15158.fb2 Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 8

Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 8

Але самым важным пытаннем цяпер было пытанне існавання. Чэхі хутка гублялі сваю волю ў сваёй дзяржаве, правы над імі ўсё болей забіраў сабе Сталін. Для нас гэта было трагічным. Цераз прафесара Шпачэка, які адразу звярнуў на маю асобу ўвагу, я навязала крыху лучнасць са сваімі сябрамі, паслала ім апошнія свае вершы, якіх ніхто цяпер не збіраўся друкаваць, ды яны й былі не да друку. Я ведала, што ўсе яны больш-менш нейк уладзілі жыццё, і галоўнае, што жывыя. Часам даставала газетку, выданую французскімі прафсаюзамі на беларускай мове. І гэтую газетку сябры пачалі маім вершам, не забылі, знача.

Мне прыпомніліся мае смелыя, як на ваенны час, вершы, мой боль над лёсам нашых суродзічаў палонных і вывезеных на работу, і тых, што ў лясох, і тых, што па сёлах. Беларус у маю хату — хлеб на стол, часам апошні яго кусочак роўна раздзелены паміж госцем і сынам. А прыйдзе час, і мільёны маіх землякоў пашкадуюць мне нават скарыначкі хлеба ў няволі, не памогуць малому хлопцу, адзінокаму й разгубленаму, на пасляваенных дарогах чужой зямлі. Яшчэ сеці расставяць і зацягнуць у чорны омут, скуль ратуе адзін толькі міласэрны Бог.

Калі аднойчы нясла я праз лес пад канвоем цяжкое бярвенне й снег быў вышэй пояса, я адчула, што душуся, што сэрца маё ўжо адмаўляецца працаваць, і тады падумала аб тых, якія, хвалячы тое, што чыняць над намі, ездзяць сабе ў галубых экспрэсах ці службовых або ўласных машынах наўпрасткі, праз свежыя магілы майго роду і ўсіх за вайну палеглых дзеля сытасці іх. Маці наша, Беларусь наша, колькі ж яшчэ будуць звінець ланцугамі дзеці твае? Але гэта было шмат пазней, ужо ў Комі АССР.

А пакуль што дайшлі справы, што Мікулічаў вывезлі, бо яны не пажадалі ўцякаць, атупелі, амярцвелі, няшчасныя, з гора. Такіх браць найлягчэй. Другія ж усе паўцякалі, і нават сястра Мікуліча, якое не прыкмецілі. Знача, павезла сцерва свой багаты ўлоў. Адпакутуюць за тое, што неўзлюбілі «айца, вусатае крывавае сонца рускай зямлі». Пасля й нас з мужам асудзяць разам на паўстагоддзя, і будзе ім няўцям, як можна не захапляцца «вялікім і мудрым», які паспеў ужо пазабіваць і вынішчыць не толькі род мой, але й паважную частку народу, лепшых яго сыноў.

Колькі іх ужо перавярнулася, тыранаў на нашай зямлі, і кожны крута загадваў найстрашнейшую нагласць: любіць сябе! «Собака бьющую руку лижет». О, не, не, не, мы — нашчадкі Міколы Гусоўскага[158], мы — племя Скарыны, браты Кастуся — мы ўжо вам не сабакі!!! Свет перавярнуўся дагары нагамі, усё засланіў сабою, падтрымованы сто мільёнамі штыкоў і аўтаматаў — грузін. Грузія й сяння ганарыцца, як умела адным сваім прадстаўніком вынішчыць мільёны славян. Хахочуць у кулак грузіны й спадзяюцца гэтак жа хітра прадаўжаць надалей. Жудасны забойца вісіць у іхніх харомах як нацыянальны герой. Проста жадаю ім, каб лепшых яны не мелі!

Прад вачыма паўзуць манашанькі, як шкілеты, і з прасветленымі цярпеннем вачыма, засуджаныя ўдовы з арлоўскай турмы, не кажучы ўжо аб цярпенні нашых народаў. Строіць свой поспех і благабыт на падобным — гэта зажыва стаць жывёламі, ніколі не дастойнымі звання людзей. Вось цяпер наглядаю, як успрымае гэтае ідалапаклонства сярэднееўрапейскі культурны народ, і з жалем бачу ажыўшыя з каменнага веку пачаткі жывёльнага ў людзях...

Расплываецца цень Масарыка над яго народам, успаміны аб ім, харошым, вандруюць на дно шафаў, як капіталістычны дысананс, небяспека сацыялістычнага новага ладу. Адвечныя славянафілы чэхі дарма шукаюць рысаў славянскага ў вусатым і насатым твары Джугашвілі[159], крыху крывяцца, але загад ёсць загад, і Прага пад уплывам новых, барадатых, насатых прарокаў ходзіць на галаве. Няўжо і ім Бог адняў начыста розум? Не, гэта не замена багоў, гэта цынічнае ануляванне дасягненняў людскасці за дзве тысячы гадоў прасветленай, хрысціянскае эры.

