15158.fb2 Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 3

Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 3

Па нашай вуліцы хадзілі з дзяўчаткамі такімі, як Юра, дзве вельмі дыатынгаваныя[70]дамы, старая й малодшая. Яны на мяне з цікавасцю паглядалі. Мне здаецца, што тады на мяне з цікавасцю паглядалі амаль усе. І вось аднойчы ў краме, каля мяшка з гарэхамі — астатка з часоў Рэспублікі,— наш Юрка пакалаціў і разгневаў тых дзяўчатак зусім не па-джэнтэльменску. Я ўбачыла, што гэта немкі, і глядзела толькі, што будзе далей. А далей падышла да мяне малодшая дама й сказала, што цяпер ёсць нагода нам пазнаёміцца, бо яна тут чужая, мяне ўжо даўно ведае й хоча пасябраваць са мною й хадзіць разам з дзецьмі на спацыр. Так у нас завязалася амаль дружба, прынамсі, вельмі шчырыя адносіны. Дама наведала нас з дзецьмі, і я па-нашаму, па-беларуску, шчыра іх пачаставала каваю, цукеркамі і т.п.

Тым часам Славачка й Віця ехалі пад канвоем у Нямеччыну. Немец, якому на гаспадарку дастаўся наш Расціслаў, вёў яго да хаты і ўсё дрыжэў, аглядаўся. Дзе ж, не чалавек, а рослы магутны дуб — што пра гэтых славянаў толькі ні начытаўся немец! Вось схопіць адною рукою яго за карак, і немец не пісне. Расціслаў гэтага не зрабіў, уцёкшы ад адных, не мог і не хацеў адразу нешта пачынаць. Яго накармілі, аднесліся па-людску, і Славачка пачаў дапамагаць немцу. Скончыў ён Жыровіцкую сельскагаспадарчую школу й па натуры быў кемлівы й разумны хлапец. Высокі быў — 1 м 95 см, шырачэзны ў плячох. Густыя валасы, як багаты жытні сноп, хораша ляжалі на галаве, прапарцыянальны роўны нос крыху з гарбінкаю, зеленаватыя, поўныя нейкай затаёнай дабраты вочы, у якія пасля заглядала я, задраўшы голаў. Немцы яго ацанілі й палюбілі па-свояму. Ён сам вёў іх усю гаспадарку, але пісаў мне, што надта цяжка яму, што нават імя свайго не чуе й называюць яго тут Нікляс (ад — Міклашэвіч), адно толькі быў рады, што яны нічога не разумеюць, як ён іх лае па-свояму на ўвесьь голас. Пасля ўсіх сваіх вандровак Расціслаў быў вельмі абдзёрты й вось напісаў мне аб гэтым нейк незнарок. Чэхі далі мне дазвол паслаць яму адзенне. Я паслала яму ўсё неабходнае, ад бялізны да цёплай прыгожай курткі й да апошніх драбніцаў мужчынскага туалету. Хлопец зрабіўся элегантны, да гэтага немцы падаравалі яму капялюш (гут!) і гадзіннік (айн ур!). Расціслаў меў усё, што характарызуе «вышэйшую расу германцаў», і ў іх зрадзілася думка ажаніць яго і ўсынавіць. Немцы пачалі пісаць мне ў Прагу мілыя лісты, у іх была там нейкая дачка ці сястра, якая не супраць была ўступіць з намі ў сваяцтва. Брат ад такога шарахаўся, такое было не для нас. Але вось яго сілаю праз «арбайтсамт»[71] забраў да сябе нейкі нямецкі начальнік. Гэта была сапраўды ўжо трагедыя для нас усіх. У старога гаспадара ён жыў, як у сям’і, а тут пасадзілі яго на кухні, дзе кармілі аднаго й чым папала. Загадалі маладому панічу даіць кароў, што для яго было найвялікшай пакутай. Начамі папярэдні немец тайна насіў яму есці, ледзь не плакаў, але не змог вярнуць сабе Расціслава. А я ўсё думала: і як яго, няшчаснага, ратаваць? Ну й свет пайшоў, ну й нашая няшчасная доля...

Цераз Польшчу пераслалі мне ліста ад мамы. Завезлі іх недзе ў Паўночны Казахстан на станцыю Кіялы, дзе было галадно, халадно й цяжка. Мама пісала, што зайздросціць Марыі Паўлаўне, той цёці Мані, якую забілі разам з мужам і з сынам. Я дрыжэла за маміна жыццё, і калі мы вечарам скуль вярталіся з мужам і холад біў мне ў твар, для мяне гэта быў холад дзікага Казахстану. Я баялася, і нездарма, што мама не выжыве. Яна так ужо болей не сустрэлася ні з намі, ні з нашым татам. Так ліквідавалі таварышы «клас», вынішчаючы нас да апошняга паасобку. Жудасны Гітлер быў для няшчасных надзеяю на ратунак, але й для яго былі мы толькі славяне, якіх належала вынішчыць у першую чаргу... Людзі гінулі, як мухі, нездарма два тыраны пасябравалі паміж сабою. Францыя ляжала ўжо пакананай, нават славутая лінія Мажыно[72] яе не выратавала. Гераічна, амаль у адзіночку змагалася старая мудрая Англія, а дзяржавы трагічна падалі адна за другою. Фюрэр і кампанія планавалі напады, немцы гайлявалі, Англія змагалася, Сталін паціраў рукі над загубай Еўропы, а людзі — адныя ратаваліся як маглі, а другія стагналі ў мучэннях.

Муж, як і раней, штодзённа хадзіў да доктара Градзіла. Бедны, пакананы легіянер ад раніцы да позняй ночы круціў Бі-бі-сі і іншыя жоралы[73] аб’ектыўнай інфармацыі; як ваенны, ды яшчэ палкоўнік, крыху арыентаваўся ў лёгкіх і крывавых подзвігах фюрэра, добра ведаючы тое, што заваяваць мала, трэба яшчэ акупаваць тэрыторыі і ўтрымаць там больш-менш парадак і т.п. На шчасце для Еўропы, Гітлер быў заваявацелем, але абсалютна паганым палітыкам, і не трэба было вялікага розуму, каб прадбачыць канец авантуры. Ну, а пакуль што ўсе мы былі ў руках ненармальных людзей, якіх проста трэба было нейк перахітрыць, каб самым выжыць, ды яшчэ паводле магчымасцяў дапамагчы людзям. Жылі мы з дня на дзень, вечныя чужынцы, птушкі без гнёздаў, у якіх надзея была толькі на Бога. Але вось прыйшоў дзень, калі доктар Градзіл засмяяўся ля свайго радыё, а Сталін, кажуць, затросся ад нечаканасці — Гітлер напаў на Савецкі Саюз! Градзіл сказаў, што сталася тое, што трэба. Я начыталася аб нямецкай тэхніцы й ведала, што яна не толькі для парадаў у Берліне, якія мы бачылі ў кіно, яна цяпер, менавіта цяпер гарэ крывавымі барознамі маю Беларусь, і зялёныя сёлы нашыя ў небяспецы. Я толькі спадзявалася, што, часта бітыя ў гісторыі, мы й тут вывернемся нейк, хто як можа, і народ захаваецца.

На гару да нас пачалі заходзіць дзіўныя тыпы, яны проста выразна пыталіся аб нашым настроі, лаяльнасці. Што ж, мы без грамадзянства й не просім ніякага, а нямецкае нам, напэўна, далі б... Смешна. У Ермачэнкі быў свой ад’ютант, нейкі Аўчыннікаў, казалі, што некалі Ермачэнка быў за цара ў яго ад’ютантам, а цяпер змяніліся ролі. За ўлады БНР Ермачэнка быў консулам беларускім у Канстантынопалі й выдатна разбагацеў там, прадаючы беларускія візы эмігрантам, якія ратаваліся ўцёкамі за граніцу. Вось гэты ад’ютант, які ні слова не ўмеў па-беларуску, а выступаў як прадстаўнік нашай нацыі, назаўтра пасля нападу нямецкага на СССР пачаў аб’язджаць нас усіх і тэрмінова нас склікаць у Камітэт! У Празе гудзела, як у вуллі, быў страх і перапалох. Усюды гестапа ліквідавала ўсё, чаго раней яшчэ не паспела. Аўчыннікаў наведаўся да нас усіх яшчэ раз. Мы ўсе паехалі, акрамя майго мужа, які ўсё ж мусяў зарабляць на хлеб і таму, як заўсёды, быў у Градзіла, якога цяпер ад радыё нельга было адарваць. Сабраліся ўсе, і толькі дачкі й сына Вольфсана не было з намі, як іх не было й ніколі, мы іх не бачылі. Усе важна паселі, маўчалі, адчувалася нейкае напружанне, неспакой, кожны думаў аб лёсе сваіх, дый аб сваім. Ермачэнкі не было. Нарэшце ён выйшаў, з усмехам, але скрыўленым нейкім, няпэўным. Загадаў выбраць старшыню сходу. Яму зацемілі, што ён жа сам заўсёды нязменны старшыня сходу, але ён адказаў, што на гэты раз старшыня арганізацыі не можа быць старшынёю сходу. Выставілі кандыдатуры Захаркі, Забэйды[74], маю. Мы ўголас адмовіліся, хоць я паняцця не мела, што тут прадбачыцца. А было вось што: Ермачэнка зачытаў тэлеграму Гітлеру ад нашага Камітэту. Мы пачалі пратэставаць, што Камітэт самапомачы — арганізацыя апалітычная, не мае права даваць такіх тэлеграмаў. Ага, перад гэтым прыйшоў муж, які на дадатковы тэлефон Ермачэнкі спяшаўся сюды з працы. Яму не далі яшчэ ні сесці, ні апомніцца, як ужо «выбралі» яго старшынёю сходу, і Ермачэнка пачаў чытаць тэлеграму. Я нічога яшчэ ў гэтым не разумела, а муж збялеў — ён бачыў подлы й хітры «ход» Ермачэнкаў... Тэлеграму акрэсліў Ермачэнка як ад «беларусаў у Празе» ці нейк гэтак. Напісалі пратакол сходу, але ніводзін з нас не падпісаў яго! Не падпісалі гэтага сведама. Ідучы дамоў, кажу Бакачу: «Ну ж і свінства з намі зрабілі. Пётра, давайце напішам свой пратакол аб гэтай авантуры, падпішам і перахаваем да лепшых часоў». Бакач спалохаўся, ён проста «скіс» і паясніў мне, што вельмі страшны час і не ўсім, на жаль, можна верыць... Першы й апошні раз быў муж старшынёй на беларускіх сходах, а ў Камітэце тым больш, тэлеграму гэтую падалі без яго за подпісам, як казаў Ермачэнка, «старшыні сходу»... Самае тут цікавае тое, што хутка з кватэры Ермачэнкі згінуў архіў «Беларускага Камітэту Самапомачы ў Празе». Ермачэнка, як заўсёды, усміхаўся... І вось гэты архіў апынуўся ў Менску, і паводле яго нас судзілі. Толькі там была зробленая яшчэ адна подласць — на непадпісаным пратаколе ўсе нашыя подпісы былі выведзеныя пад капіроўку! Калі мне паказаў гэта Коган, мой следчы, я тады зразумела подласць не толькі нямецкіх агентаў... Я зразумела многа, і мне стала сорамна за ўсіх гэтых людзей, якія асачалі нас, як гончыя, рабілі такія вось правакацыі й мелі нагласць называцца ўраднікамі, рэпрэзентантамі народу, які такі чысты быў, такі няшчасны і які я так горача, на ўсё жыццё пакахала. Дык вось што знача іх «праўда»! Не, з такімі мне і ўсім добрым людзям, якія хочуць, каб існаваў наш свет, не па дарозе! Гэта нізасць, за якую ўстыдаўся б бандыт... Шкада мне стала мілага мужа, такога чыстага, такога наіўнага супраць гэтых гіенаў. Толькі мой тата казаў некалі, што махлярствам можна свет перайсці, але назад не вярнуцца...

