15158.fb2 Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 54

Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 54

«Іскры Скарыны» — гісторыка-публіцыстычны часопіс, выдаваўся Беларускім (Крывіцкім) таварыствам імя Ф. Скарыны ў Празе (1931–1935).

  • Інзэрат (польск. inserat) — абвестка.

  • Камітэт самапомачы…– на канферэнцыі беларускіх эмігранцкіх суполак у Данцыгу (1939) было створана Беларускае бюро даверу пры міністэрстве ўнутраных справаў Нямеччыны, пры ім — Беларускі Камітэт самапомачы. У Празе дзейнічала ягоная філія.

  • «Раніца» — беларуская газета, якая выдавалася ў Берліне (1939–1945). На яе старонках 28 красавіка 1940 г. адбыўся літаратурны дэбют Л. Геніюш.

  • Дыатынгаваны (польск. dystyngowany) — вытанчаны, свецкі.

  • Arbeitsamt (ням.) — біржа працы.

  • Лінія Мажыно — сістэма доўгатэрміновых фартыфікацыйных умацаванняў на паўночна-ўсходняй мяжы Францыі. Пабудаваная ў 1929–1936 гг. з ініцыятывы ваеннага міністра Мажыно.

  • Жорала — крыніца.

  • Забэйда-Суміцкі Міхась (1900–1981) — беларускі спявак (лірычны тэнар). Спяваў у Харбінскай і Пазнанскай операх, стажаваўся ў Мілане ў Ф. Карпі. З 1940 г. — саліст Народнага тэатра ў Празе. Пахаваны на пражскіх Альшанскіх могілках.

  • «Як хмарны дзень, так маё сэрца сёння…» — верш Л. Геніюш, быў надрукаваны ў газеце «Раніца» за 30 лістапада 1941 г.

  • Шолахаў Міхаіл Аляксандравіч (1905–1984) — расійскі пісьменнік, двойчы Герой сацыялістычнай працы (1967, 1980), лаўрэат найвышэйшых савецкіх і Нобелеўскай (1965) прэмій.

  • «Ад родных ніў» — першая кніга Л. Геніюш, выйшла ў Празе (1942); перавыдадзена факсімільным спосабам (Слонім, 1995).

  • Obermedicinalrat (ням.) — вышэйшая медыцынская рада.

  • Oberregirungsrat (ням.) — вышэйшая кіраўнічая рада.

  • Ціхі Францішак (1886–1968) — чэшскі лінгвіст і перакладчык, займаўся балгарыстыкай, русістыкай і беларусістыкай, перакладаў беларускую паэзію.

  • “Невадам з Нёмана” — другая кніга. Л. Геніюш, выйшла ў Мінску ў 1967 г.

  • Аляксей Волк — дэкан філфака БДУ. У лісце да Зоські Верас за 9 лютага 1970 г. Л. Геніюш пісала: «Гаварылі мне хлопцы, што ў канцы жніўня вельмі мяне лаяў дэкан Воўк, называў «фашысцкім прыхваснем», «буржуазным нацыяналістам». Што ж, няхай выюць, на тое і грамніцы».

  • Лось Еўдакія (1929–1977) — паэтка.

  • Быкаў Васіль (1924–2003) — пісьменнік і грамадскі дзеяч, народны пісьменнік Беларусі (1980), Герой сацыялістычнай працы (1984), лаўрэат Дзяржаўнай (1974) і Ленінскай (1986) прэмій СССР.

  • Befehl (ням.) — загад.

  • Тумаш Вітаўт (1910—1998) — гісторык і навуковец; быў бургамістрам Менска (1941), рэдагаваў газету “Раніца” (1943). Эміграваўшы ў ЗША, узначальваў Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Ёрк), рэдагаваў часопіс “Запісы”, газету “Беларус”.

  • Сметанава сінь — канцэртная зала імя кампазiтара Б. Сметаны; месцiцца ў гэтак званым Доме магiстрата паблiзу Парахавой брамы ў Празе.

  • Абрамчык Мікола (1903–1970) — беларускі грамадскі і палітычны дзеяч, старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (1947–1970); жыў у Францыі.

  • Леўчык Гальяш (сапр. Ляўковіч; 1880–1944) — паэт і бібліяфіл.

  • Асвенцым — канцэнтрацыйны лагер і лагер смерці, створаны фашыстамі падчас Другой сусветнай вайны на поўдні Польшчы.

  • Беларуская Цэнтральная Рада — дапаможны дарадчы орган, цэнтральная інстанцыя беларускай адміністрацыі на акупаванай тэрыторыі Беларусі. Створаная ў 1943 г. пры Генеральным камісарыяце Беларусі. У БЦР уваходзіла 14 чалавек, прэзідэнтам быў Р. Астроўскі. Пад апеку Бцр немцы перадалі школьную справу, культуру, сацыяльныя службы, а таксама аддалі ў падпарадкаванне вайсковыя і грамадзянскія арганізацыі — Беларускую краёвую абарону, Беларускую народную самапомач, Беларускае навуковае таварыства, Саюз беларускай моладзі. Фактычна спыніла сваю дзейнасць у 1944 г.

  • Езавітаў Кастусь (1893–1946) — палітычны і грамадскі дзеяч, сакратар ваенных справаў у першым урадзе БНР (1918), генерал-маёр (1920). Узначальваў галоўную ваенную ўправу БЦР (1944). У 1945 г. арыштаваны савецкай контрразведкай у Нямеччыне. Памёр пасля катаванняў у менскай турме.

