15158.fb2 Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 5

Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 5

Нехта, хто дапамог выкінуць мужа са Слоніма, зрабіў нам добрую ўслугу. Па тым, што ўначы стралялі па мужу, што даносілі на яго палякі й не любілі немцы, можна было судзіць, што жывым ад іх не вырвацца, бо, наагул, ліквідавалі людзей самохаць. А гэта бы цуд: ехаць у Прагу! Доўга мы не пабылі ў бацькоў, паехалі яшчэ паглядзець у Пятрэвічы, у тыя некалі так камуністычныя за Польшчы. Сваіх родзічаў мы засталі на сялянскай вечарынцы... Я сумелася: такая вайна, партызаншчына, амаль смерць на дарогах, а сяло гоне самагонку, п’е й вось скачуць сабе, як у мірную пару. Мы не маглі так, боль зямлі адгукаўся ў сэрцы. Мне далі дазвол паехаць да брата, але муж мяне не пусціў, мы спяшаліся ў Прагу.

Да Ваўкавыска ехалі прыгарадным цягніком, людзі прыглядаліся да мяне, звярталіся з пытаннямі, з просьбамі. Мы затрымаліся на пару дзён у Берліне, сустрэліся з сябрамі на супольнай вячэры, дзе ўсё было на карткі. Хвалілі мяне, выступаючы, нашыя сябры, а Мікола, які выступаў апошні, дык сказаў проста: «Яна наша Жанна д’Арк»[108]. Мне пацямнела ў вачох. Ранюсенька мы паехалі. Некалькі асоб нас праводзіла, занялі нам месцы загадзя. Я доўга трымала ў руках букет чырвоных ружаў, і здавалася мне — чую галасы сяброў.

У Празе пачаліся нечаканыя клопаты, паводле загаду са Слоніма, мужа належала адправіць на працу ў Нямеччыну як лагернага лекара. І чаму ж такая нянавісць з таго Слоніма, што там Янка мог нарабіць? Мне прыпомнілася, як крыху раней наведаў мяне ў Празе адзін вельмі элегантна апрануты чалавек. Ён быў урачыста настроены й вельмі паважна прасіў мае рукі: дазвольце мне заапекавацца вамі й вашым сынам. Мяне затрасло, але я папыталася ў яго: на якой падставе ён просіць мае рукі пры жывым мужу? «А ён не вернецца болей»,— адказаў мне нядошлы, няўпорны жаніх мой. Болей я, здаецца, нічога не пыталася, а толькі енчыла са злосці на ўвесьь пакойчык, а той «жаніх» ляцеў па сходах з цыліндрам у руках.

Знача, у Празе ведалі, што муж жывым не вернецца... Знача, зноў пашкадаваў Бог нашую сямейку. Мне не заставалася іншае рады, як зноў ісці да фрау Піпэр прасіць ратунку. Па беларускаму абычаю з пустымі рукамі я не йшла. Хоць падаркі мае былі невялікія, але былі яны патрэбныя. Муж дастаў працу ў «арбайтсамце», там, дзе высылалі людзей на працу. Што ж, гэтае месца добра аплачвалася, але яно вельмі не падабалася майму мужу. «Не хачу грошай, не хачу рабіць там,— скардзіўся мой Іван Пятровіч,— хачу быць лекарам і толькі лекарам».

Зноў я пайшла да добрых людзей, хоць я ім добра ўжо надаела. Вельмі быў здзіўлены доктар Піпэр, што муж адмаўляецца ад такіх грошай, каб толькі далей дасканаліць сваю медыцыну. Тады я толькі зразумела ўсю мудрасць нашага прыяцеля, калі мужу далі малаплатную, але вельмі харошую працу ў касе хворых. Там працавалі сапраўды выдатныя лекары, ад якіх можна было многа навучыцца. Яшчэ яны пры дапамозе сваіх сяброў памаглі нам памяняць кватэру, бо Юрачка падрос і ложачка яго было ўжо замалое, а большага не было дзе дзець.

І так мы пераехалі на вуліцу Гэжманову, № 7. Штодзённа я выпраўляла сваіх хлопцаў — аднаго ў школу, другога на працу. Чакала дамоў з нецярплівасцю, бо час быў неспакойны й кожны шчасліва пражыты дзень быў ужо сам па сабе выйгрышам. Прыходзілі да нас землякі. Я забылася сказаць, што зараз пасля майго прыезду ў Прагу зайшла да нас аднойчы доктар Галубянка. Была яна тоўсценькая, невялічкая, добра апранутая, мілая. Гутарыла са мною вельмі расчулена, здавалася мне, што ўсяго яна мне не сказала. Болей я яе не бачыла. З пачаткам вайны яна закончыла жыццё самагубствам.

Да нас многа прыязджала сяброў. Людзям было цікава, як выглядае іх паэтэса, якая піша так, як яны думаюць, як яны адчуваюць. Харошы, вартасны доктар Тумаш і далей выгладжваў мае вершы, хоць пісаць пачала я меней, да мяне пачалі прыглядацца, чапляцца крыху, дакараць мяне за мой песімізм. Пасля падарожжа ў Зэльву цяжка было быць аптымістам. Вайна пакінула крывавыя сляды на народзе нашым, на зямлі незасеянай, на харошых нашых гарадох і найстрашнейшы след на няшчаснай сям’і маёй. Вайна наагул — гульня нецікавая...

Часта пісаў брат. Я праз Жэневу, праз польскі Чырвоны Крыж шукала братоў і мамы, вывезеных у Казахстан. Расціслаў быў рады, што спіць ён пры адчыненых вокнах, што людзі так цудоўна адносяцца да яго, разумеюць яго. Але людзі ёсць людзі, вось і напалі на Жлобаўцы нейкія іншыя партызаны, і Расціслаў ледзь выратаваў жыццё... Ехаць да нас у Прагу ён ніяк не хацеў, чакаў нашую няшчасную маці, каб мела куток свой, хлеба кавалак на старасць.

