15158.fb2
Добры дзень, дарагая Дануся!
Як там Твая “вясновая лянота”? Ці не будзе гэта хутчэй якое нездароўе? Трэба, каб Ты праверыла сваё сэрца, нервы, а нават і ціск крыві. Ведаю, што Табе нялёгка. Чаму нічога не пішаш пра мужа? Як ён цяпер чуецца? Дарэчы, было б добра, каб Ты напісала Олі. Мой апошні ліст і святочная картка не дайшлі да яе. Там сябру Эрыку быў бы заўсёды прыпынак.
Былі лісты ад Юры. Вельмі нервовы – ад Валі. Бедны Міхась, баюся, што яны ўсе разам задзяўбуць юнака. Ён нейк узлаваўся, закрыўся ад іх духова. Я ім напісала, што ў найгоршым выпадку няхай купяць яму гаспадарку, трактар, крыху жывёлы ля Белавежы недзе, і няхай гаспадарыць. На хлеб заробіць, а што болей чалавеку трэба? Гэта так цікава – гутарыць вечна з небам, дрэвамі і зямлёй. То сонейка гладзіць, то хлешча вецер, і жыццядайныя кроплі дажджу абмываюць абліччы і душу. Гэта было б як у Бібліі – “вятры вяртаюцца на крузі свая”. Бо мой дзед Павел быў з Крынак, а бабуся Марфа – недзе з Чамяроў побач. Вось могуць і звабіць яны пра-праўнука “на крузі свая”…
Жартую, безумоўна. Хоць у Польшчы на гаспадарцы жыць цікава і можна. Няхай бы толькі хоць тую ветэрынарыю скончыў, было б цікавей. Адным словам, Міхась аказваецца штохвіліны болем сэрца ў маіх грудзях. А Юра замест думаць пра Міхася, перажывае з М. Шаховічам, ці іх любімую паэтку Дануту Б. з Гродна пусцяць у Беласток на святкаванне “Белавежы”. Калі хоць крыху зможаш, дык паедзь да іх, няхай маюць радасць людзі, бо там Цябе вельмі цэняць і любяць.
А цяпер: чаму “змарнавала час”, чытаючы Васіля Б[ыкава]? Дзе і што чытала? І чаму гэта ён у вас страціў ласку? Безумоўна, Ты ведаеш, што робіш, але ўсё ж… Не хацела б пераглядаць сваіх адносінаў да яго асобы, якія больш-менш заўсёды аднолькавыя, пазітыўныя. Няўжо ён вас “на бабу променял”, як той Сцяпан Разін? Складаная рэч – чалавечая натура, а тым болей – душа літаратара. І што ўжо там за “пані Ганская”? Адным словам, пачакайма. Можа, там усё добра.
Які сталы і салідны ў сваіх пачуццях Аляксей Нік[іфаравіч Карпюк]. Вось ён падобнага не прыдумаў бы! У першую чаргу таму, што ён вельмі добры, людскі і лічыцца з пачуццямі другіх. Ён вельмі мала эгаіст і наагул чалавек цікавы. Мае далёкія сябры былі захопленыя “Вершалінскім раем”, знайшлі там шмат тыпова беларускага.
Дарэчы, мне сяння крыху прыкра. Адна вельмі мілая наша студэнтачка, дачка такіх харошых бацькоў, выходзіць замуж за латыша… Ну, гэта яшчэ не самае горшае, але мне нявесела нейк.
Сяння напаліла ў печцы, падзякавала за прывітанні міламу Адаму М[альдзісу] і вось гутару з Табою. Хораша прывіталі мяне з праваслаўнымі святамі каталіцкія ксяндзы. Гэта вельмі міла, што заціраюцца непатрэбныя разрозненні паміж людзьмі. Я – за братэрства! У нас тут было крыху скупавата з прадуктамі, але было даволі мукі, цукру ды маргарыну, і таму святы былі – як трэба! Дзед мой зажадаў сяння крупнічку. Гасцей у нас цяпер не бывае, але суседскія дзеткі абдараваныя былі шчодра. Зацвілі белыя нарцызы, і людзі прыходзілі прасіць іх на вяселлі.
