15158.fb2 Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 4

Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 4

Ольга Вяршыніна была дачкою нейкага вельмі для мяне загадачнага чалавека, беларуса, безумоўна, але я яго ў жывых не застала. Жанаты ён быў з чэшкаю, якая разам з ім вельмі памагала ў свой час новапрыбыўшым беларускім студэнтам у Празе. Яны радзілі ім, як умелі, падкармлівалі, калі трэба, і для многіх былі як бацькі. Казалі, што Вяршынін — гэта было не яго ўласнае прозвішча. Пасля Калошу чэхі выдалі саветам разам з намі. Не ведаю, на сколькі быў ён засуджаны й дзе яго выслалі. Ведаю толькі, што нарэшце ён вярнуўся ў Прагу, але Олі свае ўжо не застаў, яна з труднасці пакончыла самагубствам. У каго былі дзеці, не ведаю.

Даволі паважнай фігурай сярод пражскіх беларусоў быў Васіль Русак, слуцкі паўстанец. Гэта быў энергічны дзеяч, вельмі шчыры беларус, але, паводле мяне, недалёкага маштабу. Ён па жонцы меў краму, дзе таргаваў і зарабляў няблага, меў харошую вілу за Прагаю й не меў дзяцей. Часам ён фінансаваў «Іскры Скарыны» ці нешта іншае, што пераважна афармляў да друку доктар Грыб. Русак вельмі любіў усюды быць першым, што яму не заўсёды ўдавалася. Гаварыў, дык на нейкім славянскім эсперанта. Многа каму крыху памагаў, але казалі, што кожную дапамогу землякам заносіў у спецыяльную кнігу, так мовячы, для парадку. Дзядзька ён быў не благі й не дурны, але крыху арыгінал. Не мог зразумець, як гэта такому скромнаму Геніюшу, які ў свае гады не дабіўся нават капіталу, можна мець усе забэйдаўскія кружэлкі. Мала яшчэ тыя кружэлкі, але яшчэ такую беларускую жонку? Пасля ад’езду Яначкі ён явіўся да нас з падаркамі, з прадуктамі, лепш кажучы. Прынёс усяго пакрысе й вельмі быў уражаны тым, што я яму за ўсё заплаціла й забараніла болей нешта для нас прыносіць. Ён розна мудраваў, як гэта дапамагчы мне. Выдумаў, што яму трэба схаваць у мяне прадукты, бо немцы могуць зрабіць рэвізію ў краме. «Не, не,— кажу,— сябра, нічога мне вашага не трэба». Разыходзілася яму аб тое, каб я менавіта напісала аб ім паэму й пры гэтым аб слуцкім паўстанні. Не мела я тады часу нават выслухаць гэтых спраў, чаго вельмі шкадую сяння. Русак меў добры голас і ахвотна спяваў у аматарскай групе оперных чэшскіх артыстаў у Празе. Яго выдалі чэхі недзе ў 1945 годзе, і ў лагеры, кажуць, забілі яго. Аднойчы ў лагеры на Інце я загледзелася на адну жанчыну, вельмі да яго падобную. Яна была са Слуцка і, як аказалася пасля, яго родная пляменніца Каця Русак...

Недалёка за Прагаю жыў у пана й даіў кароў Мікола Суддзёў. Быў гэта харошы просты хлапец з арміі Балаховіча[98]. Жыў з чэшкаю Мажанкаю, вельмі працавітай жанчынаю. Дзяцей у іх не было. Суддзёў ахвотна прыязджаў да нас, галасіўся да беларусаў і ўмеў жыць куды лепей за ўсіх нас, асвечаных ідэалістаў. Мяне ён вельмі любіў. Пасля вайны ўзяў савецкае грамадзянства й прынёс на яго анкеты нам. Калі я ад іх адмовілася, дык з болем зацеміў: «Вы будзеце вялікай па смерці». Паводле яго практычных разлікаў, такое не аплачвалася... Кожнаму сваё.

Былі і іншыя беларусы ў Чэхах і ў Славаччыне, але яны да нас не галасіліся, беларускія перспектывы былі не цікавыя. Каб нешта сапраўды зрабіць для народу, дык трэба было йсці на небяспеку й забывацца зусім аб сабе. Не кожнаму такое да густу, ды горай, не ўсім пад сілу. Чэхам было бяспечней. Мы вельмі спагадалі чэхам, але ім здавалася тады, што яны маюць ворагаў толькі немцаў, а ў нас ворагаў болей, ад якіх нам гразіў проста апартэід, і мы гэта добра разумелі.

Змаганне нашае пакуль што было амаль без перспектыў, але ні на што нягледзьячы, уніжаныя часта й пакрыўджаныя, мы ўпарта змагаліся за правы свае, за зямлю дзядоў сваіх, за мову нашую прыгнечаную, за сваю гісторыю й дзяржаўнасць. Ля такой барацьбы заставаліся толькі адчайныя волаты. Нямала было такіх. А іначай нам было, як чэхам. Той самы страх пасля атэнтату на Гайдрыха[99], той самы боль, калі пералічваліся іх ахвяры.

У мяне без мужа было даволі цяжкае матэрыяльнае становішча. Справа ў тым, што доктар Градзіл плаціў мужу вельмі нямнога, а каб танней яму было, дык у працоўнай кніжцы ганарар мужа быў запісаны напалову меншы, бо тады меней плаціць на касу хворых для работніка і інш. Калі ж мужа забралі, дык плацілі мне толькі паводле кніжкі. Градзіл ведаў гэта, але яму такое было абыякава. На карткі пражыць было цяжка, а дакупіць што ўжо не было за што. Гатоўкі ў нас не было ніколі, бо замнога было галодных і наагул патрабуючых. Я расказала ўсё фрау Піпэр, і яны парадзілі мне схадзіць да доктара Вэхтэра, які быў начальнікам Саюза нямецкіх лекараў і загадваў усімі медычнымі справамі.