І вось вайна на нашых землях. «Як хмарны дзень, так маё сэрца сяння...»[75] — пісала я ў тыя дні. Яшчэ пісала многа, што друкавалі, а чаго й не. Да нас прыходзілі людзі, цяжка было вайною пад’есці нават. У нас у гэтых адносінах было лепей. Муж быў адумысловым венеролагам, і яго хворыя не раз дапамагалі нам прадуктамі, бо кожны тады разумеў, што каму трэба. Вось мы й падкармлівалі сваіх землякоў, пасылалі пасылкі палонным. У нас ніколі не было грошай, але ніхто не выйшаў ад нас галодны ў той час, калі большасць людзей думала аб сабе толькі.

Пасля паду Польшчы ў Прагу нейкім чынам прыехаў з Варшавы Забэйда-Суміцкі. Заехаў ён да Русака, і наагул заапекаваўся ім Ермачэнка і яго кампанія. Але яго паклалі ў больніцу, і выпадала адведаць яго, падзякаваць за харошую песню, бо сапраўды народная наша песня ў яго выкананні была надзвычай харошай. Вось я й выбралася з ружамі адведаць у больніцы хворага. Ляжаў дзядзька на ўсё ложка, нейкі спацелы, бледны й зусім не падобны на таго, што на абразках. Што ж, села я, аддала свае ружы, якія, закаціўшы тэатральна вочы, маэстра з насалодай нюхаў, пагутарыла крыху й болей туды не пайшла. Затое хутка прыйшоў да нас сам маэстра. Мой палкі й вялікі патрыёт Яначка запрасіў яго хоць два разы на тыдзень прыходзіць да нас на абед, каб беларускія таленты захавалі свае сілы для песні. Маэстра вельмі рад да нас хадзіў.

Тым часам прыйшоў час аддаваць нашага Юрку ў школу. Хлопец ужо ўмеў чытаць і ледзь не гаварыць прамовы аб каханні да Беларусі. Але было яму яшчэ 6 гадоў, ды хлопчык вельмі хацеў у школу. Чужынцы не маглі аддаваць сваіх дзяцей у чэшскую школу, было забаронена. Заставалася нам даць яго альбо ў нямецкую, альбо ў рускую, якую якраз пабудавалі яшчэ за Рэспублікі побач. Урачыста мы павялі ранічкай свайго сына першы раз у школу. У кароценькіх сініх аксамітных нагавічках, у свэтэрочку й белых туфельках бег перад намі наш хлопчык і раптам згінуў! Прыйшлі мы да настаўніцы на другі паверх і самыя не ведаем, што казаць, але за пару хвілін з’явіўся наш малец, ужо паспеўшы аббегаць і агледзець усе паверхі расейскай гімназіі, адзінай на ўсю сярэднюю Еўропу, пры якой была гэтая першапачатковая школа. Там мы яго й пакінулі. Хутка зрабіўся ён найлепшым вучнем і найгоршым выраблянцам у школе, прытым настала заваяваў любоў амаль усіх настаўнікаў, якія яго вучылі. Казалі, што вырабляўся таму, што не меў чаго рабіць у класе, бо за тыдзень вывучыў усю гадавую праграму. Пісаў, праўда, жудасна, але настаўнік чэшскай мовы пацешыў мяне, што ўсе вялікія людзі дрэнна пішуць і што: «Іжі е роштяк, але ростомілі» (Юрка выраблянец, але надта мілы). Мы ніколі не памагалі яму вучыцца, і толькі бацька не паспяваў купляць кніжак, як малец захоплена іх прачытваў.

А кніжак у нас наагул прыбывала, не было толькі ніколі грошай. Кормячы ўсякіх уцекачоў, сяброў і не сяброў, я толькі думала: «Божа, я ўсё аддам, што маю лішняе, галодным і патрабуючым, толькі дай так, каб маёй змерзлай, галоднай маме даў нехта кусочак хлеба ці місачку цёплае стравы там, у гэтай Богам забытай зямлі». Мы, наагул, лічылі з мужам, што галоўнае толькі тое, каб людзі перажылі страшную вайну, а пасля і ў нас будуць грошы, каб толькі дачакацца сваіх...

«Чаму да вас столькі людзей прыходзіла,— гарланіў на допытах ачумелы следавацель,— гэта як амерыканскі шпіёнскі цэнтар!» — «Я паэтка!» — кажу яму. «Ну й што з гэтага, у нас нават да Шолахава[76] столькі людзей не ходзіць». Нічога я яму болей не паясняла, бо ў дурную яго даўбавешку ніяк не месцілася паняцце чалавечае дабраты... Ды ён і кампанія нямала недзе чаго перакамбінавалі, каб за адзіны той Камітэт, у якім, на жаль, нічога так і не зрабілася, і за маю кніжку «Ад родных ніў»[77] даць мне ні больш ні меней як 25 гадоў цяжкай лагернай працы на поўначы. Да таго яшчэ па гэтай маёй адной на дваіх справе правесці яшчэ й майго беднага мужа, якога добры Бог, акрамя горкай беларускай долі, надзяліў яшчэ неспакойнай, бунтарнаю жонкай на ўсё жыццё, і яму падараваць той жа шчодры менска-савецкі дар — 25 гадоў нечалавечай няволі... Каб чалавек ведаў наперад свой лёс, ён не выжыў бы.

А тым часам збываўся мой сон пры ад’ездзе з бацькавай хаты: з прыгорка нашае сялібы я паднялася на крыллі і паляцела, і прысяду часам на зямлю, і зноў уздымаюся, і лячу, і дзе толькі ўздумаю, па ўсім небе. Я лётала — гэта я пісала, гаварыла да сваіх братоў. Вельмі хораша лётаць хоць у сне, прабівацца праз хмары вышэй і вышэй.

Дзядзька Васіль адносіўся да мяне з вялікай павагай. Калі мы разам бывалі на беларускіх сходах, дык заўсёды стараўся падкрэсліць маё нейкае значэнне, нейкае маральнае першынство. Перасцерагаў мяне перад дзе-якімі людзьмі, якіх не хачу называць, а калі была ў мяне аперацыя апендыцыту, дык забраў да сябе Юрачку й даглядаў хлопчыка як мог. Аперацыю мне рабілі ў нямецкай клініцы, бо нідзе болей не было яшчэ зацямнення. Вельмі хораша аднёсся да мяне малады лекар, які мяне апераваў. Ён некалі практыкаваў з мужам разам у клініцы. Нават палажыў мяне ў асобную палату, дзе ляжала толькі пару асоб. Назаўтра, калі паявілася тоўстая старшая сястра, ідэёвая й партыйная гітлераўка, дык на яе загад перавялі мяне ў агульную палату як славянку. Усе былі вельмі абураныя, што цягаюць мяне так пасля аперацыі, а найболей лекар, які мяне апераваў. Ён перапрашаў нас за гэта. Старшая сястра была з пароды партыйных выдраў, на якіх, як было відно далей, апіралася ўся сістэма.

Ермачэнка, які вельмі сепараваўся ў прыватным жыцці ад сваіх землякоў, аднойчы нас з мужам і сынам і дзядзьку Васіля запрасіў да сябе на сваю вілу. Зусім не частавалі нас смачным абедам, як гэта рабіла заўсёды я, а толькі танна нейкімі вінамі, кавай і чэшскімі калачамі з кіслымі слівамі. Дзядзька гуляў у гольф, мы гутарылі, а Юры Ермачэнка падараваў дзіцячае аўто, абдзёртае й разбітае. Ледзь я ад яго адмовілася, вельмі настойліва й ветліва, хоць трасло мяне ад абурэння, бо гэта не быў падарак, а нейкая панская падачка беднаму дзіцяці з разлікам на вечную ўдзячнасць яго бацькоў. Наагул гэтая паездка на многае мне адкрыла вочы. Першае тое, што я заўважыла, як я на нешта патрэбная гэтаму чалавеку... На што? Хутка гэта стала ясна. Нейк, калі муж быў на працы, пад’ехаў на сваёй элегантнай машыне да нас сам Ермачэнка. Ужо тое, што ён меў машыну, калі ніхто яе не меў, было «нясмачным». Я прыгатавала закуску й гарбату й чакала, што ж ён мне скажа. Да мяне ён звярнуўся як да патрыёткі і як да хрысціянкі, а менавіта, ці не хачу я з ім паехаць на Беларусь і працаваць для народу ў рамках Самапомачы — такое харытатыўнай, гуманнай Самапомачы, бо іншай дзейнасці нам не дазволена праводзіць. Для мяне гэта было смешным. Я ўжо ведала, што значыць гэты лад і што нам яны не дадуць таго, чаго мы хочам, а быць іх халуямі я не хачу. Угавор працягваўся ўпарта, пераканаўча. Мая пазіцыя была непахіснай. Вельмі здзівіўся гэтай візыце мой муж, калі вярнуўся з працы. Відно было, што Ермачэнка нешта задумаў. Сільны з розных пазіцыяў Ермачэнка й мы без грамадзянства, на падзённай рабоце, яшчэ з падазронасцю, што мы вельмі левыя... Гэта, пэўна, за маю дружбу з Аняй Кляўдэр і за кватэру, пакінутую нам яўрэямі.

