15158.fb2
Зэльва, 18 сакавіка 1980 г.
Шчыра паважаны і дарагі мне заўсёды Аляксей Міхайлавіч!
Мне крыху ўжо замерзла душа ад гэтых, ужо вясняных марозаў. Ды яшчэ я пабіла моцна калена (расцяжэнне звязак). Не, не на склізкай вуліцы, а спяшаючыся ў хаце. Нейкая іронія, у выніку якой сяджу з забінтаваным каленам і ледзь не плачу са злосці. Спагадаю вельмі, што няма ў Вас зацішша ўласнага кабінету, так Вам патрэбнага для працы і роздуму.
Але, гледзячы з іншага боку, дык я з радасцю памяняла б свае “кабінеты”, дзе бывае так адзінока, горка і сумна, хоць на парачку ўнукаў ці праўнукаў, якія б выкрутасамі і шчэбетам сваім вярнулі б мяне да жыцця…
Не ведаю, як Вам дзякаваць за такую высокую ацэнку і, галоўнае, за разуменне мяне ў маіх вершах. Я з дзяцінства прасякнутая нашай беларускай народнай культурай. Гэта і нашая сям’я, і сяляне, і нейкая святасць у адносінах да працы ў полі ды ў міжлюдскіх адносінах. Пазнаўчы іншыя культуры, я болей ацаніла якраз сваю. Адарваная ад яе, я сумавала. Але я была прадуктам гэтай культуры, і чэхі, напрыклад, паважалі, любілі мяне як сваю, і даючы сваё грамадзянсва нам, ужо пасля вайны, сказалі: “Гэта гонар для нас –даць Вам грамадзянства”.
Ёсць цяпер розныя ўплывы на гэтую культуру, але я адшукваю, люблю тую – шліфаваную нялёгкім жыццём, вякамі, чыстую, вельмі чалавечую. Я была зусім малым дзецям, калі адвозілі нас у бежанства. На вакзале было многа людзей, і мне асабліва запамятавалася маладая, добрая цётка. З оспалаху, калі іх выганялі, яна амаль нічога не ўзяла з хаты, але выгарнула грушы, якія ў печ кінула сушыць. Нічога больш не маючы, яна ўсіх гэтымі грушамі частавала з такой ласкай, крыху з жалем. Я не зразумела гэтага, я, мусіць, адчула, як гэта велічна. Шмат такога я прыкмеціла ў малым сяле. Было там і паганае, але часамі было такое далікатна-добрае, бескарыснае ці бясконца смелае і альтруістычнае.
Можа, падобныя пачуцці выклікала тады і мая дабрыня маладая, калі ўсміхаліся да мяне не толькі людзі, але і дрэвы, і поле… Крупінкі толькі з гэтай культуры я змагла перадаць у сваіх вершах. Жаль – сяння часамі не пазнаю сваіх беларусаў… А часамі зноў іх адчуваю, хоць злуюся на іх! Злуюся таму, што мне зусім даволі таго, што маю, але цалую іх у душы за тое, што яны такія вось менавіта, як тая культура спрадвечная…
Хачу, аднак, Вас запэўніць, што ўсё неабходнае маю. Каб Вы пра гэта не думалі. Ведаеце што? Знайшла ў склепе “Віньяк” з 1970 г., які Вы загадалі мне захаваць да 70-ці маіх гадоў! Я захавала! Нічога нам не застаецца, як летам выпіць яго супольна!
Мая падапечная Люда ўжо ўся ў плямках. Яе прыгожага тварыку не пазнаць. Цяпер – у дэкрэце. Яе муж Саша лічыць дні, калі яго звольняць дамоў з арміі. Учора прыйшла, каб я яе навучыла пячы торт, рабіць крэм і т.п., бо надта хоча быць добрай гаспадыняй. Торт удаўся! Ледзь не выцалавала мне дзірачкі ў твары. Маці яе мужа ў больніцы. Усё туды бегае, корміць тую маладую маці. Бацькі з яе не сцешацца!
