15158.fb2 Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 38

Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 38

Папраўкі Твае выйшлі вельмі добрыя. “То ж ён ні разочку за гэтулькі год не накрычаў на Барбару” – гэта вельмі добра. Пра “кілаграмы” магла і не пакідаць. А канец хай застаецца, як Ты раней закончыла. Толькі б удома ўсё было добра, гэта галоўнае.

Даўно няма лістоў ад нашых, ад Юркі. Ці не пісаў Табе часамі? Што там у іх? Мне цяжка ў гэты час, бо прыпамінаецца ўсё. Ратаваць было амаль немагчыма, але нейк ратавалася. І цяпер усё зрываюся, каб ратаваць, падсведама гэта адчуваю, зрываюся. Хочацца падняць на ногі хворага, саслабелага, дарагога чалавека, а падняць немагчыма.

Гавядзіну Тваю замарынавала. Пабіла на біточкі, пакрапіла ледзь-ледзь воцатам, пасаліла, паперчыла – і ў халадзільнік. Абсмажу ў муцэ, дам многа цыбулі (калянкамі) і ўтушу. Выходзіць смачна. Часнык і цыбуля – гэта санітары для нашага арганізма. Надта люблю лісты ад Цябе, толькі хустачкаў не ўспамінай! Яны яшчэ будуць, напэўна. Зайздрошчу Твайму падарожжу ў Менск, дзе будуць цікавыя сустрэчы з сябрамі. Купіла Рагойшу. Найбольш усё праз М. Танка. Падзякуй Ю. Хадыцы за харошую перадачу. Гэта, думаю, яго твар.

Я часамі люблю ў паэзіі гуляць словамі, так крыху, каб былі яны – як бліскавіцы. Я вельмі люблю музыку словаў, хоць часамі кульгае вобраз ці думка. Наагул, я ўжо старая, і мяняцца мне цяжка, і не хачу. А можа, мы назавем кніжку “З душы маёй жаночай”? А можа – “Нам сняцца высокія травы”? Не, гэта не. “А я, здаецца, чула голас матчын…” Не, таксама не! “З вятрамі наперагонкі”? – Не, не салідна! “З зямлі сваёй вытокаў”? “У непагадзь”?.. Цяпер Ты выдумвай! Рабі так, як Ты ўважаеш за лепшае. “Беларус мая ў хустачцы белай” – не, архаічна.

Вонку падае дождж. Крыху ломіць мне косці. Баюся зноў сумнай ночы і Богу дзякую, што Вы ўсе разам, нават “філосаф”. Пішы мне яшчэ, пакуль паедзеш у Менск. І. не кажы пра кніжку, бо пашкодзіць. Няхай усё ў Вас будзе добра! Трымайся, Данусенька! Цалую Вашу сямейку.

Ваша Ларыса Геніюш.

Эрычак, не хварэй…

Зосьцы Верас

Зэльва, 12 снежня 1979 г.

Даражэнькая Людвіка Антонаўна!

Дзіўлюся яшчэ і памяці Вашай, і мудрым разважанням, і талковаму падыходу да актуальных нашых справаў. Сапраўды – вельмі сумны лёс нашых хворых, адзінокіх людзей сярод суродзічаў, сярод усяго вялікага горада! У зняволенні мне расказвалі літоўкі, як яны даглядалі аднаго з беларускіх ксяндзоў. Свае былі абыякавыя да яго хваробы і адзіноцтва.

Брак у нас культуры. Яна захавалася яшчэ крыху ў простага люду. А новаспечаная інтэлігенцыя часта эгацэнтрычная і мяшчанская. На болей узнёслыя пачуцці не здольная. Наглядаю і тут: “ковры, золото, хрусталь”. Кніжкі – не для інтэлектуальнай патрэбы, а для калекцыі. Усё завяршае гарэлка. Моцна запэўненыя становішчы не вымагаюць ад іх этыкі, чалавечнасці ды інш. Вымагаюць паслухмянасці. У нас дык нічога без блату не дастанеш. Бутэлька і пудэлка цукеркаў (куплена па блату і пераплачана) сталі неабходнымі пры ўладжанні ўсіх спраў. Сяння адзін малады, хворы, чэсны чалавек страшна абураўся – як гэта жыць далей? У людзей бываюць і вялікія зарплаты, а яны спакойна і бессаромна чакаюць і бяруць узяткі ад найбяднейшых. Сама гэта ведаю, даводзіцца даваць і з сваіх 33 руб. 75 кап. Не ўсе, безумоўна, такія, але ёсць людзі, што здаецца, не нап’юцца і не наядуцца…

