15158.fb2
Я Вам вельмі ўдзячная за Вашу мілую шчырасць. Я згодная з Вамі, але не магу стаць у адзін рад з тыпамі, якія толькі і звяртаюцца да людзей: “И когда же она помрёт?” Агідна мне ад такіх “добразычліўцаў”. Богу пакідаю лёс – і іхні, і свой, і ніякага сыцейшага куска хлеба з такіх рук не пажадаю! Цалую Вас! Вітайце хатніх.
Ваша Ларыса Геніюш.
Зэльва, 23 снежня 1981 г.
Даражэнькая Людвіка Антонаўна!
Дзякуй за ліста, за прывітальную святочную картку. Пытаецеся, ці ёсць весткі ад сына? Няма зусім! Нават не ведаю, ці дайшлі да іх мае пасылкі, ці дзе застраглі? Няма ніадкуль лістоў з-за мяжы! Справа ў тым, што на іхніх віншавальных картках бываюць падчас анёлкі. Яны для зэльвенскіх цэнзараў маіх лістоў страшней за атамную бомбу. Магчыма, аддадуць мне тыя лісты, добра іх прымяўшы ды выпатрашыўшы, гэта бывае, але толькі пасля Вадохрышча, апошняга хрысціянскага свята, звязанага са святам Каляд.
Гэтаму ўдзяляецца тут агромная ўвага. Куды большая, чымсці пустым перадсвяточным прылаўкам, на якіх – ні масла, ні каўбасы. Ёсць, праўда, сытае мяса па 3 руб. 30 кап. кг. Але дзе-хто нешта закалоў, ці нешта прыслалі пасылкаю, ці з сяла прывезлі – так тут і кідаемся.
Вось не сплю начамі са страху аб сваіх, але такі ўжо “рытуал” – лісты ў нашай культурнай краіне аддаюцца нам толькі тады, калі ўсе анёлы і нованароджаны маленькі Хрыстос стануць меней актуальнымі для жадаючых дабра і любові, спакою і міру людзей.
Хаты нашай зімою зносіць не будуць. Яна і суседнія стаяць насупраць пышнага гарсавета, перад якім павінен быць “парк культуры и отдыха”, здаецца. Бог ведае, што знача культура. У кожным выпадку, паркі яшчэ яе не робяць. Сяння – наадварот. Хата наша цікавая. У вайну згарэла ўся амаль Зэльва. Пажар спыніўся на нашай хаце, якая засланіла сабою другія. Хлеў згарэў. Стары мужаў тата Пётр Станіслававіч (былі, відно, з уніятаў, як і мой дзед Павал Францавіч) застаўся ў Зэльве, не ўцёк, і ўсё паліваў чарапіцу вадою. Так і захаваў хату. Памёр, бедны, адзінокі. Яго тут арганізавана дашчэнту абабралі, але пустыя сцены, дзе некалі нарадзіўся наш сын, а пасля гадаваўся ўнук, нам вярнулі. Спачатку спалі мы на сяннічку на зямлі і былі шчаслівыя, што мы ў сваёй хаце. Пасля купілі керагаз. Я пасадзіла дрэвы і кветкі, з якімі размаўляла. Будзем бачыць, што далей прыдумаюць з гэтай хатаю зэльвенскія “вяльможы”. Я на паганым уліку, бо акрамя суседскіх дзяцей і людзей нашых простых па пошце прыходзяць яшчэ анёлкі… Вось так.
Настрой мой дрэнны. Здароўе такое, што магло б пацешыць маіх самых заклятых ворагаў у Зэльве. Галоўна – нейкага Карпеева ў райспалкоме, якога вялікім адзіным козырам ёсць, што ён сын пастуха, а людзі зусім не застанаўляюцца на тым, што Ленін не быў сынам пастуха. Маркс – таксама. І аднаго толькі факту пастуховага паходжання мала для таго, каб разумець людзей, дапамагаць ім, рабіць іх сябрамі савецкай улады. Народ – гэта не статак кароў, дзе пастух усемагутны над імі. Народ – гэта і ў нас, да пэўнай меры хоць, дэмакратыя.