  • Цанава Лаўрэнцій Фаміч (сапр. Джанджгава; 1900—1955) — у 1946—1950 гг. міністр дзяржбяспекі БССР. У 1953 г. арыштаваны па “справе Берыі”, памёр у адной з маскоўскіх турмаў.

  • Грынкевіч Станіслаў (1902–1945) — беларускі грамадска-палітычны і культурны дзеяч, літаратар.

  • Айцец Ісакій (Вінаградаў; 1895–1981) — архімандрыт, былы афіцэр. Вывучаў багаслоўе ў Пецярбургу і Парыжы, служыў у пражскім саборы св. Мікалая, які наведвала Л. Геніюш. У 1945 г. арыштаваны і вывезены ў СССР, дзе адбыў у зняволенні 2 гады. Потым служыў у Сярэдняй Азіі.

  • 14 сакавіка 1943 года памёр Васіль Захарка…– у газеце «Новая дарога» (Беласток) за 14 сакавіка 1943 г. быў змешчаны наступны некралог: «З вялікім жалем паведамляем усіх прыяцеляў і знаёмых аб тым, што 14.03.1943 г. памёр у больніцы на Булёвцэ на 66 годзе жыцця Старшыня Беларускай Рады ў Празе, ахвярны і даўгалетні грамадскі дзеяч і сябра беларускіх арганізацыяў Васіль Захарка. Пахаванне адбудзецца ў пятніцу 19.03.43 г. на Альшанскіх могілках. Сваячка Ларыса Геніюш і Беларуская Калонія ў Празе».

  • Вітушка Міхась (1907—2006) — палітычны і вайсковы дзеяч, адзін з лідэраў Беларускай незалежніцкай партыі, маёр Беларускай краёвай самааховы ў гады Другой сусветнай вайны, пасля 1945 г. арганізатар антысавецкай партызанкі ў Беларусі; пазней жыў у Заходняй Нямеччыне.

  • Балаховіч-Булак Станіслаў (1883–1940) — ваенны і палітычны дзеяч, генерал-маёр (з 1919). У студзені 1920 г. са сваім войскам перайшоў у распараджэнне ўрада БНР.

  • Гайдрых Райхард (1904–1942) — нямецкi генерал, намеснiк райхспратэктара ў Празе. Жорстка душыў чэшскi антыфашысцкi супрацiў. Замах (atentat — польск.) на яго ажыццявiлi чэшскiя дэсантнiкi, засланыя з Лондана.

  • Андэрс Уладзіслаў (1892–1970) — польскі генерал. У 1941–1942 гг. камандаваў арміяй, сфармаванай на савецкай тэрыторыі па ўзгадненні ўрада СССР і польскага эміграцыйнага ўрада. Адмовіўся змагацца з немцамі на баку саветаў і перайшоў да хаўруснікаў СССР па антыгітлераўскай кааліцыі. У 1943–1944 гг. камандаваў польскім корпусам у Італіі.

  • Лапіцкі Мікалай (1907—1976) — рэлігійны і грамадскі дзеяч, удзельнік Аўтакефальнага сабора Беларускай праваслаўнай царквы (1942), дэлегат ад духавенства на Другім Усебеларускім кангрэсе (1944). З 1950 г. жыў у ЗША.

  • Камплікаваць (польск. komplikować) — ускладняць.

  • Ostland (ням.) –назва Райхскамісарыяту, утворанага ў 1941 г., які уключаў у сябе тэрыторыі Беларусі, Літвы, Латвіі і Эстоніі.

  • Аерканьяк (польск. ajerkoniak) — яйкавы лікёр.

  • Deutschland (ням.) — Нямеччына.

  • Цёплае апісанне нашай гэтай сустрэчы…– маецца на ўвазе нататка Л. Богуша ў «Новай дарозе» за 30 траўня 1943 г.

  • Лойка Алег (1931–2008) — паэт, празаік, літаратуразнавец; член-карэспандэнт НАН Беларусі (1989), доктар філалогіі (1969).

  • Жанна д’Арк (каля 1412–1431) — нацыянальная гераіня Францыі. Узначальвала барацьбу супраць англічанаў падчас Стогадовай вайны (1337–1453); спалена інквізіцыяй на вогнішчы.

  • Кангрэс — маецца на ўвазе Другі ўсебеларускі кангрэс, які адбыўся ў Менску 27 ліпеня 1944 г. з ініцыятывы Беларускай Цэнтральнай Рады.

  • Клімовіч Адольф (1900–1970) — беларускі грамадскі дзеяч, журналіст, выдавец.

  • Urlaub (ням.) — водпуск.

  • Volksdeutsche (ням.) — немцы, якія жылі за межамі Германіі.

  • Шчорс Мікола (1913—1995) — грамадскі дзеяч; у гады Другой сусветнай вайны ўзначальваў Беларускі камітэт у Варшаве; з 1944 г. жыў у Нямеччыне, пазней выехаў у ЗША.

  • Арсеннева Наталля (1903–1997) — паэтка і грамадская дзеячка; падчас Другой сусветнай вайны працавала ў рэдакцыі «Беларускай газеты». З 1950 г. жыла ў ЗША.

  • Кушаль Францішак (1895–1968) — палітычны і вайсковы дзеяч; муж Н. Арсенневай.