Нас абоіх колюць. Мужу мала гэта памагае, бо пухліна з ног не адыходзіць. Непакоюся гэтым. Надта праняўся доляю Міхася, хоць там, можа, усё добра скончыцца, ды трагедыі ніякае тут і няма. Хлопец ён талковы, але на ўсё заглядаецца самастойна. З бацькамі ў яго крыху разыходжанні, але Міхась мае рацыю. Ён болей прыстасаваны да сянняшніх дзён. Урэшце, ты ж сама яго бачыла.
Ці была Віка на майскія святы? Чаму табе не памагае Валерка? Ты мусіш навучыць яго ўсіх працаў з улікам і на яго будучае сямейнае жыццё. Цяпер гэта, здаецца, неабходна. Адным словам, не раскісай! Глядзі свайго здароўя. А за слоўнік яшчэ раз ад дзедзіка вялікае дзякуй. Дык шчасця і памыснасці ў Вашу хату! Цалуем і абнімаім Вас – Геніюшы.
Зэльва , 12 чэрвеня 1978 г.
Дарагая Дануся!
Думаю-гадаю, дзе Ты цяпер можаш быць? Ці над Нёманам, ці над Гаўяю, а можа, дзе плешчашся сабе на якім марскім куроце і пра нас зусім забылася.
Пачну табе ліста па-бабску, са сну. Вось снілася мне, што мяне, хворую, прыйшлі адведаць у пустыя сонечныя пакоі Валодзя Караткевіч з Аркадзем Куляшовым, якога я ніколі не бачыла. Прыняслі мне скрыначку незабудак, і Валодзя меўся заспяваць мне песню. Не заспяваў. Паявілася нейкая дзяўчынка, і я папрасіла яе, каб нарвала ў маім гародчыку і паставіла ў пакоі, у якім затрымаўся Валодзя, букет самых лепшых кветак. Муж мяне палохае, што А. Куляшоў прыходзіў па мяне… Усё магчыма, бо чуюся дрэнна, асабліва цяпер, дажджамі. З мужам – таксама не жарты. Болей як догляду, патрабуе ён увагі, але яе патрабуюць і гарод, і кухня, і дзеці з унукамі. І ўсё наваколле. А тут хочацца, каб паправіўся. Пажыў яшчэ.
З Міхасём покуль што ўсё добра. Як пойдзе з ветэрынарыяю – яшчэ няведама. Будзе яе здаваць на пачатку ліпеня, а пасля на тыдзень – да нас! Алесь шчасліва вярнуўся з Нямеччыны, шмат чаго там бачыў. А найбольшая падзея – Альма ІІ пагрызла маме Валі новыя туфлі (відно – экстрамодныя дзеравяшкі), і мама плакала! Ах, гэтая Альма!
Прачытала “Прощание с Матёрой” Распуціна. Ускалыхнула гэта мяне добра. Адчуваецца ў гэтых сібірскіх славянаў і элемент чыста беларускі. Узяць прыказкі – дык проста жывыя наднямонскія. Ці чытала ў апошнім “ЛіМе” вершы Ніла Гілевіча? Хто гэта так яму дасаліў? Крыўдна за Ніла! Я яго нейк моцна паважаю. Ён інакшы, як я, але люблю яго за шчырасць, бескарыснасць і вялікую, прасветленую розумам і творчай энэргіяй любоў да народу. Ніл – гэта скала! У паэзіі ён – не геній. Але і мы не геніі, але ніхто не запярэчыць, што ён Беларус з вялікай літары! Таму кусаць і падкусваць светлага чалавека нельга! Вось тое, што я думаю. А Ты, darling?
Мае далёкія сваякі зноў да мяне не пішуць, і чуюся вельмі адна. Па Алесю Салаўю будзе ўжо помнік. На ім напішуць: “Але не зляжа ў цёмную магілу жывы ад веку подых маладосці” (урывак з ягонага верша) і “Хай табе сняцца сны аб Беларусі”. Не магу без болю ўспомніць пра яго загублены талент і заўчасную смерць.
