152545.fb2 Званы Віцебска - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 11

Званы Віцебска - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 11

Пасіёра. Ну, літасці ім не будзе. А ў католікаў хто?

Званар. Ды яно, здаецца, Тэадора-пакутніка.

Пасіёра. Гэта ўжо лепей. Звані заўтра па-каталіцку.

Званар. Калі?

Пасіёра. А сёмай гадзіне раніцы ўдарыш у ратушны звон.

Званар. Што ж, званіў па ўсіх. Нават па мёртвых. А гэта што? Гэта звон вясёлы. Як на вялікдзень. Заўтра мая вялікая Юлляна пакажа гораду медную глотку. I вялікая Вольга. I вялікі Альгерд. А я іх толькі гэтак па баках: “Ну, мае званочкі, ну, маленькія, пастарайцеся для слаўнага места”.

Мамка. Ну добра, ну як шляхтай навакольнай падступяць – хай. Усе на муры выйдзем. А як вялікае войска?

Неша. Да Масквы па дапамогу.

Пасіёра. Думаў. Не паспеюць.

Вольха. Самім ім кепска. Казакаў на дапамогу трэба прасіць..

Галасы. Казакаў! Казакаў!

Ропат. Бурмістры хай едуць. Каб, у выпадку чаго, не пала на горад кара.

Аршанец. А спраўляцца мы будзем. Мы, якіх тут і ў твар не ведаюць.

Пасіёра. Ідзі, званар. Яны чулі маленні Віцебска. Хай пачуюць Віцебскі набат.

Заслона

Дзея другая

Карціна чацвёртая

Ноч на 12 лістапада 1623 года. Пакой у палатах Кунцэвіча. Скупа гарыць некалькі свечак. У пакоі Кунцэвіч і Палікар.

Палікар. Ну, пабілі нас. З кім не бывае? Але горад спакойны. Агні, як то належыць, усе пасля каманды варты згасілі. Ніхто нікому нічога ніякага. А ў нас поспех. Усё ж шалаш спалілі.

Кунцэвіч. З сінякамі, але са славай. Наша ўзяла – і рыла ў крыві.

Палікар. Толькі што чуткі ходзяць: пагаворваюць, што нібы нехта збіраецца казакаў прызываць. Ды без такіх чутак месяца не праходзіць. Лапцявая пошта.

Кунцэвіч. I тут рацыя. А ўсё ж падрыхтуй чалавек трох ганцоў. I калі нейкі шумок пойдзе – адпраў па адным да казакаў. Маўляў, не трэба падмогі, усе памірыліся, жыццё ідзе гладзенька, як яйка коціцца. Гэта так, дзеля беражонага ваўка, якога і зайцы не заядуць.

Палікар. Ды нічога страшнага.

Кунцэвіч. I я думаю. Прывядзі гэтых дзвюх. Урэшце, старую пусці, а з маладою пастой за дзвярыма.

Палікар выйшаў. Праз некаторы час адчыняюцца дзверы, і ў іх з’яўляецца ён у суправаджэнні Еўгі Бабук і Багусі Данель. Прытрымаў Багусю за руку, а Еўгу падштурхнуў наперад. Дзверы ён, аднак, да канца не зачыніў: шафа для папер не дае Кунцэвічу ўбачыць гэта.

Еўга. У-у-у-у. Вялі сюды – пугач крычаў над Узгорскім канцом. Над прачыстай, над палатамі гэтымі, над ратушай. Пу-га, пу-га, пу-га, у-у-га-га-га-га! Вось, без галоў ходзяць. I ты, ог-го-ой, – без галавы.

Кунцэвіч. Славайсу, цётка Еўга. Што гэта ты? Ходзіш, ілжэпрарочыш, людзей без прычыны палохаеш?

Еўга. Якая прычына? Б-бачу-у. Без галоў. Жар гарыць. Як тады ў Вільні, падчас пагромаў.

Кунцэвіч(страсянуў яе за плечы). Слухай. Адказвай. Ну!

Еўга. Вочы страшныя. Унь! Унь безгаловыя.

Кунцэвіч. Выкладвай, ведзьма! Праўду ты мне тады, на вуха?.. Праўду?!

Пад паглядам гэтых страшных вачэй Еўгу нібы на хвіліну адпусціла.

