15158.fb2
Зэльва, 14 жніўня 1974 г.
Даражэнькія!
Дзякуй вялікае Вам абедзвюм за прывітанні. Дзякуй за сардэчнасць і шчырасць сяброўства. Мне стала нейк цяплей і ясней. Нават дзеці і ўнукі забыліся аб гэтым, не зусім пажаданым для многіх дні. Дзякуй, што Вы не забыліся. Горай, што хварэеце, але спадзяюся, што ўсё пройдзе, што добра адпачынеце, умацуеце нервы і здароўе. Я сумавала без вестак ад Вас. Муж па-ранейшаму: крэхча, але працуе. У мяне рэўматызм, сэрца, а апошні час – нервы, нервы…
Што ж, Вы – асобы інтэлігентныя і добра ведаеце жыццё. Даруйце мне, што закінула паэзію. Я выбрала – жыць. Жыць спакайней, не мець прычыны для “нерваў”. Маліцеся за мяне часам. Я адчую гэта сваім сэрцам. Да дзяцей, пэўна, не паедзем. Шкадуем іх. Гляджу, як магу, мужа, бо мы толькі разам.
Цалую Вас усіх, абдымаю. Вас абедзвюх цалую сто разоў! Пішэце мне.
Ваша Ларыса.
P. S. Усё льюцца дажджы. Пішэце, як адпачылі. Ад Янкі ўсім прывітанні.
Зэльва, 25 жніўня 1974 г.
Даражэнькія!
Спадзяюся, што Вы ўжо даволі адпачылі на слаўнай рэчцы Антарыё і цяпер зноў узяліся за сваю працу – і фаховую, і інтэлектуальную. Як адпачывалася і, галоўнае, як здароўе? Прывітанні ад Вас абедзвюх вельмі мяне ўзварушылі. Было цёпла, было хораша адчуваць памяць дарагіх людзей у сваёй адзіноце, бо нават дзеці і ўнукі забыліся аб гэтым дні, а Вы памяталі. Дзякуй вам, дарагія!
Крыху на пару дзён выглянула сонейка, і мы павесялелі. Муж па-ранейшаму ідзе і спыняецца, пакуль адсапецца, а калі ляжыць – дык чуецца зусім добра. Што з Вамі, мая даражэнькая місіс Эванс? Што за хвароба, аб якой успамінаеце? Так мала ведаем пра Вас, так многа хочам ведаць. Цяпер у нас харошыя адносіны амаль з усім светам, а ведаем усё роўна пра сябе вельмі мала.
З галавы і з сэрца не выходзяць нам сын і ўнукі, якія сёлета ў нас не былі. Колькі даўгіх дзён і начэй бяссонных трэба будзе чакаць да наступнага лета, пакуль іх убачым (хочацца верыць, што ўбачым). Мілую картку чытала скрозь слёзы, ды і лісточак ад Вас таксама. Мае Вы дарагія, мілыя, родныя сяброўкі! Вось так, узяла таблеткі – і перасталі балець ногі, і так штодзённа. Думкамі блукаю, лётаю ўсюды. Зайздрошчу Вам, што адпачываеце разам, бачыцеся хоць час ад часу, гутарыце між сабою. Усім Вам жадаем здароўя і шчасця! Дзякуй яшчэ раз за мілую памяць! Цалуем Вас і ўсіх вітаем.
Вашыя Геніюшы.
Зэльва, 15 лістапада 1975 г.
Даражэнькія!
Дзякуй Вам за радасную вестку аб падарку нашага роднага касманаўта Вашаму музею. Цешуся нязмерна, што не толькі маеце клопаты і прыкрасці праз маю асобу, але часам і радасць, а нават і сенсацыю. Сустрэла нейк А. А. Галавача і кажу, што дзеткі з Вашага музея пісалі П. Клімуку. А ён зарагатаў: “Ну і Белакоз – ужо да космасу дабраўся!” Але калі я сказала пра падарак, дык радасці гэтага чалавека не было канца! Добра гэта, бо П. Клімук – гордасць не толькі нашага народу, але і ўсяго чалавецтва. Толькі высокаасвечаны, усебакова здольны ад нараджэння чалавек мог так “высока” ўзляцець! Добра, што ён не адракаецца ад роднага, ад нас. Адракаюцца ад свайго толькі пасрэдныя, малой душы чалавечкі.
