152545.fb2
Езуіт. На гэты раз не проста збіцце тваіх людзей і не проста тое, што нават ты сам з-за Дзвіны можаш чуць з адбудаваных за палову дня шалашоў песні, і крыкі, і наругі, і кпіны з цябе.
Кунцэвіч(уздыхнуўшы). Яны самі не ведаюць, што робяць.
Езуіт. Зана-адта добра ведаюць. Але горш тое, што на дапамогу прыйшлі з іншых гарадоў, што на чале стаяць людзі, якіх паважае ўсё Віцебскае, усё Полацкае ваяводствы... Гэта Сцяпан Пасіёра і Навум Воўк, і Марцыян Ропат, і Сымон Неша, і Антоні Вольха, і Хведар Цар, і Сымон Старынскі, і дзесяткі іншых... Ну? Што?
Кунцэвіч. О божа... Агонь, пагром, уцёкі пад дажджом. Такія маленькія цёплыя рукі. Такія пальчыкі. Разня... Ён?.. Яны на мяне? На мяне? Чым жа я так задзер сваю зямлю, што нават аднаго племя людзі, нават свая кроў?!
Езуіт. Выпі вады. Ладна ж па табе ўдарыў нейкі слышок.
Але Кунцэвіч ужо супакоіўся.
Кунцэвіч. Можа, і сапраўды я ўсё жыццё хлусіў? Можа, час выпраўляць?
Езуіт. Няма чым ужо выпраўляць.
Кунцэвіч. Можа, і сапраўды досыць... Гэтых людзей, гэтых... вартых... найлепшага ў свеце... мяцежнікамі. Маладых, гожых, замест багацця і славы – на плаху... Не, не, не, толькі не гэта! Не! Гэй, людзі! Гэй, Палікар! Вярнуць служак, вярнуць магільшчыкаў! Выпусціць усіх са склепаў, з жалезаў! Хай жэняцца – з кім хочуць, вераць – як хочуць. Я ўсё адно ўсё ім аддам. Досыць! Досыць!
Езуіт. Я адаслаў адсюль усіх.
Кунцэвіч. Чаму?
Езуіт. А няўжо ты думаеш, што мы ўвесь час рыхтавалі цябе да нечага іншага, чым пакутніцтва, пакутніцкая смерць? Тады ты дурнейшы, чым я думаў. Ага, ты быў разумны і сам хацеў гэтага. Ты падурнеў толькі цяпер, бо цябе апанавалі раптам любоў да жыцця, нечаканая радасць і гардыня. Няма чым ганарыцца. Увесь твой шлях – гэта не ты, вялікі дзеяч веры, вялікая асоба гісторыі. Думаеш, гэта ты задзіраў гэты народ? Гэта мы – тваімі рукамі і тваім языком, тваімі ўчынкамі, тваімі думкамі, добрымі і благімі, Рабілі мы. Але адказваць будзеш ты.
Кунцэвіч. Так... Цяпер я разумею... Цяпер я відушчы і ўсё бачу да дна. Але што, што цяпер рабіць?
Езуіт. Нічога. Толькі адно. Калі хочаш яшчэ паслужыць богу – падымай сілу, кінь галавешку ў гэтае асінае гняздо, выпалі іх, раздушы.
Кунцэвіч. Але ж людзі, юнакі, хлопчык... I іх усіх?
Езуіт. Калі не паспееш – і іх.
Кунцэвіч. Але што-о?!
Езуіт. Тады толькі адно. Памерці пакутнікам. Мужна. Як хацеў. Так, каб ва унітаў з’явіўся хаця адзін годны святы.
Кунцэвіч. Дык вы... вы... Гэта назнарок. Супраць народа, мовы, крыві сваёй. О, сволачы, сволачы! О, якія сволачы!
Езуіт(выходзячы). Дарэмна, біскуп. Позна. Іншага шляху няма.
Кунцэвіч. Іншага шляху няма. Празрэўшы, здохнуць, як пёс. О, псы, псы! За што? Няўжо і сапраўды ўся справа мая няправедная? Божа! Ускую пакіну мя?! За што караюся?!
