15158.fb2 Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 49

Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 49

Вельмі хачу і стараюся выехаць за мяжу. Толькі да сына ехаць мне нельга. Вы добра разумееце гэта самыя. Ніяк не вышлю кніжкі Лёдзе і Кастусю, бо штодня тут новыя беды на маю голаў. Язэпу [Найдзюку] напісала. Адчуваю жудасную адзіноту. “Навокал чорная сцяна і з дапамогаю – нікога. Насупраць зла стаю адна і гутару душою з Богам!”

Яшчэ раз зычу Вам найлепшага. Цалую Вас сардэчна і ўсіх вітаю.

Заўсёды Ваша – Ларыса Геніюш.

Зосьцы Верас

Зэльва, 24 лістапада 1982 г.

Дарагая Людвіка Антонаўна!

Як са здароўем? Ці цёпла Вам, ці не вельмі адзінока ў хаце? Як са страўнікам? Рухацца цяжка, але ж рухацца трэба! Богу дзякаваць, што хоць можаце “пагутарыць” са Слаўкаю. Гэта вялікае шчасце, бо вялікая любоў між Вамі. Шкадую мілую п. Галю, што так намучылася ля кухні. Але было гэта і радасна, бо – на Ваш Дзень.

Вялікае дзякуй за здымак, дзе Вы ўдэкараваныя шырокім поясам, і так трэба. Добра, што не відно той даты. Наагул, пашто яе было ткаць? Нейк людзі не глядзяць на дзейнасць сваіх выдатных людзей, але толькі сквапна лічаць іх гады, як быццам гэта самае важнае. Усюды і бясконца пра гэта пішуць, а гады – гэта даволі інтымная рэч. Я сваіх не хаваю, але не люблю, калі нехта падлічвае, колькі мне ўжо да канца і што будзе з кніжкамі, хатай, ганучамі і пад. Агідна мне робіцца. Вартасць чалавека – гэта яго імя і тое, што здолеў зрабіць у жыцці. Лепей выхаваць харошага чалавека, чымсці назбіраць шмат непатрэбшчыны на зайздрасць мяшчанам.

Калекцыянерам быў мой с.п. Муж. Таго сябра са Слоніма я ведаю, але што яму даць – дык сапраўды не ведаю. Просіць успаміны. Я іх пісаць не буду, бо надта балюча. А мае кніжкі? Дык іх жа ўсюды можна дастаць, а ў мяне амаль няма ўжо. Парассылала. Ды я яшчэ жывы чалавек і шмат да чаго часамі вяртаюся. Часта хочуць мае дываны. Божа, вечна без грошай, забыўшыся пра сябе, куплялі мы гэтую сваю “геаметрыю” за апошнія капейкі, а цяпер аддай гэта некаму, застанься з голымі сценамі і дошкамі і ўмірай адзінока… Пасля смерці с.п. Мужа я сказала аднаму сябру на пытанне, што буду рабіць са сваімі радзюшкамі? Кажу: “Буду паліць імі печку”. “Не гарэцімуць,” – адказвае. “Газаю палью, і будуць гарэць”… Вось такая гутарка.

У Вас ёсць старыя кніжкі і інш., а мы прыехалі да голых сценаў, дзе ўсё было выкрадзена. І ў Зэльве, і ў Жлобаўцах, і ў Празе была ў нас толькі любоў да роднага. Падняла я з лахманоў стары дыван, якога ніхто ўжо не ўзяў. Дзеля яго старасці. Разгарнула – а там вытканы 1900 год. Гэта быў яшчэ пасаг маці с.п. Мужа Эміліі Палубінскай з маёнтку Бобры, здаецца, ці нешта падобнае. Цяпер гэты дыван у Гудзевічах, у музеі. Надта хацелі забраць яго ў Менск. Вось такія тут у мяне “скарбы”, якія ўжо не прыбываюць – убываюць. Я нешта дам таму сябру, але калі ачуняю крыху з усіх “радасцяў” майго тут жыцця. Праўда, цяпер стала быццам крыху зацішней. Але як надоўга?