Даруйце ласкава, што думаю і разважаю, пішучы да Вас. Бо з кім жа мне пагаварыць? Шмат пакрыўджаных прыходзіць да мяне па раду, і адзінае аб’ектыўнае жорала, дзе яшчэ ёсць справядлівасць, гэта наша ЦК. Было такім яно пры Машэраве, думаю, што і сяння такое ж.
Цешуся, што Вам крыху лепей. Думаю, што гэта звязана і з пагодаю. Калі мароз – і мне шмат лягчэй. Былі ў мяне нядаўна госці з Менску, два сябры. Рослыя, як дубочкі, разумныя, талковыя, добрыя. Жаль – прывезлі мне трохі прысмакаў і паспяшаліся дамоў. На Вас гляджу з любасцю па тэлебачанні. Цешуся, што Вы маеце такую добрую памяць, што мова такая цудоўная, што кажаце “Менск”... Заўтра ў 19 г. 20 мін. будзе зноў перадача з Вашым удзелам – 20 мінут.
Мне ніхто не прысылае газетаў з матэр’яламі пра М. Багдановіча. Чытаю “ЛіМ”, “Литературную газету”, дзе таксама хораша пісалі пра яго. Учора глядзела перадачу са святкавання ягонага ж 90-годдззя ў Маскве. Прайшоў там гэты вечар на ўзроўні. Мне спадабалася.
Пасылкі ў Польшчу, на жаль, забаранілі, як быццам яны цяпер там меней хочуць есці, як дзве нядзелі назад… З нецярпеннем чакаю на які мудрэйшы загад нашай суседскай спагадлівасці да іх і добразычлівасці. Што там робіцца, дык і зразумець трудна. Я шкадую палякаў, бо і яны не меней за беларусаў пацярпелі ў вайну. Жаль – не ўсе з іх разумеюць, што і мы – народ стары і вартасны, і ніякая “ў будучыні”, як яны кажуць, “калонія” для іх. Пра гэта няхай яны забудуцца!
Усе мае цяжкія думкі, ці праўдзівей, толькі частка з іх, ляглі ў ліст да Вас. Даруйце ласкава, а самі трымайцеся яшчэ многа гадоў. Вы маладая яшчэ, бо разумная, харошая і адважная. Цалую Вас і абнімаю. Вітайце ад мяне хатніх.
Ваша Ларыса Геніюш.
Ведаю, што студзень для Вас – цяжкі месяц. Няхай Бог пацешыць Вас і Вашых родных і дарагіх, што з Вамі.
Зэльва, 17 студзеня 1982 г.
Даражэнькая Людвіка Антонаўна!
Вельмі радая вестачцы ад Вас. Раздзяляю з Вамі ўсе Вашыя душэўныя цяжкасці і тую горкую дату смерці с.п. Вашага сына, якая набліжаецца. Трымайцеся, дарагая. Найгорай са Слаўкаю, але калі б дасталі рондаміцын, дык і абышлося б. Гэта вельмі добры антыбіётык. Трэба яму ставіць банкі, і няхай вылежыцца, каб не зарана ўстаў.
Наконт лекараў, дык нічога мне казаць не мусіце. Тут робіцца ўсё з абавязку. Няма той цягі, бескарыснай любові да людзей і ахвоты дапамагчы. У нас не лепей, калі не горай. Даруйце мне, але, паводле мяне, дык толькі сапраўдны хрысціянін можа быць добрым лекарам-самарытанінам. Я ведаю, як гэта можна любіць хворых, дапамагаць ім. Калі трэба, дык зусім бескарысна. Такога я тут яшчэ не сустрэла... Добра, што хоць вярнуўся другі кот. Як можна любіць жывое стварэнне, адчуваю і сяння, гледзячы на прыблуду Жука, які дзень і ноч ад мяне не адыходзіць. А ночы бываюць трывожныя. Ён, як званочак, як адзіны верны мой сябра, які не пакіне ў бядзе.
