15158.fb2
Дзякую, што не забываецеся пра мяне Вы і нават студэнты. Гэта цудоўна, няхай будуць мужнымі і цэняць роднае! Раней ці пазней выплывем на шырокія воды свае народнасці і дзяржаўнасці, і Вы гэтага дачакаецеся.
Добра, вельмі добра, што аддалі належнае Аляксею Карпюку ў яго 50 гадоў. Ад нас была толькі тэлеграма, ну і муж бачыў яго асабіста, бо быў у тыя дні ў Гродне. Прыемна чытаць і пра Вашую пашану для Ф. Багушэвіча. Ліст Ваш вельмі цікавы, бо мы – як у мяшку, без аніякіх інфармацый і вестак. З Менску не маім ні слова. Не магу зразумець, што сталася з сябрам Міколам [Прашковічам]? Страх гэта, асцярожнасць, абыякавасць, дыпламацыя ці – проста беларуская пакорлівасць дужэйшым? Зразумець гэтага не магу, і не хачу болей нікога з іх бачыць. Не люблю людзей без каплі мужнасці ў сэрцы. Ёсць хвіліны, калі людзей відно, як на далоні.
Былі мы на сустрэчы з “палякамі” ў Бераставіцы. Узялі нас вельмі “ахвотна”, думаю – у чым справа? Пасадзілі нават у аўтобус, сказалі нам, што адыходзіць ён у 8 г. вечара. Мы прыйшлі туды ў 7 г. 20 м. Аўтобуса не было… Толькі цяпер мне сказалі, што ўжо ў Зэльве аўтобус дастаў загад ехаць без нас у 7 г.! Смешна. Для іх гэта асабліва “весела”, бо мы ехалі на быдлячай адкрытай машыне, лёгка апранутыя. Яшчэ ўсё не магу павярнуць галавы… Якая тупая, азіяцкая нізасць, і жаль толькі, што робіцца гэта рукамі Брыкача. Што ж, “врага, который не сдаётся…” і г.д.
Не ведаю, як заехаў Юра і што там ужо зрабілі з ім? Бо я праводзіла яго, і машыны яго не было таксама, хоць ніхто з іх яшчэ з нашай тэрыторыі не ад’ехаў. У Юры – усё пагана. Ён жыве асобна ад сям’і. Усё выглядае на паважную правакацыю, бо аб заангажаванасці нявесткі – ведаем… Не вінавацім яе за гэта, бо на вагі быў кінуты лёс яе, сястры і яе маці, а тады яшчэ асветы яны не закончылі… Робіцца дзіка.
Нас адрэзалі ад добрых людзей, а рознай брыды проста нельга пазбавіцца з хаты. Людзі ёсць вельмі шляхотныя, бо прыходзяць і кажуць свае “клічкі”… Бедныя людзі, якім трэба жыць, бо адзін “гаспадар”, з якога ласкі – работа і хлеб… Якое ўдушша…
Што да маіх 60 гадоў, дык баюся (зусім паважна!) правакацыяў і то такіх “утончённых”, якія пасля не выдыхаць, як таго падарожжа на адкрытай машыне. З усяго гэтага ў мяне з паніжанага зрабіўся вельмі павышаны ціск крыві – 180 на 100. У галаве – траскатня і шум. Вельмі забываюся ўсё. Чуюся пагана і не ведаю, ці здолею напісаць успаміны.
Баюся за Юру. Ён не дурны, і таму яны яго знішчаць, а з унукаў будуць янычары. Бедныя мае хлопцы! Муж і сын – даволі наіўныя, і мне давялося многа перанесці ад іх у жыцці рознай несправядлівасці. Ім нагаворвалі на мяне несусветныя махлярствы. Метад гэты стасавалі да нас, асабліва да мяне, ужо ў лагеры. Як аказалася пасля, дык нада мною працавала ½ Мінлагу – нашага лагеру…
Метады ў іх не мяняюцца. Яшчэ ёсць адзін метад, гэта – давесці чалавека да вялікае злосці, да адчаю і тады выслухоўваць, што ён будзе гаварыць, бо ў расчуленні ён сябе выдасць. Метад – вербаваць, каб хадзілі стукачы да нашых сяброў і “размалёўвалі” нас як можна чорнымі фарбамі. Метад – падаслаць “закаханага” ці “закаханую” і так выпытваць, а калі гэта не ўдаецца, дык “травіць” чалавека, як дзікага звера і чарніць яго імя. Метад – лезці ў хату, падглядаць усе нашыя чалавечыя слабасці, пасля сварыцца штучна і раздуваць драбніцы ды нізасці. Для гэтага амаль год хадзіла да нас (і мы не маглі пазбавіцца) сваячка Алега Лойкі. Цяпер яна “робіць сваю справу”. Мы ўсё бачылі і не маглі пагнаць яе з хаты. Сістэма гэта не чалавечая, і такое не мае будучыні, бо гэта – проста агідная рэч.
