15250.fb2 Здрадлівая жонка - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 2

Здрадлівая жонка - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 2

Але святло аднавіла рух, сонца, выразна акрэсленае і пазбаўленае цеплыні, схілілася на захад, які трошкі паружавеў, а на ўсходзе тым часам паўстала шэрая хваля, гатовая паволі абрынуцца на велічную прастору. Завыў першы сабака, і яго далёкі крык узняўся ў паветра, якое адразу яшчэ болей пахаладнела. Тады Жанін заўважыла, што ў яе ляскаюць зубы.

—Мы зараз падохнем,— сказаў Марсэль. — Ты здурнела. Хадзем назад.

I ён неяк нязграбна ўзяў яе за руку. Разам парахманеўшы, яна адвярнулася ад парапета і пайшла за ім. Стары араб на лесвіцы нерухома глядзеў, як яны спускаюцца ў горад. Яна ішла, нікога не заўважаючы, прыгнечаная нечакана вялізнаю стомай, ледзьве цягнучы сваё цела, цяжар якога здаваўся цяпер невыносным. Захапленне, якое яе ахапіла, ужо некуды знікла. Цяпер яна адчувала сябе надта вялікай, надта аб'ёмнай і таксама — надта белай для гэтага свету, у якім апынулася. Толькі дзіцё, маладая дзяўчына, сухарлявы мужчына і ўвішны шакал былі тымі адзінымі, хто мог бязгучна ступаць па гэтай зямлі. А што тут магла яна, апроч як дацягнуць да чарговага сну, дацягнуць да смерці?

I яна сапраўды неяк дацягнулася да рэстарана, ідучы наперадзе мужа, які ўвесь час маўчаў і толькі зрэдку жаліўся, што стаміўся, і яна, квола змагаючыся з апанаваўшай яе прастудай, пачынала ўжо сама адчуваць, як у яе падымаецца тэмпература. Потым яна дацягнулася і да ложка, у якім да яе далучыўся Марсэль, адразу пагасіўшы святло і так ні пра што не спытаўшы. Пакой быў ледзяны. Жанін адчувала, як па целе разліваецца холад і адначасова расце гарачка. Ёй было цяжка дыхаць, кроў пульсавала ў жылах, але не грэла, і ў ёй пачынаў разрастацца незразумелы страх. Яна павярнулася на старым ложку, і той зарыпеў пад яе вагой. Не, яна не хоча хварэць. Яе муж ужо спаў, і яна таксама павінна заснуць, так, павінна. За акном-байніцай чуліся прыглушаныя шумы горада. Старыя грамафоны ў маўрытанскіх кавярнях гугнява выціналі мелодыі, якія яна цьмяна ўгадвала скрозь лагодны гоман натоўпу. Трэба спаць. Але яна ўзялася пералічваць чорныя намёты; нерухомыя вярблюды паплылі за павекамі, і раптам яе душу закруціў вір бязмежнай самоты. Ну навошта, навошта яна сюды прыехала? 3 гэтым пытаннем яна заснула.

Трошкі пазней яна прачнулася зноў. Вакол панавала поўная цішыня. Толькі на ўскраінах горада ў маўклівай начы хрыпла брахалі сабакі. Жанін здрыганулася. Яна перакруцілася на другі бок, адчула побач цвёрдае плячо мужа і раптам, у паўсне, прытулілася да яго. Не могучы цалкам заснуць, яна плыла ў паўдрымоце, з падсвядомаю прагнасцю ўхапіўшыся за гэтае плячо, як за самы надзейны ратунак. Яна нешта шаптала, але з яе вуснаў не злятала ніводнага гуку. Яна нешта шаптала, але сама не разбірала што. Яна толькі адчувала цяпло, якое ішло ад мужа. І так ужо дваццаць гадоў, кожную ноч, з ягоным цяплом, заўсёды ўдваіх, нават у хваробе, нават у дарозе, вось як цяпер... Дый што яна рабіла б дома, адна? Дзяцей няма! Можа, ёй не стае гэтага? Яна не ведала. Яна проста ішла за Марсэлем, і ўсё; ёй падабалася адчуваць, што яна камусьці патрэбная. Адчуванне сваёй неабходнасці — гэта была адзіная радасць, якую ён ёй дарыў. Ён наўрад ці яе кахаў. У кахання, нават калі яно з дамешкам нянавісці, не настолькі пануры твар. Але які твар у кахання? Яны кахаліся ў цемры, навобмацак, не бачачы адно аднаго. А ці ёсць іншае каханне, апроч начнога, каханне, здольнае крычаць пра сябе пасярод белага дня? Гэта ёй было невядома, затое яна ведала, што патрэбна Марсэлю і ёй самой патрэбная гэта патрэбнасць, што яна жыве ёю ноччу і днём, асабліва ноччу, кожную ноч, калі ён не хоча заставацца адзін, не хоча старэць, не хоча паміраць, з гэтай упартасцю ў твары, якую яна пазнавала часам у тварах іншых мужчын — адзіным агульным выразе ўсіх гэтых вар'ятаў, якія хавалі сваё вар'яцтва пад маскай разумнасці, пакуль не даходзілі да шаленства і не кідаліся ў роспачы да жаночага цела, каб, няхай без жадання, схавацца ў ім ад той жудасці, якую для іх уяўлялі самота і ноч.