Што да А. Лойкі, то гэты “ЛіМ” у мяне ёсць, але ягонага “опусу” я не чытала, на жаль. Зраблю гэта неадкладна. Ведаю гэтага “генія” даўно і добра. Некалі вайною па чэшскай мабілізацыі быў мой с.п. Муж у Слоніме. З ім працаваў фельчар, бацька А. Лойкі. Мы ўсё рабілі, каб выратаваць с.п. Мужа ад гэтай “мабілізацыі”. На жаль, удалося выратаваць толькі мяне (бо і мяне падалі ў спісках!) як не лекара. Хто мог, адкупіўся. Мы, як заўсёды, былі бедныя. Трох іх забралі: Дылеўскага, якога немцы пасадзілі, Басовіча, які там загінуў, і с.п. Мужа. Пасля 11 месяцаў перабывання ў Беларусі яму далі хатні арышт і выслалі без права практыкі ў т.зв. Ostland.
І вось у 70-х гадах быў суд над тым слонімскім Эранам, гаўляйтэрам. На суд як сведку выклікалі фельчара Лойку. Там выяснілася, што і с.п. Муж мой быў прыгавораны Эранам да пакарання смерцю, але таму, што ў нас у Празе былі вельмі важныя знаёмствы ў медсавеце і сярод немцаў (не ўсе немцы былі нацысты!), дык мусілі вярнуць яго ў Прагу. Гэта вельмі цікавая справа. У Слоніме с.п. Муж як мог ратаваў сваіх людзей і сёлы – настолькі, што і яго прыгаварылі на смерць…
Заўсёды думаю толькі, за што нам далі тады па 25 год кары? Мы не прывыклі хваліцца зробленым для народу. Карыстаць з гэтага – тым больш. Адзін раз толькі я ўспомніла найдаражэйшых сваіх братоў, калі парэзалі Юрку ў Польшчы, і я палякам прыгадала іх, каб тыя апамяталіся, што чаўпуць супраць беларусаў на іх зямлі! Прыехаўшы з Гамбурга, Лойка паведаміў нас аб судзе над Эранам і аб кары смерці, якую ён вынес с.п. Мужу. Алег Лойка бываў у нас даволі часта, але калі, будучы ў Менску, с.п. Муж папрасіў у яго пазычыць 3 руб., дык сказаў, што грошы толькі ў ягонай жонкі… А с.п. Яначка быў тады галодны. Мы пазбягалі яго ад таго часу і не клікалі ў хату. Многа прыкрасці нам прынесла і ягоная сваячка, якая ў нашу хату “пралезла”, пакуль нас не папярэдзілі… Усё тут гладка, лісліва, і на праўдзе фактаў такім не залежыць.
Мне надакучаюць з тым, каб уступіла ў Саюз беларускіх савецкіх пісьменнікаў. Людзям не падабаецца мая “персанальная”, як кажуць, пенсія – 33 руб. 75 кап. А я не хачу больш зумысна! Можа, таму, што амаль кожны хоча болей уварваць за ўсякую хлусню, напісаную для святой Беларусі, а мы прывыклі працаваць для дабра яе бескарысна і цярпець для яе ўсё жыццё. Я дацярплю ўжо нейк. Я не галадаю, і дом мой гасцінны, і стол не парожні, Богу дзякаваць…
Пішаце, што Лойка паступіў подла, але за подласць найболей плацяць, а я нават слова няпраўды не ўмею сказаць… Я хачу быць такой, як я ёсць! Як ні паганяць, ні нішчаць мяне, але бруд адпадае. Сам па сабе ён на мне не трымаецца… Хачу, каб Вы мяне зразумелі.
Дзякуй Вам за цудоўныя, дарагія сувеніры М. Багдановіча. Прышлеце яшчэ што, калі маеце больш. Мне ніхто нічога не прыслаў. Маладыя сябры прывезлі толькі “Вянок” і “Дзень паэзіі”, дзе ёсць мой адзін верш. Нешта слалі мне, але канверт прыйшоў зусім парваны і выпатрашаны, перавязаны матузком, з лістом толькі. Той канверт я адаслала сябрам як узор культурнага абслугоўвання нашага грамадства. Пабудавала ім дзяржава пошту, як палац, цёплую, вялікую, дык маглі б хоць працаваць там добрасумленна. Буду вельмі чакаць хоць кароценькай вестачкі ад Вас аб здароўі Вашым і, галоўнае, Слаўкі. Бедны юнак, але да пэўнай меры і добра, што ён каля Вас. Не ўздумайце хоць выбірацца на могілкі 26 студзеня… Пацяплее – тады завязеце кветачку яму. А так успомніце ўдома.
