15158.fb2
Нічога не ведаю, ці вярнуўся Юра і калі прыедзе сюды? Вызаваў нявестцы і Алесіку яшчэ няма. Чужых людзей стараюся не пускаць у хату. Навошта? Баюся, што ў выпадку з Міхасём гэта была правакацыя, хоць дзяўчо добрае, разумнае і саромнае. Прыходзіць да мяне. Галоўнае, што нічога не махлюе.
Як Вы заехалі? Пісаў Вайтовіч. Ён захоплены Вамі і песняй. Я таксама. Гэтую песню вельмі любіў с. п. Муж... Ён спяваў яе ўсё жыццё. Пётрачка, і чым Вы яшчэ мяне задзівіце? Я ніколі не думала, што Вы такі харошы спявак. Жаль, такі голас мог бы гучаць і на сцэне, і ў храме, калі б Вы яшчэ надумаліся пасвяціць сябе ў айцы духоўныя. Пан Алесь [Траяноўскі] прыслаў мне сваю кніжачку – пераклады вершаў з кашубскай мовы. Харошая кніжка. Называецца: “За даляглядам край Сталемаў”.
I так: Баранавічы заваявалі сэрцы нашых жанчын і ўсіх маіх сяброў! Дзякуй Вам, нашы дарагія Баранавічы! Жаль, што не прадбачыцца ўжо юбілеяў, але прыязджайце ў маю ціхую хату і без юбілеяў. Прыязджайце ў радасці і ў горы, як да сваіх. Столькі добрага Вы для мяне зрабілі, што Вы ўсе – як свае ў маёй хаце.
Кніжка ўжо ў выдавецтве. Вельмі хачу яшчэ яе ўбачыць. Зноў выглянула сонейка. Вы, недзе, п’яце піва! Нельга, мой дружа! Трэба, каб сэрца Вашае было – як звон! Усіх, ад нас усіх вітайце! Не забывайцеся!
Са шчырасцю да Вас – Ларыса Геніюш.
Зэльва, 12 жніўня 1980 г.
Шчыра паважаны і дарагі Язэп!
Колькі дзён, як у дарозе да Вас і “Полымя” і “Маладосць”. Даруйце, што крыху затрымалася з лістом. Забегалася, стамілася. З нашых быў толькі Міхасёк, які хутка мусіў ад’ехаць. Спяшаўся. Здаецца мне, што было ў нас вельмі хораша. Перадусім – многа кветак. Букеты пачалі прыносіць яшчэ задоўга да юбілею. Прыехала многа харошых сяброў. Адзін пакой быў застаўлены сталамі. Па белых абрусах – тканыя нашыя паяскі. Была чарка, было і да чаркі. Міхась казаў – каралеўская гасціна, але яна была толькі – беларускай.
Жаль – не было дарагога майго с. п. Гаспадара. Сябры перад застоллем адведалі і Яго. Хораша прамаўлялі. А як грымнулі – “Пад гоман вясёлы”, дык спыніўся мне дых, бо гэтую песню праз усё жыццё пяяў с.п. Яначка. Хто не змог прыехаць, дык прыслалі падаркі і мілае віншаванне, размаляванае і напісанае ў стылі і спосабам скарынаўскіх друкаванняў. Кожны падарак – прадуманы, харошы, родны сувенір ці нешта зробленае сваімі рукамі. З цеплынёю, з любоўю.
Калі далі слова Міхасю, дык сумеліся, як талкова, як хораша выступаў ён на роднай мове. Хлапец не п’е. Усім ён вельмі спадабаўся. Паэтку Ніну Мацяш ўнеслі на руках у хату. У яе хворыя ножкі. Маладзенькая яшчэ, вельмі прыгожая. Цудоўна пяе, дэкламуе. Сястра яе прывезла на сваёй “Волзе”. Была і мілая Дануся Бічэль.
Чытала яна за сталом зваротку за звароткаю. Хораша, узварушліва ўсе прамаўлялі. Нехта вылез з аўтобуса, каб нарваць у полі букет васількоў… Высокія, чырвоныя гладыёлусы. Два букеты белых ліліяў ля іх, а далей – ружы, васількі, рамонкі і ўсяго, усяго.
Толькі што быў ліст ад Міхася. Богу дзякаваць, заехаў шчасліва. Крыху тут закахаўся… І ў гэтай справе адносіцца з даверрам да бабусі… Залатое дзіця. Каля 15 жніўня мае прыехаць сюды Юра.
Змушаная кончыць ліста. Усім сэрцам дзякуй Вам за добрыя словы. Вітайце сваю мілую жоначку.