Юра добра вучыўся, многа чытаў. Муж купляў яму шмат кніжак. У яго была свая шафка, свой куточак. Хлопчык быў дасціпны, умеў ужо думаць, арыентавацца ў нескладаным жыцці ваеннага часу. На ўсходзе немцы адступалі, і фронт ужо прыбліжаўся да Беларусі. Зноў распоруць снарады грудзі роднай зямлі й загіне нямала тых, хто найлепшы ў народзе. Немцы, напэўна, і самыя ўжо не верылі ў перамогу. Стала нейк меней страшна. Прайшла першая гадавіна смерці дзядзькі Васіля Захаркі, зацвіў у Празе й перацвіў бэз.

Аднойчы муж прыйшоў з працы вельмі занепакоены, яму загадалі на працу па тэлефоне заўтра з самага рання прыйсці ў гестапа. Мы не заснулі, ці мала ёсць прычын, каб згубіць свабоду й нават жыццё ў такі час... Назаўтра муж вярнуўся дамоў яшчэ сумнейшы: яму загадалі, каб мы траіх — муж, я і Юра — ехалі адразу ў Менск на Кангрэс[109]. А чаму Юра? Загад з «остміністэрства»... Знача, зноў Ермачэнка, зноў ягоная чорная рука цягнецца да майго горла. Прашу ў мужа, каб узяў посвядку з месца працы, што не можа пакінуць свае работы, якое так многа вайною, проста кажу яму, што для сына ён важней, чымсьці я. Ехаць некаму трэба, але ехаць супраць фронту — гэта ехаць на смерць... Толькі б не ехаць ім, бо тут адчуваецца зноў капкан...

Еду я адна. Я не звярталася цяпер да фрау Піпэр, але яна сама прыйшла да нас, каб ратаваць мяне. Было позна, ехаць было трэба. З Прагі ехаў яшчэ, паводле таго ж загаду, і інж. Васіль Русак. Знача, мы ўдваіх. Думаць не было часу, у жылах яшчэ была маладосць і страх, адзіны страх толькі за сваю сям’ю, а яна застаецца ў Празе.

У Прагу прыехаў якраз Адольф Клімовіч[110]. Ён затрымаўся ў нас. Прыехаў, каб ратаваць беларусаў. Беларуская хадэцыя пастанавіла ратаваць сваіх, пераправіўшы іх у Чэхаславаччыну, дзеля таго й прыехаў у Прагу Клімовіч. Ведаючы адносіны бальшавікоў да рэлігіі, можна было спадзявацца вынішчання, фізічнага вынішчання нешматлікіх беларускіх хадэкаў. З немцамі ім было не па дарозе, і яны не хацелі ўцякаць з імі разам. З кароткай гутаркі з Клімовічам было відно, што чэхі арыентуюцца толькі на рускіх, чакаюць іх і хочуць паспрабаваць супрацоўнічаць з імі. Клімовіч прадбачыў канец такога кантакту й высказаў свае меркаванні, але хто не спрабуе, той не паверыць тым, якія ўжо добра пазналі адных і другіх. Чэхі лічылі сябе найболей культурнымі й разумнымі з усіх славянаў, і ім здавалася, што яны ў падобным саюзе будуць мець гегемонію над адсталымі расейцамі і ўсімі славянамі, што ўсё будзе паводле іх планаў, асабліва ўся эканоміка. Іх пераканаць у тым, як яны памыляюцца, было нельга. Што ж, каго Бог хоча пакараць, таму адыме розум.

Я прыгатавала крыху прадуктаў, што ў вайну можна было прыгатаваць, каб Янка меў дастатак. А Юрачку мы аддалі Ружэне Вітмаеравай, жанчыне, якая часта наведвалася да нас і была, здаецца, савецкай шпіёнкай, але тады мы аб гэтым не ведалі. З сабою я амаль нічога не брала, апрача бутэрбродаў і бутэлькі каньяку на ўсякі выпадак. Муж і Клімовіч праводзілі мяне да цягніка. Я ўбачыла, што забылася ўдома свае невялікія грошы й партманэ. Клімовіч па іх паехаў. Быў гэта ўжо з самага пачатку нядобры знак.

Нарэшце я папрашчалася з імі, і цягнік рушыў. Муж плакаў слязмі. Ехалі мы да граніцы з Польшчаю. Русак маўчаў, ён нешта думаў і толькі соп, я да яго не аказвалася. З намі ехала сям’я вельмі цікавых людзей. Яны папыталіся ў мяне, куды мы едзем. Даведаўшыся праўду, не маглі супакоіцца... Яны гатовыя былі вярнуць мяне сілаю назад, прадбачылі найгоршае. Яны слухалі забароненае радыё, чаго баяліся рабіць мы. Пару гадоў ужо, як нам дасталі кароткія хвалі з радыёпрыёмніка й на гузічак начапілі картку, у якой было, што за слуханне чужога радыё грозіць смерць. Баяліся мы за сына. Часам толькі прыходзілі Міціны і ўсоўвалі ў прыёмнік шпільку. Нехта стаяў на вахце, і такім чынам слухалі забароненае. Баяліся мы дворнічыхі, і нездарма. Усемагутная даносчыца пры немцах, такой жа была пазней і пры бальшавікох.