Двор перад палатамі Кунцэвіча, агароджаны частаколам. Злева, пад мурам, спуск у склепы і дзверы ў кухню. Проста насупраць – сходы, што вядуць на гульбішча. За аркамі ягонымі – акенцы. Але гульбішча не даходзіць да левага краю сцэны. Там – глухая сцяна з двума маленькімі, несіметрычнымі акенцамі – байніцамі. Справа, за мурам, што замыкае двор, амаль той самы від, што і ў першай карціне, толькі крыху з іншага боку, і далёкі сілуэт ратушы, і прачысценская царква. У вокнах яе агеньчыкі, і адтуль далятаюць спевы: ідзе ютрань.
Двор асвятляе ліхтар, які гайдаецца на ветры. Золкі і мокры лістападаўскі перадсвітанак. Яшчэ не пачынала днець.
З дзвярэй склепа тысячнік Палікар выводзіць Багусю.
Палікар. Ну што, Багуся, што зробіш? Загад – гэта загад. Сказаў – слухайся і не брыкайся. I ты таксама добрая. Бачыш, што за чалавек – ну і прамаўчала б. А то давялося піўніцы пакаштаваць, Што, бедная, мокра, халодна? Ведаеш што? Хадзем зараз да яго, кінемся пасля ютрані ў ногі. Ён гнеўны, але добры, даруе. Ды зробіць, што трэба, ды мы да мяне, у цёплы дом. Усё ў мяне ёсць, багаты я.
Багуся. Ясна, што багаты. Лайбы, разам з войтам, на Дзвіне разбіваючы, як не быць багатым?
Палікар. Наклёп! Дальбог, наклёп!
Багуся. Не ведаю. Раней і я думала, што нехта вільнуў языком, як сабака хвастом, але, убачыўшы ўчарашняе, думаю: праўда. Трупажэры.
Палікар. Багуся, ды нічога не здарылася. Гэта ён згарача пальнуў. Праз хвіліну ніхто і не памятаў, а ён першы. Ніхто нікуды не пайшоў. Не гарачыся, бяленькая мая. Вельмі, вельмі кепска табе будзе, калі я не заступлюся.
Багуся. Адкасніся. Лепей бы я са змеем ляжала, з калодай трухлявай ў балоце, з брылай лёду, з пракажоным, чым з табою, кат.
Варта выводзіць з піўніцы Еўгу.
Еўга. Ага, пугач тут. Гу-гу! На святых руку ўздымаеш.
Палікар. Змоўч, варона!
За брамаю шум і нейкія выгукі. Пасля варта, на чале з Дарафеем, прывалакла ў двор папалю.
Той супраціўляецца, і нават з поспехам.
Дарафей. Вось. Учора шалаш спалілі. Учора ж і аднавілі. Ну, думаю, раз аднаўлялі, то неадменна гэты ілжэпоп паедзе туды ютрань правіць. Засаду зрабіў. А цёмна, як у камінара пад пахай. Аж вёслы. Крадзецца, птушачка, правіцца за Дзвіну цешыць сатану. Ну вось, схапілі, кухталёў надавалі, дый... Куды цяпер? У кухаварню?
Палікар. Туды, ды павучыце яго там, як трэба шанаваць Хрыста.
Іля раптам крутануўся, і варта пасыпалася ад яго. Поп б’ецца так, што можна глядзець і глядзець.
Iля. Ангелы. Сыны Сатанііла. Вось я вам!
Галасы. Бі! Хапай!
Iля. На табе! Я ў веры яшчэ недасканалы. Цярпець не навучыўся! На! Вось табе лешч. Атрымай на абаранкі.
Еўга(кідаючыся бараніць Ілю). Совы! Совы! Святога абселі. Ізахват-сыназабойца кроў з добрых п’е. Пусціце! Пусціце яго!
Дарафей штурхае яе. Яна падае і стукаецца галавою. Поп Іля “навесіў” архідыякану так, што той адляцеў і закруціўся.
Iля. Ах ты, зверагласіе! Ах ты, тупамысліе! Ты блажэнную, звер?! На!
Ілю ўсё ж схапілі, падставіўшы ножку. Скруцілі па руках і нагах, павалаклі да кухаварні. Дарафей, хістаючыся, ідзе следам.
Дарафей. Ну, чакай.
Iля. Не ўбаюся цябе. Яка вотрак з пешчы вогненнай выйду цэлы, ты, байструк тхара і свінні!
Палікар. Пакажыце яму там. А і я падмагу.
Зніклі. Багуся кідаецца да Еўгі, падымае яе.