152545.fb2
Багуся. Анягож. Увесь караван лайбаў з грузам на Дзвіне ўзялі і расшарпалі, так што канцоў не знойдзеш. А там палова чужых тавараў была. Каб сораму не было – апошняе аддалі. Праўда, многія не бралі: Воўк, Неша, Неўсця Ярамяшэвіч... Марцыян Ропат.
Кунцэвіч(убок). Ага... (Да Багусі.) Невядомыя парабавалі?
Багуся. Ды не... Кажуць, пераапранутыя людзі Мікалая Завішы. Войт Віцебска... Ваш... I з ім нібы людзі Палікара... Тэж ваш.
Кунцэвіч. Разбяруся.
Багуся. Позна разбірацца. Ды вы не турбуйцеся. Мы не бядуем. Неяк пражывём. Горш, што ад гэтага Палікара – пасля такога! – праходу няма.
Кунцэвіч. Ну, цяпер гэты яблык Палікару не па зубах... Ведаў я твайго бацьку. Добры быў чалавек, добры бурмістр. I вось у памяць аб ім вырашыў я табе памагчы.
Багуся. Чым гэта?
Кунцэвіч. У мяне тут ёсць майно. I яно ўпусце прападае. Ды ты маўчы, маўчы. Слухай. У пасадзе Узгорскім, ад Завіцьбенскага моста, два дамы пустыя. Унізе, уздоўж Віцьбы, сем гародаў без будоў. У вуліцы Багародзіцкай – два дамы ды гарод. У вуліцы Падзвінскай – свірны і клеці – купцам іншагароднім тавары ссыпаць. У пасадзе Пясянскім, ля Пескаваціка, – млын, дом млынара-арандатара ды гарод. Ды ў Рускім пасадзе, за Дзвіной, млын, шапавальня, лес, а ў ім тры буды. Ну, і ў Задунаўскім пасадзе восем дамоў і дванаццаць пустых пляцаў. I, між іншым, значная частка гэтых дамоў і пляцаў мяжуе з землямі пана Васіля Боніча, галоўнага віцебскага бурмістра, жонкі яго і іхняга сына адзінароднага Радзіміра.
Багуся. I гэта ўсё мне? За якія такія паслугі? I якая мне радасць ад суседзяў-Бонічаў?
Кунцэвіч. Табе. У памяць бацькі. Замуж выходзь ды жыві ў багацці і шчасці. Калі нават Палікар і нашкодзіў, у што я не веру, то ў выкупленне яго граху ці за тое, што кепска на яго падумала.
Багуся. Замуж я пайду. Але не так. Абразілі вы мяне, айцец. Імя стаптаць задумалі.
Кунцэвіч. Ды што ты, дурное дзяўчо.
Багуся. Уначы прыведзена. Пасля замуж выходжу з багатым пасагам. I пасаг той – былое ваша майно. I смех і грэх. Як жа так?
Кунцэвіч. Сумленне маё чыстае. I тваё будзе чыстае перад богам і мужам. А зласлоўе – хто зласлоўя ў жыцці не адчуў?
Багуся(прысаромлена). Прабачце, айцец. Але пры чым тут Бонічы?
Кунцэвіч. А пры тым, што землі вашы аб’яднаюцца. I будзеце вы самай... другой па багацці сям’ёй гарадской на Віцебшчыне. Тым болей, што даю яшчэ тры вадзяныя млыны на Віцьбе, пільню і тры тысячы злотых. А Радзімір Боніч – арол.
Багуся(сумна). Дзякуй. Але гэта называюць: без мяне мяне жанілі, я на млын авёс павёз. У мяне ж не спыталі? За добрае сэрца дзякуй, нават не чакала, але...
Кунцэвіч. Дык за каго ж ты пойдзеш, дурнічка? За Вольху, за... Ропата? Не кажу, гожыя хлопцы. Але ж галадранцы. Што ж, голая за голага? Дзеці ж пойдуць.
Багуся. Пракормім. Рукі ёсць. Але ісці без сэрца? Чаму вы гэтага так хочаце?
Кунцэвіч. Таму што я так хачу. Таму што м н е патрэбны ў сябры два самыя сільныя роды места Віцебскага. Таму што хачу шчасця для чатырох людзей.
Багуся(ціха, без рэзкасці). Хочаце вы, а замуж за нялюбага ісці мне?
Кунцэвіч. Першы крок – і адразу ж перашкода. На пачатку шляху конь упаў. Дрэнная прыкмета. I аб што спатыкнуўся? Аб гэтую выжлачку. (Голасна.) Слухай, я з табою па-добраму. Дык слухай і ты мяне!