Чэхі папрасілі ў мяне мой адрас, далі мне свой. Я абяцала ім паведаміць адразу аб сваім падарожжы, безумоўна, калі вярнуся, на што, паводле іх, было мала надзеі. Бліжэй Польшчы паявіліся немцы, якія ехалі дамоў на «урляўб»[111]. Былі гэта, відавочна, «фольксдойчы»[112], бо гутарылі па-польску. Везлі яны з Італіі шаўковыя панчошкі, шоўк і іншыя падарункі сваім дамам. Сярод іх выдзяляўся вельмі восьтры на язык аўстрыяк у скураных кароткіх нагавіцах, малады яшчэ. Я маўчала, але ён нешта ў мяне запытаўся абыякавае, я адказала яму паважна, мусяла сказаць і тое, куды я еду. Аўстрыяк, які ехаў мабілізавацца ў Варшаву, вельмі спалохаўся, ён таксама рад бы вярнуў мяне дамоў, але мы пад’язджалі ўжо да польскай граніцы.

Мы пераходзілі ў польскі цягнік, а пакуль што йшлі на таможню. Аўстрыяк узяў мае рэчы й пэўна стаў побач мяне. Я ў жыцці не бачыла такога страшнага, зверскага чалавека з седлаватым носам, як той галоўны таможнік. Ён енчыў, рваў, кідаў рэчы й наводзіў на ўсіх жах. Палякі нейк не палохаліся, яны, відавочна, прывыклі, але ў Празе падобнае было хіба толькі на гестапа. У мяне быў пашпарт без грамадзянства, але звер схапіўся толькі за маю кніжку «Ад родных ніў», ён трос ёю й нешта крычаў, што тут за «русіш літаратура». Спалохаўся й мой спадарожнік і папытаўся ў мяне, што за кніжка. Калі я яму расталкавала, што кніжка мая, выданая ў Празе, ён праверыў гэта, пагаварыў нешта са зверам і, схапіўшы мой чамадан, павёў мяне хутчэй у цягнік. Я мусяла сказаць яму, што я паэтка, што прывяло фрыца ў захапленне. Дзіўны быў гэта чалавек — прозвішча было ў яго славянскае. Ён зусім перамяніўся й ледзь не плакаў, што мне трэба ехаць у самае пекла. Ён запрасіў мяне на абед у рэстаран-вагон, дзе шчодра дазваляў абстрыгаць свае картачкі на нас дваіх. Я запрапанавала яму каньяк, а ён мне аддаў свой дэсерт. Немцы на нас паглядалі, але ён трымаўся як джэнтэльмен. У Варшаве ён завёў нас з Русаком у пачакальню для немцаў і не адышоў ад мяне, пакуль не здаў мяне на рукі доктару Шчорсу[113], якога аднайшоў у Варшаве, і не пераканаўся, што гэта зусім парадачны чалавек і мне нічога не грозіць. За ўсё гэта прасіў толькі, каб я яму адказала на ліста, калі ён мне напіша ў Прагу. Як жа сардэчны, як жа харошы быў гэты чалавек, быццам Піпэры.

Варшава здалася мне сумнай, без люднай. Кожны дом, дзе былі немцы, быў аплецены калючым дротам. Гэта падняло маю павагу да палякаў. Месцы ў трамваях былі падзеленыя для палякаў і немцаў. Людзі на вуліцах былі настарожаныя, сумныя, апранутыя вельмі скромна.

Шчорс вёз нас да сябе, дзе ля шпіталя была ў яго кватэра. Мы спачатку пайшлі з ім да яго маці, якая ляжала пасля аперацыі на апендыцыт. У Шчорса былі яшчэ сябры з Берліна. Ехаць на Кангрэс ён не збіраўся й дзівіўся, куды гэта нясе нас.

Мне вельмі хацелася ведаць, што ж задумаў на гэты раз Ермачэнка... Неабыякавасць яго да мае асобы настарожвала.

Назаўтра раненька мы ўжо ехалі ў напрамку Беларусі. Каля Беластоку ўжо пачалі паяўляцца цягнікі пад адкосам, і штораз то іх было болей. Цягнік ішоў толькі да Ваўкавыска, а там былі толькі цягнікі вайсковыя, на якія нас ніхто не хацеў браць. Русак, як пень, нічога не думаў, не прадпрымаў, сядзеў, соп і драмаў. Мне сказалі, каб я звярнулася да нейкага начальніка. Той быў вельмі расстроены. Сумна паглядзеў на мяне й папытаўся, ці не баюся. Кажу яму, што не баюся й ехаць нам трэба. Ехалі мы, мінаючы Зэльву, а там недзе быў брат мой, былі мужавы бацькі, але спыняцца цяпер ля іх было небяспечна і мне, і ім. Спыніцца ў такі час — гэта знача, застацца назаўсёды, а ў Празе чакала дзіця.

Нарэшце селі мы ў цягнік, дзе ўсе ваенныя й ніводнай жанчыны. Акружылі мяне немцы, якія ехалі з адпускоў у Менск. Яны хвалілі беларусаў, баяліся партызанаў. Да цягніка падбягалі дзяўчаты з маслам і яйкамі, адной з іх я пачапіла свае пацеркі, так мне хацелася нешта пакінуць тут.

Мне вельмі хацелася піць, пад’язджалі да Мастоў. Усюды былі надпісы «толькі для немцаў», гэта было аж страшна, і мяне проста ўзрывала ад гэтага. Я ўвайшла ў буфет і кажу: «Я не немка й хачу піць, вось вам грошы, папрашу ліманад». Мне далі бутэльку, і я яе забрала ў цягнік. Адпускнік немец парадзіў мне болей гэтага не рабіць. А як жа тут вытрымаць, калі кожная нечысць толькі й ведае, што заводзіць у нас розныя свае парадкі, абсалютна не беручы пад увагу карэннага насельніцтва краіны, яго найсвяцейшых правоў... Колькі ж будзе такое трываць?..