Ваша Ларыса Геніюш.
Госці ішлі яшчэ праз цэлы тыдзень… Дзякуй ім, нашым добрым, простым людзям за тое, што ёсць у іх сэрцы.
Зэльва, 24 жніўня 1980 г.
Даражэнькая Людвіка Антонаўна!
Яўгінні Аляксандраўне я ліста напісала. Як бачыце, не ўсе мае лісты даходзяць да адрасатаў, як і Белакозу. Я напішу ёй яшчэ раз. Перадавайце ёй ласкава мае прывітанні.
Вашай просьбы выпаўніць не магу. Здымка Я. Станкевіча не маю ні асобна, ні ў групе. Усе здымкі іх сям’і загінулі ў Празе. Я ведаю, дзеля чаго Вам гэта патрэбна.
Учора ноччу прыехаў сын. Нявестка з Алесікам прыехалі 19 жніўня. Цяпер яны ў Гомелі, дзе жыве нявесткіна маці і сястра. У мяне час ад часу госці. Усё яшчэ віншуюць з 70-годдзем. Шчырыя, харошыя сябры. Напрыклад, гляжу – стаяць нейкія “джэнтэльмэны” на вуліцы (мы жывем ад надворка) і ўсё паглядаюць у бок маёй хаты. Пасля пачынаецца рогат. Гэта таму, што нехта пазнаў мяне, ведаючы з фатаграфіі. А спыніліся яны ля нас таму, што шукалі кветак для Ларысы Геніюш. Убачыўшы мае флоксы і юргіні, хацелі крыху папрасіць. Міла мне было прымаць іх і гасціць у маёй хаце. Учора было падобна. Я была рада, што прымаў іх сын са мною разам. Вось так амаль кожны дзень.
Канчаю ліст 26 жніўня. Сяння не падае дождж. Збіраемся з сынам на могілкі. Валя з Алесікам яшчэ не прыехалі. Дастала крыху мяса, дзве качкі, так што маю чым прымаць гасцей. Спякла шарлотку з яблыкамі. Сын усё хлебча піва альбо чорную каву. Калі захоча есці, дык сам шукае. Зупы ніякае не есць. Кажа, што яна надаела яму ўдома. Найлепей любіць гурочкі са смятанаю. Гарэлкі не п’е.
Бегаю, як у 20 гадоў, хоць ногі мне пабольваюць. Спакойна, нарэшце, сплю, бо не баюся. Пасля адной будзе сумна і страшнавата. Спяшаюся. Цалую Вас сардэчна. Усім-усім прывітанні.
P.S. Калі б Вы звярнуліся да Галіны Тумаш, дык яна, напэўна, той здымак для Вас (Вас яна асабліва шануе) дастала б.
Яшчэ раз цалую – Ваша Ларыса Геніюш.
Зэльва, 12 верасня 1980 г.
Шчыра паважаны і дарагі Язэп!
Даруйце ласкава, што спазнілася з адказам. Дзякуй Вам за добрае слова аб маіх вершах. Яны ўжо не тыя, што раней. Старасць – болей стрыманая, павольная. Выдаючы “Невадам з Нёмана”, мяне ніхто не пытаўся, дзе я нарадзілася. Усім нечаму здавалася, што ў Гудзевічах. Я нарадзілася ў Жлобаўцах. Гэта 12 км ад Гудзевіч, два – ад Воўпы і, мусіць, 8 – ад Рэплі. Гэта быў фальварак майго таты.
Некалі тата мой загневаўся на дзеда Паўла. Пакінуў на полі каня і баронку, а сам уцёк на японскую вайну. На шчасце, вайна ўжо канчалася, і тата прывёз з сабою толькі высокую, кудлатую шапку і медаль: “Да вознаградит вас Господь в своё время”. Пасля, калі мы падрасталі, а тата часам падпіваў, мама казала яму: “Да вразумит вас Господь в своё время”.
Дзед сустрэў сына па-біблійнаму. Першае: адмыў яго ў лазні. Склікаў гасцей, зарэзалі парася і баранчыка, а пасля, дзеля спакою, ажаніў яго. Мама мая родам з Завадзіч. Гэта сяло ля Чарлёнай. З роду Манютаў. Дзед арандаваў чужыя маёнткі. Свайго не меў, бо вучыў дзяцей. Вось тады мой дзед Павел (гудзевіцкі) купіў у графа Красінскага на банкаўскі доўг невялікія Жлобаўцы. Мама яшчэ крыху дакупіла зямлі за свой пасаг. Там, 27 ліпеня 1910 г. (па старому стылю) я і нарадзілася па смерці каханай, першай дзяўчынкі – Ліды. Была, казалі, вельмі капрызная, худая. Аднойчы вецер ледзь не панёс мяне ў неба.