І смех, і бяда, калі ўспомню свой позні век і столькі “ўвагі” да маёй хворай, змучанай асобы. Запаліла ў печцы, бо крыху мерзну. Змушаюць мяне часта “гуляць” на вяселлях. Пасяджу крыху, павіншую, падару. То сваякі, то суседзі. А вяселлі цяпер усе – цераз 100 асоб за сталамі. Багатыя, гучныя. Людзі сапраўды матэр’яльна жывуць няблага. Гадуюць, кормяць свіней і робяць вяселлі. Я часамі вітаю маладых вершам, і тады робіцца энтузіязм.

Проста трэба цяпер нейк хавацца ці што? Вось так я тут жыву памаленьку. Малы Жук – адзіны мой верны сябра. Учора пісаў Міхасік, унук. Ён для мяне – як для Вас Слаўка. Цалую ўсіх і абнімаю.

Ваша Ларыса Геніюш.

Ці маюць дарагія Шышэі маю кніжку? Можа, паслаць ім, калі недзе дастану?

Максіму Танку

Зэльва, 22 снежня 1982 г.

Шчырапаважаныя і даражэнькія!

Бясконца думаю пра Вас. Чытаю Вашую кніжку і ўспамінаю той час, калі, трымаючы на руках малога Юрку, я чытала: «Пахне дзёгцем, потам, рыжаю аўчынай…» Мяне захапляла барацьба ў Вашых вершах і жывая, адвечна сялянская іх беларускасць. Я аглядалася вокал і адчувала тое самае. Вы шмат чаго тады абудзілі ў маім неспакойным сэрцы. Вы былі моцна, натхнёна таленавіты. Машара, Васілёк і інш. на мяне так не дзейнічалі. Вы моцна адчувалі і любілі тое, аб чым пісалі. Вось за гэты падарак Вам найбольшае дзякуй!

Любоў Андрэеўну моцна цалую за гэтую прыгажосць, якую яна мне падаравала. Чым жа я, капрызная, нядобрая, на гэта заслужыла? На цукеркі яшчэ толькі паглядаю. Іх і тую шыкоўную бутэлечку пакінула на свята. У вачах стаіць мне прыгожы, усімі агнямі асвечаны Мінск, дзе было мне бяспечна і добра. Зноў ціск быў 110 на 60. Хаджу на сосаrboxyl. Ціск ужо пабольшаў. Усім вельмі падабалася, што Вы лёгка і спрытна пераскочылі праз бар’ер, ідучы да машыны. Такі Вы вечна малады падпольшчык. Я рада, што так добра выглядаеце. Пісаў сяння сын. Просіцца сюды.

Жарты Вам – тры гады, як я іх не бачыла, а ўсё нечага спадзяюся. Я таксама ад сябе шлю хустачку Любові Андрэеўне. Вам – шлю гарэшкаў. Напішэце толькі, ці атрымалі. Пачкі да мяне і ад мяне прыходзяць заўсёды парваныя... Такая ўжо мая доля...

Жадаю Вам сто гадоў жыць радасна і ў здароўі. Усім жадаю сапраўднага шчасця.

Ваша Ларыса Геніюш.

Зосьцы Верас

Зэльва, 19 студзеня, 1983 г.

Даражэнькая Людвіка Антонаўна!

Вялікі дякуй за вестачку. З жалем бачу, што і мае лісты да Вас, відавочна, пагубляліся ў навале святочнай пошты… Думаю пра Вас, бо надыходзіць сумная дата, і Ваша сэрца будзе неспакойным… Гэта лёс, з якім нам належыць змірыцца, бо жывыя мусяць жыць. Дык няхай спіць спакойна с.п. Тонік, пахаваны і аплаканы кахаючымі яго. А Вы каб трымаліся! Глядзеце хоць крыху свайго здароўя. Бог няхай Вас пацяшае.

