанін. 12 вёрст ад Гудзевіч быў хутар майго бацькі Жлобаўцы (дзе я і нарадзілася). Там лёгка лячыліся любыя раны, стуль тэмы ўсіх маіх вершаў і мая сіла, якую я маю. Я часам езджу глядзець на вялікі пусты дзядзінец. Пастаю на яшчэ не разрушаным фундаменце свае хаты (яе перавезлі ў Ваўкавыск), вярнуся ў сваю маладосць, паразмаўляю душою з бацькамі і ўсімі роднымі, абвяду вачамі неба і прачынаюся зноў да балючай і шэрай рэчаістасці. Альбо еду да нашых суседзяў і гляджу на пару дрэў нашай алеі, якіх яшчэ не зрубалі. Яны любяць успамінаць аб нашых, і я ў іх – як у сябе ў хаце. Бацькоў маіх яшчэ любяць і ўспамінаюць да сяння. Мама многа людзей лячыла і наагул спагадала і памагала людзям.
Зэльву я ўсё яшчэ не люблю, хоць да старой нашай хаты (Ваша – палац у параўнанні з ёю) прывыкла, асабліва да кветак, якія радуюць мяне болей за ўсё. Што за абляпіха? Гэта ягада? Я чула гэткае слова, а што гэта – не ведаю. Муж крыху паправіўся, лазіць з кіёчкам…
Да сына, да сына – а як падумаю, дык становіцца крыху нявесела… Нічога. Спачатку муж дастане тут пенсію, тады паедзем. Жыць з сынам не будзем. Нельга. У іх толькі два пакоі, ды, як я Вам ужо пісала, яны абое скупыя вельмі. Гэта не загана, а такі іх характар ужо, асабліва ў нявесткі. А ў нас няма дня, каб ніхто не быў на сняданні, абедзе ці вячэры, альбо і пару дзён. Аб хлапчанятах ужо не думаем – так, знача, трэба! А нам трэба іх бараніць! На дапамогу рэктару, я чула, прыслалі з Ленінграду нейкага зусім не педагога, самі разумееце… Адзін студэнт, кажуць, звярнуўся да яго па-беларуску, а той пачаў крычаць, каб болей не чуў ва ўніверсітэце “этого болгарского наречия”… Не ведаю, як там было на самой справе, так мне апавядалі ў Гродне.
Што не пісалі ў “ЛіМе” аб паяскох – няма дзіва. “ЛіМ” цяпер завецца ў Менску “Сінайскі лісток”. Далі там Бярозкіна і іншых. Там цяпер толькі Эдзі Агняцвет, Лось, Кучар і т.п. Кажуць – жах. Спяшаюся. Муж ідзе і кіне ліста.
Цалую Вас. Вітанні ад мужа.