Багуся. Не вашая гэта, прабачце, ойча, справа, за каго я пайду. Тут віцебскія, дый не толькі віцебскія, а і ўсе нашы дзеўкі – самі сабе гаспадыні. Тут вам не іншыя мясціны, дзе па церамах сядзяць і прадыхнуць не смеюць, дзе жанчыны – “сасуд скудзельны”. Вось так. Захачу за Ропата, захачу – за Вольху. А і захачу, то хоць за гіцля і шкурадзёра Яшку або за Хведзьку-дурачка.
Кунцэвіч. Не смей на маім шляху стаяць. Не будзь перапонай. Знішчу!
Багуся. А я была, дурная, першы раз падумала, што Віцебск памыліўся.
Кунцэвіч. Узяць. Каб падумала. А наконт смерці ў ерасі твайго бацькі, брата і іншых, то... нахабствам і дзёрзкасцю сваёй вы мяне прымусілі і змусілі на гэта. Тое, што ў Вільні, тое будзе цяпер і ў Віцебску. I не толькі ў ім. Клянуся.
Паўза.
Палікар, загадай, калі яна не адумаецца, на Заручаўскіх і на Завіць-Фенскіх могілках усіх схізматаў трупы выкапаць.
Палікар. I што?
Кунцэвіч. I кіньце гэтае падла на сметнік псам! Псы яны ёсць, песяй смерцю здохлі, хай не паганяць святой зямлі. Што ж ты не падаеш? Непахаваным ім ляжаць.
Багуся. Іх пахаваюць. Мо цішком, а мо і пры святле дня, пры ўсіх. А вось хто пахавае вас?
Кунцэвіч. Палікар! Па варту! Усіх магільшчыкаў збіць у купы. З паходнямі. Зараз жа, ноччу.
Палікар выйшаў. Багуся і Кунцэвіч глядзяць у вочы адно аднаму. За вокнамі тупат, галасы. Успыхнула адна паходня, другая, шмат. Злавеснае чырвонае святло. Палікар вярнуўся.
Багуся. Прадалі нас паны, прадалі сільныя. Адны мы засталіся, просты народ. Сяляне, мяшчане, бедныя папы, бедныя гандляры. Прыбітыя, святлом пісьма мала адзначаныя. Але мы – народ. Гэтым усё сказана. Мы – народ.
Яе вывалаклі за дзверы. Кунцэвіч стаіць, учапіўшыся рукамі ў валасы. За акном, дзе агні, зноў тупат і песня.
Кунцэвіч. Іхняя песня. Будзьце вы клятыя, горды народ жалезам калёным... Палікар!
Палікар. Я.
Кунцэвіч. Не забудзьце, што гаварылі пра казакаў. Ідзі жалезам. Жалезам. А што, калі не толькі яна кахае? Што я тады рыхтую сабе? Ды не, не. Даб’юся. Пераканаю. Ніхто не адбіваецца, калі яму голымі рукамі сонца з неба здымаюць... Што ж, тады не сын Боніча. Тады дачка войта Завішы. I хай з горада мяса ляціць. За гардзёлку. Хто супраць нас?
Чуваць песня.
Заварушылася нешта ў цёмным кутку. З’явіўся твар Касінскага.
Езуіт. Вось хто супраць нас.
Кунцэвіч. Ты, айцец? I, як заўжды, патаемнымі дзверцамі.
Езуіт. Звычка...
Кунцэвіч. Даўно тут? Шмат чуў?
Езуіт. Чуў няшмат. Тое, што патрэбна. Т-та-ак. Ці не збіраешся, пад уплывам апошніх няпэўных чутак, кінуць нас ды сам сабе старацца?
Кунцэвіч. Гэта толькі мая справа.
Езуіт. Ну не! Гэта ўжо не толькі твая справа. Далёка зайшло. Памятаеш, як Масальскі ў цябе страляў? Каб не паклаў яго Палікар – ляжаць бы табе на сырой зямлі. Або як цябе тапіць хацелі? Ці як у Магілёве сказалі, каб убіраўся ад муроў, калі не хочаш атрымаць у азадак дзесяціфунтовае ядро. Ты, відаць, тады асаблівай патрэбы ў такім набытку не адчуваў, бо жыва ўбраўся. Позна, Іасафат.
Кунцэвіч. До. Дагэтуль я слухаў часам вашы парады, хаця й рабіў па-свойму. Цяпер я слухаю толькі сябе.
Езуіт. Што ж, тады мне давядзецца зрабіць табе прыемны падарунак. Магчыма, ты, атрымаўшы яго, перадумаеш.