Я пачынаю крыху разумець, што я нарабіла, запісаўшыся ў Саюз чэшска-амерыканскай дружбы, для мяне, праследаванай,— гэта страшная небяспека, але адначасова для мяне як для чалавека — гэта адзіны крытэрый жыцця, прамень святла ў цьмянай яскіні[160], дзе мы цяпер апынуліся. Усё грозіць нам згубай, але сумлення свайго, твару свайго чалавечага мы не губляем! Юрачку мы запісалі ў ІМКу, гэта Саюз хрысціянскай моладзі на манер амерыканскай. Разам з Фірлінгеравымі ён едзе на Сазаву[161] ў летні дзіцячы лагер. Гэты лагер, кажуць, найлепшы ў сярэдняй Еўропе.

У мужа водпуск, і мы з ім першы раз едзем адпачываць у Шпіндлерув Млын[162] у Судэты. У прыватным доме адпачынку нам няблага, толькі муж не хоча хадзіць, не любіць. Ляжыць на сонейку, выграваецца. А ў гарах хораша, зелена. Пасля Прагі паветра — як найлепшы лек. Кормяць няблага, толькі порцыі мікраскапічныя, і мы даволі галодныя. Які шчаслівы мой муж, а вось я зусім няшчасная, сумую, лекачу ўся, не знаходжу сабе месца. Раптам баюся за Юру, пішу яму на Сазаву поўныя кахання лісты. Перажываю. Чаму? Тут усё нямецкае, але немцаў выгналі, ходзяць адныя толькі старушкі ў чорных хустачках, на іх нельга глядзець — колькі трагічнага болю ў іх тварах... Гэты боль аж крычыць, і я яго адчуваю, бо я так добра ведаю, што гэта боль. А кругом вясёлыя курортнікі, папіваюць «півічко», смяюцца, ходзяць у горы, і рэшта ім усё абыякава. Праўда, яшчэ тут ходзяць хораша апранутыя дамы — чэшкі. Яны наравяць усё трымацца бліжэй да зняволеных калонаў, якія працуюць у лесе, відавочна, жонкі калабарантаў. Калі добры, людскі канвой, дык яны сустрэнуцца, пагавораць...

Як жаль, што не відно канца лагером і зняволенню, і здаецца, што яно толькі пачынаецца. Мне несказана цяжка. Са сваімі прадчуццямі я толькі пакута, вечна настарожаная бяда майму мужу. Ён сабе ляжыць, чытае, і нічога хімернага, несамавітага яго не мучыць... Нявесела мець паэтку за жонку, недзе думае ён сабе. А я бягу ў касцёл, там правіць ксёндз, яшчэ немец, якога не паспелі прагнаць. Што ж мне рабіць, каб было лягчэй? «Адпраўце мне імшу па памершых»,— прашу ў ксяндза. Гавару яму, хто я й што мне вельмі, вельмі цяжка. У касцёле не так, як у царкве, я стаю, малюся, але мне й пасля імшы не палегчала...

Ідзе экскурсія на Снежку (найвышэйшая там гара, нешта 800 метраў), я ўпрасіла мужа, каб пайшлі й мы. Хораша, так хораша, неба блізка, а калі захмарылася, дык воблакі плывуць пад нагамі, не нагледжуся на прыгаство, скачу лёгка, як каза, я не ведаю змучання, але пачынаецца дождж, мы заходзім у турысцкую хату, перакусваім нешта. За намі ўбягае, засопшыся, тып з партфелем і пытаецца, ці не ўздумаім ісці яшчэ на Снежку? Шпіён, шпік за намі й тут, у гэтых божых гарах, ледзь ужо дыша, няшчасны вырадак, як жаль, што не йдзем на Снежку...

Дамоў у Прагу вяртаемся аўтобусам і пасля цягніком. У аўтобусе як пад стражай проста адчуваецца, як акружылі. У цягніку ўжо вальней. Едзем дамоў, і нам сумна, ужо сцяна дыму й сажы над Прагаю, здаецца, цяжэй стала дыхаць.

Юра вернецца за пару тыдняў. Ад’язджаючы, мы былі ў яго на Сазаве, вазіў нас на лодцы, частаваў абедам. Былі мы з другімі бацькамі й ля іхняга круга, дзе пяюць і чытаюць малітву. Хлопчык тут чуецца добра, а з нас такі рады, такі рады. Нешта трэба напісаць яму, галоўка не працуе на такой цудоўнай рэчачцы, просіць, каб я яму крыху дапамагла. Сам ён зробіць лепей, калі захоча, але я крыху памагаю. Маці.