Надта хварэю на галаву, не пішу. Калі папраўлюся, дык, можа, і П. Клімуку напішу нешта, а Вы яму перашлеце.
Даўно хацела Вам напісаць, што сёлета памерла апошняя дачка майго дзеда Вера. Пахавалі яе дзе і жыла – у Луцку, на Украіне. Яшчэ хацелася мне заўсёды напісаць пра сваіх братоў.
Расціслаў Міклашэвіч загінуў 28 красавіка 1945 г. у савецкай арміі і пахаваны ў р-не Барнім, у сяле Амальенфэльд, у братняй магіле.
Аркадзі Міклашэвіч загінуў у Італіі (быў на высылцы ў Казахстане) 27 ліпеня 1944 г. і пахаваны ў горадзе Лорэтто ў братняй магіле з палякамі. Помнік па іх з мармуру, ляжыць іх там 64 чалавекі, і прозвішчы – паводле алфавіту.
Аляксей Міклашэвіч, прайшоўшы ўсю вайну і перажыўшы бой пад Монтэ-Касіна, жыве на чужыне, бо не было куды і да каго варочацца. Мае чатырох сыноў і дочку. Кажуць, што п’е. (Быў на высылцы ў Казахстане.) Дзіва, дружа, у гэтым няма…
Болей пісаць сяння мне цяжка, і ліст мой да Вас не дайшоў бы… Паганяць тут мяне надта, і мужаў хлеб для мяне не па-чалавечы цяжкі, бо і ён абзывае нас п’яніцамі, хоць усё жыццё я гарэлкі ў рот не бяру, і ўся нашая сям’я так трагічна пазабіваная.
Не бачу часам свету праз слёзы, бо маральны здзек куды страшней за дабіванне фізічнае…
Хачу, каб Вы пра мяне забыліся – будзе лягчэй Вам, а я нейк стрываю да смерці.
Не кажэце хоць Вы на мяне дрэнна, бо я на гэта не заслужыла. Вам – быў бы грэх… Даволі і так на мяне тут “карацельных атрадаў”…
З павагай да Вас – Ларыса Геніюш.
Зэльва, 4 сакавіка 1976 г.
Дарагі Слава!
Дзякуй вялікае за ліста. Моцна я затрымалася з адказам, за што даруйце. Жыццё нашае тут не ёсць лёгкім, у выніку чаго стала моцна кепска з сэрцам. Як і Вас, лечаць мяне і колюць, а я ўсё адчуваю, што яно ў мяне ёсць, хоць дакучае ўжо меней. Дзіва няма, бо век ужо паважны і перажыта шмат, але не ўсё сказана, не ўсё зроблена з задуманага.
Цяпер нічога не пішу, бо так зацішней для сям’і. Закранулі, бачыце, не толькі нас з мужам, але сына і ўнукаў… Я моцна абураная і не ўсё, безумоўна, магу дараваць. Часам гаворым з мужам, што ёсць ахова раслін і жывёл, але чаму няма аховы паэтаў? Вось усё гэта і спала на сэрца. Я добра ведаю сабе цану, прытым, залежыць мне на асабістай годнасці і годнасці нашага народу хоць бы тут, на зямлі дзядоў нашых. Таму нам удвая цяжка. Нейкая тут пераацэнка вартасцяў, прытым, маральныя вартасці чалавека – не ў лік! Трэба мець гнуткі хрыбет, яшчэ болей гнуткую душу ну, і зусім падайны на ўсё язык. У мяне так не атрымоўваецца, бо вартасці – ёсць вартасці, а ўсё таннае, часовае ды мала чалавечае не для мяне. Не магу знайсці ў гэтых лозунгах дня ніякага грунту! Засталіся адна прырода і чатыры пары году як перамены майго наваколля, успаміны крыху, муж побач і недзе далёка ўнукі.