Зразумела, што кожны хоча жыць лепей, але ці гэтае “лепей” азначае большую колькасць мёртва стаячых на полках “хрусталяў” у хаце? А іншым бывае вельмі цяжка на малой зарплаце. Расказвалі, што нядаўна аднаму прадсядацелю калгаса ўначы каменьмі разбілі і вакно, і шафу, дзе было на 2 тысячы руб. адных “хрусталяў”! Праз пэвен час яго сцерагла па начах міліцыя. Трэба ж сабе, але трэба і людзям, і дзяржаве, і трэба крыху было яму думаць аб храме ў Сынковічах (абарончым!), а не абстаўляць яго хлевушкамі і свінушнікамі і спакойна глядзець, як развальваецца, асыпаецца нерамантаваны гэты наш скарб!

Мала культуры, а яе не надыктуеш. Яе трэба выхоўваць у чалавеку з любові і павагі да людзей, да працы і да зямлі сваёй. З нечага трэба выходзіць, а найлепш – з натуральных, шляхотных пачуццяў.

Распісалася і не падзякавала яшчэ Вам за мілы здымак з дня Вашых народзінаў. Дзякуй вялікае! Вы не змяніліся, пані Галя – таксама, Лёдзя паправілася, а Кастусь памаладзеў. Слаўка – радасны, пэўны сваёй вартасці, зраўнаважаны, як і належыць быць чалавеку. Прытым, вельмі прыстойны. Сэрца і розум у яго – у поўнай гармоніі. Адным словам, харошы ў Вас унук.

Мае зноў не пішуць. Аднойчы нейк напісаў Міхась аб сваёй вучобе. Болей як тыдзень хварэю. Пару дзён не выходжу з хаты. Уся сіняя ад банак, абкладзеная пластырамі. Здаецца, ужо крыху лепей, а было дрэнна. Дагледзелі чужыя людзі. Яны бываюць узварушліва мілыя. Прыходзілі нават нанач, “падкормліваюць” мяне, але пачалі і “падпойваць”. Я то не п’ю, дык хахатала з іх “лекаў” – гарэлкі, настоенае на дубовай кары.

З кніжкаю, здаецца, мілая Дануся ўжо справілася. Я, праўда, не з усяго задаволеная, але гэта – між намі. У нас з Данусяю розны стыль… Няхай ужо будзе, як будзе. За вестку аб З. П. вельмі дзякую. Нечаму ён не напісаў мне ні разу, а не ўсё дагаворана паміж намі. Можа, яно так і трэба. Вас ён успамінаў з вялікай павагаю. Толькі б быў здаровы. Ніколі не забудуся іх увагі ў часы найчорныя, у апошнія дні жыцця с.п. Мужа. Прыбылі таксама на пахаванне, а калі мне было, бадай, найгорай, дык я была толькі са сваім болем. Змагалася і з болем, і з іншым, злосная, як воўк. Ці перамагла – не ведаю, але пакуль што вось жыву. У хату пускаю толькі пару асоб: сваіх суседак і сваякоў с.п. Яначкі. Сяння марозік. Яшчэ раз запаліла ў печцы. Зося (суседка) прынесла дроў і торфу на заўтра. Нехта купіў хлеба.

Цалую Вас сардэчна. Вітаю Вас з Каляднымі святамі і жадаю шчасця ў Новым годзе!

З любоўю да Вас і з павагай да ўсёй Вашай сямейкі – Ларыса Геніюш.

Зосьцы Верас

Зэльва, 15 снежня 1979 г.

Даражэнькая Людвіка Антонаўна!

А мяне зноў адкінула. Сяджу ў хаце, ноччу спала добра з нейкага одуру галавы. Днямі выслала Вам ліст ужо з навагодняю паштовачкаю. Няма беларускіх, на жаль. Гэта быў адзін толькі варыянт. Няўдалы. Яшчэ раз вітаю Вас з Каляднымі святамі і шчасця Вам жадаю ў Новым годзе!