Едзем, і я аб ім думаю, так ужо хочацца пабачыць сыночка. За гэтыя тры нядзелі столькі пошты! Назаўтра бяруся за парадкі. Столькі прыгожых рэчаў мне купіў муж, калі мы ад’язджалі: новы нэсэсэр, туфелькі адныя, другія, шорты. Усе гэта складаю на месца. Выціраю сцены, вытрасаю дываны, драткую паркет, мыю, шарую, прасую цэлы дзень, да чацвёртай гадзіны ўначы, каб ужо ўсё гэта кончыць. Праца адганяе трывогу.

Назаўтра доўга спімо, мужу яшчэ цераз дзень на працу. На падлогу падае пошта, бягу, бяру лісты, і сярод іх адзін, гляджу, з Польшчы, ад мае сястроначкі Люсі. Заміраю: чаму ж не ад мамы, баюся адкрыць ліста... Божа мой, даю яго мужу... Муж адчыняе ліста, чытае, маўчыць, збялеў нейк... Божа мой, мама памерла ў 45-м годзе з голаду ў Казахстане, тата загінуў у гродзенскай турме[163], Расціслаў загінуў у арміі Касцюшкі ў 45-м годзе 28 красавіка, Аркадзій загінуў у 44-м годзе 27 ліпеня ў арміі Андэрса ў Італіі... Ногі мае з ваты, і свет кружыцца, кружыцца... Праўда гэта? Праўда гэта? Ці не замнога столькі на чалавека за раз? О, мама... О, Славачка, няўжо й ты наважыўся мяне пакінуць, браціку мой... Аркадзічак, тата... Гэта няпраўда, няпраўда, няпраўда... Бяда мне, бяда, як перажыць мне й пашто жыць?.. Божа мой, барані дзіця маё адзінае, ратуй майго мужа... Юрачка, сыночак мой, як табе, Юра? Я, здаецца, згубіла розум, білася аб падлогу галавою, грызла зямлю. Сапраўды, я, здаецца, здурэла.

Толькі цераз пару дзён пайшла старацца, каб мне дазволілі паслаць пасылку ў Польшчу, апрануць няшчасных, Люсі паслаць лекі, бо хварэла на бруцэлёз, якім заразілася ад гавец у Казахстане...

Трэба было паехаць і паглядзець, ці жывы Юра? Ноччу мне прыснілася, каб не наракала, што можа быць яшчэ горай, яшчэ страшней. Смерць і гора абступілі мяне з усіх бакоў, надыходзіў нейкі абсалютны канец, трагічнае завяршэнне цярпення. Што ж, у гэты час муж мой меў ненармальную жонку. Здаецца, ніхто з людзей не меў такога жудаснага болю, як я... Сёстрам я ўсё паслала сваё, і людзі мне памагалі. Адзела іх усіх, пааддавала ўсё, што мела. Люсенька была шчаслівай. Памаглі ім і мае сябры ў Польшчы, далі ім кватэру ў Вроцлаве, далі працу. Цяпер яны маглі жыць.

Толькі я стала горам для сваёй сям’і, уся душа мая была з мёртвымі. Удома быў толькі мой цень. На імшу я дала па іх у касцёл, і каталіцкі ксёндз маліўся па іх. Яшчэ сцерва папярэдзіла мяне, што пражскія святары, якія засталіся, цяпер агенты іхнія і ўсе даносяць... Не ведаю, ці гэта было праўдаю, але мне рабілася страшна нават ад пачутага расейскага слова.

А сёстры жылі, ачунялі. Што толькі магла, я ім слала — і прыгожую ябланецкую біжутэрыю, і лекі, і новае, і крыху ношанае, і гэтым жыла. Жаль мне было часам мужа, бо са мною ўжо не было ніякай гутаркі, як з дурнем. Настаўлю фатаграфіяў памершых і ўглядаюся.

А на працы ў мужа пачало не ладзіцца, пачалі яго змушаць уступіць у партыю, але ён сказаў ім, што лекар і ксёндз не смеюць быць партыйнымі. Партыяў чатыры, а яны для ўсіх. Пачалі памалу капацца пад намі ўсюды, і спакою ўжо ў нас не было.

Аднойчы прыйшоў ліст, на якім было толькі напісана: «Доктар Іван Геніюш у Празе». Шукалі нас доўга, але знайшлі. Ліст быў ад брата Аляксея. Ліст быў прыблізна такі: дарагі швагер, дзе мая сястра й дзе наш Юра? Пачалася перапіска. Паляцела трагічная вестка й да яго. Ён быў у Англіі, прыгожы, рослы, з крыжамі заслугі, але без раненняў выйшаўшы з вайны. Аркадзі сканаў у яго на руках і пахаваны ў Ларэта ў Італіі, у братняй магіле з палякамі, з якімі й ваяваў.