Я пайшла да яго. Гэта быў сярэдніх гадоў чалавек, даволі сімпатычны вонкава, са шрамам, як належыць нямецкаму студэнту. Гутарылі мы крыху па-чэшску, крыху па-нямецку. Я яму коратка ўсё расказала й кажу, што за такія грошы не пражыву. «А вы Градзілу казалі пра гэта?» — пытае. «Не, не казала, ён сам гэта павінен ведаць». — «Ага, не казалі, дык гэта фальшывая гордасць з вашага боку, вось што: трэба тады Градзіла падаць у суд». — «Не, — кажу, — калі мой муж не меў куска хлеба, ён даў яму працу, хоць скромную, і няхай я буду галодная, але злом за добрае не заплачу». Вэхтэра паклікалі, і я пайшла. Крыху пазней сказалі мне Піпэры, што паводле меркавання доктара Вэхтэра, дык беларусы шляхотны народ... А дапамог мне, як заўсёды, доктар Піпэр. Ён звярнуўся да чэха, прыматара, гэта знача як бургамістра горада Прагі, і ён крыху пабольшыў маленькую нашую зарплату. Жыць было можна. Да таго нашая суседка пані Мораўцава шыла скураныя рукавіцы ад крамы, дзе ёй давалі іх пакроенымі. Вось часам я памагала ёй, гэта былі дэкаратыўныя швы й няблага ў мяне атрымоўваліся. Была гэта бедная жанчына, але як жа харошая.

Юра бегаў у школу, і Свіцкі, дырэктар школы, вельмі хацеў, каб ён заўсёды быў з яго сынамі Нікам і Ванем, каб яны набіраліся энергіі й шустрасці крыху ад яго. Хлопчык вучыўся надзвычай добра. Фактычна ён не вучыўся, вечна выкручваўся й вырабляўся, але калі аднойчы настаўніца прачытала кусок нейкай цікавай прозы й загадала яму расказаць, дык малы паўтарыў гэта слова ў слова, чым непамерна здзівіў клас.

Юра быў надзіва набожны. Яшчэ маленькі штораніцы шукаў нечага пад падушачкай, што туды клаў яму ноччу ангельчык. А ангельчык быў кахаючы, шчодры, і дзень пачынаўся радасна. Калі часам той ангельчык забываўся нешта палажыць, хлопчык крыўдаваў, і раз сказаў нават «кака ангельчык», але болей такога не паўтарыў. Ангел быў добры. Хлопчык быў чысты й вельмі літасцівы для ўсяго жывога. Калі аднойчы загубілася яму любімая цацка, дык прыходжу, а ён стаіць на каленях і вядзе гутарку з добрым Бозенькам, дзе можа быць тая цацка, каб ён дапамог яе знайсці. Гэта пазней вельмі дапамагло самотнаму замучанаму юнаку перахітрыць праследавацеляў, якія намагаліся маральна яго знішчыць, і застацца добрым чалавекам. Аб Юрку, яго здольнасцях і розуме расказвалі па Празе анекдоты. Юра пісаў вершы. Почырк у яго быў немагчыма паганы, але настаўнік чэшскае мовы сказаў мне, што ўсе вялікія людзі пішуць заўсёды непрыгожа...

Добры той чэх высока цаніў малога беларуса, а вось расейскія настаўнікі не ўсе яго любілі і ён не ўсіх. Адна настаўніца, відавочна манархістка, заявіла ў школе, што няма ніякае Беларусі і т.п. Хлопчык абурыўся й сказаў: «Я маленькі й магу паказаць на карце, дзе ляжыць Беларусь, а вы велькая й гэтага не ведаеце, сорамна гэта...»

Адзін раз вярнуўся са школы вельмі задуманы, нешта тварылася ў яго дзяцінай душы. Нарэшце падышоў да мяне й кажа: «Мамачка, я сяння цярпеў за Беларусь». Я збянтэжылася: «Як жа, сынок?» А справа была такая: настаўнік, які не прызнаваў Беларусі, толькі сваю адзіную й недзьялімую Расею, расцягнуў хлопчыка на лаўцы й добра яму ўсыпаў. Можа, і была на гэта якая невялікая прычына, але чыстая дзіцячая душа добра разумела, за што яго б’юць, маленькага... У чэшскай школе было б іначай, але чужынцам у час акупацыі нельга было ў чэшскую школу.

Так горкая доля нашага народу клалася на нашую нашчадзь ужо ад дзяцінства. Не раз яшчэ білі хлопчыка за яго беларускасць, дабівалі яго фізічна й маральна. Б’юць яго яшчэ й сяння, а што будзе з маленькімі ўнукамі? Няўжо і ім давядзецца цярпець, як і нам? Што ж, што ўжо Бог ім дасць, толькі няхай не будуць горшымі ад нас, няхай не адракаюцца ад свайго, няхай будуць чэснымі людзьмі й сапраўднымі сынамі нашага Народу!

А дарагі мой Расціслаў, як толькі змог, уцёк дамоў. Хлопцы ў Берліне дапамаглі яму ў гэтым, і ён прыехаў у Жлобаўцы. Зямля гэта ўжо была нямецкая. Яе, як і другія маёнткі, прызначылі немцы для сваіх герояў вайны, а Гродзеншчыну ўжо загадзя прылучылі да свае Прусіі. Брата пакінулі пакуль што як нейкага эканома ў яго родных Жлобаўцах. Што ж, і гэта няблага пакуль што. Расціслаў аднайшоў самотную бабку Рыгорыху, старэнькую ўдаву па нашым парабку Рыгору, і ўзяў яе сабе замест маці. Пасля прыбіліся да яго нейкія хлапцы. Славачка перавёз з Гудзевіч наш перавезены туды немаведама чаму дом і стаў жыць. Гэты велікан любіў, як дзіця, маці. Для яе, вывезенай недзе ў дзікі Казахстан, ён і перавозіў гэты дом, каб мела куды вярнуцца з высылкі. Людскія сэрцы не маглі верыць таму, што й пасля вайны не спыніцца нечалавечы здзек над людзьмі, гэтага нельга было зразумець сапраўдным жыхарам старой беларускай зямлі. Так было толькі, казалі, некалі, за татараў... Але татары яшчэ не самае горшае ў гісторыі нашай зямлі. Метады нішчання людзей, чужых культур і народаў не былі ў іх так удасканаленыя, як сяння... Дарма чакалі мы з Расціславам сваіх бацькоў. Вырак смерці напісалі ім нелюдзі загадзя. А мы яшчэ верылі.