За весткі пра З. П. дзякую. Цешуся, што яны пазітыўныя. Я была моцна засумнявалася. Болей мяне гэта не цікавіць. Цікавіць другое. Дарэчы, я спадзяюся, што гэты чалавек усё ж спрыяльны мне, як і я яму. Бо я тут мела падставы думаць іначай. Няхай гэта застаецца між намі.

Людвіка Антонаўна, што Вы ведаеце пра Вячаслава Адамчыка? Узяла чытаць яго кніжку “Чужая бацькаўшчына”. Не магу ад яе адарвацца. Якое веданне нашага жыцця, якая сочная, багатая мова! А вобразы! Гэта ж мастак! Хто ён такі? Гэта лепей напісана як “Chlopi” Рэйманта. Меней персанажаў, але як жа цудоўна малюе словам па-беларуску! Як прыкмечаныя дэталі, як хораша яны апісаныя! Персаніфікацыя прыроды – цудоўна! Напрыклад, вобраз: “Зранку яшчэ гнала ў вочы сухі калючы снег. Сеяла, як праз дробнае сітца, з тоўстых стрэх белы пыл, зганяла ў касыя шчыліны патрэсканых сцен. Сярод дня шэрая навараць хмар разлезлася, як старая, зношаная радзюжка”. Такое – на кожнай старонцы, старое, як наш народ, і новае, бо не для ўсіх ведамае. Гэта майстар не толькі дэталяў, якія ў яго – як у Гамера.

Пішу, а рука яшчэ мне дрыжыць ад нейкае слабасці. А столькі лістоў яшчэ трэба мне напісаць! Сяння не змагу.

Ну і Адамчык! Вярнуў мяне зусім у дзіцячыя гады, у той быт, які бачыла ў сёлах, часткова і ў сябе ўдома. Яшчэ раз буду чытаць гэтую кніжку. Толькі б ён не прадаўжаў яе. Толькі б на гэтым спыніўся! Я ідэалізую наш народ, а ён бачыць яго такім, якім ён ёсць. “Шызым дымам у сіняе, зацярушанае пякучым жарам мігатлівых зорак неба падымаліся абсівераныя бярозы”. Паэта?

16 снежня. Так і не змагла ўчора дакончыць ліста. Бачыце – сяння ўжо пішу крыху лепей. Выходзіла пакарміць сабаку, прынесці дроў. У царкву яшчэ не хаджу, а вось на могілкі мяне проста цягне. Хочацца пайсці туды адной, каб пагутарыць аб усім ад сэрца. Помніка, на жаль сябры не паставілі. Пачаліся якраз раннія марозікі, і яны напісалі, што рассыплюцца бетонныя працы. Помнік ляжыць схованы і прыкрыты.

Сын пераслаў з Польшчы вельмі прыгожа зроблены здымак. Агароджа, кажуць, таксама ўжо гатовая, але яна яшчэ ў Баранавічах. Усё сябры адлажылі на вясну, а мне жаль, бо вельмі хацела бачыць магілку ў парадку. Мне цяпер надта цяжка. Успамінаецца канец мінулага году, часы, калі так моцна труднаваў мой с.п. Муж. І мне дрэнна. Часамі здаецца, што жыццё маё вісіць на валаску. З розных меркавань мне тут дрэнна, але ў Менску ці ў Гродне, ці нат у Гудзевічах было б яшчэ горай. Я зусім згаджаюся з лёсам. Вам дзякую за ліста, за тое, што заўсёды Вы духам са мною.

Болей я амаль нікога не маю, каму сапраўды можна было б сказаць – вось ты, як свой! Алесю Мікалаевічу таксама не да мяне. Ён моцна хворы і заняты музеем. Дануся моцна занятая хворым на вантробу мужам. Ці толькі не тое найгоршае… Страх за яго проста падцінае яе. Прызнацца Вам па праўдзе, дык я, нягледзячы на маю вялікую любоў да свайго народу і зямлі, сяння хацела б быць як найдалей згэтуль. Проста, можа, таму, што хачу памерці сваёй смерцю… На жаль, гэта не пустыя словы. Да сына мне ні ў якім выпадку нельга ехаць. У яго асабіста ёсць яшчэ крыху сумлення і розуму ў беднай, хворай ад гарэлкі галаве… Мая прысутнасць бліжэй яго была б трагедыяй для нас абоіх. Аб нявестцы пісаць не хочацца…

Сумныя будуць святы. Заўсёды былі маленькая ялінка і падарачкі, і супольная куцця, і ўрачыстае разламанне аплатка. Мужа мама, як ведаеце, з Бабра, з Палубінскіх, была каталічкаю. У памяць яе і аплатак. Хацела б, каб Вы прачыталі “Чужую бацькаўшчыну” В. Адамчыка, і калі нешта ведаеце пра аўтара, дык напісалі мне.