Цягнік ляцеў насупраць ночы. Ля палатна дарогі паваленыя цягнікі й бункеры, бункеры. Лясы высечаныя ля чыгункі шырокаю паласою, а далей шэрыя хаты, саламяныя стрэхі, і бяда там, напэўна, і страх. Яшчэ толькі шчасце, што корміць зямля, а нашыя ўмеюць пражыць і на камені...

У нашае купэ набілася немцаў, усе мне нешта расказваюць. Гэта танкісты. Я не ўсё разумею, стараюся слухаць. У іх страх, боль і нейкая безнадзея, наракаюць на ўсюды існуючых партызанаў. Адзін немец пытаецца ў мяне, ці не баюся так адна між самымі мужчынамі? Кажу, што не, што немцы, іх ваякі — рыцары, ілгу як нанятая. «Ну, мы рыцары ў сябе ўдома, а на заваёваных землях мы не рыцары», — кажа фрыц. «Што ж, — адказваю, — сапраўдны рыцар — усюды ён рыцар», — і гляджу немцу ў вочы, ён іх адварочвае ўбок.

Але вось спыняецца цягнік, чутно стрэлы. У купэ ўваходзіць афіцэр, разганяе кампанію й кажа: «Тут будзем стаяць ноч, ля цягніка ёсць бункер, але ён толькі для немцаў, калі баіцеся ў цягніку, можаце йсці ў бункер». Я кажу: «Так, я вельмі баюся, але ўсё ж застануся тут, дзякуй вам за ласкавасць». Афіцэр выйшаў. Русак соп у кутку, недзе стралялі, зрабілася вельмі халадно. Я, здаецца, задрамала. Пад ранкі пачаўся рух, салдаты запалілі малую печачку, стала цяплей. Ля нас паявіўся шустры немец, якому круціліся вочы, ён усё выпытваўся: чаго мы едзем, скуль, хто мы?

У тым часе Русак дастаў карту Беларусі, якую нарысаваў яму некалі Жук, дзе граніцы Беларусі больш-менш былі згодныя з нашымі этнаграфічнымі. Карта ў руках цывільнага пасажыра збянтэжыла немца, ён вырваў яе Русаку з рук і пачаў разглядаць і крычаць нешта. Я тут крыху спалохалася, дзе ж такое рабіць, едучы насупраць фронту. Дала я немцу бутэльку з каньяком, паказала дазвол з Прагі, каб толькі ён ад нас адчапіўся.

На лініі стукалі, нешта строілі, што ноччу папсавалі партызаны. Выехалі мы позна. Наперад ішла пляцоўка з пяском, ехалі памалу, спыняліся. А цягнікоў паваленых было не пералічыць. Адзін ляжаў, і дым яшчэ йшоў з паравозу. Ну й партызаны! На нейкай станцыі насядала салдат, вагон быў поўны, ехалі яны на фронт. Мне гэта ніхто не казаў, але выгляд іх быў дзіўны, у адных нейкі адсутнічаючы, у другіх атупелы. Задуманыя трагічныя твары з зачыненымі вачыма. Адзін еў, другі разглядаў фатаграфіі, і здавалася, што плюнуў бы ён на гэтую ўсю бойню, каб мог бы, і ўцякаў бы да свае сям’і. Думалася: якое гэта варварства — вайна, якое ўзаемнае забіванне...

Нарэшце мы апынуліся ў Менску, злезлі з цягніка. Падбеглі да нас рыкшы, самыя сапраўдныя хлапчукі, упрэжаныя ў тачкі. Дзікасць несусветная. Узвалілі мы аднаму такому свае рэчы, ён і павёз. Гляджу на Русака й кажу: «Вось і прыехалі мы на Беларусь, каб бедны хлопчык валок нашыя рэчы». Русак падышоў да хлопчыка, упрогся разам з ім у тачку, і так яны йшлі пасярод вуліцы.

Менск ляжаў паранены, разбіты, адны руіны й нішчата. Я пачала плакаць, нервы мае не вытрымалі. Не магла глядзець на шэрых, убогіх маіх землякоў, на іх твары худыя й на кантраст — сытых немцаў...

Нам паказалі будынак, дзе быў Кангрэс. Мы прыехалі позна, Кангрэс ужо адбыўся. Да нас падыходзілі людзі, знаёміліся з намі. Мяне ўсе ведалі з літаратуры. Твары людзей чырванелі з нейкага неспакою, аказалася, яны выступалі горда, моцна супраць усіх ворагаў Беларусі й супраць немцаў, не скрываючы гэтага. Кангрэс гэты дазволілі нехрысты толькі адступаючы, калі гінулі ўжо самыя, тады толькі згадалі пра нас. Людзі разумелі гэта.

Да мяне падышоў Вітушка, сказаў, што завязе мяне да Арсенневай[114]. Калі апынуліся ля ягонай машыны, такога нейкага «казла», ён спыніўся й кажа: «Ларыса Геніюш, я ненавіджу немцаў, я толькі й толькі беларус, але нам трэба здабыць яе для народу, гэту зямлю нашу, і трэба нам усё дзеля гэтага выкарыстаць... Я мусяў сказаць вам гэта».— «А я й так гэта ведала».

Мы паехалі да Кушаляў[115]. Наталля Арсеннева была сама ўдома, мы прывіталіся. Я памылася. Раптам увалілася ў хату поўна моладзьі, яны хацелі, каб я пабыла з імі, у іхняй кампаніі гэты вечар. Наталля Арсеннева іх ветліва ўсіх выправадзіла. Мяне ўлажыла ў пасцель, і я, плачучы, як дзіця, заснула. Вечарам збудзьілі мяне, прыйшоў Кушаль. Мала ў жыцці я сустракала так шляхотных, бескарысных патрыётаў, якім быў Кушаль. Ён, як і Вітушка, жыў і дыхаў толькі тым, што мог нешта рабіць для Беларусі.