Вучылася я ў Ваўкавыску. Жаль, дарагі Язэп, што Вы тады гэтага не ведалі. Цягнік хадзіў ноччу, аўтобусаў тады не было, коні мелі заўсёды шмат працы, дык не раз, калі вельмі хацелася дамоў, я бегла цярэспале з Ваўкавыска ў Жлобаўцы. Гэта было якіх 30 км. Тата дзівіўся лёгкасці маей і адвазе. Аднойчы падыходжу сваім балотам да Жлобаўцаў, а каровы рыкаюць на балоце, сабраўшыся ў купу, аж страх. Не відно пастуха. Калі прыбегла, дык тата аж збялеў. “Ці не сустрэлі цябе ваўкі?” Не, кажу. “Толькі што бычка разарвалі за могілкамі”. Дык вось чаму рыкалі каровы...
Я была вельмі непрыгожая і нікому не падабалася. Гэта пазней ужо пачалі панічы страляцца ды выкрадаць мяне ад бацькоў, аж пакуль досмерці не замацаваў мяне харошы і дарагі мой с.п. Яначка.
Пасля гімназіі я была ўдома. Вучыць далей мяне не было грошай, бо надта быў цяжкі бацькоўскі доўг на Жлобаўцах, бязмерна высокія падаткі. На працу не бралі дзяцей “багатых” бацькоў, і гэта было маё шчасце. За гэтыя гады, ужо з асветаю, я яшчэ цясней зжылася з беларускай народнай стыхіяй, якая ад народжання бурліла ўжо ў маім неспакойным сэрцы. Такую мяне і ўбачыў с.п. Муж.
Пару слоў, Язэпка, я ўжо Вам напісала, але трэба паўнейшы адказ на пытанні.
Мой юбілей закончыўся трагічна. Прыехаў мой “высокакультурны” сын, прыехала і яго жонка з Алесем. Абое надта наракалі, што не маюць грошай (я ў іх нічога не пытала). Пасля сын пачаў нудзіцца, наракаць на тое, што трэба ехаць яму, “светавому інтэлігенту”, у нейкае захалусце, бо “выпадае” хоць раз у год паглядзець на старую маці. Даслоўна гэта. Я, безумоўна, звольніла яго з падобных “абавязкаў” на будучыню. А пасля ён паказаў такую “культуру”, так закончыў светлае маё, сяброўскае сардэчнае святкаванне, што ратуюць цяпер маё сэрца нітрагліцэрынам і інш. Падняўся і ціск крыві. Крышку мне ўжо лепей. Бачыце, сумленне – рэч зусім не модная. У руку яго не возьмеш, яно не аплочваецца. Але, калі яно хоць крыху захавалася ў майго нашчадка, дык думаю, што сам ужо ніколі не пасмее пераступіць парог гэтай няшчаснай, асірацелай, спаганенай імі, а дарагой усім добрым людзям хаты. Яна – бедная, старая, сялянская, але добрыя людзі яе не мінаюць.
Што да Вашай дачкі, дык мне аб гэтым сказала нявестка. Дачка Ваша разумная, сама ведае, што робіць. Я раджу Вам прыняць і благаславіць тое, што народзіцца і не пытацца нават пра таго “бацьку”, якога яна ні знаць, ні назваць Вам не хоча. Часы мяняюцца. Гэта яе справа. Вам давядзецца толькі дапамагаць. Так здарылася і ў маёй знаёмай. Маці яе з гора памерла. А яна гадуе цяпер свайго Вадзіма. Працуе асістэнткаю ў знамянітага прафесара, шчаслівая.
Язэпка, мілы, прамоклі мы тут наскроз. Бульба ў нас – як гарэхі. У гародзе толькі – крыху часныку, буракі ды морква. Яшчэ ўсё падымаюць палеглае жыта. Пагоду не заплануеш. Да яе трэба нейк дастасоўвацца. У адных – ліўні, а ў другіх – засуха. І людзі сталі нейкія ненармальная. Адзін стары бацька пару тыдняў таму засёк сына ноччу. Забіў нявестку, трое ўнукаў і сам пад раніцу павесіўся. Адзічэў, адурэў чалавек начыста. Доўга мы не маглі прыйсці да сябе пасля гэтай падзеі. Нейкі цень лёг на душы людзей. Валачыўся ён недзе па цэлым свеце, а на старасць вярнуўся дамоў. У нашым народзе падобнага яшчэ не было.