У мяне тут некалькі іх, такіх падапечных. Адна 20 лютага радзіла дзяўчынку 800 гр. Доўга ў іх не было дзяцей… Дзіця жыве. Пакрысе прыбывае. Яна дзіка любіць яго. Да мяне бягуць то яе муж, то калгаснікі-бацькі з бутэлькаю! Крычу на іх, але апраўдваюцца, што на Новы год, разам з 13-ю зарплатаю, абое дасталі на рукі 750 руб.! Замаўкаю. Без дазволу мудрага др. Караля з Баранавіч, ад яго імя, абяцаю ім яшчэ адно дзіцятка, калі ўсё будзе добра. Ён дапамог і ў гэтым выпадку. Усе перажываем за дзяўчынку, трымаем закаханую маму на духу, а яна корміць сваё шчасцяйка з піпеткі і верыць, што выгадуе маленькую.
Вельмі абураная другою маладою мамаю (не беларускаю), якая таксама нарадзіла дзяўчынку, але не хацела ёй даць грудкі, бо пасля, чаго добрага, джынсы на яе не налезуць… Вось і забываюся крыху пра свой боль.
На абед сяння зварыла крупнічак з мясам. Рана мая кума прынесла мне такую “шубу” (селядзец, буракі, морква, маянэз). Мусяла я гэтую смакату пры ёй есці. Я мужна ўсё гэта з’ела! Хваліла нават… Гэта дзеля добрага выхавання. Другая кума прыйшла ўчора з дзеткамі. Малая, якой усяго 1 г. 5 мес., гаварыла вершы. Сапраўды. Унікум! Кажуць, што пайшла па хрышчонай… Яны мне прынеслі сала, вантрабянкі і неймаверна вялікую каўбасу, бо закалолі… І так прыходзяць амаль усе. Баюся, што ніякім чынам не змагу нават на старасць дабіцца нейкай болей адпаведнай фігуры…
Горай бывае ноччу. Тады – цяжкія думы, успаміны і сполахі. Раніцаю зноў пачынаю жыць. Прахварэўшы зіму, я крыху аслабла, моцна пастарэла. Ніколі не забудуся Вашага мілага візіту і ахвоты дапамагчы мне ў гаспадарццы. Да такога ніхто не дадумаўся.
Пастараюся нешта пісаць, калі знайду, на што аперціся сваімі думкамі. Сумую яшчэ. Усё адчуваю святасць гнязда, а гэта не тое, што захапляла б юных у час кібернетыкі. Можа, яшчэ прыдумаю нейкі сінтэз з гэтых паняццяў. Ёсць справы дня і справы вечныя. Вабяць душу маю толькі апошнія.
Пра ежу таму Вам напісала, што есці – гэта цяпер для мяне самая цяжкая справа… Ратуе мяне тое, што з цеста, і тое, што салодкае. Акрамя запасаў у склепе, якія Вы бачылі, стаіць яшчэ мяшок мукі і мяшок цукру. Клапаціцца Вам пра мяне зусім няма патрэбы! Толькі ласкава пішэце мне часамі, а то – “не хлебам адзіным…”
Пісалі сын, Валя, нават – Міхась з Алесем. Я ім таксама пішу. Вельмі мілы і цікавы быў ліст ад сябра Забеля (Зыгмунта Абрамовіча). Піша: “Беларускі паляк ці польскі беларус – хто ж яго ведае! Даўно не піша мне Люда віленская” (гэта Людвіка Антонаўна). Спадзяецца прыехаць яшчэ на Беларусь, заехаць абавязкова ў Зэльву.
Даруйце, што нуджу Вас апісаннем сваіх будняў. Святамі бывае ў мяне людна, хоць круг маіх сяброў тут вельмі агранічаны, бо іначай мне нельга.
Вітайце ад мяне сваю мілую сямейку. Цалуйце ўнука (Ніна пісала, што цудоўны хлопчык!). Дзякуй Вам яшчэ раз за ўсё, за ўсё. Будзе вольная хвіліна часу – напішэце.
Заўсёды з павагаю да Вас – Ларыса Геніюш.
26 сакавіка 1980 г.
Добры дзень, ваўчанё маё злоснае, пакрыўджанае, дарагое!
