152545.fb2 Званы Віцебска - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 16

Званы Віцебска - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 16

– Хло-опцы, вязіце яго тапіць пад Пескавацік! Там найглыбей!

Вольха. Хадзем, Багуся. Хадзем адсюль. Нібы расціснуты я. Ніколі не думаў, што так... нясцерпна.

Багуся. Ясна, што нам нясцерпна. Гэта ім усё сцерпна, а нам...

Ропат. Ну вось. Хадзем. Цяпер толькі біцца – і ў бойцы загінуць. I забыць.

Пасіёра і Зуліся ўздымаюцца на ногі.

Пасіёра. А мне... Мне што рабіць? Божа-божа, як не пашанцавала.

Вольха. Ты зараз не воін. Сваё зрабіў. А астатняе пакінь нам. I вось што... вазьмі яе з сабою.

Пасіёра. Гэтую язву?

Зуліся. Сцяпанка! Сцяпанка! Набі мяне.

Пасіёра. За што?

Зуліся(вядзе яго). За ўсё. Але чаму, чаму ты так доўга не бачыў?

Ропат. Ну вось. Ім жыці. А мы?..

Заслона

Дзея трэцяя

Карціна шостая

У змроку, які вельмі-вельмі павольна святлее, хаўтурныя ўдары званоў. I пад гэтыя рэдкія стогны Голас чытае хроніку.

Голас. Так, сказала сваё слова Справядлівасць. I хай пасля, насупер ляманту ісціны і чалавецтва, Кунцэвіч быў названы блажэнным (beatus), а потым і святым (sanktus), народ і гісторыя пакаралі ўсіх ісцінай. I пасля гэтага ўжо нічога не маглі змяніць ні іконы, ні дым міры, ні славаслоўі велічы і мудрасці, ні люты, ваўчыны, бязлітасны, крыважэрны, няшчадны, дзікі пякельны разгром Віцебска, ні злавесны і крывавы лёс сыноў горада. Чалавек быў забіты. Таму, што ён не думаў, ці можна плаціць за парадак бессаромным уціскам і расправай з іншаверцамі. А калі падумаў – было позна. I ён заплаціў за гэта цаной свайго “я”, сваім жыццём.

Толькі праз некалькі дзён забітага выцягнулі з Дзвіны, ля Пескаваціка, і накіравалі ў Полацк. Толькі некалькі дзён здолеў пратрымацца горад.

А пасля прыйшлі палкі каралеўскай пяхоты і кавалерыі. На дзевяты дзень усё было скончана.

15 студзеня суддзі прыехалі ў Віцебск. 17 пачаўся суд, 21 – вынесены “хуткі і літасцівы” прысуд. Сто чалавек было асуджана на кару смерцю, але яны, пераважна, паспелі скрыцца.

Тры дні. Суддзі, людзі, самой эпохай прывучаныя да гнюснасцей, спяшаліся, баяліся казакаў, якія, падманутыя хлуслівымі ганцамі, так і не прыйшлі на дапамогу гораду. Дзе там было разбірацца? Выслухалі толькі абвінавачанне супраць цэлага горада. I справа звялася да пакарання горада. Каб забіць самы дух ягоны. I кара пала на ўвесь горад. На шматпакутныя Віцебскія званы.

Зусім заднела. Плошча перад трохступеньчатьм гмахам старой ратушы. Перад намі, крыху лявей, шырокія сходы, што вядуць на парадны ганак. Справа і злева ад яго – гульбішчы, а над імі – вышка з галерэяй і гадзіннікам. На першым паверсе, злева ад сходаў, катоўня, з якой далятае гул полымя. Справа, пад мурам “вáжні”, уваход у цямніцы. Між ратушай і “важняй” высокі драўляны эшафот. Між ім і “важняй” укапаныя ў зямлю, амаль побач, два слупы. Плошча запоўнена народам. На ганку сталы. Ідзе па сходах, збіраючыся заняць месца за сталамі, высокі трыбунал.

Галасы. – Унь ідуць.

– А якім правам судзяць?

– Ніякім. Мы ад моцы судоў і трыбуналаў вольныя.

– Ясна: “Ніхто іншы судзіці і ўладзы над імі не мае”. Гэта наша Майдэборскае права.

