152545.fb2
Еўга раптам застагнала, пасля села, аберуч абхапіўшы галаву, і раптам сказала не дзікім, а цалкам асэнсаваным, свядомым, нават прыемным голасам.
Еўга. О божа! Што гэта! Нібы туман нейкі рассеяўся. Нібы пара нейкая чорная з галавы выйшла. А-а, гэта ты, донька. Я люблю цябе. Ты, малая, ніколі мяне не дражніла, заўсёды хлеба давала. Было тады табе восем, калі на мяне туман найшоў. А цяпер?
Багуся. Васемнаццаць. Пачакай, баба Еўга. Вось. (Яна кідаецца да вядра пад рынай, мочыць хусцінку і абцірае параненай галаву.) Вось-вось, зараз будзе лягчэй.
Еўга. О-ох. Думаеш, я сама сябе не стыдаюся? I ў мяне ж святлей у галаве бывае. На дзень-другі. Раз упала і ўдарылася. Другі раз дзеці гулялі ў снежкі. Ну, нейкі доўбень закатаў у мокры снег камень ды кінуў і выпадкова трапіў мне па галаве. Два дні непрытомная, пасля тры дні ў розуме, а пасля – зноў.
Багуся. А чаго гэта вы, баба Еўга, Ізахвата сыназабойцам назвалі ды пра галовы крычалі нешта?
Еўга. Пра галовы не ведаю. А Ізахват... Ізахват сапраўды забойца сыноў сваіх.
Багуся. А жанчына, што мела ў чэраве і крычала ад мук нараджэння? Жанчына з адзінаю зоркай над галавой?
Еўга. Была і жанчына. Я тады была таксама павітухай. У Вільні. Жыла ў Крывым тупічку, тут жа ля святадухайскай драўлянай царквы, толькі што пабудаванай. Туды мы і сталі хадзіць, а раней хадзілі ў святатроіцкі манастыр, які ў той час моцна пачалі цясніць. Там мы і ўбачылі ўпершыню Івана Гаўрылавіча.
Багуся. Якога?.. I хто гэта “мы”?..
Еўга. Кунцэвіча Ізахвата... А мы? Са мною побач жыла з маткаю-ўдавою Кася Ляснік. У семнаццаць год прыгажэй за яе не было дзеўкі. Ну, і ён, трэба сказаць, быў зух. Не бачыла прыгажэй за яго чалавека. Быў прыказчыкам у купца. Малады, гожы, як Іосіф, спявак. На крыласе ён спяваў. Як заспявае – душа ў небе. А год яму тады было – ну, можа, васемнаццаць-дваццаць. Што табе казаць далей? Усё зразумела. Яна, Кася, не верыла нам, што ён “Змій, у ястве чалавечым, бардза моцны”.
Багуся. Еўга! Зноў загаворваешся? Пацярпі!
У браме з’яўляюцца Зуліся з Вальгінай. Па выглядзе абедзве п’яныя, але часам падаюць кудысь нейкія знакі рукамі.
Вальгіна.
Зуліся.
Вальгіна.
Багуся. I гэтую спаіла. Гора такое вакол, а яны вочы залілі, сучкі.
Еўга. Колькі ёй гаварылі: чалавек ператвараецца ў змея. Не верыла. Хто з сапраўдных католікаў руку ўзняў на праваслаўнага? Хто з праваслаўных? Ніхто... Народжаны ў гэтым – трымайся гэтага. I будзь чалавекам. I ў Чалавека, і ў лёсу, і ў бога імя – адно. Іншыя імёны ізахваты прыдумалі. I яны ж учынілі пагром. I тады ж заплакала ў нашай хіжы дзіця. Ніхто не ведаў, што Іван тады, разам з манастыром, гатовы ў здраднікі кінуцца, што да езуітаў ходзіць. Ніхто не верыў.
Багуся. Што, зусім ніхто?
Еўга. Ніхто. Асабліва я н а. Грамілі цэрквы – і мы касцёлы грамілі. Спачатку цярпелі, а пасля грамілі. Івана бачылі там – яна не верыла. Пасля толькі паверыла і за сябе, і за малога... Галовы...
Багуся. Ды стрымайся! Кажы, кажы!
