152545.fb2 Званы Віцебска - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 17

Званы Віцебска - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 17

Абдзярыха. З Нешы прызнанне выдзіраюць.

Мамка. I што?

Абдзярыха. Як іншыя.

Мамка. Маўчыць?

Абдзярыха.А няўжо ж перад такімі гаварыць, любка?

Сапега. ...забілі. Абклалі саломаю дом біскупа і хацелі былі спаліць. Слуг – каго пабілі, а каго збілі: Дарафея Лейціковіча, архідыякана, Мікалая Акалова, Эмануіла Кантакузіна, грэка, Рыгора Ушацкага, Фаму Сяляву і іншых многіх... Усё разрабавалі, і ўбытку ад таго 3079 злотых... Напала каля тысячы чалавек, і разам з простым народам бурмістры Навум Воўк, Сымон Неша, Сцяпан Пасіёра, і ратманы, і лаўнікі многія. Таму ўсіх іх, колькасцю да ста чалавек, асудзіць завочна на смерць, дзе б толькі ні адшукалі.

Голас. Што ж ты... Ізахвату адно, а мы бачым другое?! Як глядзіш ты нам у вочы?! У сабакі вочы пазычыўшы?!

Сапега. Тых жа, хто ў закаранеласці не ўцёк і каго, папаймаўшы, страж адправуем, у вязеню маючы: Навума Воўка, Сымона Нешу – бурмістраў, Яна Гужнішчава – які біў у ратушны звон, Грышку Скаруту, Гаўрылу Раманавіча, Іермака Гайдука, Фурсу, шапавалавага сына, Багдана Кузняца, Грышку Бібку, Гаўрылу Пушкара, Ісаака Любчына, Івана Аквіна, Рамана Даніловіча, Фёдара Казака, гаршэчніка, Фёдара Цацэку, Якава Шынкара, Сцяпана Труховіча, Васіля Фірса, Пятра Васільевіча, палачаніна, – пакараць смерцю – праз адсячэнне галавы на плошчы перад былой ратушай бясслаўнага места Віцебскага. Прысуд выканаць неадкладна.

Галасы. – Як былой?

– Ды што яны там?

Яшчэ смуты не бачылі?

Сапега. Маёмасць усіх канфіскаваць.

Абдзярыха. Безгаловага жабрацтвам не настрашыш!

Сапега. Увесь Віцебск прызнаць вінаватым, Майдэборскага права і ўсіх увогуле правоў пазбавіць. Ратушу, у якой склалася змова, разбурыць.

Палікар. Муляраў сюды.

Пасля некаторага замяшання і збянтэжання варта выводзіць двух муляраў, што нясуць насілы з цамянкай.

Корвін. Што там за шум?

Палікар. Гэта я падбаў. Каб бачылі. Каб ужо сёння пачалі замазваць усе прадухі ў склепе. Бурыць пачнуць, а там жа ўсё канфіскаванае майно. Не трэба, каб яго дождж або снег псулі. I унь на камені выбітыя аршыны і сажэні: звяраць. Замазаць іх. Зныня і назаўсёды гандлю ў горадзе – канец.

Корвін. А-а. Прадбачлівы ты, прадбачлівы.

Сапега. ...разбурыць да грунту.

Няўцешныя рыданні ў народзе.

Зняць вечавы звон – знак прывілеяў і волі горада.

На катках варта вывозіць на плошчу звон.

Саборную прачысценскую царкву, пры якой зроблена злачынства, зламаць, а замест яе пабудаваць для уніятаў, за кошт гараджан, новую, у большым памеры і велікапышнасці. I на званіцу яе павесіць звон, адліты з былых званоў, з вечавога звона і тых, якімі білі ў набат падчас мяцяжу. А на ім зрабіць надпіс, што змяшчае кароткую аповесць пра забойства.

Корвін(ціха). Кароткую аповесць пра забойства горада.

Сапега(ціха). Воля дзяржавы павінна быць няўхільная.

Пачалі выводзіць асуджаных. Некаторыя ледзь ідуць, але галовы трымаюць высока.

Я даў ім магчымасць, асуджаным.

Корвін. Якую?

Сапега. Калі прыме хто езуіцкага духоўніка, а там і лацінства, то памілаванне.

Корвін. I што?

Сапега. Усе выбралі смерць.

Асуджаныя падымаюцца на эшафот.

Голас. Хлопцы, трымайцеся! Хлопчыкі! Віцебск з вамі!

Навум Воўк. Быў у нас герб. У блакітным полі – Спас Збавіцель, а ніжэй – голы крывавы клінок. Вось яно, іхняе прароцтва! Вось што яны нам рыхтавалі!

Палікар. Ты так на чыстую веру?

Навум Воўк. Настолькі яна ў вас чыстая, што аж смярдзіць.

Дарафей. Ды людзі! Ды што ж гэта такое? Усе чулі: падчас забойства сын Яна Леўшы, уніята, прачнуўся і з плачам крычаў: “Тата, бога забілі”.

Неша. Не верашчы. Бога тут сёння і сапраўды забілі.

Дарафей. Ён пакутнік.

Неша. Так, пакутнік. Толькі не ад нас, а ад вас.

Сапега. Ціха! Больш гаварыць няма аб чым.

Корвін. I аднак мы так і не ведаем, хто з іх забіў. Ніхто не бачыў. Усе маўчаць. Ну ніхто з катаваных не сказаў, хто нанёс удар.

Вывелі Марцыяна Ропата.

Ну, гэтаму глупства. Выгнанне. I Вольху – пасля катавання. I яшчэ пяцідзесяці.

Сапега. Хто з вас бачыў смерць непасрэдна? Хто нанёс удар гізаўрай?

Маўчанне.

Палікар(Ропату). Дастукаўся, Марцыяне. Скажы, хто ўзняў. Атрымаеш дараванне. I не адзін, а з сябрамі. Унь Вольху з Багусяй катаваць агнём павялі.

Ропат. Іх? Катаваць?

Паўза.