Дарафей. Сціхніце вы... Дык вось, права таго ў вас ад гэтага часу не будзе. Пакутніка забілі.

Абдзярыха. Пакутнік. Толькі не з таго боку. Ад езуітаў ён пакутнік.

Дарафей. Но-но! Вы што, не чулі? Над месцам забойства – воблака, і ў ім – святло. I святло над Дзвіной паказала месца, куды кінулі.

Абдзярыха. Брахня гэта.

Дарафей. Не брахня, а тое, што святы. Вось і мы маем.

Мамка. Калі ўжо ў нас такія святыя – ясна, што мы за царква.

Варта праводзіць у падзямелле Вольху і Багусю.

Вой! Павялі, павялі! Яны – пакутнікі, яны – святыя, а не ты.

Вольха(праходзячы). Гэта ён святы? Дарэмна тады вы – гэй, Сапега! – дарэмна ты і твой кароль у святыя Нерона не запісалі. Невядома, хто хрысціян больш мучыў.

Іх правялі ў падзямелле.

Корвін(Сапегу). Робіцца нешта дзікае, вялікі канцлер.

Галасы. – Хто гэта з Сапегам гаворыць?

– Рэферэндарый і пісар княства, Аляксандр Корвін-Гансеўскі.

– Гэты, кажуць, нічога.

Сапега(суха). Не пакараць – значыць, кінуць цень на унію.

Корвін. Рэквіемы, панегірыкі, малебны ў Сафіі. I... гэтыя плахі. I ў Рыме пішуць, што труп сам прыплыў у Полацк, супраць плыні. Забылі або і не ведалі, што Полацк ляжыць ніжэй. Конскі каўцюх кінь у ваду – і той прыплыве.

Сапега. Сам ведаю. I ўжо як распісваюць– “велце святога, пабожнага, спакойнага чалавека акрутне на смерць забілі”. Хлусы... Я не любіў яго. Я перасцерагаў. Але ж і яны парушылі закон. I я павінен судзіць іх па ўсёй строгасці закону. I за гэты дзень на мяне стагоддзямі будуць вешаць усіх сабак.

Корвін. А тваё слова?

Сапега. Мы – дзяржава, якая шмат чым рызыкуе, калі свет даведаецца, што мы патураем забойству і ерасі...

Камісія заняла месцы за сталом.

Мамка. Бач, зляцеліся.

Сапега. Камісарскі суд, а ў ім Самуэль Старасельскі, суддзя, Ян Дырмант-Сівіцкі, падсудак, Леў Гурко, пісар; суддзі: Леў Сапега, ваявода віленскі, магілеўскі і іншы стараста, канцлер; вяльможны Хрыстафор з Друцка Сакалінскі, кашталян мсціслаўскі, сурагатар ваяводства Полацкага; Аляксандр Корвін-Гансеўскі, рэферэндарый і дзяржаўны сакратар Вялікага княства; вяльможны яго літасці пан Багдан Сапега, аршанскі, чачэрскі, прапойскі і іншы стараста; і пры іх літасці, па асобым яго каралеўскай вялікасці павяленні, Мікалай Завіша, сурагатар віцебскі, – правялі следства і суд дзеля асуджэння і пакарання мяшчан віцебскіх за жорстка закатаванага імі правялебнага айца Іасафата Кунцэвіча, арцыбіскупа полацкага, і, правёўшы фармальнае жорсткае следства...

Абдзярыха. Катавалі, люцыпары.

Сапега. ...аб такім мяцяжы і яўным нядаўнім злачынстве, вырашылі скончыць гэтую справу без усякай затрымкі і апеляцыі. Разгледзеўшы абвінавачванні капітула, выслухаўшы скаргі тых, што знаходзіліся побач з блажэнныя памяці біскупам, камісарскі суд вінаваціць усіх мяшчан Віцебска і шматлікіх з Оршы, Магілёва, Полацка і Вільні ў тым, што наводзілі на дзяржаўную здраду народ. Што склалі змову супраць уніі яшчэ ў лютым 1621 года. ПІто, не жадаючы падпасці суду, узяліся за камяні і, скінуўшы на знак змовы і мяцяжу шапкі ў адну кучу, абразілі ў асобе войта яго каралеўскую вялікасць.

Мамка. Інстыгатар патрабаваў, каб аддалі катаванням.

Крык з сутарэння.

Што гэта?