Яшчэ раз жадаю Вам усім вясёлых і радасных свят! Буду старацца перамагчы сваю немач. Вітайце хатніх. Цалую Вас сардэчна.

Ваша Ларыса Геніюш.

Дануце Бічэль

Зэльва, 18 снежня 1979 г.

Данусенька мая родная!

Спачатку цалую Цябе моцна, што Ты “ўваскрэсла”… Я тут ужо была – ні жывая, ні мёртвая. Нейкі зас…ц прыйшоў глядзець хакей па тэлебачанні і кажа, што настаўніца беларускай мовы, нейкая Дабрыян, сказала ім, што Ты – не жывеш… І скуль яна гэта ўзяла? Я баялася званіць да Аляксея Міхайлавіча. Думала, можа, Ты дзе пад машыну… крый Божа. Яшчэ мне рукі дрыжаць. Пішу Табе і плачу. Яшчэ раз моцненька Цябе цалую.

Не пісала, бо “адкінула” мяне. Зноў захварэла. Пачала чытаць “Чужую Бацькаўшчыну” В. Адамчыка і захварэла яшчэ болей… Кніжка цудоўна напісаная. Прашу Цябе – прачытай яе як найхутчэй! Хто гэты Адамчык? Ведаеш яго?

Бабуся мая – з Чамяроў. Гэта іх род, прозвішча – Чамяры. Я адзін ліст атрымала, але без пачатку і канца. Адну странічку. Пра Чамяроў не было там! Там быў ліст ад Міколы К. Ён мне дапамагаў выздараўліваць, папраўляцца. Цудоўная душа ў таго Міколы. А пасля я ўжо зусім захварэла. Так мяне “спяклі” банкамі і націраннем ад бабкі з Лапеніцы і нейкім польскім дзіравым пластырам, што чухаюся і гаю тыя пухіры крэмам “Нівея”. Маўчу, бо людзі рабілі ўсё гэта з вялікай любові, і я ім дзякую.

Дануся, я думала – “Настоеныя на чабары” альбо “Баравікі”, але як Ты зрабіла, так і добра. Найлепшае, што Ты зрабіла, гэта тое, што аддала іх у тыя пэўныя рукі! А там ужо – што Бог дасць.

Дастала ліста здалёк. Пішуць: “У мяне захаваліся каля васьмёх Вашых, яшчэ праскае пары, вершаў, якія друкаваліся ў розных газетах, а не ў першым зборніку, і таму яны не маглі трапіць у зборнік другі. Яны беззаганна напісаныя і, па-мойму, маглі б ісці ў друк у Вас без ніякіх паправак ці зменаў”. Адным словам, іх нам вышлюць. “Было б ужо зусім нягожа, каб іх не прапусцілі, калі яны вяртаюцца “дахаты”, да паэткі, якая іх пусціла ў свет.” Гэта пішу між іншым. Гэта разгледзім пасля. Добра, што хоць з Табой усё ў парадку! Усе мае сяброўкі, ад Зоські пачынаючы, бядуюць, што з Табою? Ах, Данусенька мілая… Ужо цяпер і я паздаровею. Я баялася пісаць Табе…

Ад дзяцей – ні слоўца! Яшчэ адна пакута! Мае “добразычліўцы” ведаюць, якія лісты затрымліваць. Пра тыя вершы, як “Воўпа” і інш., было на тым лістку без пачатку і без канца. Адразу дадумалася, што аднаго лістка бракуе.

Цешуся, што была Ты на той цудоўнай пятніцы сярод сваіх. Добра было б, каб паказалі гэтую сустрэчу з Нінай М[ацяш] па тэлебачанні. Якія добрыя вершы ў Вярцінскага ў апошнім “ЛіМе”! І маю душу было б трэба (найвышэйшы час!) “ахоўваць законам”, а то ўжо мяне тут даканаюць…

Добра, што Віка мае кватэру. Як выглядае? Шкада, што Ты не перадала яшчэ маё захапленне харошаму Янку Брылю… Толькі ад Янкі Брыля можна было гэтага ўзроўню спадзявацца, а ад Хадыкі не спадзявалася, бо ў нас ён не гутарыў па-беларуску! Была ўзрушаная “прагрэсам”. Дай Божа, наперад лепей!