Так, як Чэхаславаччына, як і Гродзеншчына, так і нашая Зэльва, і родныя Жлобаўцы былі вайною прылучаныя немцамі да Нямеччыны. Гэта давала нам больш магчымасцяў пасылаць пасылкі адныя другім. Памагалі мы так мужавым бацькам і Расціславу. Ён перавозіў дамоў нашую хату, і я пасылала яму з Прагі цвікі, рознае жалеза й асабліва косы, яны былі вельмі добрыя й патрэбныя людзям. А волат Расціслаў заказаў сабе зрабіць касу паўтара метра шырынёю. Калі касіў, дык тры жанчыны вязалі за ім снапы. Ён быў так свята прывязаны да Жлобаўцаў, што ніяк не мог зразумець, што я туды не прыеду. Неяк не цяміў, што абавязкі жонкі й маці важней за наш родны кут...

А кут той мне сніўся начамі. Не зусім было добра там светлавалосаму Расціславу, было адзінока. Аднойчы атрымалі мы дзіўнага ліста. Расціслава праследаваў чорны цень. Ён яго часта стаў бачыць на панадворку і ў хаце. Вяртаецца сутоннем з поля, паявіцца ля яго высокі чорны чалавек, уздыхне й згіне ў паветры. Мой муж, цвярозы медык, прачытаўшы ліста, рашыў, што Расціслаў мог гэта бачыць толькі ў нецвярозым стане. Я яму так і напісала. Аказалася зусім іначай. Брат, гэты чысты і, як сляза, незаганны юнак, пачаў і піць, і курыць, як пісаў, з гора й з адзіноты. Толькі чорнага чалавека бачылі ўсе, хто тады жыў у Жлобаўцах,— і старая Рыгорыха, і дзяўчына, якую Славачка ўзяў у помач Рыгорысе, і хлапцы, якія з імі жылі. Мы з Расціславам ніколі не махлявалі, проста лічылі гэта ніжэй нашага гонару, і нельга было яму не верыць. Яшчэ сяння расказваюць сяляне аб тым чорным чалавеку, як загрудкі браў Расціслава начамі. Брат не ўсё мне аб ім расказаў, шкадаваў мяне відавочна.

Што ж, зноў старыя сямейныя духі, якія так ведамыя ў сем’ях маіх бацькоў. Можа, у цяжкі час перадсмяротны так наведваюць сваю верную нашчадзь у палёх духі іх продкаў. Нешта ж між зямлёю й небам ёсць. Брату я часта пісала, і ён называў мяне «Рыбка залатая», гэта таму, што ўсё мне хацелася аддаць яму, усё выслаць, усім дапамагчы. Чэхі мне ўсё давалі — і дзверцы да пліты, і самую пліту. Толькі дзіва мне, як гэта ўсё тады даходзіла — а даходзіла ўсё. Калі раз вечарам летнім вяртаўся Расціслаў з хлопцамі з рэчкі, да іх падышлі партызаны. Што ж, паклікалі іх у хату, напаілі, накармілі, тады свіснулі партызаны, і пазбягаліся ўсе тыя, што акружылі Жлобаўцы, не ведаючы, як брат зарэагуе на іх візіт. Ракою ж пралілі кроў нашага роду ў 41-м годзе... Партызаны пасябравалі са Славачкам. Яны завялі яго да Люціка, якога хацелі забіць за тое, што падпісаўся й выдаў на вываз бацькоў. Расціслаў, як я, хрысціянін, папрасіў іх усіх выйсці, спыніць свой гнеў і помсту пакінуць Богу...

А мама калела з холаду й з голаду ў Казахстане, дагарала яе жыццё. Аркадзі й Аляксей ваявалі ў Андэрса[100]. Маленькая Люся расла ля казахскіх гавец, а Ксеня й Ніна найменей думалі аб хворай маці. Недзе, няведама дзе нават, здаецца, у гродзенскай турме, крычала, прасіла аб помсце нявінна пралітая кроў таты. Але мы з Расціславам не мсціліся, мы не любілі сваіх ворагаў, настолькі хрысціянамі мы не былі, але мы памагалі ім у цяжкі час, можа, крыху спадзяваліся, што дабро ачалавечыць ім душы, а можа, і нічога не спадзяваліся, проста мы няздольныя былі зрабіць зло.

Начальнік таго невялікага партызанскага збору ля Воўпы, нейкі Міша, здаецца, вельмі зачасціў са сваімі хлопцамі да Расціслава. Яны абодва абмяркоўвалі аперацыі, вельмі пры гэтым аглядаючыся, каб не нішчыць народу. Крыху пазней мы прагутарылі з братам ноч напралёт, было гэта ў Зэльве. Расціслаў клікаў мяне ў Жлобаўцы, але мяне не пусцілі. Ён запэўніў мяне, што партызаны радыя мяне сустрэнуць, і вось тады пачаў расказваць пра іх. Я пыталася: ці не ўдарыў яго камісар нямецкі? Ён папрасіў, каб я аб гэтым ніколі не запыталася яго болей. Сказаў толькі, што мама мусіць жыць і яму трэба яе дачакацца.