Было трывожна, у паветры чулася проста няшчасце. А тым часам мая новая знаёмая фрау Піпэр не забывалася пра нас. Яна часта заходзіла да нас з дзецьмі й аднойчы запрасіла мяне на 5 гадзін. Я ахвотна пайшла да яе, гэта пакуль што была мая адзіная надзея на нейкую абарону, хоць я не ведала, хто гэта фрау Піпэр. Я ніяк не магла знайсці яе кватэры. Я ніколі не думала, што прыгожая віла з гаражом і басейнам для плавання — яе дом. Я апранулася вельмі сціпла й даволі танна, але ўбачыўшы багатыя апартаменты мае знаёмай, крыху засаромелася, але толькі на хвілінку. Мой муж вельмі харошы чалавек, я думаю, што я таксама, дык сароміцца мне няма чаго. Я высака падняла галаву. Шукаючы кватэру, я крыху спазнілася, і гэта не было прыгожа. Я папрасіла прабачэння. Была перадкалядная пара. У кутку вялікага салона на круглым століку стаяў вяночак са свечкамі і ўсё для кавы. Было гэта скрамней, як у нас, але вельмі прыгожа падана. Пасля прыйшоў гаспадар дому. Я ведала толькі, што ён лекар. Ён пачаў распытваць мяне, дзе працуе мой муж, а пасля звярнуўся да мяне: ці не таму я прыйшла, каб прасіць лепшую работу сваяму мужу. Тут мяне і ўскалыхнула, і я яму, як толькі ўмела, выпаліла па-нямецку, што мой муж не патрабуе ніякае працы, бо яе мае, і што я прыйшла да іх выключна таму, што яго жонка мне падабаецца. Я такі нагаварыла даволі. Прыйшла дамоў злосная, але адносіны нашыя з фрау Піпэр сталі яшчэ болей сяброўскімі. Толькі калі яна мне часам прапанавала памяранцы, якія давалі ў Празе немцам, я іх не ўзяла ні разу... Іначай мы вельмі ладзілі, дзяліліся часам нават сваімі скромнымі ваеннымі прадуктамі ці кавай. З імі жылі яе бацькі — опа і ома — бабка й дзед. Мы ўзаемна вельмі сябе палюбілі. Яны зусім не скрывалі свае нелюбові да фюрэра. У іх вісеў яго партрэт, але ж надта маленькі. Смешна малы. Нашыя дзеці разам гулялі, плавалі ў іх басейне, з чаго Юра вынес цікавую спасцярогу, што гэта праўда, што немцы іншая раса, бо Эвелін і Інгрыд зусім маюць нешта інакшае, чымсьці ён. Яны купаліся голенькімі.

Я вельмі здзівілася, калі раз так з палудня Ермачэнка прыехаў з Аўчыннікавым да нас і загадаў мне вязці яго й знаёміць з Піпэрамі. Я спалохалася, зрабіць гэтага ніяк не магла. Але ён так крычаў, амаль пагражаў мне, што не было куды дзецца. Піпэры былі разумныя людзі, і я спадзявалася, што яны зразумеюць маё становішча. Ермачэнка прыехаў апавясціць Піпэру, што ён едзе ў Менск як важная асоба й просіць яго да сябе на развітальны вечар. Я забылася сказаць, што доктар Піпэр быў «обермедыцынальрат»[78] і «оберрэгірунгсрат»[79] на Чэшскім Градзе — гэта нейк як найвышэйшы нямецкі стаўленік над чэшскім міністэрствам аховы здароўя. Такія немцы не любілі гестапаўцаў і падобных Ермачэнку тым больш. Яны ўсё гэта мне даравалі, як даравалі і іншыя візіты, калі мяне часам «шукалі» ў іх... Цяпер мне гэта ўсё вельмі ясна, але ім, здаецца, гэта было ясна й тады...

Піпэры былі выдатнымі людзьмі. Памагалі не толькі нам, але й чэхам, калі я да іх звярталася з просьбамі. Толькі я нічым не магла адудзячыць за ўсё харошае, за тое, як і колькі разоў яны мяне ратавалі. Гэта былі лепшыя людзі, якіх я сустрэла ў жыцці. Опа і ома казалі мне нейк, што яны з Гановера родам і па паходжанні хутчэй англічане.

Вось так павандраваў на ўсход Ермачэнка. А мы ўсё наглядалі жыццё й падзеі на ўсходзе. У мяне там ужо нікога не было, большасць з нашага роду ўжо выгубілі, а мама з братамі й сёстрамі дамярзала ў Казахстане. Мясцовыя «дзеячы» збурылі наш дом і нечаму перавезлі яго ў Гудзевічы. А дом гэты сніўся мне начамі, раззвонены галасамі нашай сям’і.

Зямля мая, якая ўзгадавала душу маю, атуліла мяне з дзяцінства вялікай любоўю бацькоў, сялян і кожнага дрэўца, поля каласістага, сяння чакала мае ўдзячнасці, мае любові. Зняволеныя сыны яе чакалі мае спагады, майго слова. А любоў мая да Айчыны рвалася на старонкі амаль не нашай газеты, на балонках якой нейкім цудам друкаваліся амаль усе трывогі майго сэрца. Мяне палюбілі. Калі аднойчы назбіралася многа вершаў і не было як іх выдаць, бо газета выходзіла за нашыя сродкі й тыраж яе быў агранічаны, дык рэдакцыя звярнулася да чытачоў, каб памаглі. Пасыпаліся грошы, пасыпаліся лісты ў рэдакцыю. Кажуць, гэта была такая любоў да нас, скромнай жменькі паэтаў за мяжою, што ўзварушвала патрыятызм найболей абыякавых. Наагул хвалілі мяне нашыя дзе ім толькі было можна. Не было газеты, каб не ўспомнілі так ці іначай маё імя. Здавалася мне, што я зноў у сям’і, якой любоў так жа адданая. На Бацькаўшчыну я не пасылала сваіх вершаў, але яны іх часта перадрукоўвалі з «Раніцы». Ермачэнка меў сілу, дзядзька Васіль мінуласць, бо з немцамі ён нічога супольнага не хацеў мець, я ж мела папулярнасць дзіўную нейкую, падпольную, чыста беларускую, незалежную ні ад каго й створаную болем маім, знаннем народу нашага й адчайным каханнем да мае Айчыны.

Я старалася не закранаць ворагаў нашых нядаўніх. Ляжачага не б’юць — вучыў мяне тата. Мне іх было жаль, хоць многія з іх так і нічога не навучыліся й з гэтай бяды. Палякі на нашых землях як мага ўдавалі немцам нашых. Яны апанавалі ўсімі гаўляйтэрамі праз сваіх спрытных жанчын. Жудасна было глядзець на такое. Яны проста забыліся, што вайна й свае харошыя, няшчасныя людзі гінуць, як мухі. Літоўцы й латышы, наколькі мне ведама, таксама вельмі стараліся сабе «ачышчаць тэрыторыю на будучыню», гэта знача вынішчаць даволі-такі пасіўных беларусаў. Як цяжка было ўсё гэта стрываць.