У нас сяння Вадохрышча. Ноччу збурыўся дзікі вецер, які дагэтуль не сціхае. Учора ліў дождж, а цяпер выпала крыху снегу, і стала нешта падобнае на зіму. Ад доўгага часу ўзялася за пяро, за лісты. То свята, то было вяселле хрышчонага сына, дзе таксама трэба было прыкласці рукі. Вяселле было шматлікае, багатае, гучнае, у рэстаране. Выручалі, перадусім, свае паршукі. Кожны, хто прадбачыць вяселле, гадуе свіней. Гасцей было каля сотні. Музыка такая, што можна ад яе адурэць. Барабанна-піскліва-гучная, да ненармальнасці крыклівая і галосная. Усё гэта я нейк вытрымала. Цешыў добры настрой гасцей, асабліва старэйшага пакалення. Пілі гарэлку па-беларуску, скакалі з азартам, дарылі шчодра. Праўда, на другі дзень вяселля выклікалі да мяне хуткую дапамогу. Пасля ўколаў я ўжо ўсё вытрымала да канца, як і належыць хрышчонай маці. Здароўем пахваліцца не магу. Вельмі слабеюць і баляць ногі, задышка. Далей ісці мне ўжо цяжка. Нешта паднесці цяжэйшае – амаль немагчыма. Ведаю, што шкодна ляжаць, але часта кладаўлюся.

У дзяцей пакуль што ўсё добра. Апошні ліст быў ад Міхася. Просіцца ў Зэльву. Пісалі і сын, і нявестка. А ўчора быў ліст ад дваюраднай сястры, дык піша, што сын жыве вельмі добра, а ўнукі – харошыя хлопцы, якімі можна ганарыцца. Ведаю, што лекары ўсюды нейк даюць сабе раду, хоць сын мой і нявестка надта скупыя і часта наракаюць на брак грошай… А мне тут хапае ўсяго, Богу дзякаваць, акрамя здароўя. Нічога сабе не шкадую, і заўсёды ёсць чым пачаставаць добрых людзей, якія заходзяць у хату.

20 студзеня. Ліста ўчора не магла скончыць. Прыйшлі сваякі с.п. Мужа і забралі мяне з сабою на дзень народзінаў. Былі толькі цесна свае людзі, і даволі міла прайшоў час. А сяння добра падмерзла, і падае снег. Святлей нейк. Я проста баюся думаць аб сваім лёсе. Навокал то пераважна добрыя людзі, але ўсе яны занятыя працаю, сваімі справамі, а мне тут патрэбная ўжо дапамога.

Даўно не была ў амбулаторыі, хоць паявіўся цукар у крыві. Пакуль нямнога. Суседка дала мне крыху лісцяў чорнага ягадніку і фасолі. Запарваю, п’ю. Рэчаістасць робіцца вельмі нецікавай. Прадукцыя атамнай зброі варожыць самае горшае. Пакуль што гэтага нельга спыніць. Не ведаю, ці пусцяць вясною ці летам сюды маіх унукаў. Раздзеленыя сем’і і боль чалавечы – гэта як бы дэвіз нашага часу. Я хоць рада тым, што Вы не адна.

Пісала Дануся. Муж яе ў больніцы. Дрэнна з ім. Баюся, што на гэты раз проста трагічна, бо піша, што вантроба запоўніла ўвесь жывот, закранутая селязёнка. Як здароўе п. Галіны? Як маюцца нашыя Шышэі, ці бываюць у Вас?

Усяго-усяго Вам найлепшага, дарагая Людвіка Антонаўна. Сардэчнае прывітанне хатнім.

Ваша Ларыса Геніюш.

Юзэфе і Чаславу Найдзюкам

29 студзеня 1983 г.