Мае кветкі, гурочкі, памідоры і інш. шчодра палівае дожджык, таму крыху перадыхнула. Учора пралежала цалюткі дзень – на радасць майму мужу. Крыху падужала. Ці надоўга?
Калі Ты цяпер больш-менш у прызваітай адлегласці ад нас, дык прыедзь, а не – дык хоць напішы. Пра кожнага цікава ведаць. Хто Табе дарагі, дык той дарагі і нам! Дзе плавае цяпер Валерык? Што малюе мілая Віка? Мару аб гэтым, каб мы маглі ўбачыць Эрыка, а ён – наш сапсаваны “Рубін-205”. Вось каб прыкамандзіравалі яго хоць крыху ў наш бок! Як яго здароўе? Цалуем Вас усіх! Абнімаем!
Вашыя Геніюшы.
Зэльва, 12 снежня 1978 г.
Добры дзень, Валодзя!
Вялікае дзякуй за прысланую кніжку і за ліста. Афармленне кніжкі вельмі сугучнае гістарычным творам нашага мудрага У. Караткевіча. Кніжка — вялікі здабытак для нашай літаратуры, і шкада толькі, што такі малы яе тыраж. Усё гэта друкавалася і вось добра, што цяпер сабрана разам. Мы ў даўгу перад тысячагадовым нашым народам і наогул перад гісторыяй нашай зямлі. Нейк бярэм яе пераважна з той пары, калі ўсё наша роднае, хітрасцю і сілком, загналі пад саламяныя стрэхі, спадзеючыся, што там і зачэзнем. Дарагія, вытрывалыя нашы дзяды, якія праз вякі пранеслі пад шэраю світкаю і да сянняшніх дзён захавалі мову народу!
Належыць нам цяпер добра скалыхнуць мінуласць, каб засвяцілася ўсімі колерамі колішняга жыцця нашых продкаў. Вось за гэта і вялікае дзякуй нашаму Караткевічу. Кніжка аформлена з вялікім смакам, любоўю і інтэлігенцыяй. Тонкі, выдатны мастак!
А ў нас сумна. Пагоршала мужу. Маразы дрэнна на яго падзеялі. Аслабеў моцна, пухнуць ногі, і не сціхае кашаль. Я цяпер ведаю толькі адно: свае абавязкі перад хворым. Мала чытаю, нічога амаль не пішу. Дзякуй маладым нашым літаратарам за прывітанні. Я жадаю ім пачэснага поспеху ў творчых і дастойных іх пачынаннях! На вас адказнасць за моўнае адкрыццё і захаванне аблічча нашага народу, а можа, і за яго існаванне...
Хацелі б мы Вас бачыць, Валодзя, і не толькі таму, каб разлічыцца за кніжку, але пісаць Вам, на жаль, я не змагу. Не аб сабе думаю ў гэтым выпадку. Калі мне будзе дрэнна і я буду патрабаваць шляхотнай апоры ў цяжкую хвіліну, дык я паклічу некага з Вас, забыўшыся на тых усіх, што прыходзілі ў наш дом не дзеля творчага сяброўства і дапамогі.
Сёння, дарэчы, была цяжкая ноч, але цяпер хворы мой хораша і спакойна спіць. Гэта добра, якраз. Мяркую, як захаваць да вясны хоць, а там — што Бог дасць. Жыццё — моцна складаная штука і важна стрываць там, дзе найцяжэй. Вось усё пакуль што, бо галава вінецца ад бяссоння.
З найлепшымі пажаданнямі да вас усіх і з вялікай удзячнасцю да Вас асабіста — Ларыса Геніюш.
Зэльва, 6 сакавіка 1979 г.
Даражэнькія!
Крыху прыходжу ў сябе і хачу Вам ад шчырага сэрца падзякаваць, што ў цяжкую хвіліну жыцця не пакінулі мяне адзінокай. Было гэта шляхотна і ахвярна з Вашага боку. Іншага ад такіх людзей, як Вы, я і не спадзявалася.