Веліч майго кахання, здавалася, утроіла мае сілы. Душа мая трапяталася ў маіх вершах, і ўсе да мяне прыслухаліся, нават чужыя. Палякі прыслалі з Варшавы чалавека, які сказаў мне, што каб так трымаць, што яны купляюць «Раніцу» толькі для маіх вершаў, а пасля прыслалі па мае кніжкі. Чэх прафесар Ціхі[80], ведамы славянафіл, напісаў мне, што знішчыць усё, што друкавалася эмігрантамі на працягу 25 гадоў, толькі мае вершы пакіне. Пераклады з іх ужо зрабіў... Што ж, прафесар Ціхі быў слабы чалавек. Калі мяне выдавалі саветам, ён ахвотна кінуў у мяне каменем, каб пасля выхаду ў свет «Невадам з Нёмана»[81] зноў мне выразіць сваё вялікае прызнанне. Што ж, я не гневаюся, бо ні адзін народ так не здзекаваўся нада мною й над маёю сям’ёю, як беларускі... Ні адзін народ так не ўніжаў сваіх паэтаў, сваіх жанчын. Садыстычныя й вышуканыя мучэнні, якія адчуваю амаль штодзённа нават ад людзей, якія ўчора былі сябрамі... Кожны хацеў бы, каб я думала так, як ён, каб гэтак жа прадала сваю душу, сваю беларускасць і тое найяснейшае, што я выхавала ў душы са свайго дзяцінства. Тады я толькі думаю пра маму і ў думках тулюся да яе рук, чую яе прарочыя словы аб тым, што за маю вялікую любоў цёмныя людзі дадуць мне яшчэ большыя мукі. Разумею колішні страх яе, і тады я плачу. Некалі, калі я бачыла свой уплыў на людзей, мне нецікава было выйсці замуж за харошага чалавека, гэта проста. Мне цікава было выйсці за злога чалавека й пасля прабудзьіць у ім усё тое вялікае, добрае, да чаго ўжо рознымі шляхамі прыйшлі людзі, і галоўнае — гэта любоў! Злыя людзі, мне здавалася, гэта тыя, якім ніхто яшчэ не паспеў давесці, як соладка, як велічна, калі людзі адчуюць, што ты — іх непахісны сябра, іх брат. Як адыходзіць усё святое ўбок, калі людзям паабяцаюць грошы, як танна яны прадаюць і сяброўства, і мову сваю, і сваю мінуласць, і зямлю, і дзяцей сваіх, і самых сябе... Так думаю я сяння, калі душу маю паранілі беларусы. Мне бачыцца дацэнт Воўк[82], які розна празывае мяне перад сотнямі беларускіх студэнтаў, Еўдакія Лось[83], як паліць у С[аюзе] Б[еларускіх] П[ісьменнікаў] маю кніжку, зэльвенскае начальства, якое пасылае розных шпіёнаў да нас, а мы іх кормім абычаем бацькоў нашых. Пасылае такіх, якія прабіраюцца ў хату без нас, трасуць драбніцы нашыя, мае словы. Настаўнікі зэльвенскія, якія зоймуць увесььь аўтобус і не ўступяць мне месца, і я падаю, калі аўтобус трасе на выбоінах, а яны хахочуць... Маіх землякоў, якія, прадаўшы ўвесьь мой род, ганьбяць без довадаў бацькоў маіх, паганяць імя маё, толькі таму, што сяння новыя паны яго паганяць... Ды ці апішаш усё, хоць бы пра ўсіх тых нізкіх тыпаў, якіх пасылаюць, каб мне гаварылі пра сваю любоў... Я ўжо не думаю, каго можна купіць, я горка думаю, каго ж нельга купіць з беларусаў? Я гляджу вокал, бачу найстрашнейшых суседзяў сваіх, якія падслухоўваюць кожнае нашае слова, падглядаюць кожны мой крок і даносяць ужо яўна, а да мяне прыходзяць пазычыць ім што ці памагчы. Мне ў вачох Кузняцоў — начальнік зэльвенскага іспалкома, як вечар з вокнаў музычнай школы, што насупраць нас, сочыць за намі, фатаграфуе нейкім апаратам праз фіранкі, калі мы, старыя, распранаемся нанач. Як ганяюць мужа з работы, як уніжаюць і яго, і мяне, як нацкоўваюць на нас роднага сына, і ён, вымучаны імі, споены й нацкаваны, глядзіць у нашыя вочы вачмі няшчаснымі й плача пасля разам з намі... Я баюся чалавека ў хату, калі гэта савецкі чалавек, я баюся сваіх родзічаў, хоць іх у мяне тут пару далёкіх. Я баюся, калі нам нехта нясе падарак, пасля такіх цукеркаў выратавалі мяне толькі кефір і лекі, а муж зжаўцеў, збялеў і ледзь выжыў з такога... Усё гэта распаўзаецца зверху ў помсту за тое, што такога вось я чалавечнасцю не назаву й з такімі метадамі, з такімі людзьмі мне не па дарозе...

Якія святыя былі бацькі, якія прачыстыя былі нашыя Жлобаўцы, якія адныя, здаецца, маглі б залячыць сяння гэтыя раны, але там страшна пуста, і толькі галасы замучаных стогнуць з вятрамі ноччу... За што? За што? Чаму так страшна азвярэлі людзі? Няўжо навечна? Няўжо гэта той народ наш, за які так спакойна я йшла на мучэнні? Што яны будуць рабіць, калі «прачнецца Бог» і ўзварушыцца іхняе сумленне? Як хочацца бачыць чалавека, які не даносіць, які не жадае зла, не падыходзіць да нас з бруднымі думкамі ўнізіць нас, ашукаць ці данесці на нас. Калі на чалавека дзесяць гадоў гаварыць, што ён сабака, дык на адзінаццаты год ён будзе бегаць на чатырох і забрэша. Гэта да нас застасавалі такі метад, бо такіх сільных яшчэ не бачылі. «Бо нішто вас не можа зламаць»,— сказаў мне адзін праўдзівы, хоць іхні, чалавек, які не адзін камень шпурнуў у наш бок, але пасля адумаўся, убачыўшы кроў...

У культурных народаў ёсць ахова жывёлаў, звяроў і, напэўна, ахова старых дзеячоў і паэтаў, аддаўшых жыццё сваё змаганню й цярпенню за свой народ. Няўжо такія глухія былі, калі вывозілі братоў іхніх у Сібір ці Казахстан? Няўжо так абыякава ці варожа глядзелі на тысячы яўрэяў, якіх, безабаронных, вялі жывымі ў супольную яму? Няўжо не рэагавалі, калі вораг расстрэльваў і спальваў цэлыя вёскі? Людзі ж за маладосці мае былі літасцівыя, спагадлівыя ў няшчасці; з чаго атупелі, што іх змяніла, навучыла думаць аб сабе, толькі аб тэлевізарах і мэблях, аб «каврах» і матацыклах, а дзе ж сумленне? Калісьці людзі шарахаліся ад тых, у каго чалавечая, нявінная кроў на руках, у каго на сумленні людскія слёзы, а сяння — гэта «героі», настаўнікі для моладзьі, узор для грамадства... Як акрэсліць цяпер паняцце — чалавек? Што рабілі б такія, каб іх усадзіў у адну яму, як ёсць у Васіля Быкава[84]? Як яны б захоўваліся да сябе ўзаемна ў абліччы небяспекі? — баюся думаць. Можа, і за акіянам бываюць такія без душныя, глухія на мучэнні людзей, але там ёсць, напэўна ёсць, і сапраўдныя хрысціяне й місіянеры, і арганізацыі абароны правоў чалавека, і людзі да іх прыслухоўваюцца. А тут адзіны інтарэс да грамадзян: працуй, працуй і яшчэ раз працуй і ні аб чым не пытайся, а калі загадаюць табе, дык ідзі на смерць, барані свае путы... Жудасна.

Адбілася я моцна ад тэмы. Казалі ў Празе, што я шчаслівы чалавек, бо ў мяне ўсяго адзін вораг — Ермачэнка. Так, ён пра нас не забыўся. Перад усім, ад’язджаючы ў Менск, ён пакінуў нам з Бакачом Камітэт. Смешна было, увесььь архіў Камітэту: пратакол залажэння арганізацыі, нашыя анкеты, пратаколы сходаў — усё згінула. Проста згінула, і не пытайцеся! Гэты архіў толькі паказаў мне Коган на следстве ў Менску, ды як! У Львове, калі мы чакалі разам, я ўгаварыла майго мужа, каб ён нічога не ўспамінаў пра Пражскі камітэт, няхай ужо я за гэта адказваю, а іначай у яго застаецца толькі тое, што па мабілізацыі яго паслалі на ўсход, а на гэта ёсць усюды і доказы, і паперы. Бедны мой муж маўчаў, як сцяна! Яго далі ў нейкую буду ў той клятай «амерыканцы» менскай, дзе можна было толькі стаяць, дый то ў вадзе. Вось ён тыдзень так стаяў, у вадзе, без ежы. Кажа цяпер, што спяваў песні... Стаяў, ажно спух, ногі, як бярвенні... Вось тады й кажа мне Коган: «А чаму ваш муж не прызнаецца да Пражскага камітэту?» — «Ах, — кажу, падумаўшы найгоршае, — гэта я яго так навучыла, бо ў мяне віны тут ніякай, а ў яго дык зусім няма». А на сцяне кроў распырсканая, я так і замерла... «А вы яму паказвалі архіў?» — пытаюся. «Нет, я его показывал только вам...» — «Ну, дык пакажэце яго і яму...» Вось тады толькі нехрыст выпусціў Яначку. Я мацнейшая і фізічна, і духова, дык увесььь час старалася нейк яго загарадзіць, я й хлеб яму аддавала, і ўсё, што было лепшае, і так вось яму, не хочучы, «дагадзіла»...

Дык вось, Ермачэнка падае немцам спісак, каму яшчэ ехаць на Беларусь, уключае толькі лекараў, бо, мусіць, другіх асоб было нельга. Колькасць даволі вялікая, але сярод іх і маё імя! Вось тут і пачаўся перапалох! Усе лёталі, шукалі дапамогі, не шкадавалі грошай, а ў нас ні грошай, ні грамадзянства нават, ніякае дапамогі! Вось тады мы й пастанавілі схадзіць да Піпэраў. Што ж, нас прынялі вельмі ветліва, але Піпэр — немец і адказны за гэта, бо ён як міністар аховы здароўя. Але бачу, што вельмі яму хочацца нам памагчы. Перад усім ён адразу сказаў: «Вас, фрау Геніюш, я абараню, бо вы не лекар і няма чаго там рабіць, гэта тут нешта нячэснае, а вось дваіх абараніць — гэта я ніяк не магу. Пакуль, доктар, едзьце, а там будзем бачыць».

Цяжка было мужу пакідаць нас і Прагу, цяжка было Градзілу з ім расставацца, і не было ніякага ратунку... Муж цягнуў час, хоць на дзянёк яшчэ, каб пабыць удома, аж прыйшоў гестапавец і ветліва папытаўся, чаму муж байкатуе «бэфэль»[85]? Злажылі мы тое, што лічылі яму неабходным, і раніцай я яго правяла на цягнік. Плакала, дык да непрызваітасці — душа вырывалася з гора... А ўдома вісела ягонае пальто, ляжалі яго кніжкі, рэчы, а ён не прыходзіў, і я ведала, што не прыйдзе, і зноў я залівалася слязьмі... Пасля ўсё яго пахавала, ведала, што трэба глядзець Юрку, і так змірылася. Перад ад’ездам яшчэ я папрасіла мужа, каб ветліва папрасіў М. Забэйду і іншых, каб не надакучалі мне ў гэты час, што муж і зрабіў. Юра вучыўся, я перастала добра пісаць — асабісты боль заглушыў на час вялікае, патрыятычнае. Цяпер я чакала лістоў ад мужа, вестак з Беларусі. Яшчэ калі Ермачэнка прыязджаў са сваім шафёрам і клікаў усіх да сябе ў Менск, дык гаварыў, што там нам дадуць нямецкія карткі на ежу. Пытаюся: «А што там нашыя людзі ядуць, народ наш, інтэлігенцыя?» — «А, ім даюць там нешта...» — «Ага, — кажу, — дык як жа можна есці тое, што вораг, калі народ галадае, я дык ела б толькі тое, што нашыя людзі». — «Ну, паглядзелі б мы там», — кажа ён як заўсёды з усмехам, ад якога мне халадно... Мы з Яначкам дамовіліся, што ён будзе толькі лекарам і болей ніякіх функцый, як і напісана ў той паперы. Так і працаваў ён у клініцы ў Баранавічах. А мы засталіся ў Празе.