Брату хацелася памагчы мне, пасылаў, што мог, найболей ангельскія цыгарэты, бо іх усё было мала. Аднойчы прыслаў мне й залаты крыжык у папяросах цудоўнай мастацкай работы. Я не расставалася з ім, аж здзерлі мне яго разам з абручальным персценем і гадзіннічкам у савецкай турме й болей іх мне не вярнулі...

Я крыху супакойвалася. Нас наведаў брата прыяцель, англічанін Сыднэй Алард. Вельмі цікавіўся нашай сям’ёй. Бываў у нас, што вельмі не падабалася нашаму наваколлю, і мы проста самохаць ішлі да нейкае згубы, не хочучы ніяк пакарыцца хмарнай рэчаістасці. Жылі трудна, але жылі, як хацелі, жылі, як сапраўдныя людзі, не крывячы сваім сумленнем і не прадаючы яго ні дорага, ні танна, бо на чалавечае сумленне цаны няма! Такое не прадаецца, і няхай мне ніхто не кажа, што нельга ўстояць!!! Няма сумлення — няма і чалавека! Касцяк людскі — гэта людское сумленне.

Нас пачалі падганяць, каб мы бралі грамадзянства. Муж хацеў чэшскае, аж пішчаў. Вельмі гнаны чужынец, праз усё жыццё ён хоць раз хацеў быць грамадзянінам дзяржавы. А Сыд Алард таксама пытаўся ў мяне: «Хто бароніць людзей без грамадзянства?» Я кажу яму: «Бог!» — «А англійскіх грамадзян бароніць Бог і кароль»,— мудра адказаў Сыд... Жаль, я не зразумела тады як належыць разумных слоў братняга друга, дый ён мог бы сказаць мне гэта хоць яшчэ адзін раз, і жыццё нашае было б лягчэйшым...

І так мы пачалі старацца чэшскае грамадзянства, як хацеў муж. Чэхі не проста давалі людзям пасляваеннае сваё грамадзянства. Яны нас траслі-ператрасалі, перавяралі ўсе костачкі й ніякіх грахоў не маглі за намі знайсці. Было толькі ім не зразумела, чаму за нас, чужынцаў, бяруцца ўсе іх чатыры партыі. Яны нам гэта сказалі. Ніяк не маглі зразумець, што беларусы мы, што мы людзі, людзі ў кожных абставінах жыцця, якія не здрадзілі праўдзе, шляхотнасці, сваёй Бацькаўшчыне, народу і ўсім добрым людзям на свеце. Вузкалобыя гэтага не маглі зразумець.

Юра выступіў супраць ідэі чужога грамадзянства й сказаў нам, што гэта здрада перад сваім народам. Было нам дзіўна яго слухаць. Сяння думаю, што, можа, яго, малога, агенты якія так навучылі. Аднойчы нам яго ўкралі, павезлі з сабою нейкія байцы, адразу нейк пасля іх прыходу ў Прагу. Ноч не было хлопчыка, і мы каналі са страху. Назаўтра нам яго прывезлі байцы таго штаба, які першы ў нас затрымаўся. З ім нам прывезлі мяса, каўбасаў і сваю, здавалася, дружбу. А сяння нечаму думаю, а можа, яны нам тады купілі дзесяцігадовага хлопчыка? Я сяння ўсё ўжо магу чакаць ад іх, хоць такое й неймаверна. Сына мы ніколі ні аб чым не пытаемся. Нам цяжка задаваць яму падобныя пытанні, раніць чалавека, а ён маўчыць. Маўчыць...

Людзі пачалі вельмі расчароўвацца ў савецкіх байцах і людзях. Рэчаістасць выглядала непрывабна, зусім іначай, як прапаганда на старонках савецкіх газет. Найболей не падабалася пагоня за гадзіннікамі. «Давай часы» — стала насмешлівай пагаворкай.

Чатыры партыі моцна змагаліся перад выбарамі. У Чэхах найболей галасоў атрымалі камуністы, у Славаччыне наадварот. Славакі не маглі дараваць Бэнэшу смерці ксяндза Ціса[164]. Бэнэш і тут кіраваўся помстаю. У яго волі было памілаваць гэтага чалавека. Адсутнасць велікадушша — трагедыя тупых адзінак, рэпрэзентуючых народ. Час ішоў. Чэхаславаччына ўсё яшчэ не выходзіла з чаду помсты й маніфестацыяў, але бурныя словы не маглі закрыць суровай для камуністаў праўды — народ, прывыклы да ладу й парадку, расчароўваўся ў пустых словах, традыцыі перамагалі.