А той камісар быў раней у Зэльве, быў гэта нейкі, кажуць, немец з палякаў, меў адну руку й сабаку, якога рад нацкоўваў на людзей. У Зэльве вешаў яўрэяў, біў беларусаў і любіў полек. Казаў мне Славачка, што наш знаёмы настаўнік Файкоўскі перакладчыкам у яго, дык ужо мае зусім крывы твар і вывернутую шчаку ад пабояў таго камісара. А на сямнаццацігадовую дзяўчыну нацкаваў сабаку, які так пашматаў дзяўчо, што сканала... «Чаму ж не заб’еце гада?» — пытаюся. «Нельга, залатая рыбка, сто чалавек нашых за яго забілі б, сёлы трэба нам сцерагчы». Казаў, што аднаго такога запынілі ў ляску на спацыры на кані, дык грымнуўся, гад, на калені й крычаў: я быў добры, я быў добры! Яго толькі адлупілі, здаецца, таксама думаючы пра сёлы. Той Міша, відно, не дурны быў хлапец. Ён ажаніўся з дзяўчынаю з Палавок, вёскі, што каля нас, і памёр, казалі, пасля вайны ад сухотаў...

Ведаючы нямецкую мову, шмат каму памагаў Расціслаў. Жыў ён спакойна, бо людзі любілі яго, але пад канец прыйшлі нейкія невядомыя далёкія партызаны й ледзь яго не забілі. Не хацеў ён ехаць да нас у Прагу. Кахаў маці й чакаў яе, завяраючы мяне, што бальшавікі цяпер перамяніліся і ўжо перасталі глуміць і вынішчаць людзей. Маці, маці й маці...

У Красным Грудзе жыла мая дваюрадная сястра, што за Каліноўскім. У іх бываў Расціслаў, перавёз да іх свае рэчы, калі ў 44-м годзе адыходзіў у Савецкую Армію. Ён хаваўся спачатку, бо хацеў ехаць шукаць нашай маці, але тая нашая сястра яго выдала. Расціслаў загінуў 26 красавіка 1945 года, пахаваны недзе ў раёне Барнім у Нямеччыне.

Шмат пазней сястра Ніна прасіла мяне, каб я кінула думаць пра Беларусь, бо яны вынішчаць усю нашую сям’ю. Яны забілі майго тату, дамучылі сведама маму, атруцілі сястронку Люсю ў 1952 годзе ва Вроцлаве, даканалі маральна й фізічна Юрку, а ў канцы вайны савецкі афіцэр забіў выстралам у вісок Расціслава, кажучы: «Твая сястра-пісьменніца супраць нас, і ты кулацкі сын...». Вестку гэтую трудна мне праверыць, але, мяркуючы па тым, як яны нішчылі людзей і асабліва нашую сям’ю, гэта зусім праўдападобна. Такога не рабілі нават гітлераўцы, асабліва са сваімі людзьмі. Высокі мой, светлы мой, каханы малады брат... Я толькі пытаюся ў Бога — за што?

Нейк пару гадоў таму падышоў да мяне чалавек у Воўпе. Ён мне сказаў, што ў арміі хлапцы з Данілаўцаў угаворвалі Расціслава ўцякаць з-пад Берліна, ён адмовіўся. Сказаў, што ўдома ёсць Папенюкі і іншыя, якім ён зрабіў дабро, і яны цяпер выслугоўваюцца перад бальшавікамі тым, што яго праследуюць... Што ж, і гэта пакінем Богу... Мы з Расціславам як дзеці, і пакуль што гэта наш крыж.

Калі мы вярнуліся з лагеру, дык былі зусім бедныя, амаль абдзёртыя. Тады я паехала па просьбе Яначкі да тае свае стрыечнае сястры Лены ў Красны Груд. Славачка пісаў мне, што завёз да яе й маю зінгераўскую машыну. Меў да нас пасля доўгае разлукі прыехаць наш сын. Мы хацелі прадаць машыну й крыху лепей прыняць сына. У Воўпе сустрэлі мяне нашыя сяляне, яны завялі мяне ў сяло, брыгадзір даў каня й чалавека, і мы паехалі ў Красны Груд. Сястра мая сядзела пад яблыняю, і перад ёю ляжалі горы яблыкаў, якімі яна мяне частавала. Яна вельмі здзівілася, што я добра выглядаю, а што яна хворая, ходзіць на ўколы. Пачала бедаваць, што яна бедная, тады я заверыла яе, што нічога ў яе прасіць не збіраюся. «А што ў цябе ёсць?» — запыталася яна. «У мяне ёсць сын і ёсць муж, а гэта вялікае багацце!» — сказала я сястры. Тады я пачала пытацца ў яе маю машыну, аб адзежы братавай я не гаварыла, яна перарабіла яе сваім сынам. Сястра ахвотна аддавала мне маю машыну, але толькі тады, калі я дам ёй 600 рублёў (было да рэформы), бо яна дала Славачцы, якога выдала, два кілаграмы сала й 500 рублёў грашыма, вось гэта я ёй мушу вярнуць, іначай яна не мае што гаварыць са мною... Тады селянін, які быў са мною, кажа ёй: «Калі вы давалі Расціславу грошы, дык тады пуд жыта каштаваў 500 рублёў, я вам дам сяння два пуды жыта, толькі аддайце Ларачцы яе машыну». Яна не аддала. Мне прыпомнілася, як вайною ў Прагу прыехала яе родная сястра з сям’ёй, з мужам, святаром Лапіцкім[101] і дзяцьмі, і як я старалася ўсё магчымае зрабіць для іх, але я маўчала. Чалавек, які мяне прывёз, хацеў паглядзець на машыну, і мы пайшлі ў былы палац, дзе жыла мая сястра. Паркет блішчэў, зелянела плюшавая мэбля, адчуваўся ва ўсім вялікі дастатак. «Гэта мне людзі перахавалі»,— тлумачылася да подласці скупая скнара-сястра. А селянін сказаў ёй: «Вось бачыце, вам перахавалі рэчы, а тут за чужую машыну вы хочаце грошы ад чалавека, у якога няма, толькі як на дарогу...» Машына мая стаяла раненая куляю й гранатаю. Машына перажыла нас. Я пагладзіла яе рукою, і мы пайшлі. Тут сястра ўпала амаль у істэрыку, яе дачка пачала плакаць, каб я ў іх засталася, сын ужо прынёс гарэлку. «Не, — сказала я, — з такімі людзьмі не пераламлю я хлеба» — і выйшла. Сястра дзівілася, як мяне, паню, яшчэ возяць сяляне, а яны вазілі мяне, можа, крыху баяліся прадсядацеля, але падвезлі. Усю дарогу назад мяне мучыла сэрца, і падарожжа я ўспамінаю са страхам. Гэта была родная дачка замучанай у 41-м годзе татавай сястры цёці Мані...