Марсэль крыху паварушыўся, нібыта каб адсунуцца ад яе. Не, ён яе не кахаў, ён проста баяўся ўсяго, што не было ёю, і ім абаім даўно ўжо трэба было б расстацца, каб да канца сваіх дзён спаць у адзіноце. Але хіба хто-небудзь здольны заўжды спаць адзін? Так робяць толькі нямногія, каго іх пакліканне ці бяда адарвалі ад іншых, і цяпер яны кожны вечар кладуцца ў ложак сам-насам са смерцю. Марсэль так ніколі не змог бы, не, толькі не ён, кволае, безабароннае дзіцё, якое заўсёды палохаў боль,— яе дзіцё, вось праўда, дзіцё, якому яна патрэбная і якое якраз у гэты момант ціхенька заенчыла. Яна крыху мацней прыціснулася да яго, паклала руку на ягоныя грудзі. I у думках паклікала тым ласкавым імем, якім некалі ахрысціла ў найвышэйшы момант кахання, якое зрэдчас і цяпер яны ўжывалі паміж сабою, але ўжо не задумваліся аб тым, што кажуць.

Яна клікала яго ўсім сэрцам. Яна таксама ўрэшце мела патрэбу ў ім, у яго сіле, у яго дробных дзівацтвах, ёй таксама было страшна памерці. «Калі б я адолела гэты страх, я была б шчаслівая...» Раптам яе захлынула невытлумачальная, трывожная туга. Яна адхілілася ад Марсэля. Не, нічога яна не адолее і ніколі не будзе шчаслівай — на праўдзе яна так і памрэ, не вызваліўшыся ад гэтае ношы. Яе сэрца балела, яна задыхалася пад вялізным цяжарам, які раптам для сябе адкрыла і, уразумеўшы, што нясе яго дваццаць гадоў, з усяе сілы старалася цяпер скінуць. Яна хацела вызваліцца ад яго, нават калі Марсэль, нават калі іншыя ніколі гэта зрабіць не змогуць. Цалкам прачнуўшыся, яна прыўстала на ложку і прыслухалася да поклічу, які здаўся ёй зусім блізкім. Але з ускраінаў ночы даляталі толькі прыглушаныя і нястомныя галасы сабак. Узняўся зноў лёгкі ветрык, і яна чула, як ягоныя хвалі пераліваюцца ў пальмавым лісці. Ён прылятаў з поўдня — адтуль, дзе пад зноў нерухомым небам цяпер змешваліся пустэльня і ноч, дзе спынялася ўсё жыццё, дзе ніхто ўжо не старыўся і не паміраў. Але хвалі ветру ўжо выдыхліся, і яна не была ўпэўненая, ці чула што-небудзь увогуле, апроч бязгучнага поклічу, які ўрэшце магла сама прымусіць гучаць ці змоўкнуць, але сэнс якога так і застанецца назаўжды для яе не зразумелым, калі яна не адкажа цяпер, неадкладна. Так, неадкладна, яна была ў гэтым упэўненая.

Яна ціха ўстала і знерухомела каля ложка, прыслухоўваючыся да мужава дыхання. Марсэль спаў. Але ўсяго праз імгненне цеплыня, назапашаная ў пасцелі, знікла, і яе скаваў холад. Павольнымі рухамі яна пачала апранацца, навобмацак знаходзячы адзенне ў слабым святле вулічных ліхтароў, якое сачылася скрозь аканіцы. З чаравікамі ў руках яна рушыла да парога. Потым, пастаяўшы яшчэ хвіліну ў прыцемку, пачала асцярожна адчыняць дзверы. Рыпнула ручка, і яна застыла. Сэрца шалёна стукала. Але прыслухаўшыся і пачуўшы, што ўсё вакол ціха, яна супакоілася і націснула трошкі мацней. Ручка паварочвалася так марудна, што ёй здавалася, гэта ніколі не скончыцца. Нарэшце дзверы адчыніліся, яна выслізнула з пакоя і зачыніла іх з такімі самымі перасцярогамі. Потым зноў счакала, прыпаўшы шчакой да драўлянай створкі. Праз хвіліну да яе данеслася аддаленае Марсэлева дыханне. Тады яна павярнулася і пабегла па галерэі, адчуваючы на твары ледзяное паветра ночы. Гатэльныя дзверы былі зачыненыя. Пакуль яна разбіралася з засаўкай, наверсе лесвіцы ўзнік начны вартаўнік з заспаным абліччам, які пачаў ёй нешта казаць па-арабску.