Учора нарэшце было пару слоў ад Міхася, які цяпер у Беластоку. Пасылку атрымаў. Ліст – з абдзертымі маркамі, клеяны-пераклеяны, змяты. Быццам мы не Еўропа і не канец ХХ веку ў нас, а нейкае Сярэднявечча.
Будзьце здаровенькія! Усіх шчыра вітайце. Цалую і абнімаю Вас і Слаўку.
Ваша Ларыса Геніюш.
Няхай лекар назначыць Слаўцы рондаміцын і параіць, як яго даваць. Я пазалетась вылечыла ім васпаленне лёгкіх. Памагло. Цяпер я моцна хварэю на грып. Сяджу ўдома, не выходжу.
Зэльва, 27 студзеня 1982 г.
Добры дзень, Валодзя!
Ліст твой патрос мяне, як патрасае чалавека адкрыты, магільны дол, куды на вечнасць аддаюць зямлі астаткі нашага мінулага, некага, хто быў нашай народнай вартасцю, на гэты раз – у песні.
Лірычны тэнар. Наша народная песня ў яго выкананні была непараўнальна чароўнай у свой час. Яна ўзносіла беларускія сэрцы, прамаўляла дасканаленай вякамі мелодыяй зямлі і вяртала ў лона народу тых, хто нечаму адышоў ад роднага, ад свайго. Была сілай і асалодай для пазбаўленых у той час права на голас беларусаў.
Напішы мне: калі, як ён памёр, хто пахаваў яго і дзе яго пахавалі? Няхай лёгкай будзе яму чэшская зямля. Спачывае там недзе Ф. Скарына і многія сыны нашай Беларусі. Няхай жа ім сняцца сны аб Беларусі!
Час бязлітасна і няўмольна забівае пакаленне за пакаленнем, па якіх пакідае народу сляды. І тут засталася беззаганна выкананая, вынашаная ў сэрцы песняра, ягонае маці і продкаў, выпеставаная доляй народу нашая песня. Высака ўзняў яе сваім майстэрскім, высокамастацкім выкананнем у змрочны для нас тады час. Пасля ён ужо не здольны быў так цудоўна яе перадаваць – позні быў век…
Памятаю яго прыезд у Прагу з разбітай вайною Варшавы. Няшмат было нас у Празе, але ўсе прынялі яго, як роднага. Лёс закінуў там неабыякавых людзей, так што ўсе добра разумелі ягоную вартасць і вартасць нашай песні ў яго выкананні. Перажыўшы вайну, пяяў часамі, каб даць людзям у цяжкі час чысціню і веліч свайго, роднага. На маю думку, рабіў ён разумна, бо адмераны час голасу, таланту і жыццю людскому, і данае Богам, прыгожае і велічнае, трэба сеяць заўсёды, як сеецца зерне на раллю, каб ніколі не загінуў, не звёўся наш хлеб. Зямля родзіць і корміць пры ўсялякіх, самых жудасных варунках, і гэтым перамагае смерць!
Забэйда-Суміцкі не быў нейкім палітдзеячом ці асабліва ахвярным падзвіжнікам-альтруістам. Ён быў вялікім спеваком, па натуры – хутчэй, эгацэнтрычным, бо ведаў цану сабе і адчуваў святасць беларускай народнай песні, якую яму наканавана было ўзняць з пылу сцежак сялянскіх да найвышэйшых, канцэртных вышынь! Дзякуй яму за гэта!
Я рада, што ў часы вайны магла накарміць яго і, як роднага, прыняць у нашай скромнай кватэры, дзе вучыў ён першых літараў нашага сына і перажываў разам з маім мужам усе навіны і жахі беларускай рэчаістасці ў той час. Рада таксама, што мінуў яго і той жудасны, пакутны шлях, які выпаў на нашую долю. Лёс дзеліць кожнаму роўна паводле ягоных магчымасцяў перанесці цяжар жыцця.
Перадачу, аб якой ты пішаш, я крыху захапіла. Была ў мяне якраз госця. Я чула, як казаў дыктар: “Не такі шырокі і высокі куфар, як у Ларысы Геніюш”. Здзівілася крыху.