Людзі зрабіліся як зверы, яны вырывалі адзін другому з рук убогія лахманы й старыя рэчы. Напаверх выплыла ў людзях найгоршае. Усякая шляхотнасць у асяроддзі бальшавікоў выдаецца «буржуазным предрассудком», нечым так ненармальным, як некалі — подласць. Вартасць чалавека мерылася не яго чынамі, пражытым жыццём, а той толькі шызафрэнічнай ярасцю, з якою ён хваліў некалі Сталіна, а цяпер тое, што славілі заместа яго. Людзі пашалелі ад дзікага. Мне казалі, што ў 41-м годзе быў канец свету й людзі, каб выжыць, рабіліся проста звяр’ём. Калі ястрабкі арыштавалі татавага брата ў Гудзевічах, дзядзьку Валодзю, дык яго жонка са страху пакінула чацвёра дзяцей, ад 15 да 4 гадоў, і ўцякла ў Польшчу.

Старшая сястронка за некага выйшла замуж, а маленствы папляліся аж у Крынкі, ад Гудзевіч гэта амаль 50 км, да свайго дзеда Юрка Анісімовіча. Шукалі ратунку. Дзед данёс на іх у НКВД з просьбаю, каб забралі ад яго памешчыцкіх дзяцей і вывезлі туды, дзе ўсіх вывозяць... Не паспелі іх вывезці, бо наскочылі немцы. Расказвала мне гэта з жудасцю Тамара, адно з тых бедных дзетак. Дзед памёр у Хорашчы, згубіўшы розум, але гэта пасля. Людзям забіралі зямлю, іх суседзьяў, іх родных, і самае страшнае тое, што ім забіралі сумленне, тое беларускае, хрысціянскае сумленне маіх землякоў. Тое ж самае я наглядала і ў Празе. Гэта была адзіная нагода, дзе праяўляліся самыя звярыныя інстынкты чалавека, і называлася гэта — прагрэсам... У Гітлера рабілі гэта паводле яго загаду, а тут рабіў гэта кожны! Кожны стараўся даказаць, што ён дастойны біць, мучыць і забіваць, знача, прыгодны для Сталіна. Трудна думаць, што людзі, узгадаваныя на падобным, створаць культуру, дастойную чалавека. З такіх крыніцаў раней ці пазней выплыве загуба для свету. Машына — не культура, і шрубкі — не індывідуумы...

І так Прага, 1943 год. Вясна. У Прагу маецца ў водпуск прыехаць мой муж, мы з Юрам яго вельмі чакаем. Але пакуль прыехаў ён, дык паявіўся, на маё гора, Ермачэнка. Ён адразу прыслаў да мяне свайго ад’ютанта Аўчыннікава, які загадаў мне здаць Ермачэнку беларускі архіў па В. Захарку. Што ж, я яму паказала дзверы. За некалькі гадзін ён зноў прыехаў у наш малы пакойчык, цяпер ужо з запіскаю нейкага Лангера й Рыхтэра — начальства з Менску. Я ветліва паясніла Аўчыннікаву, што мы жывем у Пратэктараце Чэхія і Маравiя й толькі гэтай уладзе я падпарадкуюся. Трэці раз ён прыехаў з загадам ужо ад пражскага гестапа. Я сказала, што паеду да Ермачэнкі.

Хораша адзеўшыся, каб не адчуваць сябе ніжэй ад іх, я села ў трамвай. Ва мне ўсё дрыжэла. Я паднялася ў кватэру Ермачэнкі, і яго дзяржыморда адчыніў мне дзверы. Ля дзеравянай бочачкі, з каньяком відавочна, стаялі поўныя чаркі, закусі не было відно, а Ермачэнка й два немцы сядзелі ў дыміну п’яныя, чырвоныя й не вельмі пэўныя ў вымове слоў. Яны папыталіся ў мяне, дзе ключ ад архіву памершага? Я пацікавілася: пашто ім гэта? «Мы хочам вывучыць беларускую мінуласць, каб ведаць, як у далейшым адносіцца да беларусоў як да нацыі». Я сказала, што ключа ў мяне няма. «Што ж, мы тады зломім замок»,— прамармытаў немец. Атмасфера была напружанай, слоў падала мала, і былі яны цяжкія, як град. А ў каго ключ, каму яго даў Захарка? Не ў нашых інтарэсах было путаць Міколу й камплікаваць[102] ужо й так дастаткова скамплікаванае нашае становішча, і я адкрыла сваю вельмі элеганцкую сумку й паклала ключы ім на стол. Немцы з цікавасцю паглядалі на мяне, яны былі болей талковыя за Ермачэнку.