Еўга. Пагром... А пасля ўстаў на ногі – Адпор. Абрыдла ўдаваць першых хрысціян... Адзін аднаго былі не лепшыя. Звяры!.. Горад у некаторых вулках палаў. I тады яны – твар, як палатно: “Бяжым, Еўга, бяжым ад змея”. I пабеглі. Як перапёлкі ў жыце. Ад горада, радзімы, хаты. Т о й прыйшоў – попел. I косткі. А гэта суседкі. Схаваліся. I ён падумаў – гэта праваслаўныя, ведаючы, ч ы я кроў, нас спалілі. I з таго й пачалося.
Багуся. “Іні адзін не пусціўся ўспяць”?
Еўга. Так. I мяне выслалі следам. I беглі мы. I тут яна пачала паміраць. Ад любові і ад жаху да ЗМЕЯ. I тут знайшоўся чалавек, які вырашыў узяць на сябе яе, змеева, дзіця. Стаў на калені дый кажа: “Павінна быці дзіця, хаця і ў змея. То я на сябе гэты грэх вазьму”. I Кася памерла. А дзіця тут. I я над ім часам апекавалася, пакуль не ўбачыла зноў, тут, Палікара і бог, з літасці сваёй, розуму ў мяне не адабраў. Бо гэта яны ўжо т у т... А бацька названы, святы чалавек, памёр. А змей з нянавісці пайшоў у манахі, а там – у іераманахі вуніі. А там... I вось наздагнаў нас тут. Мёртвую матку, вар’ятку павітуху і жывое дзіця.
Багуся. Імя... Імя айчыма... В-вольха?
Еўга. Адкуль? Імя айчыма – Ропат.
Вальгіна. Бабы! Чуйце! Клічце іх.
Багуся. I чаго дзяруцца, п’янічкі?!
Зуліся.
З’яўляецца ў браме Іасафат Кунцэвіч. Зараз гэта руіна, хай сабе і магутная, былога волата.
Кунцэвіч. Усё распавяла?
Еўга. Усё.
Кунцэвіч. Ачомалася, значыць... Што ж, раней можна было цябе літаваць. Хто зразумеў бы, не ведаючы? Цяпер – канец адзін. Хай памру. Хлопчык усё ж будзе вялікім панам над гэтым быдлам. Гэй, варта...
Але яшчэ раней за варту і Палікара з Дарафеем вырвалася з дзвярэй кухаварні мамка.
Мамка. Ав-вой, мае галубочкі! Ав-вой, што робіцца, скрыдлатачкі мае! Гаспіды гэтыя папа Ілю, каб ім давеку скрогат зубоўны! Крывішча па ўсёй кухаварні хвастала. На сцены, каб ім яго ніколі не абараніць, на печку, каб яго там сто год пяклі ды не дапяклі, на катлы, каб яго там д’яблы на лой варылі – сатане боты мазаць.
Палікар. Браць ведзьму!
У гэты момант першы, магутны ўдар скалыхнуў паветра. Другі, трэці. Яшчэ і яшчэ. Запалалі агні, узвілося за прачысценскай царквой магутнае полымя. Раве, здаецца, увесь свет.
Кунцэвіч. Што гэта такое?
Багуся. Гэта набат. Віцебскі набат.
Еўга. Гавораць Віцебскія званы.
За частаколам паасобныя крыкі: “Папа Ілю ўзялі”, “Трупы людзей з магілаў павыкідалі”, “На сметнік”, “Сабакі па сметніках людзей за валасы цягаюць”, “Біць”, “Забіць!”, “Смерць Ізахвату!” Крыкі зліваюцца ў агульны, дзікі рык ярасці.
Багуся. Вось. Вось і яно прыйшло, ты...
Па двары кідаюцца служкі, мітусяцца Палікар з Дарафеем, мільгае зрэдку цень езуіта.
Езуіт(з мура). Божа мой! Людзі непабожныя! Свавольства паспалітае з пасадаў! Шляхта са шляхецкіх гаспод!
Мамка. Дзіва што! Тых шляхецкіх слобад большая палова места. Круціся, круціся на сваёй патэльні, уюн. Сам агонь расклаў.
Езуіт. Унь з вышняга. I з ніжняга замкаў. Колькі іх! Тысячы! Да ратушы ірвуцца.
Магутны, на ўвесь свет, удар.
Кунцэвіч. Усё. Ударылі ў ратушны звон. Цяпер канец усім думкам. Хлопчык... Хлопчык... Чаму не загаварыў са мной?!
У двор удзіраецца чалавечы натоўп, дарослыя, старыя, жанчыны, узброеныя чым папала. Выбілі дзверы кухаварні, схапіліся з вартаю, выцягнулі скрываўленага Ілю.
Вольха. Ну што? Пагаварыў з імі?