152545.fb2 Званы Віцебска - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 15

Званы Віцебска - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 15

Iля. А чаго? З імі размаўляць мо-ожна. Але толькі на той мове, якую яны разумеюць. (I “ўрэзаў” Дарафею ў зубы.)

Крыкі. – Забойцы!

– Саломы, саломы сюды!

– Спаліць гэтае кубло!

Чыніцца дзікае збіццё гвардыі. З абодвух бакоў падаюць мёртвыя і параненыя. Мільгаюць гізаўры, дзіды, доўбні.

Езуіт(Кунцэвічу, які моўчкі, як статуя, стаіць на сходах). Рабіць? Рабіць што?

Кунцэвіч. Разважаннямі пра бога займаўся, за мной сачыў... Цьху... Вынось адсюль ногі, гніда.

З акенца-байніц – стрэлы. Пасля адтуль вылятаюць шыбы: відаць, і там кіпіць бойка. Езуіт, па-за спінамі, выслізнуў з двара. Але астатнім не ўдалося. Натоўп прарваў ланцуг гвардыі. Наперадзе арудуе гізаўрай Ропат, побач з ім круціць шабляй Вольха.

Вольха. Багуся! Іду да цябе.

Зуліся. Ах, Сцяпан! Ах, б’ецца! Хоць то рэчка, хоць то бэз, хоць то хлопец, хоць то пес.

Дарафей узнімае ручніцу. I тут Зуліся кінулася, закрыла сабою Пасіёру. Стрэл. Дзяўчына хіснулася.

Сцяпан! Сцяпан! (Крык такі жахлівы, што ўсё адразу робіцца зразумелым.) Ну вось. У руку. Як жа цяпер прасці табе?

Пасіёра. Ты што?

Зуліся. Эх ты, “язва”, “язва”... А няхай ён целяпей, такі ўсё ж за ім ляпей.

Пасіёра. Антоні! Сцеражыся! (Кідаецца з узнятай шабляй бараніць Вольху ад Палікара і падае, паранены ў плячо.)

Скрыжавалі зброю Вольха і Палікар. Сеча. Палікар падае.

Зуліся. Сцяпане! Сцяпане!

Пасіёра. Што з табой? Дзе?

Зуліся. Нічога. Хват ты, Сцяпане! А ў горадзе крокус рос – салодка карэнне. Пацалуй жа ты мяне – дастанеш збавення.

Вальгіна. Ды ты што? Сляпы, пень?

Зуліся спаўзае па Сцяпану і цалуе яго калені.

3уліся. Ачомайся, Сцяпане... Ну вось, ну вось. Цяпер – добра.

Вольха. Пасіёра, што з табой?

Пасіёра. Нічога, на бліжэйшыя дні, відаць, адваяваўся. Гэй, людзі, кіньце гэтае напаўжывое падла ў яр!

Палікара пацягнулі на мур, разгайдалі і кінулі. I тут нехта заўважыў Іасафата. Агульны рык: “Вось ён, папежнік! Вось, душахват!”

Іасафат спакойна, безжыццёва адступае перад дзідамі ўгору па сходах. Спіною.

Наперад вырваўся Ропат з гізаўрай.

Ропат. Рыхтуйся адказваць за ўсё.

Кунцэвіч. Значыць, і ты. Яны цябе не забілі тады. Яны з цябе зрабілі зброю забойства. З мяне таксама. Але ты, ты – сыне мой.

Вольха адцягвае Ропата, той вырваўся. Багуся выкручвае ў яго з рук гізаўру.

Багуся. Не, не! Толькі не ты, Ропат, толькі не ты!!!

Ропат. Чаму не я? Ёсць яна і ты, а што я?

Багуся. Не! Не-е! (Выдзерла гізаўру і, дзіка агледзеўшыся, падала яе Вольху.) Ідзі!

Вольха наступае па сходах на біскупа, што стаіць ужо на гульбішчы.

Кунцэвіч. Дзякуй табе, божа. За ўсю маю брыду ты адплаціў мне адзінай ласкай.

Вольха. Я не хацеў.

Багуся. Бі, пакуль не ачомаўся т о й.

Кунцэвіч. Гэта нічога. Даруй мне, люд. Нічога, Вольха. Ад тваёй рукі мне лёгка. Бі. У рукі твае, пане, аддаю дух мой. (Стаў на калені, схаваўшыся за балюстрадай.)

Вольха з сілаю апусціў гізаўру. Глухі ўдар... I паўза. Вольха спускаецца ў цішыні са сходаў, адкідае гізаўру, моўчкі ідзе прэч.

Матыс. Гэ... ды ён яшчэ... жыццё падае. Не мучайся, божая душа. (Страляе ў біскупа са стрэльбы.)

Некалькі чалавек, амаль у поўнай цішыні, сцягваюць біскупава цела за ногі па сходах. Выцягваюць з двара. Крычаць над маўчаннем званы. I толькі калі труп выцягнулі за браму, тыя, што не бачылі ўсяго, выбухнулі.

Галасы. – Руку яму адсячыце, што хлусліва знаменіе ўздымала.

– Бачыш? Прывязалі, цягнуць.

– Сабаку ягонага забілі, кінулі на труп.

– Сабака на сабаку едзе!

– Цягнуць на адхон!

– Разгайдалі яго, сволач, кінулі з урвішча!

– Плыві, душахват!

– Не, рыбакі вылавілі.

– Камянёў яму за вопратку.