Уся я была ў цёмна-шэрым і ў чорным, і найчарнейшым быў мой настрой. На сходах я па-бабску расплакалася. Нікога, хто мне дапамог ці парадзіў бы, ля мяне не было. Калі прыехаў Янка, дык ніякіх ён зацікаўленняў маімі справамі не праявіў. Быў вельмі заняты сабою й толькі сабою. Ён, здавалася мне, перастаў быць нават джэнтэльменам, і, гледзьячы на яго, мне рабілася прыкра. Многа распавядаў пра Слонім і становішча на Беларусі. Немцы да яго адносіліся з недаверам. Еў ён разам з імі, але ў асобным пакоі, зусім адзін, каб не слухаў размовы немцаў. Ён сам не сеў бы з імі за стол, але тое, што яны сепаравалі яго, было прыніжаючым. Муж расказваў аб расстрэлах сёлаў, аб тым, як яны стараліся іх ратаваць. Мужа прыслалі на месца доктара Дылеўскага, таксама з Чэхаславакіі, якога арыштавалі. Супраць мужа былі палякі й немцы. Палякі рукамі немцаў стараліся вынішчаць альбо высылаць у Нямеччыну беларускі элемент. Яны многа ўжо паспелі вынішчыць нашых, абвіняючы іх у камунізме. Камуніст ці не камуніст — для нас не мела значэння, трэба было ратаваць усіх. Муж вырваў з лагероў савецкіх і яўрэйскіх лекараў, і яны ўсе ўцяклі ў партызаны. Калі мужа камісар Эрэн абвініў у дапамозе ім, дык ён сказаў, што хіба камісар ведае тое, што яўрэяў розуму вучыць не трэба. Эрэн, яшчэ пад уплывам палякаў, затаіў на мужа нянавісць, але Піпэр трымаў з Прагі руку над Янкаю, і пакуль што яму нічога нельга было зрабіць...

А тым часам Ермачэнка паехаў з немцамі на кватэру дзядзькі Васіля, і яны перавязлі архіў дзядзькі на кватэру да Ермачэнкі. Ермачэнка больш-менш арыентаваўся ў тым, што было ў архіве. Дзядзька паказваў яму дакументы, і вось ён не знаходзіць іх, ён лютуе! Аб гэтым мне расказала пані Крэчэўская, якой Ермачэнка абяцаў, што назаве яе імем яслі ў Менску. Гэта яе не кранула. Цану авантурніку яна ведала. Але доказы Ермачэнкі былі галаслоўнымі, бо чым ён мне мог давесці, што ў архіве было. Немцам я сказала, што архіў пакінуў мне дзядзька Васіль проста як сваёй сваячніцы. Але са страху я не спала ночы.

Янка збіраўся ад’язджаць. Заставацца з Ермачэнкам было небяспечна, і Янка пайшоў прасіць, каб нас з Юрам пусцілі да бацькоў у Зэльву. Надзіва нам гэта дазволілі, толькі на гэты раз без права ехаць у Слонім і наагул у «Остлянд»[103], як казалі яны. Мы хуценька сабраліся ў дарогу й на Берлін і Варшаву выехалі на дзве нядзелі да бацькоў у Зэльву. У Берліне сустрэліся з сябрамі, і яны нам памаглі сесці на варшаўскі цягнік, на які быў сапраўдны натоўп. Едучы, мы маўчалі, маўчала й нашае дзіця. Немцы, як чмялі, глядзелі на ўсіх не немцаў, не скрываючы свае нянавісці. Каля цягніка бегалі іх партыйныя фрау з апаскамі на рукавах і нешта ўсё дапамагалі сваім. Адчувалася тут, што немцы — людзі, а рэшты яны не прызнаюць. І як там людзі маглі з імі жыць, гэта як сярод ваўкоў?..

У Варшаве нешта прадавалі ля цягніка худзенькія хлопчыкі. Брадзілі людзі вынішчаныя й галодныя. На такім фоне ўпэўнена вырысоўваліся сытыя немцы ў ваенным і элегантныя іхнія фрау, якія, здавалася, не бачылі вокал няшчасных ці вельмі ўжо лёгка згадзіліся з іх менейвартасцю. Стала палякаў жаль. Цярпеў народ, а ён, затуманены, думаў некалі, што і ён — пануючая нацыя над намі, цяпер сурова расчароўваўся. Па дарозе ў адным купэ з намі ехалі немцы з водпуску. Сярод іх быў нейкі швейцарац-чыгуначнік, які без боязна высказваўся аб тым, што ён разумее беларускіх партызанаў...

У Беластоку стаялі калоны яўрэяў з зоркамі на рукавах, яны мелі атупелыя твары, бы стаялі тут, а самыя адсутнічалі, вачмі недзе былі далёка. Было трагічна, што нішто іх не можа выратаваць з гэтае прорвы, хоць немцаў, здаецца, не было так многа, вось кінуліся б на іх, і хоць нехта ўцёк бы. Цягнік ляцеў па роднай зямлі, але была яна нейкая пустая. Вясна была яшчэ ранняя, у Празе толькі зацвітаў бэз. На палёх стаяла дагары нагамі, розна ўздыблена многа танкаў, накіраваных на захад. Цяпер яны застылі, як жудасныя манументы трагічнай бездапаможнасці. Ля цягніка, ля палатна дарог ляжала пару паравозаў і перакіненых вагонаў, ля іх шэрыя, болей чымсьці бедна апранутыя жанчыны пасвілі каровы. Мужчыны, якія нешта рабілі на палёх, мелі нейкія ненатуральныя, імправізаваныя шапкі на галовах, як быццам вайна тут трывала вякі й пагінулі ўсе шапачнікі ў Беларусі. На станцыі ў Ваўкавыску насільшчыкі з рыкшамі перавезлі нашыя рэчы на прыгарадны, мясцовы цягнік.