Мы былі ў такім становішчы, што нам нельга было абмінуць найменшай магчымасці, дзе можна было б заявіць аб тым, што мы людзі й зямля гэтая — наша зямля! Аб сабе з нас мала хто думаў, думалі аб народзе, аб справе. Нам нельга было падняць наш народ, але старацца захаваць яго фізічна, ратаваць яго ад ворагаў, ад абыякавых, штурхаючых сёлы на гібель, было неабходна.

«Малая розніца між немцамі й рускімі для нас»,— адказаў мне Кушаль, калі я ганіла немцаў. «Яны нелюдзі, але й тыя нічога добрага, акрамя лагероў і смерці, пакуль што не прыняслі нам». Я змоўкла. Пачалася трывога, і мы спусціліся ў склеп, дзе я адчувала сябе як у Празе, бо публіка была там еўрапейская. Аказалася, што ў гэтым доме жывуць немцы й склеп супольны. Назаўтра з Наталляй Арсенневай мы пайшлі ў Дом ураду. Нас агледзелі, далі пропуск, і мы падняліся наверх. Сустрэў нас першы Кастусь Езавітаў. Ён быў несказана рады з нашае сустрэчы, бо даўно ўжо шмат пісаў мне, называючы мяне салаўём беларускай эміграцыі. Прыйшоў да нас і Юрка Віцьбіч[116]. Ён сабраўся ад’язджаць, раскрыў свой чамаданчык і паказаў мне, што, акрамя кашулі, узяў з сабою ў дарогу маю кніжку... Назбіралася моладзі. Нехта нас фатаграфаваў. Пасля Езавітаў пазнаёміў мяне з Радаславам Астроўскім[117]. «Я чуў пра вас»,— сказаў мне Астроўскі, нейк крыху непрыязна глянуўшы на мяне. «I я пра вас чула»,— кажу яму ў адказ. Прэзідэнт спяшаўся, сказаў усім сабрацца ў вялікую залю. Мы туды пайшлі таксама. На цэнтральнай сцяне вісеў вялікі партрэт Астроўскага. Людзей сабралася поўна. Астроўскі загадаў усім эвакуявацца, каб пайшлі атрымаць трохмесячную зарплату й збіраліся ўцякаць. Людзі заварушыліся. Я ўбачыла свайго знаёмага яшчэ з дзяціных гадоў. Ён падышоў да мяне, і я крыху супакоілася, бо ведала, што гэты харошы чалавек выратуе мяне з найгоршага. Мы зноў паехалі да Кушаляў, але без Наталлі. Яна пабегла да бацькоў Адамовіча[118], якія былі самыя, яна наагул найменей думала пра сябе, памагала іншым.

Усім было загадана сабрацца ўжо з рэчамі ля будынка, дзе быў Кангрэс. Я пачала пакаваць рэчы Кушаляў, завязваць усё ў клункі. Кушаль паглядзеў па хаце й кажа: «Трэба каб нашае сэрца было пры нас, глупства ўсё гэта, набытное». Пакідалася многае. Насмажыла я нейкай яешні, накарміла ўсіх, і мы паехалі на той панадворак, дзе ўжо сабралася многа людзей. Не відно было чамаданаў: клункі, клункі. Сэрца сціскалася, гледзьячы на гэтых людзей. Куды ехаць, да каго ехаць? Мы, якіх павыклікалі з-за граніцы, мелі права ад’ехаць цягніком. Было нас даволі. Сябры выпрасілі нейк персанальную машыну Астроўскага й злажылі туды свае рэчы. Пасадзілі мяне ў машыну, каб ехала за імі, калі прыйдзе шафёр. Поўная машына партфеляў, чамаданчыкаў, і я сяджу ля іх, вартую. Твар у мяне заплаканы, хоць усе да мяне тут добра адносяцца, але горад у руінах гняце несуцешна. Немцы едуць, гаргечуць, а мы тут седзьімо, чакаем варожае ласкі — згінь ты, прападзі... Падышоў да мяне Алесь Салавей[119], прысеў — такі прыгожы юнак, прадэкламаваў мне мае вершы. З маленькім клуначкам і маладой жонкай з дзецям на руках падышоў яшчэ адзін паэт. Гэта ўсяго іх багацця. Душаць слёзы. Для ўсіх багатая мая Беларусь, жывуць тут і пасуцца розныя адшчапенцы, толькі для сваіх дзяцей яна такая няшчодрая. А яны яе любяць, нясуць жыццё сваё ёй у ахвяру й гінуць, і вецер заносіць пылам сляды іх. Між іншым, той паэт з жонкаю трапіў да баўэра ў Нямеччыне. Памерла дзіцятка іх, не было ў чым пахаваць, аж кляты фрыц злітаваўся: даў дзве дошчачкі беларусянятку памершаму. Закапалі малое, як жывёлінку.