Шчаслівая і спакайнейшая хоць тым, што добры наш М[аксім] Т[анк], як мне пісалі з Менску, “паблагаславіў”, так мовіць, прыезд некага з творчай інтэлігенцыі Гродна на пахаванне с.п. майго Мужа. Быў род, пісалі сябры, што Вы былі ў нас. Вось і добра так, а то перадрыжэла я тут за кожнага. Самі разумееце.
Міхасю Ч[арняўскаму] 15 лютага зрабілі аперацыю – выкінулі тыя каменні з нырак, і цяпер ён папраўляецца ўдома. На днях дастану болей здымкаў, дык нейкія прышлю. Быў зноў ліст ад Юры. Усё кліча мяне да сябе. Першае пытанне – ці мяне пусцяць? А пасля – я тут у сябе ўдома, на сваёй зямлі і між людзьмі, якія не ўсе паганыя. Ды і трэба дачакацца часу, каб помнік паставіць па мужу. Іначай я не магу! Пакуль яшчэ начуюць у мяне суседкі. Прызналі мне (пажыццёва) 33 руб. 75 кап. пенсіі па с.п. Мужу. Мне хопіць. Пачынаюць надыходзіць сардэчныя спагаданні з-за мяжы. Усе чытаю і плачу. А ўдома чуюся, бы с.п. Муж – недзе побач. Чую, што Ён такі спрыяючы мне, дабразычлівы. Раз выразна чула Яго голас. Клікаў, будзіў са сну мяне па-чэшску. Гэта, напэўна, мае хворыя нервы…
Я хацела б ведаць, як заехалі, ці не перастылі? Пагана зрабілі, што ўсіх нас не сфатаграфавалі ля дарагой Мужавай труны. Я ж была – як без памяці… Родныя, блізкія сэрцу, дарагія, мілыя, ласкавыя і шляхотныя мае сябры, як жа я Вам дзякую за Вашую мужнасць і дабрыню! Парайце мне цяпер – ці заставацца мне тут, ці пакідаць дарагую магілку?
З любоўю і ўдзячнасцю да Вас – Ларыса Геніюш.
Зэльва, 14 сакавіка 1979 г.
Шчырапаважаныя і дарагія!
Дзякуй за словы спагады з прычыны смерці с.п. майго Мужа. Дзякуй за памяць аба мне ды за мудрыя рады. Яшчэ пакуль што ўсё не магу прыйсці ў нармальны стан. Страціла я вельмі многа. Муж мой быў глыбока асвечаны, начытаны і вельмі інтэлігентны чалавек. Нам ніколі разам не было сумна. Ён пакутаваў у тым асяроддззі, у тым захалусці, у якім яму давялося жыць, працаваць і цярпець уніжэнні ад розных ігнарантаў. Ён быў маім клопатам, але і маёй сілай і падтрымкаю, натхненнем і строгім крытыкам.
Атрымалася нейкая пераацэнка вартасцяў. Аказалася, што ўсё нейк згубіла сваю прыцягальнасць, нават мінулае і вечны, некалі цікавы фальклёр. Няма мэты, няма сэнсу жыцця, не толькі стымулу для таго, каб пісаць. Калі гэта пераходнае, дык, можа быць, ачуняю. Прызначылі мне «пожизненно» 33 руб. 75 коп. па с. п. Мужу. Што ж, пайду да людзей капаць бульбу па восені і нейк пражыву.
Не, не палохайцеся і хоць не здумайце мяне шкадаваць! Я нейк дам сабе рады. Богу дзякаваць, сябры не звяліся, запэўняюць, калі я тут адна, дык у свеце ў мяне многа прыяцеляў, якія і ў радасці і ў горы са мною! Хораша і высакародна, што яшчэ ёсць людзі, якія не толькі жадаюць зла чалавеку! А цяпер усё плачу. Аднак мушу думаць ужо пра дровы і пра тое, што 18 сакавіка будзе правіцца ў цэркві на 40 дзён па с. п. Івану Пятровічу. А пасля людзі прыйдуць на абед. Усё мусіць быць як найлепей. Пахавалі с.п. Мужа вельмі хораша. Памаглі простыя людзі, якім нічога не страх…
Усяго, усяго Вам зычу добрага. Пастараюся нешта пісаць.