— Я хутка вярнуся,— сказала Жанін і выбегла ў ноч. Над пальмамі і дамамі з чорнага неба звісалі гірлянды зорак. Яна бегла па той кароткай, цяпер бязлюднай вулічцы з дрэвамі, што вяла да форта. Холад, якому больш не было патрэбы змагацца з сонцам, ужо цалкам авалодаў ноччу; ледзяное паветра апальвала лёгкія. Але яна бегла, амаль усляпую, скрозь поўны змрок. Праўда, у канцы вуліцы раптам узніклі нейкія агеньчыкі, якія, рухаючыся ўлукаткі, пачалі набліжацца. Яна спынілася, пачула сухое, ледзь улоўнае стракатанне і нарэшце, за выраслымі ўжо агнямі, убачыла вялікія бурнусы, пад якімі паблісквалі тонкія колы ровараў. Бурнусы пранесліся ўсутыч з ёю, у цемры ў яе за плячыма мільганулі тры чырвоныя плямы і адразу зніклі. Яна кінулася бегчы далей да форта. Пасярэдзіне пад'ёму пякота ў лёгкіх стала такою вострай, што яна хацела спыніцца. Але апошні парыў мімаволі вынес яе на пляцоўку, да парапета, і яна прыпала да яго жыватом. Яна задыхалася, усё плыло ў яе перад вачыма. Бег зусім яе не сагрэў, і яна дрыжала ўсім целам. Але халоднае паветра, якое яна хапала сутаргавымі глыткамі, урэшце роўна пацякло па жылах, і дрыготку пачала выцясняць кволая цеплыня. І тады перад яе вачыма адкрыліся начныя прасторы.

Ніводзін подых, ніводзін гук, апроч рэдкага прыглушанага парыпвання камення, якое ад холаду ператваралася ў жвір, не парушалі самоты і цішыні, што атулялі Жанін. Але ў наступнае імгненне ёй падалося, што неба, быццам уцягнутае ў нейкі марудны, цягучы карагод, пачынае кружыцца над яе галавою. У глыбінях сухой і халоднай ночы нястомна ўспыхвалі тысячы зор, і іх зіхатлівыя ледзяшы, адразу сарваўшыся, неўпрыкмет пачыналі слізгаць да лініі гарызонту. Не могучы звесці вачэй, Жанін назірала за гэтымі зыркімі іскрамі, якія некуды несла невядомаю плынню. Яна таксама пачынала кружыцца з імі, і гэты нерухомы бег паступова падводзіў яе да самых нетраў яе ўласнае існасці, у якой цяпер ішла барацьба паміж прагным жаданнем і холадам. Зоры, адна за адной падаючы ў яе на вачах, пагасалі сярод камянёў пустэльні, і з кожным разам Жанін усё больш раскрывала сваю душу ночы. Яна дыхала, забыўшы пра холад, пра цяжар быцця, пра бессэнсоўнасць ці ўстыласць свайго існавання, пра тужлівую трывогу жыцця і смерці. Пасля ўсіх гэтых гадоў шалёных уцёкаў ад страху, калі яна бегла без мэты, сама не ведаючы куды, яна нарэшце спынілася. I у той жа час ёй падалося, што яна набыла свае карані, і жыццёвыя сокі зноў напаілі яе сасмяглае цела, якое больш не дрыжала. Прыціснуўшыся жыватом да парапета, уся падаўшыся ўперад да рухомага неба, яна толькі чакала, калі суцішыцца яе ўсхваляванае сэрца і ў ёй усталюецца поўная цішыня. Апошнія блясткі сузор'яў звесілі свае гронкі яшчэ ніжэй над даляглядам пустэльні і знерухомелі. І тады воды начнога змроку з невыцерпнай лагодай пачалі напаўняць Жанін, заліваючы сабой холад. падымаючыся паступова ад цёмных прадонняў яе істоты, пакуль урэшце не хлынулі бясконцым патокам, пераліўшыся цераз край і сарваўшыся з вуснаў разам ціхімі енкамі. У наступнае імгненне ўсё неба расчынілася па-над ёю, распасцёртай на спіне на халоднай зямлі.

Калі Жанін з тымі ж перасцярогамі вярнулася ў нумар, Марсэль па-ранейшаму спаў. Але нешта буркнуўшы, калі яна клалася побач, праз хвіліну нечакана ўсхапіўся ў пасцелі. Ён штосьці загаварыў, але яна нічога не зразумела. Тады ён устаў, запаліў святло, якое поўхай сцебанула яе па твары, і, хістаючыся ўзад і ўперад, пабрыў да ўмывальні. Ён доўга хлябтаў мінеральную ваду з бутэлькі, што стаяла ля ракавіны. І калі ўжо збіраўся залезці пад коўдру, раптам застыў, стоячы адным каленам на ложку і ўтаропіўшыся на жонку неўразумелым позіркам. Яна плакала, заліваючыся слязьмі, без сілы стрымацца.

— Нічога, мой дарагі, — казала яна,— нічога, гэта я так.