Беспартыйнага майго мужа звольнілі з працы. Далі яму нейкае адшкадаванне. Трэба было шукаць працы. Тым часам далі нам чэшскае грамадзянства[165]. Мне сяння здаецца, што далі нам яго, проста каб мы не ўзялі другога, калі ўжо не бярэм савецкага. «Е нам цті дат вам обчанстві» (гонар для нас даць вам грамадзянства),— сказалі нам чэхі, даючы нам яго.

Муж шукаў працы, а сябры ўсё рабілі, каб толькі нас перацягнуць да сябе. «Ужо год еў бы кансервы, — гаварыў муж, — каб цябе паслухаў». Ну, пакуль што еў па кусочку свежага мяса, але гэта яшчэ пакуль што, пасля амаль дзесяць гадоў жывіўся знамянітай камсою ды хлебам з мякінаю. Кансерва была як мара, як сон, які не збываецца...

Нас клікалі ў Парыж, прыслалі паперы, каб лягчэй было нам дастаць дазвол і візу. Знайшліся ў нас там сваякі. Муж не хацеў слухаць, а мудры Юра так радзіў: «Хадзі, мамачка, паедзем з табою, а татачка так нас любіць, што хутка за намі прыедзе, не вытрымае». Гэта зрабіць тады сапраўды было б найразумней, але муж — галава ў хаце, пагледзьімо, што будзе далей, як жа тая галава пакіруе?

Бяда ў людзей іх шматкі, іх рэчы. У нас гэта былі горы кніжак, якія ўчэпіста трымалі майго мужа пры сабе. Яны, здавалася, яму даражэй за нас з сынам. Я зацінала вусны, і прадчуванне згубы нейк зусім авалодала мною. Муж шукаў працы. Абяцалі яму яе і ў Карлавых Варах, і ў іншых месцах, а далі ў мястэчку Вімпэрку ў Судэтах ля самай граніцы. Вось крыху толькі заблудзіся, і амерыканцы схопяць цябе на граніцы ў абдымкі. О, які гэта няздзейснены, які салодкі сон... Здаецца, нічога не хацеў бы, толькі б не баяцца, што ізноў цябе схопяць і павалакуць, як і іншых, на канец свету ў свае суровыя душагубныя снягі й маразы.

Чэхі, напэўна, нам і далі гэты Вімпэрк, што спадзяваліся-такі на нейкі розум у беларускіх галовах. Але каго Бог пакараць хоча, дык прытупляе той розум... З мужам на гэтую тэму дарма было гаварыць, і хоць адзіным яго аргументам былі кансервы, усё ж ён трымаўся за яго аберуч і з месца скрануць не даваўся. Яму снілася Бацькаўшчына, а мне свабода й жыццё, дзе ўсе людзі роўныя — кулакі яны ці люмпен-пралетары, абы былі чэснымі людзьмі. Здаецца, раз на дзень еў бы, каб толькі не баяўся за сваё адзінае дарагое дзіця. Рэчаістасць была страшнай: ніякае магчымасці літаратурнай працы ці наагул працы для свайго народу, карыснай, канструктыўнай, і гэты, ніколі не засынаючы страх з тылавых «герояў» арміі, якая паволі адыходзіла з Еўропы дамоў, тых, другіх, пакідаючы за сабою.

Алёша не забываў нас. «Дзве тысячы братоў маіх ляжыць тут», — пісаў ён, перасылаючы здымак Монтэ Касына й знамянітую песню аб ім. Пісаў па-польску, бо так яго вучылі ў школе (іначай не вучылі), і польскае наваколле Андэрсавай арміі апалячыла яго начыста. Хлапчаня не магло сцяміць, што Беларусь — гэта не толькі тыя, хто знішчыў нашых бацькоў; што Беларусь — гэта старая нашая казка-зямля, нашая Маці й нашая мэта. Не час было пераконваць брата, я яму паслала толькі пачатак свае кніжкі з вершамі аб гэтай зямлі. Мне было радасна з таго, што ён, хоць ён адзіны, выжыў з гэтае вайны. Пасля пачалі мне пісаць і дзяўчаты, яго сімпатыі, і я пацела, па-ангельску адказваючы на іх лісты. Хлопец быў хоць вады напіся — высокі, стройны й на здымках амаль волат сярод акружаючых яго дробных, нармальных людзей. Толькі, на жаль, любіў джын, у чым мне чыстасардэчна прызнаваўся. Пісаў аб ім і яго камандзір андэрсаўскі. Маляваў хлопца хораша, як растаропнага добрага чалавека. Аляксей, кудэмі ні праходзіла іх армія, усюды лёгка вывучаў мовы й так размаўляў па-італьянску, па-нямецку й дасканала ведаў ангельскую мову.