Сяджу, чакаю шафёра. Нарэшце бачу: сунецца дзябёлы дзядзька і, убачыўшы мяне, аж грыміць, што я раблю ў яго машыне. Кажу: «Гэтыя рэчы пакінулі тут сябры й казалі, што вы завязеце іх і мяне на станцыю». — «Я нікога не павязу, гэта не мая справа»,— грыміць яго вялічаства прэзідэнтаў шафёр. «Ах так, дрэнь, калі столькі людзей у небяспецы й трэба ім дапамагчы, ты тут будзеш слухаць мяне ці не слухаць? Дык ведай, ведай, воўча шкура, што везці мяне завялікая чэсць для цябе, нехрыст!» — крычу, а сама выкідаю рэчы з машыны ў горбу. Шафёр сумеўся, можа, ужо й павёз бы мяне, але з такім зверам, халуём нямецкім сама не паеду! А той жа прэзідэнт дазволіў сябрам машыну, і што ён тут здзекуецца? Людзі глядзяць на мяне, як на дзіва. Падыходзіць, кульгаючы, нейкі чалавек, дае мне палку й кажа: «Дайце яму гэтай палкай, прахвосту, надаелі яны мне. Я лекар, я хацеў тут зрабіць беларускі Чырвоны Крыж. Яны, вось такія, як ён, не далі мне, гады». Падымаецца бунт на дзядзінцы: капітан жа зыходзіць з карабля апошні! Ніхто не думае пра людзей. Ажно вярнуліся сябры, цягніка няма. Бачаць яны, што тут робіцца, маўчаць, крывяць насамі, а да мяне падыходзіць бацюшка, ды мой сваяк прытым, прапануе фурманку сваю на рэчы, гасціну ў сваім доме, што ля вакзала, каб было бліжэй. Яго чалавек ужо пакуе чамаданы на фурманку, але тут перашкода. Знекуль явіўся нейкі тып высокі й чорны, называецца Сцяпанаў. Учапіўся да маіх мужчынаў, а іх якіх дзесяць чалавек, каб нікуды не ехалі, што ён завядзе нас у сховішча, там пераначуем і г.д. Не дае пакаваць рэчаў. Я крычу, каб ён адышоў і каб яго ніхто не слухаў, бо яго сховішча ў руінах — гэта чортава лавушка! Я чую руку Ермачэнкі, вось ён яшчэ хацеў, каб быў тут і муж, і сын наш, якому дзесяць гадоў няма... Не адыходзіць, бандыт, толькі кажа: «Не слухайце гэтую жанчыну, не едзьце да папа, мы тут весела з вамі правядзем вечар». Мне ўсё ясна, нас тут трэба ўсіх забраць. Безумоўна, не немцам мы патрэбныя. Ясна як божы дзень. Мяркую, каб бліжэй да станцыі. Ужо іх некалькі сабралася супраць мяне. Нарэшце кажу: «Хто хоча ехаць са мною, няхай едзе, а не — дык будзе вам горай». Сцяпанаў дастаў пачку папяросаў, цэлую сотню, і частуе імі Езавітава, а той глянуў на яго й кажа: «Не да смаку мне вашыя папяросы...»

Фурманка паехала, і ўсе мы пайшлі за ёю. Ніхто не адышоў. Не адышоў і Сцяпанаў з дружкамі. Вёў нас тры кіламетры да таго бацюшкі, усё пераконваў, каб вярнуліся, але выйграла я! Дачка татавай сястры, цёці Мані, была жонкай айца Лапіцкага, вось мы да іх і прыехалі. Старэнькі святар Балай[120] сядзеў ля стала й заставаўся з намі, галоўнае, са сваімі рэчамі, а мае сваякі, і жонка, і сын айца Балая ад’язджалі ў цэркву, дзе вельмі моцны склеп. Сястронка мяне не клікала, а я села на канапу ля стала, зняла чаравікі і ўздыхнула. Супакоілася нарэшце. Сябры былі пры мне. Пасля пайшлі мы з Езавітавым на станцыю. Усюды ляжала поўна раненых, стагналі. Цягнік ішоў толькі ў пяць раніцай, але каб дастаць білеты на яго, трэба было мець посвядку аб дэзінфекцыі ад вошаў — «энтляўсунгшайн»[121]... Ах, ну ж і немцы, гінуць, падцягваюць порткі на хаду і яшчэ трымаюцца да апошняй хвіліны распарадку, ну і «орднунг»[122]!

Я зноў на канапе. Ля стала ўсе сябры. На стале рэвальверы. Усе нервовыя. Прыйшлі яшчэ незнаёмыя. Відаць, і яны разгадалі Сцяпанава, але маўчалі й паглядалі, што будзе. Адзін сябра ведае маю сям’ю, дзеда. Ён кажа: «Як жа вы, з такое багатай хаты, так ведаеце быт наш, душу нашага народу, скуль вы ўзяліся, такая харошая?» Я тут адна сярод іх. Амаль плачуць, што трэба ўцякаць са свае зямлі, гордыя хоць тым, што вельмі моцна выступалі сябры супраць немцаў на Кангрэсе. Не называю сяброў, няхай жывуць спакойна. На стале паявілася ежа, бутэлька. Пілі й плакалі, і былі ўсе як адзін, а мяне гатовыя бараніць сваім жыццём. А тут няпэўнасць, а можа, не дажывем да заўтра?

Трывога, усе пахаваліся ў склепік, селі на бацюшкіну бульбу й кублы, але Езавітаў выцягнуў мяне за руку, абняў і кажа: «Не бойся, мой салавейка, яны не будуць горад бамбіць».

Назаўтра ранічкай мы былі ўжо на вакзале. Посвядкі аб дэзінфекцыі мы з Езавітавым проста купілі. Занялі мы цэлае купэ. Яшчэ да нас прыселі землякі, і цягнік на адыходзе. Тут я замерла, убачыла Сцяпанава, а з ім нямецкія салдаты, якія напалі на нашае купэ, з крыкам «раўс русішэ швайн»[123] усіх нас выкінулі! А цягнік адыходзіць! Даў мне з сабою Кушаль, каб перавезла яму даўгі кажух, а ў мяне яшчэ рэчы. Дала я кажух Сяднёву[124], паэту, бо ён нічога з сабою не меў. Усе кінуліся да другіх вагонаў, хто куды. Цягнік рушыў. На дручку вісеў Кушалеў кажух, а ледзь жывы Сяднёў ехаў на буферах. Ну й ну... Вось штука, вось Сцяпанаў...