Імя маё ўсюды паганяць – ад БДУ пачынаючы, на Зэльве канчаючы. Але я акажуся – і людзям ападае пыл з вачэй! Творацца нібы цуды! Патрабавалі ад мяне кінуць перапіску з сябрамі за мяжой. Я кінула яе, але пішуць усё новыя людзі, віншуюць з 60-годдзем, і нельга мне не адказаць ім, нельга! Дык вось, зноў ім дзякую і буду дзякаваць за іх сэрцы, за іх добрыя словы, пакуль буду ад іх гэтыя словы чуць!
Іх нянавісць – не мая нянавісць! Для мяне няма капіталістаў ці нейкіх інакшых -істаў, -філаў і г.д., а ёсць людзі. І з лепшымі з іх мне хочацца мець кантакт! Пішуць мне з Чыкага, што там – дзесяткі тысяч беларусаў, нясведамых, на жаль, нацыянальна, мала там нашых ідэёвых людзей. Пішуць, што “паэт – гэта душа эпохі, а не складальнік вершаў”. Цікавыя там голавы.
Калі хочаце прыехаць да нас на тыя 60 гадоў, дык трэба дамовіцца: можа, зробім гэта на тыдзень раней ці на тыдзень пазней? Гэта было б вельмі цудоўна, каб збіць са следу ўсю стукацкую свалату! Адна толькі ў мяне просьба: каб без падаркаў! Мы старыя, і навошта нам гэта? А добрае слова ад людзей патрэбнае заўсёды.
У Бераставіцы падышоў да нас і рэдактар са “Звязды” Іваноўскі. Радзіў перабірацца ў Польшчу. Кажу: мы тут на сваёй зямлі і тут застанемся. Нешта хваліў мяне, дык пытаюся: а чаму ж тады не друкуюць? Ён усміхнуўся і кажа: “Не тых касманаўтаў хваліце”. Што ж, кажу, хвалю тых, якія заслугоўваюць. І сапраўды, мне здаецца, што палёт на Месяц – гэта падзея, якой роўных не было і не будзе вякі! Брыдка няхай будзе таму, хто ў страху, у тупасці сваёй запалоханы, згорблены і прыбіты, не падняў вачэй у неба і не ўбачыў на Месяцы следу чалавечай нагі! Тут ляцелі сыны Зямлі нашай, і як было не адгукнуцца беларускім словам на гэты незвычайны лёт? Я і сяння зрабіла б тое ж!
Пішуць хлопцы, што ў Амерыцы бандыцтва, неспакой і непарадкі пад уплывам рознага шумавення, але даюць зразумець, што “загнівае” не толькі капіталістычная сістэма, а і іншыя. Відно, што вельмі цяжка нашаму Юры, давялі яго зноў да адчаю. П’е хлопец і робіць глупствы. Нас не слухае і немаведама як яго ратаваць. Усё самае горшае пра нас таўкуць яму ў голаў, якіх брудаў, гадасці толькі ні гавораць! Часамі не веру вушам, што гэта мой сын паўтарае такое!
Калі б бачылі Васіля [Быкава], дык скажэце яму, што і нам тут цяжка-цяжка. Як яму, беднаму? Ці хоць вытрымае пяту бяздумнага коласа-слана, якая яго прыціснула? Я нічога не раблю, і яны шныраюць у пошуках маёй “віны” і дурэюць ад бяссілля! Старожаць пад вокнамі, фатаграфуюць у начной бялізне нас праз фіранкі. Людзі парадзілі нечым тоўстым завешваць вокны. Маім ліслівых, але нялюдскіх суседзяў, якія даносяць кожнае наша слова, якое праз сцены чуюць нейкім чынам. Просяць нас ужо, каб мы іх не пускалі ў хату, але мы не сварымся з імі. Як? Ды і навошта?
А ў садзіку цвітуць туліпаны, будзе іх сёлета – добрых пару соцень. Сяння з палудня – навальны дождж, і забіла ў адной тут хаце два чалавекі. Кажуць, што малодшы памёр, а старога, можа, яшчэ выратуюць. І заўсёды так – як грыміць, дык абавязкова ў некага лясне. Вельмі адчуваю свае 60 гадоў. Я і не ведала да гэтага часу, што знача – старасць…
Ёсць у мяне крыху вершаў, крыху ўспамінаў, калі іх закончу, дык некаму трэба будзе ўзяць іх і перахаваць, бо ў нас тут болей як няпэўна. А няхай былі б нашчадкам для памяці. Нічога ў іх асаблівага няма, але ёсць факты і метады. Калі будзеце ехаць да нас ці пісаць мне, дык каб мелі на ўвазе адно – не пашкодзіць самім сабе!