Нарэшце мы ў Зэльве. Ясна ззяе папалуднёвае сонца й асвячае надпіс на станцыі, на гэты раз па-нямецку. Божа, думаю, калі ж дачакаемся мы ўсё на зямлі нашай назваць сваім імем? Едуць нейкія фурманкі, яны ахвотна вязуць да Зэльвы нашыя чамаданы, а мы лёгка ступаем па роднай зямлі, а яна ўжо ад станцыі здаецца нейкай раненай, апустошанай і вельмі, вельмі сіратлівай. У самой Зэльве яшчэ страшней. Немаведама чаму ў руінах увесььь цэнтр, усё разбітае, спаленае. Пажар спыніўся на нашай хаце. Мужаў тата ўзлез на страху й паліваў яе вадою, так абараніў рэшту вуліцы. Хлеў побач згарэў, і відно ўжо стаяць кроквы новага хлява.

Выбеглі да нас бацькі, цалуюць унука, плачуць. Бацька сухі, чорны й босы, чыста жабрак, мама, акуратна апранутая, біла масла, быццам прачувала, што будуць госці. Навокал страшна: попел і руіны. У нашай хаце жыве сям’я Архімовічаў. Гэта тыя, якія за тое, што ўзялі іх у хату, пасля абкрадуць пасмертна мужавага бацьку й зноў будуць старацца выдаць нас на мучэнні паўторна. Успамінаю з жахам аб іх, гэтых найболей пабожных каталіках Зэльвы...

Доўга ў ноч гутарым, і ўспамінам і крыўдам няма канца. Уся душа мая ў родных Жлобаўцах, але паехаць туды нельга, на гэта патрэбны асобы дазвол. Так хочацца пабачыць сцежкі, дзе яшчэ след бацькоў, і што з імі няшчаснымі, і дзе яны сяння. Як страшна, калі бураць гнёзды й забіваюць на зямлі жывое. А гняздо было старое, вялікае, а птушак так шмат. Я адна са сваімі думкамі. Муж мой толькі сведак, яму не баляць ні раны Бацькаўшчыны, ні трагедыя маёй сям’і. Ён мае сваё жыццё, слонімскія большыя й меншыя авантуры рознага характару ды спрэчкі з нейкім там камісарам Эрэнам, які, як пасля аказалася, не супраць яго расстраляць, каб не Прага, не доктар Піпэр у Празе.

Назаўтра ад’язджае муж, я яго праводжу. Яму не ў галаве нейкая там БНР, ні смерць дзядзькі Васіля, ні яго, ні мае бацькі — усё гэта лічыць пяском у параўнанні з важнасцю свае персоны. Я зусім не адчуваю, што ён ад’язджае, мне нейк лягчэй. Сардэчна гутарым з яго бацькамі, а Юра бегае, лётае, у хату лазіць праз вакно й рвецца на поле з пастушкамі пасвіць кароўку.

На другой палове хаты жыве Каця Вікторка з сынамі, мужа стрыечная сястра. Яна нечаму палохае мяне партызанамі, да іх ходзіць нейкі жудасны немец, і мне ўсё гэта дзіўна. Аднойчы яна паклікала мяне на вуліцу. Я ўбачыла жудаснае явішча: паўзло па вуліцы нешта падобнае да малога танка, а насупраць ляцеў на кані поўным галёпам мой шасцігадовы сын! Я махнула рукою, што будзе, тое будзе, неўгамонны малы, патомак сялян дарваўся да свае стыхіі. Людзі яго падзіўлялі. Бацькавага каня забралі бальшавікі, дык ён даваў унуку поўны барэцік гаўса й ён бег да суседа, дзе быў харошы конь. На ім якраз, трымаючыся за грыву, цяпер ляцеў, у жыцці ніколі не сядзеўшы на кані. Ляцеў і хахатаў з радасці.

На месца чатырохкутніка крамаў на зэльвенскім рынку нехта пасадзіў парк маладзенькі. Не было яўрэяў, ні іх шматлікіх крамаў, і тут прайшла тая ж, што ўсюды, трагедыя. У чорнай нейкай хаце жыла ўдава па святару Якабсону, была трагічна счарнелая. Я адведала старушку. Мае знаёмыя паказвалі мне дзетак, якіх выратавалі ад вывазу, і яны цяпер як сіроты. Чаму ж не выратавалі нам хоць Люсеньку? Па Зэльве хадзілі нямецкія салдаты, вельмі страшныя да насельніцтва не былі, шукалі самагон, яйкі, рабілі свой «аерканьяк»[104].

Нашыя суседзі Байбусы, якім датла згарэла хата, ладзілі вечарынку. Панна Стася з панам Весялухай, сваім пазнейшым мужам, зусім не адчувалі ні гора, ні страху, ні літасці над тымі, што гінулі ў лагерах, на франтах, па лесе... Людзі, знача, адзічэлі, калі ў такі час маглі танцаваць, атупелі начыста. Кожны важны немец меў сабе любоўніцу ў Зэльве, і гэта было яшчэ страшней. Гэта былі полькі пераважна, якім здавалася, што занялі яны адпаведныя, «ключовыя пазіцыі» й зноў хоць такім чынам могуць рабіць супраць беларусаў польскую палітыку...

А на плоце вісела аб’ява, дзе перачысляліся расстраляныя заложнікі, я не дачытала іх да канца... Стагнала толькі раненая зямля, а людзі, як мурашкі, ціха краталіся, думалі аб жыцці. Я папыталася ў адной знаёмай, як жа яна жыве з тым немцам, які, напэўна, забіваў людзей... «Ён няшмат забіў,— адказала,— можа, усяго кільканаццаць асоб, і то, калі забіваў іх, дык быў п’яны...» О, Божа, што робіцца з людзьмі, на гэтакага ж глянуць боязна.

Пачаў заглядаць нейкі фрыц і на наш ганак... Нічога я так у жыцці не баялася, як гэтага чалавека: тоўсты карак быў з незажытымі скуламі, нахабны, сам так і паглядаў у мой бок, і была б смерць мне, каб ён мяне крануў, бо такога я ніяк не стрывала б... А ўсе зэльвенскія дамы лічылі такое за гонар...