Дзядзька Васіль захварэў на лёгкія. Пад сакрэтам сказала мне пані Крэчэўская, што ягоны нейкі вельмі падазроны кватарант парнуў яго ў бок нажом... З якой прычыны — магу толькі дадумацца сяння, калі болей ведаю «метады». Дзядзька адмовіўся ад варункаў, якія яму давалі немцы, і яму, і Беларусі, і, дрыжучы, даставаў дапамогу ад Чырвонага Крыжа й чакаў нядобрага. Ратавала яго, як і доктара Градзіла, радыё. Дзядзька быў дэмакрат, і аператыўнае мудрае Бі-бі-сі толькі яго й трымала на духу. Ён вельмі баяўся, каб якія самазваныя фюрэры не паявіліся ў нас і не павялі дрэнна палітыкі. Ён пазнаў немцаў і сказаў мне так: «Няма ў нас выбару: альбо-альбо. Калі выйграюць немцы, дык вынішчаць усіх нас, калі выйграюць саветы, дык вынішчаць інтэлігенцыю й асімілююць народ, але гэта лепей, чымсьці смерць усяго народу... Трэцяга выхаду няма».

А ў Празе тым часам выходзіла мая кніжка «Ад родных ніў». Чэхі стараліся выдаваць як мага сваю класіку, і мая гордая, чыстая, не халуйская ў гэты час жудасны кніжка была ім вельмі даспадобы! Казаў мне гэта чэшскі цэнзар, нейкі ўкраінец Лявіцкі. Кнігу ўкладаў доктар Тумаш[86], мой завочны сябра й цудоўны крытык і вельмі строгі патрабавальнік мае паэзіі. Ён першы аказаўся на мой голас, ён і вёў мяне, як малую, вучачы, хвалячы й караючы, да большай паэтычнасці, лепшай формы верша, каб не агітацыя, а паэзія, розум. Але аднойчы ён мне напісаў, што пасадзіў кітаец рыс і глядзеў яго, паліваў, а кальвачка расло й прабіла страху кітайцавай хаты, і расло да неба, і “бедны кулі” ўжо не мог дасягнуць да яго. Я з гэтага ўсцешылася крыху, але мне самой яшчэ мая паэзія не падабалася, і я ўсё хацела нечага большага, каб навечна зрабіць душы маіх суродзічаў беларускімі, вытрывалымі, моцнымі на ўсе нягоды беларускага жыцця, а іх можна было чакаць.

Да нас часта прыходзіў Бакач. Гэта быў сакратар Б.Тарашкевіча, які адседзеў 4 гады ў гродзенскай турме за «Грамаду» і ўцёк у Чэхаславаччыну. Тут ён вучыўся ва універсітэце й працаваў, як некалі Яначка, дзе толькі мог. У час нашага знаёмства ён быў нечым накшталт служанкі ў аднаго белагвардзейскага генерала. І тут набоб Ермачэнка нічога не памог чалавеку... Бакач, родам недзе ля Ізабэліна, быў добры беларус, харошы, скромны чалавек, вельмі бледны, вымучаны турмою, напэўна, і нездаровы. Ён нейк быў на пабягушках у пражскіх дзеячоў, іх нязменны сакратар. Жыў ён у харошых чэхаў, і ягоная гаспадыня кахала яго, як толькі можа кахаць чалавека чыстае, самае адданае жаночае сэрца. З ім мы мелі не адзін клопат, як, напрыклад, ладжанне забэйдаўскіх канцэртаў у Празе — і каб зала найлепшая, і каб гледачоў многа, і каб рэклама, і газеты, і грошы, і «лаўры». Набегаліся мы нямала, і цудоўны голас маэстра меней дзейнічаў на нас, як той страх, каб хоць добра надарыўся сам канцэрт. Бо першы канцэрт, які даваў Забэйда-Суміцкі ў слаўнай чэшскай «Смэтанавай сіні»[87], быў дэфіцытны настолькі, што мы нічога не маглі даць спеваку, акрамя рэкламы й славы, бо ў Празе яшчэ яго не ведалі. Ён нам гэтага доўга не мог дараваць. З Пётрам жылі мы па-братэрску, былі з сабою шчырыя, і я заўсёды за яго заступалася, а ці ён за мяне, дык я сумняваюся... Настолькі чэсным гэты чалавек не быў.

Жук, які ў нас бываў таксама, быў ведамы як камуніст, чаго ён не скрываў перад намі. Ён хацеў выжыць, дачакацца камунізму. А нам што? Мы былі дэмакраты, якія шанавалі перакананні чужыя, і таксама жадалі, каб шанавалі й нашыя. Калі ён быў галодны, дык крыху яго падкормлівалі, калі немцы яго арыштавалі, дык ратавалі яго. Затое ён, калі мяне выкрадалі з Прагі, вадзіў кагэбістаў па чэшскіх кватэрах, каб знайсці й выдаць мяне. Яму гэта не ўдалося. Каб забралі нас тады, у 45-м годзе, мы ўжо не жылі б, напэўна... Пасля прыйшоў да нас, мы былі да смерці напалоханыя, але я яму паказала дзверы. Хто здрадзіў сяброўства, дык няма такому месца ў скромнай хаце, дзе мы жывём. Кажуць, што ўдзячнасцю мерыцца культура людзей, і ў гэтым ёсць праўда.

З Парыжа пераехаў у Берлін Мікола Абрамчык[88] і вельмі падняў узровень беларускай работы ў Нямеччыне. Арганізаваў сваіх, бараніў ад нямецкіх напасцяў, дапамагаў што мог. Было відно, што думае аб сваіх. Людзі, якія ведалі яго, высказваліся пра яго з энтузіязмам. Нейк ён прыехаў і ў Прагу да Русака, і як звычайна яны зайшлі да мяне. Мікола быў сярэдняга росту, чарнявы, меў вельмі інтэлігентны твар, што пацвердзілася ў гутарцы з ім. Гэты чалавек, здавалася, не меў слабасцяў і ведаў, чаго ён хоча. Аб беларускіх справах і людзях ён спакойна гаварыць не мог, ён жыў гэтым. Гэта быў чалавек чыну, мяне ён цаніў. Гэта пачуццё ўмацавалася, калі мы пазнаёміліся. Мы доўга й шчыра гутарылі, калі ён прыйшоў да мяне назаўтра. Мне падабаўся дыяпазон яго інтарэсаў і тое, што ён ужо прадбачыў вынік вайны (гэта было ў 42-м годзе) і ўжо думаў пра нашую масу завезеных на работы ці палонных з польскай арміі. Ён прыехаў наконт мае кніжкі, якая мелася друкавацца. Я не ведала, як гэта ўсё робіцца, бо кніжку фінансаваў Камітэт. Мы напісалі дагавор, што мне належыць 50% ад чыстага зыску за кніжку й 50 аўтарскіх экземпляраў. Я слухала яго й падпісала дагавор. Пасля аказалася, што аўтару ў Заходняй Еўропе належыць толькі 15% чыстага даходу ад кнігі. Мікола, калі я не хацела браць за кніжку грошай, бо за свае вершы я іх ніколі не брала, сказаў мне: «А вось мы гэта й прадбачылі, немагчымая ты асоба, і таму цябе «апуталі» догаварам». Я ўсё роўна ўсяго не ўзяла, бо лічыла, што мы ўсе павінны працаваць для народу без нагароды. У мяне быў муж, і ў мяне быў хлеб, і гэтага нам хапала. Мець магчымасць працаваць для культуры свайго народу — гэта велічна ўжо само па сабе, а ўздымаць яго адраджэнне — гэта як маліцца Найвышэйшаму, які дае нам мудрасць і сілы, каб узняць свой народ. Нядобрая маці адзінага сына, якая не змагла выгадаваць яго, не магла яго забяспечыць, і ён стаўся ахвяраю вогненнага патрыятызму бацькоў. Але ён быў галодны, і людзі не заўсёды накармілі яго, але заўсёды пакрыўдзілі. Не, людзі, якія йдуць за народ свой змагацца, не маюць права мець сем’яў, рабіць няшчаснымі сваіх дзяцей...

А бедны дзядзька Васіль ляжаў у туберкулёзным шпіталі за Прагаю. Выбраліся мы да яго ўсе разам. Быў рад, Мікола меў яму што сказаць. Я пацешыла яго, што вясной ён будзе мне дыктаваць і я ўсё запішу... Дзядзька сумна паглядзеў на мяне й сказаў, што вясною ён будзе спаць пад кусцікам і я да яго прыйду. Ішлі дамоў пехатою, кожны задуманы.

З чэшскім выдавецтвам мы дагаварыліся выдаць беларускія паштоўкі. Гэта зрабіць вайною было цяжка, але зноў, як цуд, чэхі не ўмелі мне ў нечым адказаць. Так і ўбачылі свет 12 харошых відокаў нашай прыроды. Мы, усе славяне, моўчкі сябе падтрымоўвалі, затое ніколі не падтрымоўвалі выданняў з пранямецкім зместам. Але такога ў нас, беларусаў, не было. Народ мы не вельмі знаны, і таму ніхто асабліва да нас не прыглядаўся. Прыгледзеліся толькі тады, калі выйшла мая кніжка. Вось гэта не падабалася. У Прагу прыехаў Ермачэнка, выклікаў мяне й загадаў збірацца ў дарогу, у Менск! Яго госці, працаўнікі гестапа, папыталіся ў мяне, з кім я працую, што выйшла мая кніжка, дзе нічога няма пра Гітлера, пра Герынга й пра новую Еўропу. Я сказала (даслоўна!), што мой талент замалы на тое, каб пісаць пра так высока пастаўленыя асобы. Што я ні з кім не працую. Тады мне сказалі: «Хто не з намі, той супраць нас». Ермачэнка аднёсся да мяне вельмі груба й сказаў мне, што выбару мне няма — толькі Асвенцім ці Менск, каб выбірала. Калі я запыталася, што я там буду рабіць, мне сказалі, што «пропаганда махэн» (рабіць прапаганду). Я кажу ім, што гэта нельга, бо я толькі хатняя гаспадыня й ніякай прапаганды рабіць не ўмею. «А нам патрэбна толькі ваша імя»,— адказаў мне на гэта немец.