Даражэнькія!

Дзякуй вялікае за святочныя прывітанні. Спадзяюся, што і мае Вы атрымалі. Рада, што Вам падабаецца “На чабары настоена”. Маю для Вас кніжкі, якія просіце. Буду звяртацца з просьбаю, каб дазволілі мне іх выслаць. Спадзяюся, што дазволяць. Пакуль што я крыху прыхварэла. Дрэнна і дрэнна з сэрцам. Штодня хаджу на ўколы.

Як маецеся Вы? Як са здароўем п. Чэся? Магу сабе ўявіць, колькі ў Вас клопатаў, як Вы запрацаваныя, бо гэта ж і праца, і дом, і сямейка. Пісала на свята Марыя. Вельмі радая з кватэры. Цяпер ім лягчэй. У нас сёлета няма зімы. За ўсю зіму пару разоў толькі бачылі снег. Дождж – часцей. Нешта незразумелае, да чаго мы не прывыклі. Людзям хочацца хоць крыху марозіку і снегу, бо слякаць надаела.

Трэці год не бачу ўнукаў і сына. Моцна непакоюся, ды і век ужо такі, што патрэбная штодня дапамога. Стараюся нейк трываць. Жыву адзінока, але без бедна. Усяго мне хапае, акрамя здароўя. Людзі мяне наведваюць, але пры мне нікога няма. У нас была некалі вялікая сям’я і род, а цяпер я адна. Войны забіраюць людзей і разганяюць іх па свеце, раздзяляючы сем’і.

Мне прапануюць выдаць яшчэ адну кніжку. Паспрабую, але на старасць гасне і натхненне. Нейкі матар’ял ужо маю. Учора быў вялікі і разумны ліст ад мілай Зоскі Верас ды здымак з яе 90-годдзя. Падзіўляю гэтую незвычайную жанчыну.

Нейк давялося мне быць у Менску. Так мне прыпала да сэрца наша сталіца! Там толькі я і ажыла. Як жывецца Ядзі і Гі? Ці Вы яшчэ не бабуся? Рада за Карнэльку. Гонар за такіх дзяцей. Як вучыцца Віктар?

Дык буду тут старацца тыя кніжкі выслаць. Крыху папраўлюся толькі. Ёсць надзея, што сёлета могуць пусціць унукаў да нас. Дай Бог!

Калі што патрэбна Марыі, дык я сказала, каб звярталася да мяне. Можа, Ваша мама прыедзе да мяне летам. Я і летась яе запрашала.

Пішэце мне. Цалую Вас усіх і абдымаю. Жадаю здаровечка.

Ваша Ларыса Геніюш.

Каментар

Другі том юбілейнага двухтомніка Ларысы Геніюш складаецца з двух раздзелаў – “Проза” і “З эпісталярнай спадчыны (1943—1983)”. У празаічны раздзел увайшлі аўтабіяграфічны нарыс “Сто ранаў у сэрца”, які ў кніжных выданнях не друкаваўся, і дакументальная аповесць “Споведзь”. У эпісталярным раздзеле друкуюцца 160 лістоў паэткі да знаёмых і сяброў, большая частка з іх – упершыню. Гэта чацвёртая значная публікацыя яе надзвычай ёмістага эпісталярыю, з часткай якога чытач ужо мог пазнаёміцца ў наступных выданнях: Геніюш Л. Выбраныя творы (“Беларускі кнігазбор”, 2000), Геніюш Л. Каб вы ведалі: з эпісталярнай спадчыны 1945—1983 гг. (“Лімарыюс”, 2005), “Асоба і час: біяграфічны альманах. Выпуск 3. Ларыса Геніюш” (“Лімарыюс”, 2010).