Пісаў, што мог вучыцца ў Андэрсавай арміі, але хацелася яму ваяваць...

Аляксей быў нашаю радасцю, а яго сябра з вайсковай ангельскай місіі ў Празе, Сыд Алард — мілым госцем. А ў вачох паноў долі зямлі, дзе мы жылі, гэта было смяртэльным грахом амаль. Бо хоць брат і біўся супраць таго ж ворага, цяпер аказалася, што ахвяры толькі спяць роўныя між сабою па капцах і магілах, а пераможцы дзеляцца на класы.

А я прызнавала толькі паганых і добрых людзей, бо разумны, асвечаны інтэлігент куды больш патрэбны грамадству за азвярэлага, тупога пралетара, якога мэта пакуль што толькі й толькі — карыта. І так будзе вечна, бо людзі могуць лепш жыць матэрыяльна, але яны не дасканаляцца масава да ўзнёслага ахвярнага ўзроўню назначаных лёсам адзінак, якія служылі й будуць вечна служыць прыкладам людзям. Не мэта раўняць усіх людзей да ўзроўню такіх прымітываў. На Захадзе падымаюцца людзі больш да ўзроўню шляхотных інтэлігентаў. Прынамсі, такіх ставяць, выбіраюць, каб валодалі рэштаю.

Муж памалу збіраўся ў Вімпэрк, а Юра пайшоў у школу. Муж пісаў, што яму не пагана. Аднойчы я выбралася яго адведаць. Гэта цераз 200 км за Прагаю. У гарах ужо было халадно, і сам Вімпэрк такое цяжкае зрабіў на мяне ўражанне, што я раніцай уцякла ў касцёл, каб хоць крыху акрыяць душою. Нідзе яшчэ не было мне так жудасна, як у гэтай мясціне. Не высказаць было майго страху, і муж адмаўляўся мяне разумець. Душа паэта — сейсмограф. Яшчэ раз паехалі мы туды на святога Мікалая (чэшскае старое свята) з сынам. Уражанне не было лепшым. Наадварот. Нават сяння цяжка мне пісаць пра тыя дні.

Муж там чуўся як рыба ў вадзе. Восьенню 47-га года пан Кржываноска, наш добры знаёмы, ведаючы, як я хачу пабачыць маіх сёстраў, дастаў машыну й павёз нас на Снежку, дзе сустракаліся чэхі з палякамі, бо гара была падзелена напалову. Цудоўна ехалася, пераначавалі мы ў гатэлі прадгор’я й назаўтра пайшлі пехатою на Снежку. Няслі падаркі, і сэрца сціскалася ад сустрэчы пасля столькіх падзеяў, а сустрэча бліжылася. Горы былі восьенню не меней прыгожыя, лужайкі яшчэ зялёныя, сосны дзявоча задуманыя ў чыстым небе, а пагода была як высненая. Юрачка бег лёгка пад горку, а я ўжо не бегла, як бывала раней, пачало не хапаць мне паветра. На Снежцы дзве гасцініцы, і ў польскай мы знайшлі нашых! Ніна моцна пастарэла, а Люся была як абразок — такая зграбная, прыгожая, што не адарваць вачэй. Пан Кржываноска адразу сказаў, што такой дзяўчыны нельга пакідаць палякам. Чэхі ўсё яшчэ не мелі ласкі на іх. Мы завялі іх на наш чэшскі бок, я дастала ежу, на стале разлажыла, але есці ніхто не мог, мы й гутарылі мала, проста нейк анямелі. Я надзела на пальчык Люсі залаты пярсцёнак, які мне купіў муж у дзень смерці Аркадзія, не ведаючы аб гэтым. Люся марыла аб пярсцёнку й была радая. Было яшчэ й на сукеначкі і інш. Юра быў вельмі рад, усё хацеў быць з Люсяй. Даў ёй сваю прыгожую горскую палку.

Я папыталася аб замустве, і цудоўная Люся сумна адказала мне, што ў яе загробны жаніх... Мне пайшоў мароз па скуры. Яшчэ раней, калі я ім усё апісала пра Славачку й пра той чорны цень, які праследаваў яго, Люся адказала мне, што, жывучы ў Казахстане, і да яе прыходзіў чорны цень. Першы раз увайшоў праз закрытыя дзверы ў зямлянку, у якой яны жылі. Усе спалі, Люся яшчэ мылася, і сказаў: «Спой, невеста, не пугайся...» Люсю знайшлі на зямлі абамлелай. Ад таго часу, як і ў Жлобаўцах, многія яго бачылі. Мама прачнецца, а над спячаю Люсяй чорны цень. Люся мне казала, што прывыкла да яго. Аднойчы ноччу прачнулася і, убачыўшы цень, папыталася: «Што ты ад мяне хочаш?» — «Тваю маму»,— адказаў цень. Цераз два месяцы мама памерла. Цень паказаўся яшчэ раз, і ў паветры пранесліся словы «Со святыми упокой». Болей Люся тым часам яго не бачыла, але дзяўчо нейк чакала непазбежнай сустрэчы з ім, свае смерці. Многа пазней, у 1952 годзе 22 мая, Люся памерла вельмі загадачна, толькі не духі былі прычынаю яе смерці...