Што ж было мне рабіць? Лісты да мужа йшлі доўга, праходзілі праз строгую цэнзуру. Яшчэ восьенню я ледзь вывернулася з чарговай лавушкі. Муж мне прыслаў выклік, каб з сынам прыехала да яго ў госці. Я заўважыла, што ў гэтым былі вельмі зацікаўленыя Ермачэнка й яго жонка. Ермачэнка не вельмі добра высказваўся аб мужу: не падабалася яму, што муж, паводле ягоных слоў, замнога гаворыць, непатрэбнае піша дамоў. Што ён такога пісаў, я ўжо не памятаю. Абое Ермачэнкі ў адзін голас гаварылі мне аб нявернасці майго мужа й каб я да яго неадкладна ехала, каб захаваць сям’ю. Яны мне казалі, што муж завёў сабе проста гарэм! Я ведала, што на такое можна было ўзяць любую агранічаную бабку, зайздрасць асляпляе. Пра гарэм, але ў адносінах да самога Ермачэнкі, прабіліся ўжо весткі праз Варшаву ў Прагу, дык чаму ж сама Ермачэнчыха не збіралася ў дарогу, а, розна палохаючы, выпраўляла мяне? Аднойчы, калі ён прыехаў, дык прывёз мне ад Янкі ліста, у якім той прасіў чайнік, лекаў і другія драбніцы. Аддаючы мне ліста, Іван Абрамавіч папрасіў, каб я напісала верш у яго гонар. Кажу, што магу яму напісаць толькі памфлет. «Дарма, дарма, Ларыса Антонаўна, а вашае фота стаіць у мяне на століку». Я яму сваёй фатаграфіі не давала. Мне казалі прынесці рэчы мужу вечарам. Было там некалькі асоб і, як на ваенны час, багатая вячэра, калі я прыйшла. Што ж, запрасілі й мяне. Я выпіла крыху віна, з’ела кавалачак кураняці з каляф’ёрам. Памятаю гэта таму, што вячэру гэтую я ледзь не заплаціла жыццём. Гутарка была дзіўнай. Усе яны моцна пачалі выступаць супраць непрысутнага Бакача. Выразна нічога не гаварылі, але можна было думаць, што яму нешта грозіць. Я выразіла сваё здзіўленне й папрасіла пры мне гэтага чалавека не ганьбіць... Было позна, калі мы выйшлі ад іх. Адзін чалавек, якога не хачу называць, ахвяраваўся мяне праводзіць дамоў. Я з абурэннем адкінула гэта і, са злосці забыўшыся пра страх, бегла праз Прагу дамоў, бо трамваі ўжо не хадзілі. Сяброў у мяне не было, гэта я пазнавала з вялікім сумам. А дзядзька Васіль з паняй Крэчэўскай жылі за Прагаю.

І вось я атрымоўваю лісты ад мужа, каб да яго прыехаць. Мне гэта не падабалася, але я пачала збірацца. Рабіць гэта трэба было праз гестапа, куды я занесла патрэбныя дадзеныя. Паперы гэтыя й розныя даведкі я мусяла некалькі разоў дапаўняць. Нарэшце, пасля некалькіх тыдняў, а мо й болей, мне сказалі прыйсці па пашпарт. Мы пайшлі разам з Юрачкам, з сынам мне было бяспечней. У пакой, дзе сядзела ля стала поўна людзей, Юрачку не пусцілі. Настрой быў вельмі напружаны, на мяне пільна ўглядаліся з усіх бакоў. Нарэшце сказалі мне, што даюць мне дазвол на паездку ў Слонім, куды ўжо перавялі мужа з клінікі на абласнога лекара, але толькі ў адзін бок. Я смела сказала, што такое не прыйдзе ва ўвагу, на такіх варунках я не паеду. Мне груба сказалі, што чаму ж я ім дурыла галаву й што я там на месцы дастану дазвол, каб ехаць назад. За дзвярыма чакала на мяне маё дзіця, і дух мне заняло, калі я ўсведаміла сабе, куды я яго, абаронцу майго маленькага, з сабою ўзяла.

Назаўтра я дала тэлеграму бацькам мужа ў Зэльве: што мне рабіць? Яны тэлефанавалі Яначцы й тэлеграфавалі мне, каб на такіх варунках нікуды не ехала. Я лічыла, што мне пашыхавала, што гэта была лавушка. Божа мой, што б было? Як мы пасля ўдакладнілі, дык у час, калі мы з Юрам меліся прыехаць у Слонім, там была жудасная аблава, дзе не пыталіся, хто адкуль, а толькі забівалі каго папала. Тады загінула жонка Гальяша Леўчыка[89]. Дык пасля тае вячэры ў Ермачэнкі мяне схапілі жудасныя ваніты, жаўцізна й слабасць. Мяне ледзь выратавалі, паласкалі страўнік, некалькі дзён я не ўставала з ложка, а цяпер зноў такое... Быць паэтам знача не толькі любоў зняволеных землякоў, але й помста сільных ворагаў нашай зямлі й свабоды. Нечаму мне прыпомніўся допыт Когана многа пазней у Менску й дакор, чаму я не прыехала за акупацыі ў Менск, што я шмат дапамагла б партызанам. Нічога я ім не памагла б, паэты не забіваюць, паэты не забываюць крывавага...

Вельмі спагадліва аднесліся да мяне Піпэры. Яны былі супраць якога-кольвек майго выезду з Прагі. І вось зноў мяне змушаюць выехаць, і што ім трэба? У Ермачэнкі былі вялікія багатыя апартаменты ў сярэдзіне Прагі. Сам ён не працаваў, яго кабінет вёў нейкі расеец, а ля дзвярэй стаяў такі дзяржыморда, што калі ён не адчыніць дзвярэй, то нельга было выбрацца на вонак. Гэта ўсім было вельмі загадкава. Ермачэнка назначыў дзень і гадзіну мае гатовасці з ім ехаць. Я дала тэлеграму Абрамчыку, каб ратаваў мяне, і зноў пайшла з просьбаю да Піпэраў, якія вельмі праняліся маім лёсам. Што рабіў у гэтай справе Піпэр, я не ведаю, але ён мне сказаў, каб я перад тым, як ісці да Ермачэнкі, пайшла да гестапа й папыталася, чаму, калі мне забралі мужа, грозяць мяне пасадзіць у Асвенцім[90], каб болей нічога не казала. Я так і зрабіла. Мне сказалі, што мяне не пашлюць у Асвенцім і што, калі я не хачу, дык ніхто мяне не мусіць сілаю везці і ў Менск... А я, як цыбуля, надзела на сябе тры пары бялізны, дзіця аддала знаёмым украінцам і гатовая была ўжо йсьці на цярпенне. Мне не верылася, што мяне проста пусцілі. Але да Ермачэнкі я пайшла! Заходжу, дзяржыморда мяне ўпусціў. Заўсёды падкрэслена ветлівы Ермачэнка звярнуўся да мяне, як да нейкае рабыні, нават не запрасіў ні далей прайсці, ні сесці. Папытаўся толькі, ці паеду з дзецям? Тады я яму й пасыпала, што ведала. Ён павалок мяне за руку ў пакой, яго твар перамяніўся зусім! «Чаго чалавек не зробіць дзеля бацькаўшчыны, гэта таму я вас клікаў. Я ўпаду перад вамі на калені й буду прасіць, каб мы ехалі ў Менск, я зраблю Янку міністрам аховы здароўя, толькі едзьце ў Менск». — «Вы не чалавек, вы ж хамелеон, вы ж здраднік! Згінеце вы разам са сваімі немцамі, якія ўжо трашчаць!» А ён не сунімаецца: «Калі немцы прайграюць, я вас завязу ў Швецыю, я забяспечу вас, толькі едзем!» Ну й ну! Ну й каша, ну й дрэнь чалавек. Ах, як цяжка, як небяспечна пісаць для Айчыны, што будзе далей? А далей доктар Піпэр хацеў пісаць на яго, што непакоіць сем’і людзей, якія пасланыя на працу на Усход. Я прасіла яго, каб гэтага не рабіў. Я ніколі не мсцілася, а дарма. Я дорага за гэта заплаціла, яшчэ горай было з мужам і Юрачкам. Я толькі малілася Богу, каб Ён ратаваў нас, бедных, у вадавароце гэтай вайны. Вялікай, амаль адзінай падтрымкай маёю быў мой маленькі, смелы, вельмі харошы сынок.