Мы вельмі хочам Вас бачыць, Слава, але не трэба рабіць нашых партрэтаў. Засталіся здымкі па нас з маладосці, а старасць – яна не цікавая. Ды і Вы, напэўна, хутчэй, пейзажыст. На Вашу хваробу не заглядаемся трагічна, бо сяння лёгка вылечыцца. Шкада толькі жонкі і дзетак, бо ім, відно, не вельмі лёгка без Вас. Трэба толькі, каб добра вучыліся. Няхай жонка на гэта адразу звяртае ўвагу.
Вы пішаце пра лес, пра нашыя ваколіцы. Некалі, як я вучылася ў Ваўкавыску, дык не было аўтобусаў, і толькі раз у суткі – нейкі цягнік. Часам выбегу раненька з Ваўкавыска праз Тэалін і Рось, а пасля – напрасткі праз лес на Лозы. Аднойчы сустрэў мяне тата, такі неспакойны, і пытаецца, ці не сустрэла ваўкоў? “Ля, – кажа, – яшчэ, бачыш, быдло раве, дзе яны парвалі цялушку.” Пашлі тыя ваўкі якраз мне насустрач, але мы нейк размінуліся.
Бывала, калі прыеду на лета дамоў, дык не магу наглядзецца на багацце лугоў і межаў як на адзін суцэльны букет! Жылі мы на аднаселлі, і дрэвы былі для мяне як сябры. Сям’я была вялікая, і трывожыла душу ды выцясняла з яе ўсё чужое нешта нашае, дарагое, старое, няўлоўнае, але як жа шляхотнае і багатае! Свая культура! Яна мяне і паланіла з дзяцінства. Ведаючы многа з сусветнай літаратуры, я ўжо магла адрозніць вечнае і велічнае ад таннага. Даволі цяжка мець душу паэта, а яшчэ цяжэй, у нашых варунках, высказаць людзям, што ў гэтай душы.
Бачыла ўчора У. Міхайлоўскага. Перадала ад Вас прывітанне. Быў вельмі рады. Схуднеў, доўга ляжаў у больніцы (высокі ціск крыві). Там на адрэзанай назе зрабіўся карбункул, і меў з гэтым многа клопатаў, бо было слізка, а ён хадзіў без пратэзу з палкаю. Яшчэ ён не на працы. Мае мілую жонку і двое дзетак – хлопчыка і дзяўчынку. Людскі ён чалавек, і я часам да яго звяртаюся. Кланяецца Вам сардэчна. Дасталі мы цікавую кніжку, якую і хочам Вам сяння выслаць.
У нас было пару сонечных дзён, але зноў пачаўся вецер і снег. Марозіць, прытым. Не трэба Вам яшчэ выходзіць з эцюднікам, бо ўсюды грып рознага гатунку. Трэба Вам добра вылечыцца, каб пасля плённа змаглі працаваць. А маляваць – гэта, пэўна, як і пісаць. Трэба кахаць, любіць тое, аб чым гаворыш. Праўда, цеплыня і эстэтыка мусяць найболей да людзей даходзіць, хоць розныя ёсць плыні сёння. Пісаў мне адзін мой сябра здалёк, што нашае беларускае мастацкае тканне ў геаметрычныя ўзоры (у нічальніцы) ёсць вельмі сугучнае з абстрактным геаметрычным мастацтвам у свеце. Што гэтае, тыпічна нашае геаметрычнае хараство мае вялікую вартасць. На жаль, калі яшчэ і тчэ нехта сяння, дык “фатаграфуе” розныя жывёлы і кветкі пераважна, а такое адвечнае, нашае паволі ўжо занікае.
Трымайцеся, Слава! Кланяйцеся ад нас сваёй жонцы, цалуйце дзетак. Пішэце нам, прыязджайце! Глядзеце добра здароўя! Яно нам як нікому патрэбнае. Столькі нам трэба аддаць народу за ўсе пакаленні, якіх доля змушала маўчаць…
Няхай усё ў Вас будзе добра!
З павагаю да Вас – Геніюшы.