Маю нейкую надзею, што, едучы з Біскупцаў, заскочыш да мяне. Можа, прывязеш на зіму да сябе маму? Прызнайся, што мае вершы надаелі Табе, як Твой філосаф? Але я буду ўсё роўна іх Табе прысылаць, няхай адныя будуць у мяне, другія – у цябе. Ёсць яшчэ і многа старых, і з тых трэба пыл крыху абтрэсці. Крыху баюся доўгай зімы, але так і буду каратаць час, пішучы, збіраючы старыя вершы. Няма таго, хто меў бы з іх найбольшую радасць… Што ж, занясу на могілкі, прысяду там і ўсё Яму прачытаю, калі сапраўды кніжка выйдзе. Буду думаць, што і кніжкі – гэта таксама ж дзеці… Не буду зусім адна.

Ці не чула, дзе Міхась Ч[арняўскі]? Пэўна, яшчэ ў Трускаўцы. І даліся яму тыя каменні ў нырках… Можа, бачыла Свету? Хачу, каб Ты з імі падтрымоўвала адносіны, бо людзі гэта вельмі добрыя, а Бог ведае як у жыцці, часам трэба і абаперціся на некага – хоць душою. Як мне было добра, як паз’язджаліся да нас у горы… І ў радасці добра, калі побач – спрыяльныя людзі. Была б рада, каб паказалася Іра К[рэнь] да мяне, але яшчэ больш хацелася б бачыць Нору [Вецер]. Падзякаваць ёй…

Як здароўе сябра Эрыка? Мне аж палягчала, што Ты здала маю кніжку, і яна не будзе цяпер адрываць увагі ад Эрыка. Мяне з гэтай прычыны крыху мучыла сумленне. Я бачу, што з Табою, Дануся, можна “коні красці”. Ты разумны і талковы “хлопец”, пры ўсёй сваёй жаночасці. Толькі Табе трэба абавязкова прачытаць “Чужую Бацькаўшчыну”. Яе трэба абавязкова прачытаць кожнаму беларусу. Сакавітая, густая, багатая, як зямля наша, мова. Цудоўна. І не ідэалізуе свой народ. Піша рэальна. Словамі малюе – як пэндзлем!

Вельмі прашу Цябе – пішы мне час ад часу. Гэта – як лек для мяне. Вельмі цікава, як справа пойдзе далей. Той Давідзеня з райана ўжо недзе быў рады, што Цябе няма… О, Божа, і гэта таксама называюцца беларусы… Як жа падзічэла частка нашага народу, дарваўшыся не да мудрасці, а да карыта! Самыя сваіх елі б, гады… Няўжо толькі цярпенні робяць людзей людзьмі? Жаль – іх так многа на кіруючых становішчах… Я не веру, што яны чытаюць, што яны думаюць наагул, не кажучы ўжо пра гуманнасць, прагрэс, мір…

Зайздрошчу Тваім падарожжам, сустрэчам. У нядзелю і да нас набілася поўна людзей – сваякі с.п. Яначкі пераважна. Ці не бачыла Ты ў Менску бел. навагодніх паштовак? У нас тут няма абсалютна. І што сабе думаюць нашыя мастакі? Як маецца Валерка? Хто іх карміў без Цябе? У які бок расце Твой філосаф? Можа, напішы Ты нашым, што за маўчанне? Галоўнае, ці яны ўсе здаровыя? Сваякі хочуць, каб была ў іх на свята, а я зачынюся ў хаце і буду думаць, што я не адна… С.п. Яначка будзе з гэтага рады.

Учора калолі паршука ў Ліды, дык сабраўся за сталом цэлы род. Дружныя – маладцы. Ліда мяне абманула, што ёй трэба на працу, але работы мне не далі ніякое. Хапала памочнікаў.

Сяння Іра і Эмілія Паўлаўна будуць пытацца ў тае Дабрыян, скуль узяла гэту вестку на маю бяду? Дзякуй Богу, што хоць усё добра! Цалую Вас усіх сардэчна. Вітаю са святамі!

Твая Ларыса Геніюш.

Дануце Бічэль

Зэльва, 20 снежня 1979 г.