А тым часам у Богніцах за Прагаю ў санаторыі для цяжкахворых туберкулёзам дажываў свой век Васіль Іванавіч Захарка, міністар фінансаў і намеснік Старшыні Рады БНР. Толькі я ад яго вярнулася, як за пару дзён атрымала ад яго паштовую картку, запырсканую крывёю. Прасіў мяне: «Донечка, хутчэй прыязджай» і г.д. Прыехала якраз і пані Крэчэўская, якая сказала мне, што дзядзька вельмі аслаб, у яго горлам кінулася кроў і ён неадкладна хоча мяне бачыць. Дзядзька даўно ўжо прасіў мяне, каб я часцей да яго наведвалася, ён баяўся іншых людзей, нікога не хацеў бачыць. Дзядзька быў накрыты сваёю коўдраю, белая наўлечка якой была ўся ў крыві. Ён сказаў мне, што прыходзіць канец яго жыцця, што ён быў адным з тварцоў акту Дваццаць Пятага Сакавіка 1918 г., пасля смерці П. Крэчэўскага з’яўляецца Старшынёю БНР і, як выбраны народам сябра ўраду, адыходзячы, хоча перадаць свае паўнамоцтвы дастойнаму чалавеку. Што рабіць? Няма адпаведнага чалавека, ёсць толькі такая жанчына, а жанчына не можа быць прэзідэнтам. Што ж, гэта быў 1943 год... Не, кажу, так рабіць нельга! Нельга браць у магілу ідэі незалежнасці нашага народу! «Нікому не веру, донечка. Ёсць многа людзей, але ў кожнага на некага арыентацыя, а тут трэба быць верным толькі народу. На гэтае становішча я мог бы паставіць толькі цябе, каб ты не была жанчынай». Тады я запрапанавала Абрамчыка. Я доўга даказвала дзядзьку ўсю паважнасць, прадбачлівасць і любоў да Беларусі гэтага чалавека. Я толькі не сказала, што Мікола крыху замяккі, крыху задобры, каб стаць на такое змаганне. Мікола ведаў мовы, вельмі добра арыентаваўся ў палітыцы, ненавідзеў немцаў, умеў выкарыстаць любую нагоду, каб толькі нешта вартаснае зрабіць для Беларусі. Дзядзька папрасіў падаць яму папер. Я паправіла яму падушку, ён сеў і пачаў пісаць тэстамент, які прасіў мяне перапісаць у трох экземплярах на машынцы й назаўтра яму прынесці. Пані Косач-Шыманоўская, сястра Лесі Украінкі, хораша перапісала мне гэты тэстамент, і назаўтра дзядзька Васіль падпісаў іх, яшчэ паправіўшы дробныя памылкі. У тэстаменце Мікола Абрамчык назначаўся Прэзідэнтам Беларускай Народнай Рэспублікі, Ларыса Геніюш — Генеральным Сакратаром БНР. На нас абаіх пераходзіў архіў БНР, які быў у кватэры дзядзькі Васіля. Я неадкладна дала тэлеграму Міколу, каб прыехаў у Прагу. Яго не пускалі. Не пусцілі і яшчэ на адну тэлеграму. Дзядзьку было ведама, што медперсанал падкуплены і яны некаму мусялі адразу паведамляць аб дзядзькавай смерці. Дзядзька жыў, дажываў свой век у вечным страху перад гестапам, ён вельмі баяўся лагера смерці. Нават даючы нам з Міколаю тэстамент, ён прасіў нас нічога не прадпрымаць за яго жыцця. Ён баяўся, каб мы, маючы такія паўнамоцтвы, не паднялі на Беларусі нацыянальнае партызанкі. Мы такі спярша аб гэтым падумалі, але ўрэшце дайшлі да вываду, што гэта было б толькі фізічнае нішчанне нашых людзей. На жэсты мы шкадавалі крыві беларускай. Палітычнае становішча зарысоўвалася так, што трэба было добра аглядацца, дзе, куды і як ступіць, каб толькі не пашкодзіць справе. А цяпер нам было трэба ратаваць, вывозіць з Прагі беларускі дзяржаўны архіў, каб яго не захапілі немцы. Акту прагалошання незалежнасці, на жаль, ужо ў архіве не было. Былі дагаворы з літоўцамі, з Галіцкай Украінскай Рэспублікай і інш., папкі з архівамі міністэрстваў БНР і іншымі важнымі дакументамі.

Я была радая хоць тым, што Мікола мог яшчэ ўбачыць дзядзьку й з яго ўласных рук атрымаць гэты дакумент. Першы экземпляр далі мне, другі Міколу, а трэці пакінуў сабе дзядзька Васіль. Ніхто пра гэта нічога не ведаў, усё рабілася тайна. У Менску ўжо існавала Цэнтральная Рада[91], а гэта быў як другі ўрад, як апазіцыя. Не па нутру гэта было й немцам, якім дэмакратычная БНР не магла й не хацела, ніяк не хацела падпарадкоўвацца. Яны давалі дзядзьку Васілю вялікія грошы, каб ён выступіў ад імя БНР. Дзядзька адказаў ім: «Гэта завялікія для мяне грошы, але замалыя для майго народу». І так жыў ён на вельмі скупыя сродкі ад чэшскага Чырвонага Крыжа. Ён умеў сабе ва ўсім адказаць. Пастушок з дзяцінства, з нішчаты, перанёсшы ў раннім юнацтве туберкулёз, дабіўся саматугам сякога-такога становішча, аб якім не думаўшы кінуўся ў вір барацьбы й змагання за волю свайго народу, ён чэсным і верным застаўся да канца. Найболей было гэта страшным для Сталіна, які ўжо паказаў у 37-м годзе, дый раней, што намерваецца зрабіць з Беларуссю. Нездарма мне сказалі на следстве, што іх паляванне на мяне пачалося якраз з 43-га года. Я гэта адчувала, ведала, чаму мяне хочуць дастаць у Менск, і вельмі, вельмі баялася Ермачэнкі. Каб ён быў з аднымі немцамі, ён даўно выдаў бы Вольфсанаў — думалася мне, але я ведала, што ён вораг чэхаў і наагул вораг дэмакрацыі. Ён вельмі разлічваў на дзядзькаў тэстамент, але дзядзька цяпер яго не баяўся. Дзядзька паміраў. Васіль Русак разлічваў на гэта таксама, але дзядзька не давяраў і яму. Не падабаўся яму й Кастусь Езавітаў[92], сябра ўраду БНР, які жыў у Рызе. Ён пачаў хіліцца да немцаў, хоць гэта было не шчыра, а вонкава. Дзядзька не мог сцерпець і гэтага. Ён казаў мне: «Езавітаў, як генеральская кабыла, заўсёды хоча быць першым» — а тут трэба ўмець і быць апошнім. Прыйдзе час, і будзем першымі не мы, дык патомкі нашыя, на вольнай зямлі нашых продкаў! Час гэты прыйдзе!!! Найболей я баялася ўдару з боку Ермачэнкі, гэта была хітрая штука, ды ў яго руках быў мой муж... Я малілася Богу, каб даў мне сілы быць моцным чалавекам у самых найгоршых варунках жыцця.

Спакавалі мы з Міколам пару чамаданаў нашага дзяржаўнага архіву, і ён павёз гэта ўсё да сябе з думкай усё гэта пераправіць у Францыю. Я й да сяння не ведаю, як яму й ці яму гэта ўдалося. Гэты архіў вельмі хацеў вырваць мне з душы Цанава[93], паставіўшы шмат пазней мяне перад абліччам смерці. Што ж: «Без волі Божай волас мне з галавы не ўпадзе, і я вас не баюся!» — ледзь стоячы на нагах з голаду, хваробы, допытаў і трываўшай ужо год турмы, дастойна й спакойна гаварыла я. А лютасць маіх праследавацеляў і смерць нагла заглядалі мне ў вочы. А пакуль што ў ноч адыходзіў з чамаданамі Мікола Абрамчык, з трывогай аб лёсе хворага дзядзькі Васіля, нашага архіву, нашага народу.

А дзядзька згасаў з кожным днём. 13 сакавіка 43-га года ў нядзелю я наведала яго. Заўважыла, што яго перавялі да найцяжэйшых хворых. Ляжаў ён жоўты, слабы. Хацеў, каб падалі яму судна. Я папрасіла, каб не ўстыдаўся мяне, ён ужо мала на што рэагаваў. Прасіў толькі, каб я так хуценька не хадзіла, каб крыху прысела ля яго. Аддаў мне свой экземпляр тэстаменту й папрасіў, каб гадзіннік яго я пакінула сабе. Я яму абяцала гэта. Мы развіталіся.

Калі назаўтра я пайшла ў больніцу, дзядзька Васіль ужо памёр. Мне апалі рукі, каля мяне дзеяліся незразумелыя рэчы. Я атрымала загадкавага ліста ад нейкае Энгельгарт, якая загадала мне прыйсці ўвечары на вуліцу Філіпа дэ Монтэ, грозячы, калі не прыйду. (Была гэта, як пасля высветлілася, аферыстка.) Падыходзілі да мяне нейкія людзі на вуліцы, усё было несамавіта. Мне трэба было вытрымаць усё й толькі як след пахаваць дзядзьку. Назаўтра я ўсё, што магла, аформіла ў паграбальным урадзе. Чэхі ў вынятковай ласкавасці далі дзядзьку металёвы гроб, чаго вайною нікому не рабілі. Мне думалася, што некалі мы пазбіраем усіх сваіх жывых і мёртвых і прывязем у свой беларускі дом, які будзе народным, бацькавым, любым домам для нас. Некалі, некалі... А тым часам то я раўла, то ізноў гатавалася да пахавання. Быў бы хоць Яначка, а то сама, як палец.