Еўга(у прастрацыі). Праўду... Праўду... Усе думалі, ты святы. Такі малады, гожы прыказчык у купца. У манастыр Святатроіцкі хадзіў. Усе цябе любілі, ціхі, ветлы. А пасля манастыр – у вунію. I ты – у вунію. Паслушнік. Да гэтых, да шэрых хадзіў. З вачыма змяінымі. I зараз адзін з іх – з табою. А пасля не ты – змей вогненны прыляцеў. Пагромы пачаліся. Храмы віленскія змей паліў, людзей пабіў, вокны каменнем дашчэнту падрузгатаў. I тады ўсе зразумелі – ЗМЕЙ. Ідзі адсюль, ЗМЕЙ. I адзетая ў сонца, з месяцам пад нагамі, крычала: “ЗМЕЙ! ЗМЕЙ!” I кінуліся ўсе бегчы, нават тыя, што ЗМЕЯ сонцам лічылі. I тая, што крычала, з адзінай зорачкай над галавой.

Кунцэвіч. Што брэшаш, стары куль з лахманамі?! Хіба яны не загінулі ў пагроме? У віленскі мяцеж? Калі грамілі? Адзін аднаго?

Еўга. Не... не...

Кунцэвіч. Хіба не ад рукі праваслаўных мяцежнікаў? А шкілеты чые ў пажарышчы былі?

Еўга. Чыесьці. Не-не. Уцяклі. Ад агіды перад ласкавай пашчай змея.

Палікар за дзвярыма: «Пане мой, ну і ну».

Кунцэвіч. За што ж тады? За што ж я тады іх? Слухай, слухай, ведзьма! Праўду шаптала? Т о й?

Еўга. Праўду. Праўду. Ходзяць. Без галоў. Ідуць. Шмат. Труну нясуць дубовую.

Кунцэвіч. Т-та-ак. Палікар!

Палікар(увайшоў). Тут я.

Кунцэвіч. Адвядзі яе ў піўніцу, накармі, да раніцы не пускай. Небяспечны горад ноччу, сам ведаеш... Пасля прывядзі другую.

Палікар пайшоў.

Праўда. Значыць, усё праўда. Бог мой, якая палёгка і які боль! I я не падобны на тую смакоўніцу, якую ссякаюць і кідаюць у агонь... Але тады за што, за што ж я іх?! Калі грэх – не грэх, а злачынства – не злачынства?! За што?! Не, не, я ўсё ж добра абярнуўся. Граху на мне няма – гэта раней было. I ўлада ёсць. I моцная рука. Гэ-эх ты-ы! Д-дудка мая-а, ух-х я! (Ён прайшоўся, пават паспрабаваў быў выкінуць некалькі каленцаў.) Не! Не! Усё добра! Золатам засыплю! Цяпер ёсць рукі, у якія можна яго сыпануць. Раку. Вадаспад залаты! Ох і навароцім мы! З золатам і розумам, з сілай і маладосцю. Магутны, багаты князь! Нават каменьчыкі з дарогі прыбраныя! Мацнейшы за ўсіх. А чаму сапраўды не князь? (Задумаўся.) Так, некалькі грэбляў на шляху ў вады. Віцебск, магістрат, людзі, жанчыны. Нічога, усё гэта хітрасцю адолеем, усе грэблі – залатым кайлом праб’ём. Няма перашкод!!!

Палікар падштурхнуў у пакой Багусю.

Багуся. Што гэта такое, айцец? Нашто вы сарамаціце маё імя? Сярод ночы! Маці-ўдаву, што ад гора счарнела, са мной не пускаеце.

Кунцэвіч. Таму і не пускаем, што сярод ночы. Рагаткі, варта ад зладзеяў.

Багуся. Невядома яшчэ, хто страшней, злодзеі ці ваша варта... Мамку тады чаму пусцілі? Яна там, у парадных сенцах, усіх крыкам аглушыла, лаецца.

Кунцэвіч. “Бабы багабрыдкія”, як казалі айцы хрысціянства. Мамку патрымаюць, а пасля вас праводзяць дамоў. З ліхтарамі.

Багуся. Каб пасля ўся вуліца, усе пляткаркі горада языкамі на мне боб малацілі? Калі дамоў?

Кунцэвіч. А гэта – як у нас размова пойдзе. Можа, і зараз. А калі не адразу ўгавару – раніцай.

Багуся. На што гэта вы мяне... умаўляць будзеце?