Публікацыя прыватных лістоў заўсёды спалучаная з пэўным сумневам: што ў людскіх адносінах можна выносіць на суд чытача, а што – не. Тым большае гэты сумнеў, калі лісты належаць нейкай выбітнай асобе, чыё прыватнае жыццё паступова ператвараецца ў жыццяпіс і аб’ект для адмысловых даследаванняў. Падобныя сумневы давялося перажыць і ўкладальніку гэтага тома, які стараўся да купюравання лістоў звяртацца як мага радзей. У выпадках, калі суб’ектыўныя ацэнкі Л. Геніюш маглі некага пакрыўдзіць ці абразіць, лісты ў друк не ішлі і адпраўляліся на далейшае захоўванне.

Укладальнік выказвае асаблівую падзяку сп. Дануце Бічэль, сп. Алесю Белакозу і сп. Аляксею Пяткевічу за перададзеную імі для публікацыі вялікую колькасць лістоў. Вось што адказала Д. Бічэль укладальніку ў лісце ад 18 сакавіка 2010 г. адносна друкавання лістоў, у якіх закраналіся сямейныя адносіны Геніюшаў: “Прыватныя  лісты – гэта самыя праўдзівыя сведкі часу, бо яны пасылаюцца непасрэдна ад сэрца да сэрца… З лістоў Ларысы Геніюш можна даведацца вельмі шмат таго, чаго нельга прачытаць у кнігах, у літаратурных і гістарычных даследаваннях, ва ўспамінах. Гэтыя лісты каштоўныя дэталямі, якія звычайна губляюцца ў памяці, каштоўныя эмоцыямі паэткі... Што да адносінаў  Ларысы Геніюш з нявесткай Валянцінай, то яны развіваліся ў традыцыях нашага этнасу – класічна. Ларыса Антонаўна любіла сына нерастрачанай любоўю, іх жа разлучылі, калі сын быў малым хлопцам. У сваёй прыгожай нявестцы яна шукала і знаходзіла шмат недахопаў – на эмацыйным, побытавым узроўні. Але, разам з тым, яны абедзве – і свякроў, і нявестка – цешыліся з рэдкіх сустрэчаў, абдароўвалі адна адну падарункамі і павагай, мелі агульную любоў – Юрку, Валіных і Юркавых сыноў – Міхася і Алеся. Віна нявесткі перад свекрывёй была толькі ў тым, што Валя прымала свякроў па-хатняму, як свякроў, а не як вялікую паэтку і пакутніцу. Гэта неяк павінны зразумець і чытачы, і Валянціна, і нашчадкі… Калі ж у прыватных нашых размовах мы закранулі некага з пісьменнікаў, дык няхай цешацца, што на іх звярнула ўвагу вялікая паэтка! Паэтка і грамадская дзеячка, якая для ўсёй свядомай інтэлігенцыі была духоўным лідэрам, духоўнай маці, да якой прыязджалі і прыходзілі ўсе сапраўдныя, каб набрацца сілы і натхнення. Гэта было элітнае яднанне на ўзроўні, невідочным для ўсіх астатніх людзей… Чытанне лістоў – гэта акт любові, які вучыць нас любіць яшчэ мацней”.

Тэксты ў двухтомніку друкуюцца ў адпаведнасці з сучасным правапісам і арфаграфіяй, з захаваннем стылёвых і лексічных асаблівасцяў мовы Л. Геніюш. У лістах паэтка нярэдка падавала толькі ініцыялы замест імёнаў і прозвішчаў, прыкладам: Рыгор Б., сябра З.П. Дзе магчыма, мы іх расшыфроўваем у квадратных дужках [ ]. Шматкроп’ем у гэткіх жа дужках […] пазначаюцца зробленыя з этычных меркаваньняў купюры. Меркаваныя даты не датаваных паэткай лістоў прастаўленыя таксама ў квадратных дужках.