Згінь ты, прападзі з такой перспектывай! Немцы за мною шпіёнілі, а нашая пані Каця ў гэтым памагала... Хто ж бачыў такую жудасць? Нарэшце я пайшла да камісара папрасіць, каб дазволіў брату да нас прыехаць. Гэты ветліва прыняў мяне, даў дазвол і выразіў жаданне, каб я засталася настала ў Зэльве.

Славачка прыехаў! Высокі, як дуб, прыгожы. Стаю, паглядаю й плачу. А ён абняў мяне й слова не вымавіць... Ноч напралёт гаварылі мы з ім. Часам было чутно, як ляціць аэраплан, тады Славачка казаў мне, чый ён, арыентаваўся па гуку. Абгаварылі мы ўсе сямейныя, усе партызанскія справы. Расціслаў вельмі хацеў, каб я прыехала ў Жлобаўцы, што партызаны радыя чакаюць мяне. Тым, хто забіў бацьку майго й вынішчыў сям’ю, я не верыла... У дзядзькі майго была дачка, і я думала: няблага, каб Расціслаў з ёю ажаніўся. Ён заязджаў да іх, але калі я папыталася, ці ён кахае яе, хлопец прызнаўся, што кахае іншую, але гэтую возме, бо я так хачу... Я спалохалася й пачала прасіць яго, каб ажаніўся з той, якую кахае. З ніводнай не ажаніўся, перашкодзіла смерць. Ад’язджаў мой брат пакуль што з мужавай мамай у Пятрэвічы.

У Зэльву прыехаў беларускі канцэрт. Артысты прыйшлі да нас запрасіць мяне на яго. Я вельмі хораша апраналася, адзенне ў Празе шылася з густам, і таму на мяне ўсе звярнулі ўвагу й немцы. Я стаяла разам з іншымі жанчынамі, і мяне за руку стуль вывалаклі наперад. Артысты вельмі хацелі, каб і я нешта сваё сказала. Я шчыра паясніла ім, што гэта не для мяне... Канцэрт быў вельмі добры, і мясцовы бацюшка запрасіў артыстаў да сябе. Там пры чарцы ім вельмі развязаліся языкі, амаль кожны тост быў за мяне. Паразбіралі ўсе драбніцы з мае сумачкі сабе як сувеніры, а тоўсты немец пачаў пытацца, што я за такая важная персона, няўжо нельга ўспомніць таксама і «Дойчлянд»[105]? У людзей выявілася ўся нейкая спрэсованая нянавісць да ўсяго, што не наша, было дзіўна.

Назаўтра быў ужо Славачка. Яшчэ з усходам сонца зноў пад вакном паявіліся артысты, яны клікалі мяне. Усе мы пайшлі на зэльвенскія могілкі, скуль было відаць Зальвянку й другі яе бераг, які ўжо лічыўся «Остлянд», а мы былі «райх»... Смешна, каб не трагічна... Мы маўчалі, сэрцам ахапілі ўсю нашую зямлю, гутарылі, што хацелі, не верылі ў нейкіх даносчыкаў спасярод нас... Пасля пасядалі, хлопцы мелі гарэлку й закуску. На першай траве выпілі па чарцы, пакаціліся слёзы. Хораша ляжаў, выцягнуўшыся на траве, Славачка, быў задуманы.

Артысты, забраўшы сваіх жанчын, адыходзілі. Яны неслі тое, дзеля чаго галоўнае ездзілі па сёлах: кашы з яйкамі, з салам. Неслі іх на калочку па двое. Ім не было ні карэты, ні машыны, ішлі пешкі. Усе абнялі мяне, кожны пацалаваў. Праз слёзы нешта гаварылі. Пазней я прачытала ў беластоцкай газеце вельмі цёплае апісанне нашай гэтай сустрэчы[106]. Пасля я праводзіла Славачку. Конь у яго быў харошы, але ехалі мы памаленьку, гаварылі пра бацькоў. Ехалі далей і далей, і не хацелася расставацца. Нарэшце далёка за Бародзічамі абняліся, расцалаваліся. Я пайшла хутка, каб не аглядацца, але не стрывала, калі павярнулася, дык убачыла жудаснае. На месцы стаяў і конь, і брат, і ўся яго магутная постаць уздрыгвала з плачу. Мы болей у жыцці не спаткаліся. Я засталася пры мужу, а сэрцам рвалася туды, дзе гэты верны, найдарожшы мой брат, каб, забраўшы сына, з ім разам чакаць бацькоў.

Другі раз для мяне зацвіў бэз гэтай вясною. Мне снілася, як ён асыпаў парог наш. «Бэз асыпаў квеццем твой парог, Расціславе, наймілейшы браце».

Назаўтра прыехаў Яначка. Яго проста выкінулі са Слоніма. Немцы, якіх ён лячыў па сваей спецыяльнасці венеролага, парадзілі яму маўчаць і казаць толькі «яволь», г.зн. нешта накшталт «так, ёсць». Ён так казаў, далі яму хатні арышт і за тыдзень паперлі. Палякі на гэты раз зрабілі нам добра, іх даносы, на шчасце, не скончыліся смерцю мужа. Нядаўна бацька Алега Лойкі[107] ездзіў як сведак на Эрэна, слонімскага камісара, у Нямеччыну. Разглядалася й справа расстрэлу мужа. Выратавала яго, як я раней пісала, Прага, знача, зноў Піпэр…

Прыезд мужа быў як дзіва, як цуд. Нам проста ў такое не верылася. У паперы, якую яму далі, забаранялася яму медпрактыка на тэрыторыі ўсяго т.зв. тады «Остлянду»... Янка бараніў сёлы й смела выступаў супраць Эрэна... Палякі цешыліся, далёка глядзець і бачыць яны не ўмелі...