Сыну далі вызаў, і мы яму яго паслалі. Ён баіцца, што нявестка зумысне не прывязе дзяцей на маё свята. Дзеці строга настроеныя супраць нас і Юры. Дзіву дзіўлюся, што гэта чаўпецца. Паўтараю – нічога не раблю недазволенага, хіба толькі тое, што – жыву…
А ўкраінцы надрукавалі ў сваім “Жовтні” ў Львове цудоўны артыкул! Павіншавалі мяне з юбілеем і далі ў перакладзе лепшыя, баявыя вершы! Во, дзіва! Просяць яшчэ прыслаць ім – дзіцячыя. Дануся не адказвае мне на лісты. Я чакала яе на свята і вельмі запрашала. Можа, і яна крыху баіцца, гэта наша мілая медалістка?
Бывайце, сябра! Прыедзеце да нас – буду ўдзячная, не прыедзеце – я і гэта зразумею, як маці, бо на Вашай бяспецы, працы і жыцці залежыць мне болей, як на сабе… Калі б не стала мяне, няхай беларусы не пакінуць майго сына і ўнукаў.
Нейк паштовачкай дайце знаць, што ліста майго атрымалі. Заставайцеся з Богам, мае сябры!
Ларыса Геніюш.
Зэльва, 1 чэрвеня 1970 г.
Паважаны і дарагі Рыгорку!
Шлю Вам пару вершаў (15!). Яны розныя. Калі нешта з іх дазволяць Вам узяць у “Полымя”, дык буду вельмі рада. Калі ж не, дык аддайце іх ласкава А. Мальдзісу, каб былі ў яго. Машынка наша без “і” і т.п., дык даруйце гэта. Калі б зайшла патрэба, дазваляю Вам правіць іх крыху. Паслаць іх Вам мне парадзіў Аляксей П[яткевіч] з Гродна. Не магу яго не паслухаць…
Бывайце, даражэнькі! Усяго Вам светлага і добрага ў жыцці!
Ваша Ларыса Геніюш.
Зэльва,11жніўня 1970 г.
Дарагі сябра Іван!
Дружа мілы, дзякую Вам за памяць. Не ведаю, ці гэты ліст да Вас дойдзе. Кіне яго муж у Баранавічах. Сябры мае чыталі ў Аўстраліі “Жовтень”. Яны захопленыя. Гэта было для мяне адзінае прывітанне ў прэсе. Дзякую Вам усім! Людзі былі аж з Караганды. Было многа плачу. Адна дзяўчына шукала нас, каб павіншаваць і перадаць падарак аж з Лос-Анджэлеса. Ад свае сястры... Старая хата ўся была ў кветках. Не ўсе людзі баяліся. Ішлі з букетамі, нават прадаўшчыца з магазіна. Усім была чарка. Бог памагаў, усяго хапіла і асталося.
Яшчэ трывожна, усе раз’ехаліся. Здароўе маё няважнае. Столькі гора прынеслі мне і прыносяць мае ворагі, гэта надчалавечыя сілы.
Браты мае, сябры мае дарагія, дзякую Вам за ўсё, і буду вельмі рада бачыць Вас у сваёй хаце. Прыязджайце яшчэ зацепла, каб пагутарыць мы змаглі ў чыстым полі пад нашым небам.
Бывайце здаровыя, заставайцеся з Богам!
Ваша Ларыса Геніюш.
Зэльва,18 верасня 1970 г.
Дарагі і паважаны дружа!
Дзякую Вам за ліста і за ўсе Вашыя шчырыя і добрыя словы. Як жаль, што Вы хворы, як жаль. Хацела б болей ведаць аб стане вашага здароўя. Прыкра толькі, што Вас не друкуюць у перыёдыцы. Ці гэта часова? Чым “правініліся”? Пішуць мне сябры здалёк, што Вашыя суродзічы і там мяне не забылі! Дзякуй ім вялікае! Успомніла мяне на днях пару словамі і беластоцкая “Ніва”. Пішу цяпер мала, крыху хварэю. Усюды на мяне такая “нагонка”, што жыць цяжка, не тое, што пісаць. Лісты да мяне пагана даходзяць, а ад мяне да людзей – яшчэ горай. Нават да сына даходзяць не ўсе. Але, як Вы зазначылі, мы да ўсякіх труднасцяў ужо прывыклі. Жыву, як затворнік, і многа працую ўдома фізічна. Чытаю.
Калі б змаглі да нас прыехаць, дык будзем Вам вельмі радыя, пазнаёміцца нам неабходна. Маё прызнанне і ўдзячнасць да Вас не маюць граніцаў. Лёс мой не цікавы, таму чым хутчэй прыедзеце, тым лепш, бо рознае можа здарыцца. Век мой глыбокі, і жыццё маё было і ёсць цяжкім ва ўсіх разуменнях.
