152545.fb2 Званы Віцебска - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 10

Званы Віцебска - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 10

Неўсця. Раўніцелі веры з’явіліся. Ну дакладна як у юнацкіх снах нявінныя атракавіцы, каб ім, галубочкам, здохнуць без пакаяння.

Матыс. Ідуць... Аж... засмярдзела.

Iля. Бязлепіцу і грубасць сказаў. На такіх трэба казаць: “Пачэ калу смярдзяй”.

Дарафей. Што, айцы, зноў незаконнае зборышча? Давай, давай адсюль. А то ўздасца вам па грахах вашых. Шкуру гарачымі бізунамі дзерці буду.

Навум Воўк. Глядзі, гэты табе унію ніжэй спіны прапіша.

Палікар. Не звягай на унію, чарвяк.

Палачанін. Хочаце, каб мы глагол, у якім нарадзіліся, змянілі на чужы.

Аршанец. Каб віцебскія ды аршанскія званы на лаціне спявалі.

Вільнянін. Хай пяюць... Абы на іх адпяванні.

Iля. Толькі як ты з чортам дамовішся на чужой мове?

Дарафей. А можа, звыклі б. А, братачкі?

Пасіёра. Можа. Можа, нават і лепей, каб звыклі. Каб толькі не стаяў над намі Рым. I ніхто ў свеце. Досыць. Абрыдла.

Дарафей. Ух ты, як ён на каралёў брэша. Начытаны. А што, хіба Ягелоны не раўнялі ўсіх у правах?

Ропат. Раўнялі. Бо разумелі – гвалтам з намі нічога не зробіш.

Абдзярыха. А цяперашнія, відаць, розум страцілі. “Цёсечка-цёсечка, а потым – стой, воўк цябе рэж”.

Мамка. Лабідуды нейкія, хай бы вам гарэць.

Палікар. Змоўч, бабы.

Дарафей. Куражацца. Цану сабе набіваюць перад намі.

Абдзярыха. Цана нам такая, што ты з усім сваім майном толькі й купіш тую ваду, у якой мы ногі мылі.

Мамка. Для піцця.

Неўсця. Бедныя яны, няшчасныя вашы каралі. Скудныя розумам.

Ропат. Нас пагубіце, але тады і дзяржава веры загіне. Канец! Не быці ёй ужо сярод першых у храме сусвету.

Матыс. Мякінныя... вы... галовы.

Дарафей. Гэта вашы папы мякінныя галовы. Схлапелі, амужычыліся. У распусту ўпалі. Жэняцца. Халера на іх!

Iля. Твая тут праўда, браток. (Тон яго слоў прынізлівы.) Гэта ясна. Ты ведаеш, хто за ўсіх разумней, хто за ўсіх весялей і хто за ўсіх дурней?

Палікар. Ну?

Iля. Вялікія вы і мудрыя людзі. Разумней за ўсіх, сапраўды, ксёндз.

Дарафей. О, урэшце. А чаму?

Iля. Бо ніколі не жэніцца. А весялей за ўсіх поп... Вось як я. Ён рана ўстае і, не еўшы, пяе. Малебен трэба служыць нашча.

Дарафей. Ну, а дурней за ўсіх хто?

У гэты момант адзін са служак, пракраўшыся за спінамі, кінуў у шалаш паходню. За рогатам гэтага не заўважыў ніхто, акрамя Багусі. Яна кінулася да падпальшчыка, схапіла яго за глотку. Дарафей моцна штурхнуў яе, і яна ўпала.

Дарафей(узняў доўбню). Ды што там?! Душы схізму ў імя бога. Бі!

Але тут, нібы скінуўшы здранцвенне, адным скачком дагнаў яго Вольха. Выдзер доўбню, аперазаў па спіне, узняў грамілу ў паветра.

Вольха. Не! Гэта мы вас – бі! Дзяўчат нашых ганьбіць? Людзі – на іх!

Віцьбічы рынулі наперад. У святле палаючага шалаша закіпела лютая бойка.

(Вольха, усё яшчэ матляючы Дарафея, крычыць.) Каб мірам, любоўю прыйшлі – ніхто б, ніколі нас ад вас не адвёў... Нá табе!.. Хіба шыбеніцай, плахай!.. На!.. Але сілай віцьбічаў, але сілай нас – хрэн возьмеш! Зубы зломіш, поп! (Шваркнуў ім аб зямлю.)

Дарафей ляжыць, аглушаны.

(Вольха кінуўся да Багусі, узняў.) Птушачка мая белая. Як ён цябе? Дзе ён цябе? Божа мой, божа, руку на кабету! Што з табой? Дзе баліць?

Багуся. Нічога. Цяпер ужо нічога. Ён не прыбіў цябе?

Варту, між тым, пагналі. Народ збіраецца на паляну.

Пасіёра(ціха). Ну, усё. Усе сродкі ўжылі. Адзін выхад – забіць.

Вольха. За веру забіць чалавека? Быці – як яны?

Iля. Думаеце, толькі вера? Каб гэта, то яшчэ палова бяды. Унь Сцяпан часцей царкву мінае, чым карчму. Не толькі вера. Праўдзівей, не столькі вера. Справа на тое пайшла, ці быць, ці заставацца нам у векі вякоў – і давеку – тым, чым мы ёсць. I пра гэта вы і думайце перш за ўсё.

Пасіёра. І ў знак роты, прысягі, што будзем стаяць, як адзін, – кідайце ўсе шапкі ў купу.

Абдзярыха. Хустку здзерці, з босай галавой пайсці – горай ужо для бабы ганьбы, здаецца, і няма. Але ёсць, ёсць, дзеткі, горшая ганьба. Бабы, кідай хусткі!

Людзі моўчкі кідаюць у купу шапкі і хусткі.

Пасіёра. Званар Янка Гужнішчаў, ты тут?

Званар. Тут.

Пасіёра. Абыдзеш усіх сваіх. Заўтра якое?

Званар. Года ад нараджэння Хрыстова тысяча шэсцьсот дваццаць трэцяга. Месяца лістапада – дванаццатага. Дзень святога Іаана Літасцівага.