Вельмі добрае ўражанне пакінулі па сабе ўнукі. Толькі з малодшым нявестка не дала мне нават пагаварыць… Ён вельмі шчыры і мог бы шмат расказаць. Няхай Бог ім памагае і дасць розум майму “культурнаму” сыну-лекару, хоць такі, як у ягоных продкаў земляробаў малапісьменных. Між іншым, так некалі сын завяршыў і мае 60-годдзе. Яшчэ адзін яго візіт, і па мне будзе. Як ратаваць яго, як дапамагчы?
Жыву адна. Днямі бывае поўна людзей, а начамі – зусім адна. Страшнавата. Што пішуць Вашыя? Куды паехала маладая пара ў шлюбнае падарожжа? Якія перспектывы далей? С. п. Муж мой лічыў іх самымі чэснымі і добрымі людзьмі. Я – таксама. Учора перадавалі выступленне літаратурнага аб’яднання з Наваполацка па тэлебачанні. Высокі інтэлектуальны ўзровень і сапраўдныя таленты, ды вернасць зямельцы нашай маладых літаратараў. А якая мова! Такія будуць бараніць гуманныя вартасці культуры свайго народу, каб дастойна ўнесці іх у скарбніцу агульналюдскай культуры.
А цяпер наказ вам абоім: глядзеце сябе ўзаемна, свайго здароўя. Бяда, калі людзі ўміраюць. Калі родзяцца, дык гэта – шчасце! Богу дзякуйце за ўсё, што Ён пашле Вам і ўсёй душой будзьце пры мілай Люцынцы, бо, напэўна, нялёгка ёй, беднай. У гэты час і заўсёды будзьце найлепшымі сябрамі пры ёй.
Жадаю Вам шчасця і здаровячка! З павагай і цеплынёй да вас абоіх – Ваша Ларыса Геніюш.
Нечаму не піша мне Міхасёк. Не піша ён і дзяўчынцы, якая тут сохне па ім… Ці хоць там усё ў парадку?
Зэльва, 23 кастрычніка 1980 г.
Даражэнькая Людвіка Антонаўна!
Даруйце ласкава маю нетактоўнасць. Я ведала, што дзень Вашых народзінаў увосені. Па тэлефоне гаварыла пра гэта і мілай Данусі (яна непакоілася Вашым маўчаннем). Але думала, што крыху пазней. Яшчэ была адна прычына. Гэта – маё нікуды не вартае сэрца. Задумалі пакласці мяне ў больніцу, але я адпрасілася. Выпісалі 6 гатункаў розных лекаў. Хаджу штодня на траякія ўколы. Жыву яшчэ, безумоўна, але ці будзе лепей? Гэта ўсё пасля вельмі дрэннай элекракардыяграмы. Я захісталася крыху і болей эгаістычна падумала пра сябе. Нечаму пачала ратавацца. Сяння думаю, ці варта было? Я ж тут – нікому ўжо не патрэбны чалавек, а шмат хто чакае ўжо нават маёй смерці...
Мастака з Рыгі, здаецца, ведаю. Гэта наш Слава Целеш, напэўна. Цешуся, што наведалі Вас такія мілыя госці. Алега Лойкі толькі нечаму я не люблю. Аднак гэта толькі мае капрызы, з якімі справіцца цяжка.
Учора быў дождж, а мяне пацягнула з апошнімі юргінямі да с.п. Яначкі. Ледзь давезлі мяне, на дарозе падабраўшы, дамоў… 21 кастрычніка быў дзень народзінаў нашага сына. Было аб чым “пагаварыць” са с.п. мужам. Сыну не пісала нічога. Няхай добры Бог ім усё даруе. Я вылечуся, безумоўна, але след застанецца да смерці. Богу дзякаваць, хоць што ўнукі ўмеюць думаць, і жыццё яшчэ не пакарожыла ім душаў.
На наступны год я прыеду на дзень Вашых народзінаў. Напэўна. Суседкі тут мяне даглядаюць. Прыходзяць нанач. У хаце – цёпла. У душы – халадно… У Язэпа Найдзюка крыху “бяда”, але гэта зусім не бяда! Я ім усё напісала, і яны згодныя са мною. У іх нарадзіўся ўнук у Люцынкі, наймалодшай дачкі, якой 29 год. Яна выкладае ангельскую мову ў Мед. акадэміі ў Беластоку. Выгадуе сына сабе на радасць і без бацькі!
Цалую Вас сардэчна і ўсіх шчыра вітаю – Ваша Ларыса Геніюш.
Зэльва, 17 лістапада 1980 г.