Немцы сядзелі адзін на адным. Набралі з сабою машынкаў, пакункаў, бурчаць на нас, ледзь не выпіхаюць з вагона. Сябры ўгаворваюць іх, а я прашу, каб не ўніжаліся, ужо што будзе, тое й будзе. Едзем дзесяць мінут, а пятнаццаць стаімо й сунемся ўсё так памаленьку. Немцы прыціхлі, усе на мяне паглядаюць, а я кармлю сваіх сяброў — кожны мне прынёс, што меў, і я дзялю ўсім беларусам і незнаёмым, усім пароўну. Ехаў там нейкі наш лекар, ехалі іншыя, якіх мы зусім не ведалі, але з якімі пароўну дзяліліся тым, што было. Немцы бурчэлі, пасля голасна пачалі лаяцца. Для іх мы ўсе былі «русішэ швайн», і яны, седзьячы на сваіх трафеях, скрыгіталі зубамі са злосці, што іх пышны, наглы й ганаровы паход па калоніі закончыўся тым, чым і меў закончыцца — безгаловым уцёкам дамоў. Хлопцы трывожыліся, але я іх папрасіла, каб стрывалі ўсе рэплікі, маўчалі. Калі было найгорай, дык падняўся адзін старэйшы немец, які сказаў, што ведае нашую мову. Проста сказаў ім: «Вы мелі б вучыцца ад гэтай жанчыны, як быць людзьмі». І яшчэ нешта гаварыў ім. Усе пачалі да мяне прыглядацца, нейкі малады баранэт, якога ў цывільнай вопратцы пасылалі з фронту дамоў, уступіў мне месца, усе мы вальней уздыхнулі.

А цягнік поўз і два разы столькі стаяў, што поўз. На кожнай такой стаянцы прыходзілі да мяне сябры, якія трапілі ў другія вагоны. Кожны нешта мне нёс: хто цукерку, хто кусочак бісквіту з хаты, Мірановіч[125], наш мастак,— вялікую срэбную латышскую манету «лат», якія латышкі носяць як медальёны. А Найдзюк[126] назбіраў ля чыгункі на замінованым полі суніцаў чырвоных першых і прынёс іх мне. Пазіраюць на нас немцы, і ім няўцям такое. Адзін не вытрымаў і пытаецца ў мяне: «Скажэце, мадам, няўжо ў вас столькі любоўнікаў?» Усе мы сумеліся: пра што пра што, але пра любоў у іх разуменні мы тут начыста забыліся, гледзьячы на параненую нашую зямлю. Адзін сябра кажа: «Гэта ж нашая паэтка». Немец не разумее гэтага, кажа, што і ў іх ёсць паэткі, але ж пачуцця такога да іх няма... І мы ніяк не вытлумачылі немцу нашую ўзаемную, глыбокую, як гора нашае Радзімы, любоў.

Далей ад Менску перапынкі рабіліся меней частымі, на адным з іх злез і немец, які задаў нам такое пытанне. Быў кульгавы й памаленьку пайшоў ля вагонаў. Калі вярнуўся, дык прынёс і падаў мне букецік васількоў, нічога не сказаў пры гэтым, відно, што нас зразумеў. На адным такім перапынку выцягнулі мяне сябры з вагона. Была гэта нейкая станцыя. Здалёк бег хударлявы святар, і каса толькі паддзыгала яму на шыі. Відно, спяшаўся, каб уцячы ад фронту. Мяне паклікалі ў вагон, дзе я ледзь не абамлела: на лаўцы стаяла бутэлька гарэлкі, закусь, каля яе Ярэміч[127] і жудасны Сцяпанаў — разам выпівалі... О, сябры мае наіўныя, беспрынцыповыя, недальназоркія...

А цягнік прыспяшаў бег. Сябры апусташалі мой радзікюльчык, усе прасілі ў мяне сувеніраў, давалі свае. За вокнамі мільгалі сёлы, шэрыя яшчэ хаты й жанчыны ля іх, танклявыя, шэрыя, зажураныя. Зусім як на абразах Мірановіча. Мы стаялі з ім і спрачаліся. Я бачыла заўсёды нашую Беларусь гожай, квітнеючай, радаснай. Ён мне даводзіў, што памыляюся, а я яму казала, што бачу наперад. Па дарозе людзі вылазілі, і стала вальней. Па шляху раўналегла з цягніком ехала безліч машынаў — ні канца, ні пачатку... Немцы ўжо асвоіліся з намі зусім, толькі мы на іх мала звярталі ўвагі. Паволі сядала сонца, развітальныя яго праменні клаліся на высечаную ад дрэў паласу, на палі, на сёлы, а там было маё сэрца й мае вочы. Мне здавалася: бачу свой дом, цяжка ступае тата па сцежцы, смяюцца сёстры, гамоняць браты й мама клапоціцца, як прыняць і чым пагасціць мяне, дзіця, адарванае ад яе сэрца. Заўсёды ўдома, калі заходзіла за хатаю сонца й апошнія яго праменні нейк трагічна лізалі ўзгорак нашага панадворка, мне рабілася трывожна й сумна за заўтрашні дзень. Сэрца шчамілі прадчуцці нядобрага, і я бегла дамоў, абвівала рукамі бацькаву шыю, стаўшы на цыпачкі, ці туліла голаў на маміны грудзі. Яна як бы крывілася крыху з маіх такіх дарослых нечаканых пяшчотаў, але адчувалася, што шчаслівая гэтым, бо замаўкала й выцірала вочы. У такія хвіліны я цалавала галованьку Люсі й раз сказала на свінню нашую «свіначка-дзецятко», чым мяне пасля доўга падрочвалі[128]. Я дзякую таму часу за любоў да мяне амаль усіх стварэнняў, дрэваў і самой зямлі. А можа, гэта я ўсё так кахала тады?