Зэльва, 18 сакавіка 1976 г.
Дарагая Дануся!
А кніжка “Вечная жаночасць” – беларуская! Вельмі харошая кніжка!
Мяне асабліва кранулі радкі: “Абняла мяне Беларусь, запаланіла, трымае”… А якія ж метафары: “Зоры ў сявеньку высыпаў месяц”! А роздум, а філасофія! Нават дадумалася да таго што “не трэба наспех бурыць замшэлых сценаў”…
Усё добра, Дануся, і мы з мужам вітаем Цябе з мілым і вялікім дасягненнем! Вельмі разнаякая і цікавая тэматыка. Нават тая “батаніка” – па-беларуску, паэтычна, і гэта важная рэч. А то нашыя паэты ведалі толькі васількі, ліпы, вербы ды верасы. Крыху зашмат здрабненняў, але і гэта характэрна для нас, для нашага фальклёру, які тварылі пераважна за кудзелямі ці з тугі нашыя бабкі-прабабкі. Адным словам, нашыя жанчыны. Няхай жа будзе так, як яно пішацца, як адчуваецца.
Ну, фальклёр, відно, тварылі і мужчыны, але яны больш пісалі розныя брындушкі, накшталт: “Дзяўчынанька-сэрца, пусці пад радзенца, пусці, пусці пад радно – малойчыку халадно”. Наагул, у нас фальклёр – як ні ў кога! І калі ж толькі пачнем з яго карыстаць.
Крыху замала эстэтыкі ў Цябе, але ёсць часам сказы, што аж уздрыгнеш: “На веласіпедзе ехаў сын і промнямі сігналіў”! Гэта ж дадумацца! Не ўсё мне падабаецца, але што ж, усё мусяе быць! Зборнік харошы! А найлепей дык Ты “намалявала” сябе. Між іншым, хораша і праўдзіва. “На дзіва праўдзіва”! Шмат хто спыніцца ля гэтых слоў, каб задумацца і стаць чалавекам.
Ёсць крыху моўныя пагрэшнасці паводле маіх меркаванняў: не “зададзім дыхту”, а “задамо”, не “драбнюсткі” (палянізм), а “драбніцы”, не “падол”, а “прыпол” і г.д. А наагул, маладзец “Замоўленая!” У “Малочную раку” трэба было даць той канец. Ну, але і так усё выйшла – як нельга лепей. Між іншым, моцна уражвае цеплыня, шчырасць, ласкавасць, пяшчотнасць ды залётнасць крыху. Усё добра, усё па-жаночаму, крыху – як дысанас нашаму часу.
Што ж, і Рыма Казакова ўжо задумалася над гэтым, як відно з яе апошніх вершаў. Гэта – ні старое ні новае, гэта – вечнае! Ты крышку і з хітрынкаю, але і з глыбінёй, калі малюеш пачуцці. Кніжку Тваю можна чытаць і чытаць і знаходзіць усё нешта новае. Гэта сапраўдная паэзія ў наш “куфар”, не на дно, а ў прыскрынку схаваем, каб была на падарэндзі! Хораша ўмееш бліснуць адпаведным сказам і ў скупых словах так многа затаіць зместу. Гэта ёсць майстэрства! І такою будзь!
У кожнага – свая нота, свой стыль. Твой – крыху для выбраных, і гэта прагрэс! Наагул, цікавы атрымоўваецца букет з нашых паэтаў-кветак. Ад новых паэтэс няшмат цікавага спадзяюся. Пакуль што яшчэ штампаваныя нейкія. Маладзенькія, пэўна, яшчэ не ўпіліся думкамі ні ў мінуласць, ні ў рэчаіснасць…
А я думала, што з Вікі – ужо таполя, што і рукой не дастаць! Па Эрыку. Добра, што не вельмі высокая. Пашто? Здзівіў Валерык! У гэтага “мамінага пястунчыка” такія ацэнкі? Маладзец! Ужо, пэўна, не пішчыць: “Марожанае!” А як яго носік, здаровячко? Трымай іх увесь час “пры сабе” духова!