Назаўтра прыехалі Мікола Абрамчык і Стась Грынкевіч[94] з Берліна, прыйшла пані Крэчэўская, і мне стала лягчэй. Стася я ведала з лістоў. Пісаў ён мне з нямецкага лагеру ваеннапалонных польскай арміі, дзе быў разам з мужавым сваяком, якому мы пісалі, пасылалі кніжкі, часам пасылку. Быў гэта добры беларус, афіцэр польскай арміі, недакончаны лекар. Яго патрыятызм, інтэлігенцыя й выхаванне ды нейкая чэснасць беларуская прытым мне падабаліся. Вызначылі час пахавання. На Альшанскія могілкі ў праваслаўную капліцу перавезлі цела памершага. Хоць дадаткова было заплачана за галенне нябожчыка, на жаль, і тут мяне ашукалі. Людзей на пахаванне сабралася вельмі многа. Было шмат вянкоў. Я трымалася вельмі добра. Юрачку вяла пані Ядзя, адна мая знаёмая. Ён, здавалася, разумеў усю важнасць гэтай хвіліны, быў спакойны, задуманы. Хораша адпраўляў набажэнства айцец Ісакій[95], расеец, вельмі харошы чалавек і святар. Калі ён пачаў гаварыць апошняе слова па дзядзьку, ды такое — аб долі Беларусі, аб долі памершага, як бы сам быў з нашага народу. Вось тады я не вытрымала, абмякла, падкасіліся ногі. Мяне вывелі. Бог няхай будзе літасцівы й вечна міласэрны да таго харошага святара. Вельмі многа зрабілі здымкаў з пахавання, а калі ўжо ўсе разышліся, Стась Грынкевіч пабег яшчэ па фатографа, і ўжо фатаграфавалі мяне ля магілаў. Дзядзьку Васіля палажылі ля ягонае жонкі Паліны з Ляўтаў, бо магіла загадзя была закупленай і разлічанай на дваіх. Стаяў там і помнік з вырытым знакам Пагоні. На помнік толькі прырабілі пасля мрамарную дошку з імем дзядзькі. Яго звання напісаць было нельга. Не прызнавалі й тады незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі. Гітлер і яго генералы й не генералы будавалі т.зв. Новую Еўропу, тысячалетні нямецкі «райх», дзе беларусам у рэшце рэшт адводзілася месца нявольнікаў, як і ўсім славянам. Прымаючы словы спагадання ад чэхаў і розных нацыянальнасцяў эмігрантаў, я адчувала, што адышоў наш вялікі чалавек, які як умеў, так чэсна адносна свайго народу рэпрэзентаваў нашую Айчыну за межамі. Цёплае слова сказаў і Гайда, гэта быў чэх, пасол у Ліцьве за часу прабывання там БНР, які застаўся заўсёды верным сябрам беларусаў і асабіста дзядзькі. Многа пазней падчас неймаверна шалёнай пургі на Інце падышла да мяне адна эстонка й пачала вельмі хваліць дзядзьку Васіля Захарку. Яна яго ведала. Яе родная цётка-эстонка была жонкай консула чэшскага Гайды. Сем’і з сабою дружылі, і гэтая маладая жанчына не раз гасціла з імі ў дзядзькі Васіля, калі бывала ў Празе.

І так 14 сакавіка 1943 года памёр Васіль Захарка[96]. На яго месца засталіся мы. Я, такая простая й амаль вясковая, якой адзінаю зброяй была невысказана вялікая любоў да Беларусі, чэснасць жыццёвая й мой талент. Мікола ведаў мовы, добра арыентаваўся ў палітыцы, меў ужо практыку ў змаганні за Беларусь. Усе надта хацелі ведаць, хто ж на месца дзядзькі Васіля? Мы пакуль маўчалі. Мароз мне па скуры хадзіў, калі я думала пра Ермачэнку, ды не толькі ён... На вечар па дзядзьку Васілю ўсе нейк пайшлі, сабраліся па групках. Да нас пайшлі толькі мы: пані Крэчэўская, Мікола, Стась і я. Было нам нейк сумна і ўсё ж добра ў цеснай, сваёй беларускай сямейцы. Мы дык ужо сабе давяралі. Пані Крэчэўская перадала тады Міколу пашпарт беларускі Пятра Антонавіча Крэчэўскага й стары вялікі артыкул з амерыканскай газеты (не памятаю назовы) аб прагалошанні 25 сакавіка 1918 года Беларускай Народнай Рэспублікі.

Назаўтра мы ўсе разам паехалі ў Моджаны, дзе перабіралі, сартавалі й адбіралі, што трэба было неадкладна вывезці з беларускага архіву дзядзькі Васіля. Рэчы яго скромныя мы, пасля дэзінфекцыі, аддалі ўсе Стасю Грынкевічу. Ён павёз іх тым беларусам, якія былі на працы ў Нямеччыне й не мелі дастаткова адзення. Так я дамовілася з дзядзькам. Сартаваць архіў нам ніхто не перашкаджаў. Нікога з немцаў не было на пахаванні, і здавалася, яны нічога не ведаюць. Адкідаючы непатрэбнае, Мікола проста адсунуў пудэлачка ад запалак. Я падняла яго, і ў ім знайшлі мы цудоўныя беларускія значкі яшчэ з 1918 года з Пагоняю. «Благаславенна ўсё, да чаго ты дакранешся»,— сказаў мне Мікола й дзіўна нейк на мяне паглядзеў. Была вайна, і не было рэчаў, адзення, абутку, а ў дзядзькі былі харошыя, новыя чаравікі як на Міколу, дык кажу яму: «Вазьмі ты сабе па дзядзьку хоць чаравікі, хоць нешта, твае ж падзёртыя». — «А чым я ад цябе горшы, Ларыса Геніюш, я ж не бачу, каб ты сабе што-кольвечы брала». Так адказаў мне Мікола, і гэта напоўніла мяне нейкім даверам да яго й спакоем за ход нашых спраў. Усё, што было найболей вартасным, мы спакавалі й перавезлі да нас. Там перапакоўвалі, каб адвезці далей. У гэты час да нас прыйшоў Забэйда-Суміцкі. Яго не ўпусціць мы не маглі. Я далей стаяла на каленях і пакавала. Узяўшы ў рукі дзяржаўную пячаць, я пацалавала яе спачатку. Цікава, што гэты выпадак сказаў мне на следстве следавацель. А можа, сам Мікола, калі гаварыў аб гэтым...

І так сябры паехалі, павезлі з сабою часць архіву, бо мы вельмі баяліся, і не без падставы, што немцы будуць мець на яго зуб. А пакуль што я хадзіла як учадзеўшы, усё думала: што ж будзе далей? Не давала гэта нам нейкае ўлады, але мы мелі шчасце захаваць мінулае, факт і традыцыю прагалошання незалежнасці нашай, што для кожнага народу святая, вялікая рэч. Розна складаецца лёс народаў. Ёсць самастойнасць дзяржаўная, ёсць федэрацыі, але як бы ні было, маючы такі факт за сабою, мы адчувалі, што мы народ! Нельга адбіраць, ануляваць, заціраць вялікага ў жыцці людзей і народаў, нельга абядняць нацыі, забіраючы ім іх дасягненні. Не, я не аддам мінулага!

Час ішоў, дзядзьку Васіля прыпамінала ўсё: кожны сустрэчаны эмігрант, кожная справа, якая датычыла Беларусі. Цяпер толькі адчувалася, як гэты ціхі й скромны змагар высока трымаў імя Беларусі. Не было да каго паехаць, не было з кім парадзіцца — толькі на ягоную магілу. Не было болей людзей у Празе, для якіх беларуская справа была б важнейшай за асабістую. Дзядзька наскроз іх бачыў і ведаў, што ў разе чаго ад’ютанты яны, не камандзіры, і спалягаць на іх нельга. Часам думалася: не тых выслаў Браніслаў Тарашкевіч, якія ахвярна прынясуць здабытыя знанні й жыццё Радзіме. Перспектывы асабістага спакою й дабрабыту даўно ўжо ў іх заглушылі тое лепшае, што яшчэ, можа, адчувалі яны ў юнасці. Некалі-такі, казалі, надзейны Астапкевіч, ажаніўшыся з чэшкаю, думаў цяпер толькі іхнімі катэгорыямі, таксама Клаўсуць, таксама дакторка Сідарук, якая, каб не паехаць на ўсход, сімулявала хваробу пазваночніка. Гэта якраз нічога, але бабка зусім забылася, скуль яна й на якую стыпендыю атрымала асвету.

Найболей мне не падабаўся мастак Салавей. Ён быў членам Камітэту, як і ўсе, але як жа неахвотна гутарыў па-беларуску, як жа адмежаваўся ад вестак нават з Бацькаўшчыны. Як за кару прыехала да яго пасля родная сястра з Беларусі са сваім мужам і сыночкам. Ён і яго чэшская жонка не зразумелі няшчасных харошых людзей нават тады, калі памёр у Празе на менінгіт іх адзіны сынок і лёс іх далей пагнаў у няведамае на чужыну.

Вельмі нейк інтэрнацыянальна адносіўся да беларускае справы й Забэйда-Суміцкі, які не раз падтыкаў нам, што адзіны мастак Беларусі, яе слава, не мае нават свае машыны, аж пакуль Мікола не сказаў яму некалькі слоў аб тым, як трэба разумець змаганне за Айчыну, ды яшчэ ў час вайны. Жылося яму няблага, а што мы болей, нявольныя, маглі яму даць? Вузкі ў сваіх асабістых зацікаўленнях, запалоханы й недалёкі палітычна быў і мой муж. Жук быў нам абсалютна варожы, але ад нашага сяброўства й сякой-такой спагады не адмаўляўся. Сяння думаю, што такое было тады яго заданне. Вялы й недалёкі быў Буська й неразгаданы нейкі, няшчыры інж. Юрка Бурак. Кажуць, што ўсе лепшыя пражскія беларусы памерлі ад сухотаў ці паехалі ў Менск, дзе таксама доўга не пажылі.

Актыўны быў толькі Ермачэнка, болей нават, чымсьці належала, але яго актыўная дзейнасць была выразна — не на наш млын вада. Бакача нейк нагла й рашуча адправілі ў Нямеччыну на работу. Яго верная Марыя пасылала яму, што магла. Яе любоў выклікала пашану, яе ахвярнасць і чысціня, і шчырасць пачуццяў мяне здзіўлялі. Такога друга Бог дае людзям не часта, і жаль толькі, што, карыстаючыся з сяброўства жанчыны, Бакач ёй не адплачваў тым жа.

Часам паказваўся ў Прагу Вітушка[97], які беларускасці не адрокся, але не ў галаве яму было мяняць высокі матэрыяльны ўзровень жыцця на крыжовую дарогу шчырага змагання за Беларусь. Вось больш-менш гэта было тое, што ў Празе. На фоне іх ціхі, абсалютна чужы нам яўрэй Вольфсан, які дасканала ведаў, што перажыць вайну і ўсе няшчасці таго часу трэба і яму, і яго дзецям, і нам усім. Прыходзіў ён часам да нас, маўчаў. Малады інж. Калоша, худы й вымучаны некалі беспрацоўнасцю й такі можна сказаць голадам, тым цяжкім голадам, калі ўсё ёсць і толькі няма граша, каб пад’есці, цяпер ажаніўся з Ольгай Вяршынінай і быў недзе на нейкай рабоце. Не памятаю, можа, нат выехаў недзе. На вочы нейк не пападаўся.