Жыццё – гэта вайна. Ёсць у ім і раненыя, і ахвяры, з чым неабходна нам мірыцца. Падыходзіць да ўсіх зяваў жыцця належыць разумна. Не шукай у ім логікі. Будзь пераможцам, нягледзячы на балючыя страты! Усе мы бяссільныя перад яго ціскам, але ўстаяць належыць! Каюся сяння, што амаль праплакала вочы, яшчэ болей даканала сэрца, не могучы змірыцца з лёсам. Гэта не патрэбна. Прытым, Ты не адна. Вельмі Ты патрэбная не толькі дзецям. Умей быць мужнай, калі гэта трэба. Не раскісай! Не сварыся са мною! Не скідай усіх цяжкасцяў на адну Віку!
Света адвезла Максімку да мілага дзеда-лесніка і мае цяпер болей часу. Яна – лекар! З лекарам лекары заўсёды і ўсюды гавораць іначай! Абавязак – усімі сродкамі дапамагаць. Другі святы чалавечы абавязак – змірыцца з непазбежнасцю! Ад паэтаў патрабуецца мужнасць!
Што да пераезду ў Гродна, дык гэта немагчыма! Жыць засталося мала. Нешта ёсць у гэтай Геніюшаўскай хаце, што дапамагае. На ёй спыніўся пажар вайною, калі згарэла ўся Зэльва. Тут тэпаў старэнькі, босы Яначкін тата. Пахаджала яго важная мама з паноў Палубінскіх, якую ўкраў у бацькоў некалі прыгожы, малады Пётр Станіслававіч Геніуш. Бацькі яе выракліся, але лёс мяняецца, і старая Палубінская, бабця Яначкі, памерла спакойна пры гэтым зяцю.
Бацька Яначкін як толькі мяне ўбачыў, сказаў сыну: “Вось такую дзяўчыну толькі ўзяў бы!” Два разы ад яго чула: “Благаслаўляю той дзень, каі ты пераступіла парог нашай хаты!” Гэта абавязвае. Ведаю, гэта непрактычна, але практыцызм не ў маёй натуры. Гэтая асірацелая, абакрадзеная нелюдзямі хата (на іх, уміраючы, тата яе пакінуў) прыняла нас і абагрэла. Тут некалі ў асенні позні час радзіўся Юрка. Тады не было раддомаў. Я тут цяпер гаспадыня. А што начамі баюся, дык буду баяцца і ў Горадні. Не пастанавіла яшчэ, як зрабіць, але думаю так, як табе пішу.
Учора адведала мяне пляменніца Зарэцкага. Доўга сядзела ў мяне. Гутарылі, успаміналі, як некалі з Марыяй Іванаўнай, жонкай Зарэцкага, я была на Поўначы. У яе быў ці другі, ці трэці муж. Расказвала, як некалі заляцаўся да яе Янка Купала. Моцна і не без узаемнасці быў закаханы ў яе А. Дудар (са слоў пляменніцы)… Аднойчы недзе на курорце яна пазнаёмілася з нейкім “героем” і ў 72 гады выйшла ізноў замуж. Ужо развялася! Вось такога не разумею. Не этычна нейк. Вечарам учора пілі гарэлку (я – шампанскае). Гэта быў дзень нараджэння, 21 гадок, сваяка – мілага Віці. Купіла я яму гальштук.
Нядаўна прасілі мяне на вяселле. Пакуль што запрашала маці маладога. Яны абое прыйдуць запрашаць пазней. Ёй 22 гады, яму – 18! Закаханы страшна! 12 красавіка тое вяселле, а за тыдзень – у армію. Гэтак мог бы “жаніццца” і наш Валерык. Проста “ліпнуць” тут да мяне ўсе закаханыя пары, будучыя мамы. Учора смяяліся, што летам на маім панадворку будуць адныя возікі ля кветак… На вяселле я не пайду.