Друкаваць мяне болей не трэба. Я чула, што мяне нельга нават успамінаць. Слава і нізкі паклон “Жовтню” за яго адзіныя тут і шчодрыя віншаванні. Гэта было хораша!
Я ўсё думаю аб Вашым здароўі, толькі б Вам было добра! Муж едзе ў Мінск і кіне гэтага ліста. Я чакала падобнай нагоды, таму і запазнілася з адказам. Прашу прабачэння.
Шчыра вітаю Вашую жонку. Я рада, што Вы не адзін.
Я заўсёды цэлым сэрцам любіла ўсё, што было Украінай, і вось атрымала такую вялікую падзяку. I я шчаслівая. Усяго Вам добрага, светлага, дружа, — творчасці невычарпальнай і сілаў, сілаў.
З вялікай павагай і ўдзячнасцю да Вас — Ларыса Геніюш.
Зэльва, 9 лістапада 1970 г.
Паважаны сябра!
Ліста Вашага атрымалі. Цешыць мяне, што музей Ваш пакрысе багацее. Што датычыць дывана, дык слова сказана. У нас адліга. Толькі ў прыродзе…
Мы больш-менш здаровыя. Як я ўжо пісала, муж кінуў курыць, што ж – усебакова на карысць. Аб Караткевічу чытала, Жога – гэта псеўданім Прокшы, а яўрэі ніколі не былі спагадлівымі да культуры народаў, з якіх жылі, яны наагул раскладалі еўрапейскую культуру. Былі ў іх і асветнікі, але ўвесь бруд, хлусня, парнаграфія – усё пераважна з-пад іх пяра. Тую “Ладу” шчыра ганяць і рускія пісьменнікі, гэта не песня Ісакоўскага, напрыклад, а нейкая брындушка без аніякага густу (я сама чытала), але беларусы павінны ёю захапляцца, бо яна па-расейску. Прокшава логіка. Я, здаецца, нядаўна чытала аб гэтай “Ладзе” ў “Литературной газете”. Паводле Прокшы, усе мусяюць пісаць аб ГЭС, ДрЭС і т.п. А вось прыедуць чужынцы ці разумныя экскурсанты, дык тая ГЭС для іх – не цуда, яны едуць у Кіжы, спяшаюцца ў Эрмітаж, у Аружэйную палату, разглядаюць старую архітэктуру, якая была яшчэ не стандартам, а вялікім індывідуальным мастацтвам вялікіх майстроў.
Такое прамаўляе да людзей без крыку і рэкламы, бо ў ім – мастацтва, любоў і душа. Грандыёзныя будоўлі – гэта не натхнёная творчасць, гэта пытанне матэрыяльных магчымасцяў дзяржавы, гэта радуе дабрабытам, але веліччу не палоніць, як, напрыклад, простыя формы маўзалею В[ладимира] И[льича] Л[енина] ля Крамля.
Валодзя [Караткевіч] – паэт, таму піша аб сапраўды цікавым і паэтычным. Кожны бачыць свет па-свойму, і гэта цікава, а не стандарт. Вось у Зэльву прыязджалі нашы амерыканцы. Яны павезлі дамоў не фабрычныя вырабы, гэтым іх не здзівіш, а беларускі тканы дыван, добрую кніжку, што прамаўляе да сэрца, вязку сухіх грыбоў-баравікоў. Знача, людзі адвозяць кусочак душы народу, а яго матэрыяльным дасягненням яшчэ жадаюць расці. Тэхніка захоплівае толькі ў кампутарах ды ў палётах на Месяц, а мастацтва, справядлівасць, чалавечнасць, свабода і песня будуць палоніць людзей да канца існавання свету. Хто сяння апявае трактар (між іншым – неабходны)? А вось каня-сябру, вытрывалага памочніка, даганяючага вецер ці выносячага з бою, жывога і вернага – апявалі вякамі.
Думаю, што Вам, карыстаючыся з умення Ю. Бібіла і старэйшых жанчын, варта наладзіць у Гудзевічах мастацкі, хоць і аматарскі, выраб паяскоў, сурвэтак і другіх сувеніраў. Вось было б цудоўна! А можа, наладзіць лучнасць з адпаведнымі арганізацыямі і пусціць гэта ў свет? Усё, створанае пад кіраўніцтвам добрых мастакоў і знаўцаў, было б і прыстасаваным да сучаснасці, і карысным, і экспанатамі для музею. Адукаваныя ткачыхі-мастачкі – гэта ж і неблагі заробак каля хаты. Як Вы на гэта заглядаецеся, Саша?