Усё гэта неверагодна, але я не маю падставаў не верыць чэснаму, найчаснейшаму брату майму, маці сваёй і дарагой сястронцы. Я не маю падставаў не верыць ім, і я ім веру. Я мела намер забраць з сабою Люсеньку. Перад ад’ездам схадзіла ў чэшскую паліцыю, і яны абяцалі мне яе прапісаць, калі ўдасца перавезці яе ў Прагу. Люся была гатовая йсці з намі, але Ніна так спалохалася, так збялела й пачала прасіцца, каб мы не бралі Люсенькі, бо яе за гэта пасадзяць, а яна ўжо ведала савецкую турму...

Польскае таварыства ахвотна забрала з сабою пад апеку маіх сёстраў. Панеслі нават іхнія рэчы. Дружныя й харошыя палякі ў горы, як брацця. А мы йшлі памалу да свае машыны. Са Снежкі відно было польскі бок. Мне здавалася, што там бяспечней крыху. Пайшла мая Люсенька, як русалачка, з імі ў маім зялёным касцюме, у харошай шапачцы белай. «Каб не гэты шакалад, што ем, і каб не падаркі ад іх, я думаў бы, што гэта сон»,— мудра высказаўся мой Юра.

Як было хораша, што я іх бачыла. Пан Кржываноска ніяк не мог супакоіцца, што палякам мы пакінулі такое дзяўчо, такое цуда... Задуманая, сумная, як не з гэтага свету, дзяўчынка адышла ад мяне назаўсёды, маленькая Люся... Не шчодра адмераў ёй лёс ніць жыцця. Расказвала я ім пра таго Толіка-партызана (мне здавалася, што ён Міша, але людзі з Палавок мне сказалі, што Толік). Успаміналі, як нейкі Сундукевіч (з Лазоў, здаецца) арыштоўваў тату, як гнаў яго Заяц з Тупічан, азвярэлы на безабароннага пана, аж да Лунны. Яшчэ жыве ў Мастох нейкі Капейка, які прыгарнуўся да Расціслава ў час вайны, а пасля праследаваў яго толькі за тое, што кулацкі сын. Так даказваў сваю рабскую адданасць Сталіну, памагаючы фізічна вынішчыць яшчэ жывых. Недзе й далей прадае ў Мастох на лесапільнай фабрыцы такіх жа нявінных. Што ж, залаты фонд сянняшняга рэжыму. Цераз такіх гінулі людзі, не ўсе, безумоўна, толькі тыя, хто не ўцякаў, хто не пакідаў гнязда свайго, зямлі роднай, каму здавалася, што людзі ўсё ж за дабро заплацяць дабром і за праўду — праўдай... Няўжо так вынішчаць увесььь наш род?

А крывавыя кіпцюры ўжо памалу заціскаліся ля майго горла, і малы сынок ішоў насупраць страшнога сіроцтва. Так наканавана ўсяму нашаму роду гінуць на зубах гэтых азвярэлых людзей. Мне найболей цяжка, бо я кахала гэты народ, кахала яго безгранічна... А можа, гэта толькі шумавенне, крывавая пена такіх жа крывавых дзён, можа, яшчэ б’ецца чалавечае сэрца ў майго народу й загамоніць некалі пратэстам супраць садызму? Так мне хацелася гэтаму верыць.

Муж пісаў з Вімпэрку, клікаў мяне да сябе, бо было яму цяжка. Страшны Вімпэрк, на ўспамін аб якім браў мяне жах. Трэба было здаць хлопчыка на кватэру, а самой ехаць. Мае добрыя знаёмыя Сіраполкі знайшлі нейкую ўкраінку пані Кучынскую, дзе й аддалі мы Юру, над якім апеку пераняў пан Кржываноска — наш знаёмы чэх. Часта я прыязджала да Юры, тады мы йшлі на нашую кватэру й праводзілі там пару дзён. Былі тады шчаслівыя. Я заўважыла толькі, што Юра стараецца быць самастойны, гэта палохала мяне. Пані Кучынскай ён не слухаў. Муж мала наагул звяртаў на яго ўвагі, а цяпер дык зусім не бачыў яго. Хлопчык вырас велькі, нейк выцягнуўся.