Адно шчанятка ўжо дзеці забралі, яно раскошнае. Зараз будзе па ўсіх. Моцна думаю пра Цябе. Ва ўсіх паэтаў танкаструнная псіхіка. Глядзі, трымайся, ваўчаня дарагое! Сэрцам адчуваю, як недзе з бяссілля плачаш. Што ж, і выплакацца часамі трэба, калі гэта аблегчыць боль. А там – што ўжо Бог дасць. Самарытанскую апеку над старымі (як жудасна…) дзеячамі перадай надзейным!
Дай Бог Табе сілаў. Цалую Тваю мілую мордачку. Маму цалуй і Валерку. Напішы, як Эрык. Няхай усё будзе добра.
Ларыса Геніюш.
Як шкада мне Броўкі! Гляджу на БелСЭ і ўсё яго ўспамінаю. Лёгкай няхай будзе яму наша зямелька.
Зэльва, 3 жніўня 1980 г.
Даражэнькая Людвіка Антонаўна!
Шчыра Вам дзякую і сардэчна цалую за мілую памяць, за шчырыя прывітанні, за неспадзяваны “салодкі падарак”. Гэта не трэба было. Гэта клопатна і каштоўна. Праўда, я мела радасць, бо такой бамбаньеры ў нас даўно не відно.
Яшчэ ўсё не магу прыйсці да сябе. Хто не прышоў у той дзень, дык ідуць амаль кожны дзень. Частую. Яшчэ не ўсе пабывалі ў мяне. Найболей было цудоўных ружаў, лільяў, гладыёлусаў і мілых, родных рагулькаў і васількоў. Хата была – як аранжэрэя! За тыдзень да гэтага дня пачалі ўжо прыносіць букеты – аж па 14 высокіх штамповых ружаў. Везлі іх у вадзе з Менску. Жаль што Лёдзя [Шышэя], якая на хвілінку да нас заехала, не магла застацца. Было хораша. Калі запяялі “Пад гоман вясёлы” (любімую песню с.п. Яначкі), дык ледзь не спынілася мне сэрца.
Вельмі крануў мяне прыезд Ніны Мацяш. Яе прывезла сястра. У хату ўнеслі на руках. Што знача – тры паэткі разам! Ніна – разумная, прыгожая. Хораша дэкламуе свае вершы. Яшчэ прыгажэй спявае дуэтам з сястрою беларускія песні. У машыну занёс яе Міхасёк, які быў гаспадаром гэтага свята. Усім вельмі спадабаўся. Хораша прамаўляў, калі яму далі слова. Еў і расказваў, як у Ольштыне часта яму сніліся бабусіны смачныя каўбаскі і паляндвічкі. Ужо паехаў. Спяшаўся. І паляндвічкі, і сухія каўбасы забралі яму на граніцы. Добра, што была там Дануся, і іх сабе забрала. Пісала, што смачныя. Міхась расстроіўся.
Мне надта цяжка было з ім развітвацца. Тактоўны, далікатны і прыгожы ды разумны хлапец. Дзівіўся і багатаму сталу. І я здзівілася, як я магла сёе-тое дастаць у апошнюю хвіліну. Баялася, што нічога не дастану, дык многа напяклі – і я, і мае дарагія маладыя сяброўкі. Адна прынесла кошычак, поўны “баравікоў”. Было і смеху, і жартаў – ці не чарвівыя? А можа, засушыць іх на Каляду? А кошычак быў спечаны, “баравікі” – таксама.
Пілі, закусвалі, прамаўлялі, аж сэрца ўздымалася з радасці. Дануся, Аляксей Міхайлавіч з жонкаю і сябрам начавалі. Было гэта так прыемна, так родна. Хораша сябе паказалі Баранавічы. Маладцы! Усе знаёмыя яшчэ пад уражаннем гэтага дня.
4 жніўня. Прыйшлі зноў віншавальнікі, і дапісваю ліст сяння. На жаль, тое насеннечка не ўзышло. У посуд, у які я насыпала зямлі і пасеяла звоначкі, знекуль налезлі мурашкі. Зрабілі там хады, наклалі белых яечак. Я нічога не магла зрабіць.