Ваша Ларыса Геніюш.
Зэльва, 31 сакавіка 1979 г.
Высокапаважаны тав. Машэраў!
Прозвішча маё — Геніюш Ларыса Антонаўна. Жыву ў Зэльве, Гродзенская вобл., вул. Савецкая, 7. Мне вельмі патрэбная Вашая дапамога, бо інакшай не маю тут. 8 лютага сёлета памёр мой муж, лекар-пенсіянер, і яшчэ раз сустрэўшыся з дзікунствам, амаль нейкім маральным марадзёрствам тутэйшых зэльвенскіх уладаў, я не магу не напісаць Вам з розных меркавань.
Жыццё мужа і маё было тут і ёсць невыноснае. Калі стары і хворы адыходзіў на пенсію, дык забаранілі калегам яго і персаналу нават праводзіць яго па-чалавечы. Нават прафсаюзу забаранілі даць тыя грошы, якія даюць усім, хто на пенсію адыходзіць. Болей таго, калі моцна захварэў, не магла нікога даклікацца з лекараў, каб яму дапамог! Тады я звярнулася да доктара Багдановіча з Облздрава ў Гродне, і ён прыслаў кансультанта і назначыў тэрапеўта, які б даглядаў «ветерана труда». Як пасля я даведалася, дык інструктар РКП у Зэльве спецыяльна папераджаў лекараў, каб да нас не заходзілі нават. А муж задыхаўся, стагнаў і мучыўся на маіх руках. Была я тут сама і бяссільная ў сваёй роспачы. Парыла зёлкі, са слязьмі выпрошвала валакардзін і купляла тое, што сам ён сабе назначаў.
Вось сканаў на маіх руках. Сумленна даглядала яго доктар Кулікова, але медыцына аказалася бяссільнай, як і мая любоў. Чужыя, простыя нашыя людзі са шматвяковай народнай культурай у сэрцы, нават малапісьменныя, памагалі мне тут, як маглі. Адазвалася сумленне і ў былых калегаў мужа. Адведалі яго хоць па смерці, падаравалі жывыя кветкі.
Хацелі зрабіць апошнюю радасць нябожчыку і загадалі стужкі на вянках падпісаць на яго роднай каханай беларускай мове. Жаль, у майстэрні нейкі тав. Карпееў загадаў сарваць тыя стужкі і напісаць іх па-руску. Я шаную рускіх і іх мову і культуру, але за жыцця ці па смерці я хачу чуць удома і сваю родную мову! У нас Саюз Сацыялістычных Савецкіх Рэспублік, а не нейкі «айн фольк, айн райх, айн фюрэр», дзе ўжо нічога нікому нельга! Цягалі, казалі людзі мне, тых бедных геройскіх лекараў, але яны маўчаць, бо баяцца. Няўжо і па смерці нельга той любаю моваю карыстацца? Начальнік зэльвенскай міліцыі нават забараніў шафёру хуткай дапамогі ехаць на могілкі і прывезці каго з нашай сям’і, калі б там абамлеў з гора… Якое дзікунства! Хлапец спалохаўся. Нейкія тыпы падыходзілі да людзей і грозна папераджалі: «Никаких речей!..» Калі людзі пыталіся, хто яны такія і якім правам да іх з падобным звяртаюцца, дык адыходзілі. Бегаў і нешта ўсё запісваў у блакнот маленькі Вярстак, палячок зэльвенскі, начальнік гарсавету. Пасля аказалася, што ў спісак заносіў тых, хто нёс вянкі і — галоўнае — крыж.
А крыжа таго нёс наш далёкі сваяк, інвалід, якога некалі лячыў мой муж. Крыж быў зроблены ў хаце, бо як жа нам іначай, калі мужаў дзед быў некалі царкоўным старастам у зэльвенскім, здаецца, з ХVІІ стагоддзя, старым храме.