Выдавецтва і ўкладальнік удзячныя за спрыянне пры падрыхтоўцы эпісталярнага раздзела дырэктару БДАМЛіМ сп. Ганне Запартыка, загадчыку аддзела рэдкіг кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі сп. Аляксандру Стэфановічу, супрацоўніцы Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры сп. Вользе Гулевай, дырэктару Гарадзенскага музея Максіма Багдановіча сп. Алене Гайко, а таксама сп. Валянціне Трыгубовіч, сп. Вользе Іпатавай, сп. Францішцы Сокалавай, сп. Янку Запрудніку, сп. Аляксею Каўку, сп. Віталю Скалабану, сп. Сяргею Шапрану, сп. Міхасю Чарняўскаму, сп. Вячку Целешу.

Проза

Сто ранаў у сэрца (с. ). Упершыню – газ. “Голас Радзімы”, 1996, 12 снежня. Публікацыя Я. Кісялёвай. Тэкст быў напісаны Л. Геніюш па просьбе Я. Казекі для кнігі пісьменніцкіх аўтабіяграфій “Вытокі песні” (1973). Ён неаднаразова правіўся і ўзгадняўся з паэткай, але ўрэшце не трапіў у зборнік.

Споведзь (с. ). Упершыню – час. «Маладосць», 1990, №1–6. Публікацыя М. Чарняўскага. Па сведчанні публікатара, твор не меў агульнай назвы, ідэя назваць яго «Споведдзю» належала Я. Сіпакову — тагачаснаму супрацоўніку «Маладосці». Рукапіс быў перададзены аўтаркай М. Чарняўскаму ўлетку 1982 г. у Зэльве. Паводле «Споведзi» на кiнастудыi «Беларусьфiльм» рэжысёрам В. Дудзiным быў зняты мастацкi фiльм «Птушкi без гнёздаў» (1996). Ролю Л. Генiюш выканала артыстка Таццяна Кавалеўская.

Лісты

1. Кастусю Езавітаву (с. ). Друкуецца ўпершыню паводле аўтографа, які зберагаецца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь (ф. 458, воп. 1, спр. 85). Выяўлены Аляксеем Каўкам. Езавітаў Кастусь (1893–1946) – беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, сакратар ваенных спраў у першым Урадзе БНР (1918), генерал-маёр (1920). Узначальваў галоўную ваенную ўправу Беларускай Цэнтральнай Рады (1944). У 1945 г. арыштаваны савецкімі спецслужбамі ў Нямеччыне. Памёр пасля катаванняў у менскай турме. Падарожжа, з якога я прывязла…– у траўні 1943 г. Л. Геніюш прыязджала з Прагі ў Беларусь. Weisruttenisches Archiv beim Archiv des Ministeriums des innere, Prag IV Lorettogasse 6 (ням).Беларускі архіў у складзе Міністэрскага архіва, Прага 4, Ларэтанскі завулак, 6. Вашы пісьмы з архіва дзядзя недзе схаваў…– маецца на ўвазе Захарка Васіль (1877—1943) – палітычны дзеяч, з 1928 да 1943 г. намеснік старшыні, старшыня Рады БНР. Пасля прыезду ў Прагу ў 1937 г. Геніюшы некаторы час жылі ў яго кватэры. Ермачэнка Іван (1894—1970) – дзеяч беларускага палітычнага руху і эміграцыі. З 1940 г. – старшыня Беларускага камітэту самапомачы ў Празе. У 1941 г. пераехаў у Менск, узначаліў Беларускую народную самапомач, быў дарадчыкам генэральнага камісара Беларусі В. Кубэ. З 1948 г. – у ЗША, дзе працаваў лекарам.

2. Лорэнсу Стайнгарду (с.). Друкуецца паводле выд.: Bystrov V. Unosy Československých občanů do Sovetskeho Svazu v letech 1945-1955. – Praga, 2003. Пераклад з чэшскай мовы Ф. Сокалавай. Лорэнс Стайнгард – амбасадар ЗША у Чэхаславакіі ў першыя паваенныя гады.