5 жніўня. Вам пішу першай і, як бачыце, ніяк не магу закончыць ліст. У нас – дажджліва і зелена. Дня няма без дажджу. Даслоўна. Усё яшчэ прыходзяць, віншуюць людзі, або хоць так заскочаць на пару слоў. Зварыла крыху маліны. Наабірала чорнай смародзіны. Разатру яе з цукрам. Увесь час занята да апошняй хвілінкі.
І так, уступіла я ў восьмы дзесятак гадоў. Хочацца, каб хоць крыху і ён быў плённы. Жаль, здароўе няважнае. Пагоршвае яго гэтая немагчымая пагода. Вызаву нявестцы яшчэ не прыслалі. Непакоюся, таму што яна хоча прыехаць з Алесікам, а яму 1 верасня трэба ў школу. Паступіў у тэхнікум нейкі садова-агародні. Гэта яму падабаецца. Рада, што паехаў Міхась, хоць моцна без яго сумую. Даведалася, што яго тут хацелі пабіць. Пасябраваў тут з харошай дзяўчынай. За яе, быццам. Але ўсё выглядае на правакацыю. Міхась – разумны і тактоўны хлапец, але ведае дзю-до і каратэ, і каб яго закранулі, дык бараніўся б. Нельга мне больш яго сюды клікаць. І так, Богу дзякаваць, 70-годдзе маё абышлося без інцыдэнтаў... Як я тут бачу, то віна Міхася ў тым, што разумна выступіў, калі далі яму слова. Разумнымі, тактоўнымі быць нам нельга. П’яніцамі – можна.
Як Вы маецеся? Яшчэ раз за ўсё вялікае дзякуй. Цалую і абнімаю Вас. Прывітанні ўсім хатнім.
Ваша Ларыса Геніюш.
Зэльва, 5 жніўня 1980 г.
Добры дзень, сябра Пётра!
Усё яшчэ падае дождж, прыходзяць віншавальныя паштоўкі і тэлеграмы, і людзі ў хату. Яшчэ ўсё стаўлю чарку, частую, чым маю, і смяюся, хоць крыху стамілася. Сяння на Вашыя рукі шлю Вам усім шчырую падзяку за Вашую прысутнасць, цёплыя словы, адвагу і розум. Дзякуй Вам, сябры! Я ведала, што харошы наш сябра Усевалад, але што настолькі аж дарагі і харошы — не спадзявалася. Хочацца верыць, што ён здароў, што бадзёры і радасны, як і раней. Ці не гневаецца на мяне мілы прымак, што пратала ад яго крыху чарку, каб яна не перамагла яго, харошага і мяккага (да чаркі...) сэрца? Як маюцца паважаныя сябры-мастакі? Дзякуй і ім за мілую прысутнасць у маёй хаце.
Пісала Ніна Мацяш. Заехалі яны ліўнем на 12 г. ночы дамоў. Гродзенцы мілыя ў нас начавалі, і доўга ў ноч яшчэ звінелі чаркі ля стала. На раніцу — таксама. Вечарам зноў поўна спозненых гасцей. I так цэлы тыдзень. Але не ўсе яшчэ за сталом пабывалі. Я рада з гэтага.
Міхась паехаў 1 ліпеня. Дзяўчаты не выходзілі з хаты. Ледзь не дайшло да авантуры, бо і хлапец мой закахаўся. Добра, што паехаў, бо яго тут хацелі пабіць. За дзяўчыну. Гэтага мне тут толькі і бракавала... Сумна мне без яго, бо хлопец харошы, талковы, але казаў мне, што мусіць ехаць. На граніцы забралі яму любімыя паляндвічкі і каўбаскі. Вельмі быў злосны. Забрала іх тады Дануся. Пісала, што вельмі смачныя... Я думаю...
Вельмі ўдзячная спрытным і дарагім рукам за слаўную чарку, якая красуецца на маім стале. Чым, Пётра, я заслужыла ў Вас на такую ўвагу? Увесь час, ад тых даўніх часоў успамінаючы, усё думаю пра гэта і падзіўляю Вас. Чаму не прыехаў Яначка з Тафіляю? Што ў іх там здарылася? Падзякуйце ім за тэлеграму. Абавязкова! Не пішу ім, бо не ведаю, дзе яны.