Апошні час я перанесла цяжкі грып, але ўжо ізноў на нагах. Ад сына і ўнукаў ніякіх вестак. Я не супраць да іх пераехаць.
Аб сваёй кніжцы нічога не ведаю. Юльку за вершык моцненька пацалуй.
Зэльва, 30 студзеня 1982 г.
Даражэнькая Людвіка Антонаўна!
Рада, што Слаўка здароў і ўжо гаспадар поўны ў Вашай хаце. Сяння быў ліст ад Алесіка, малодшага ўнука. Таксама падбіраецца пад гаспадара, клапоціцца, як тут даю рады. Піша, што ў іх цяжка. Надта прыдаліся мае пасылкі. Жаль – нельга болей ім нічога ад нас паслаць. Богу дзякаваць, што хоць усе здаровыя. І што там будзе заўтра? Толькі б спакой нарэшце.
Прачытала Лойкаў “твор”. Гэта ж зашкодніцтва! Уніжэнне і Я. Купалы, і “[Нашай] Нівы”, і ўсяго таго, што было і ёсць для нас дарагім. Які ж шантаж? І каму гэта выгадна? А той “раман” Я. Купалы з літоўкаю… Падобнага я не чула ні ад Мядзёлкі, ні ад кога. Лойка быццам абмінае святое і велічнае, як той чарвяк, рад капацца на сметніку. Разумею Вашае абурэнне. І такі “твор” пойдзе да моладзі… Што ж, некаму гэта патрэбна і выгадна.
Грып мой крыху ўлёгся. Хаджу крыху павольней і цішэй спраўляюся з працаю. Адчуваю сябе, як той Рабінзон Круза на пустым востраве. Акрамя хітрага Жука пры мне нікога.
Ліст Алесіка быў шчыры і разумны. Бог пазбавіў мяне шчасця бачыць час ад часу сваіх унукаў. Абсалютна пазбавіў мяне майго роду. Усё гэта – крывавыя ўспаміны. Найбольшая трагедыя ў тым, што я прасякнутая гуманнасцю, любоўю да людзей, асабліва нашых беларусаў, культураю Захаду, якую спазнала падчас свайго прабывання ў Чэхах. Калі б ведалі, якая ў нас цяпер няроўнасць паміж людзьмі! Радзівіл некалі не быў такім грубым і высакамерным да людзей, як нашае тут начальства! Першага сакратара людзі так і хрысцяць за вочы: “Оберштурмфюрэр СС”. А кожны дрыжыць за сябе, схіляе голаў і грубыя абразы запівае гарэлкаю. Каб не балела…
Калі трэба выконваць, перавыконваць планы, дык не абавязкова такімі метадамі! Людзі як пачнуць мне расказваць, дык хочацца ўцякаць мне адгэтуль, каб не чуць і не бачыць падобнага. Культура – вялікая і святая рэч. Сіла – гэта далёка яшчэ не культура. А тварыць падобнае з людзьмі – гэта альбо ізаляваць іх духова ад спраў дзяржавы, альбо рабіць “дзяржымордаў”, падобных сабе. Вось чаму я з гэтым не хачу нічога супольнага мець. У нас прыгожы Дом культуры, але прыкладу для людзей ад гэтых “дзеячоў” ці нечага вартага дарма чакаць. Беларускага – тым больш. Адзін чалавек расказваў мне, што дачка (не родная) лупіць яго, п’яная прыйшоўшы з клубу дадому. Лаецца бязбожна. Што сярод гэтых клубных “дзеячоў” – адно разбэшчанне і гарэлка. Адно дзяўчо працавала там, дык уцякло. Чалавеку нельга стрываць такое. Хваліць падобнае і мірыцца з ім – гэта немагчыма. Гэта не на карысць ні дзяржаве, ні Беларусі, ні людскасці. Мусяе быць нейкая маральная патрабавальнасць да людзей наагул, а да работнікаў падобных прафесіяў – тым болей! Не на хітрасці і вёрткасці, а на саліднасці трэба будаваць будучыню і болей клапаціцца пра маральны воблік чалавека. Людзі, якія жывуць у мадэрных дамах, дрыжаць ад крыку вечна п’яных суседзяў, ад енку іх бітых жонак, ад лаянкаў, грубасці і нярэдка злачынства…