Аднойчы я ехала да мужа. Звычайна спакойна бывала ў аўтобусе, але на гэты раз да мяне ўчапіўся нейкі тып, які вельмі пагана гутарыў па-чэшску з расейскім акцэнтам. Бяссільны, каб вырваць ад мяне хоць слова, ён звяртаўся да шофера й да ўсіх з аўтобуса, што гэтая дама-буржуйка сама жыве ў Вімпэрку, а сын яе вучыцца ў Празе і т.п. Мне прыпомніўся Аляхновіч[166], нічога новага, паўтараецца тое, што перанёс калісьці ён. Цераз пару дзесяткаў гадоў так жа адзін з іх «прадстаўнікоў» нападзе на мяне ў Польшчы па дарозе ў Крынкі. Калі муж спаткаў мяне ў Вімпэрку, я паказала яму на праследавацеля, і ён адразу ўцёк. Таксама ў Польшчы ўцёк той чэкіст у лес, не даязджаючы да Крынак...

Ішлі мне па пятах, сачылі, акружалі, і толькі муж мой быў глухі й сляпы й па-ранейшаму баяўся, каб хоць не пераехаць граніцы ў Заходнюю Германію. У мужа была медсястра й сакратарка, якой бацька быў немец, а любоўнік — партыйны актывіст, чэх, вельмі зацікаўлены нашымі асобамі. Муж і тут не бачыў нічога страшнага, наадварот. Мне ўсё было ясна, але я рабілася пасіўнай і, як тупая авечка, ішла на зарэз. А трэба было браць сына й ратавацца, бараніць жыццё адзінага сына й сваё. Злачыннае кіданне нас Сталіну пад ногі ніколі не лягло каменем на сумленне майго мужа. Мы для яго былі хутчэй рэчы, чымсьці жывыя людзі.

У яго былі свае зацікаўленні, сваё жыццё. Будучы ў Вімпэрку, я варыла яму, падавала, паліла ў печы, а ў свабодны час малявала алавікамі ці акварэллю. Калі ён ехаў далёка на вызавы, дык браў мяне заўсёды з сабою. Тады я глядзела на лясы, на пакінутыя ў іх немцамі хаткі й думала пра Беларусь. І тут і там было для мяне страшна. Страшна, калі вайна, але страшней, калі на яе крывавых слядох прадаўжаецца сабачае, нізкае сачэнне, мучэнне й выдаванне людзей, якія не хочуць гнуцца, не патрабуюць апраўдвацца й не паддаюцца загаду, каб любіць тое, перад чым некалі здрыганецца людскасць, як перад пеклам. Логіка тут была рэчай смешнай, а подласць і нізасць законам дня. Цяпер многае змянілася, але такое робіцца й далей, але хоць крыху маскуецца, тады ж гэта было яўна, выразна нагла.

І так пасля высокай еўрапейскай культуры ў Чэхаславаччыну прыходзілі паняцці: мядзведзь — начальнік, тайга — закон... Аднойчы ў суботні вечар мы нешта гаварылі з мужам, як раптам пазваніў нехта, калі мы выйшлі адчыніць, дык у дзвярох стаяў Юра й хахатаў. У яго былі канікулы, і ён сам прыехаў да нас. Колькі ж было тады радасці! Аднак Юра хацеў паездзіць на лыжах, і муж завёз яго на самую граніцу да знаёмых, дзе былі лыжныя тэрэны й нават трамплін. За тою граніцаю жылі людзі, якім цяжка было пасля вайны, але якія падымаліся эканамічна й маральна, і жыццё ў іх з кожным днём рабілася лепшым. Я паехала па Юру, але ён яшчэ хацеў паездзіць на лыжах. Да нас вярнуўся сам, прыбег на лыжах! Ехаў праз пакінутыя сёлы, і было яму страшна. Яшчэ не ўсё абжылі тады чэхі ў т.зв. «погранічы», яны запрасілі на гэта нават балгараў, і вось «братушкі» памагалі там рабіць калгасы. Сколькі кароў, столькі начальнікаў на пакатых баках Судэцкіх гораў. А некалі там кожны гаспадар меў па некалькі кароў, і агульная іх колькасць была дзесяць раз большай і дзесяць раз лепшай ад калгаснай. Людзі на ўсё гэта глядзелі скептычна, але, як казалі немцы: «Бэфэль іст бэфэль»[167] — і вось кожны гэтаму прыказу падпарадкоўваўся, каб толькі не трапіць у сталінскія крывавыя кіпцюры.

Прафесар Шпачэк напісаў мне, што хацеў бы мяне бачыць і пагаварыць. У Прагу паехаў муж, але Шпачэк, паводле яго слоў, нічога не хацеў з ім гутарыць.