Яшчэ маленькая я мела вялікае перажыванне. Мне расказалі пра рай і пекла, і я ўсё думала, як зрабіць, каб мае каханыя бацькі не трапілі ў тое пекла, няхай ужо лепей я за іх адпакутую. Начамі не спала я, часта плакала й вельмі хацела хутчэй памерці. Гэты жах непакоіў мяне вельмі доўга. Я была пабожнай з пялюшак, як з пялюшак ужо была вернай дачкою свае Беларусі. Худое, хворае, брыдкое дзіця, закаханае ў бацькоў сваіх і ў родную стыхію. Слёзы ліліся на рукі, а цягнік ляцеў. Пекла не мінавала бацькоў маіх, вораг разбурыў нашае гняздо, а я вось бяссільная, першы раз бяссільная ў жыцці й каб памагчы ім, каб іх ратаваць. Успомнілася, як бягом спяшалася дамоў з Ваўкавыска такая малая, вечна задуманая. «Кудэмі йшла, дачушка?» — пытаўся раз тата. «Бегла на Лазы, наўпрасткі»,— адказваю. «Ах, дзіця маё, толькі што мы пагналі тудэмі трох ваўкоў, разарвалі цялушку...» Ага, цяпер разумею, чаму так раўлі каровы ля кустоў. Усё праносіцца ў памяці, і так хочацца бачыць маці й многае, многае ёй расказаць...

Я не пішу аб каханні, не люблю выкладаць людзям таго, што часам моцна закранала сэрца. Усё гэта мінала, праходзіла, рабілася буднем, а любоў да братоў, да зямлі, да Бацькаўшчыны была заўсёды ясным, божым святам у маёй душы, і за яе я пераносіла пакуты й не маргнуўшы вокам пайшла на мучэнні, несучы імя яе высока як святасць, імя маёй Беларусі...

Наступіў вечар. За Лідаю цягнік ужо не спыняўся амаль, а пёр што меў сілы. Відно, што там меней было партызанаў. Немцы пачалі спяваць пра «гаймат»[129], як-ніяк яны былі радыя, што едуць дамоў. Мы пазлазілі ля Вільні й пайшлі да Ярэміча, які нас усіх запрасіў. Жонка яго, полька, і дачка не вельмі былі радыя нашаму масаваму нашэсцю, але нас частавалі, і хутка я адпрасілася спаць. Мужчыны яшчэ разважалі. Назаўтра я там адведала сваю куму пані Маліцкую. Яна вельмі чакала рускіх, бо паявіўся нейкі ксёндз, які іх запэўніў у бацькаўскай любові Сталіна да ўсіх каталікоў. Ксёндз той — ці прадажнае, ці наіўнае стварэнне, быў тады вельмі папулярным у Польшчы. Мы развіталіся рана з Ярэмічамі й паехалі ў Вільню прыгарадным цягніком. Твар мне абветрыў, папухлі ногі. Ішлі мы пад Востраю Брамай да Найдзюкоў. Езавітаў яшчэ купіў мне па дарозе ягадаў, Мірановіч нёс марожанае, як малой...

Я з любоўю на іх паглядала й думала толькі, каб яны выратаваліся жывыя з гэтае ўсёй бяды. У Найдзюка нас міла сустрэла яго дарагая сямейка, асабліва жонка. Нас вельмі шчодра пачаставалі. Езавітаў і Мірановіч сабраліся ў Рыгу, ім яшчэ трэба было ратаваць багатыя свае архівы. Мы развіталіся, як найраднейшыя. Болей у жыцці мы не сустрэліся.

З Найдзюком і яшчэ з адным сябрам мы пайшлі паглядзець Вільню, дзе я была першы раз. Зайшлі да ксяндза Адама Станкевіча[130], быў ён рады. Мой сябра папярэдзіў мяне, што з палітыкаю ксяндза не згодны, але трымаўся ветліва. Ксёндз Адам адразу выклікаў да сябе мой давер, мы разглядалі яго кнігі. Якраз прыехаў з Прагі Клімовіч і расказаў аб беларускім духу нашае хаты на чужыне. Ксёндз быў узрушаны. Пасля мы пайшлі на Лукішскі пляц, дзе авеяла нас духам мужнасці Кастусёвай[131] і вялікай адказнасці за лёс свайго народу, мовы яго, культуры. Нам не зарысоўвалася нічога светлага, акрамя мураўёвых[132], як за Кастуся, але слабейшымі быць мы не мелі права. За нашымі плячыма ўжо былі гекатомбы ахвяраў за Беларусь. Ішлі мы рознымі напрамкамі, кожны змагаўся, як умеў, і калі змагаўся за свой народ шчыра, знача, і гэта залічыцца. Апошні ўздых Кастусёў не дасць нам спыніцца ў самым адчайным нашым змаганні за лёс Бацькаўшчыны... Я адчувала гэта.

Вечарам доўга па-беларуску гаварыла радыё, мы слухалі. Ноччу прыязджалі ўцекачы з Беларусі сумныя, на адлёце далей. Назаўтра мы пайшлі на станцыю. Цягнікі не йшлі. Мы доўга сядзелі. Найдзюк пацяшаў мяне, дзякаваў мне за ўсё, за дух маіх вершаў: «За тое, што ты такая...» Ішоў ваенны цягнік, а ў нас не было ні папераў, ні білетаў, дый гутарылі мы абое па-нямецку пагана. Што рабіць? Мы накуплялі нямецкіх часапісаў са свастыкаю ды з фюрэрам, як мае быць, і селі. Што ж, могуць нас расстраляць — тут без дазволу... Але страху ніякага! Увайшоў немец, а мой сябра паказвае на паліцу, дзе ў чамадане паперы, а сам гартае «Сігналы» (быў такі часапіс). Пранясло... Я крыху спацела.