152594.fb2 Калыска чатырох чараўніц - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 1

Калыска чатырох чараўніц - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 1

Драма ў дзвюх дзеях, шасці карцінах з казачным пралогам і эпілогам

Дзеючыя асобы

Белая чараўніца (Першая)

Блакітная чараўніца (Другая)

Залатая чараўніца (Трэцяя)

Цёмная чараўніца (Чацвёртая)

Янка Луцэвіч.

Дамінік – сын Анупрэя Луцэвіча, бацька Янкі.

Бянінга – Багуміла Луцэвіч з Валасевічаў, Янкава маці.

Зыгмунт (Цыкмун) Чаховіч-Ляхавіцкі – былы паўстанец, цяпер “пан” у Бясядах.

Аконам пані Чаховічавай з Арамовічаў – пані ўладаркі Бясядаў.

Пакаёўка.

Стафан Каляда – сын арандатара-палавіншчыка, пазней парабак.

Марыся Гладышэўская, дачка арандатара

Юзук Гладышэўскі – бацька Марысі.

Катра Гладышэўская – маці Марысі.

Казік Валахоўскі – паніч.

Блажэй – фурман Казіка.

Ураднік пан Рахцей Рахцеевіч Снулы.

Лірнік.

Купальскія дзяўчаты, госці Гладышэўскіх, сяляне, стражнікі.

Дзея пачынаецца ў 1895 годзе, заканчваецца ў 1904 годзе.

Пралог чатырох чараўніц

Ноч нібы толькі крыху асветленая праз туман ззяннем зорак. Нячутна заводзіць спеў дзявочы хор:

Гарэла Купала ясненька, На Купале дзевачак паўненька. А хто гэта Купала разлажыў – Каб яму бог жыта зарадзіў.

Узносіцца – амаль без святла, толькі пырскаючы іскрамі, – агнявое кола. Цьмяна праплываюць у паўзмроку сілуэты дзяўчат:

Я зёлкі ў полі збіраю, Івана Купалку пераймаю I ўсё гляджу ў цёмен лес. А ў цёмным лесе агонь гарыць. Каля агню Купалка сядзіць, Купалка сядзіць і ўголас плачыць. “Чаго, чаго, Купалка, плачаш? Ці табе тут соўнінька мала?!”

Цьмянае агнявое кола. Затое слаба-слабенька ўспыхвае іскрачка блізка ля зямлі. Яна мігацее, часам ледзь не гасне, але ўсё ж паступова разгараецца ў маленькае ззянне, і тады нам відаць, што яно льецца з калыскі, якую гайдае невядома чыя рука. Ля калыскі чатыры постаці. Калі пачынае гаварыць кожная з іх, на невыразнай постаці на імгненне запальваецца слабое святло: белае – блакітнае – залацістае. I толькі на чацвёртай – бронзава-чорнае, нібы згушчаецца змрок. Галасы глухаватыя і ўсё ж выразныя.

Трэцяя(залатая). Сёстры. Ля калыскі кожнага нованароджанага з’яўляюцца чараўніцы і прарочаць яму ягоны лёс.

Цёмная(чацвёртая). У некаторых не з’яўляюцца.

Белая (першая). У тых, хто пасля – аж да канца – пальцам не варухне дзеля брата і друга. У тых, хто толькі для сябе. У тых, хто толькі хлебаед.

Трэцяя(залатая). У астатніх – узнікаюць.

Блакітная (другая). I мы заўсёды стаім ля калыскі тых, хто адарве кавалак ад рота і дасць загнанаму, хто памагае не толькі людзям, хто памагае цэламу народу стаць на ногі. Каля тых – заўжды.

Цёмная(чацвёртая). Які вы судзіце яму лёс?

Першая. Самы слаўны.

Чацвёртая. Але і самы цяжкі.

Трэцяя. Але і самы вялікі.

Песня:

Купалінка, купалінка, Ружу, ружу поле,Цёмная ночка, Белы ручкі-ручачкі коле.Цёмная ночка, Кветачкі рве, кветачкі рве,А дзе ж твая дочка? Вянкі звівае,Мая дочка у садочку Вяночкі звівае, Ружачку поле, Слёзкі пралівае.

Чацвёртая. “Слёзкі пралівае...” I праўда, што за жыццё без слёзак?.. Нішто-о, гэтым дабром я яго забяспечу. Шмат чаго я нарабіла ягонаму роду ў мінулым. А ён сербане больш за іх усіх разам.

Трэцяя. Што ж, сэрца мудрых у доме плачу.

Чацвёртая. Ён будзе гадамі блукаць упоцемку.

Першая. I выйдзе на святло.

Чацвёртая. I аслепне ад яго.

Другая. I выведзе на яго іншых.

Чацвёртая(амаль у ярасці). Ён памрэ далёка ад роднай зямлі.

Першая. I вернецца ў яе. I давеку застанецца з ёю.

Далёка-далёка плывуць дзявочыя сілуэты; амаль згасла кола ў паветры. I невядома, адкуль робіцца святлей у тумане: ці ад прадчування заранкі, ці ад вельмі слабага святла з калыскі.

Песня:

Ой, рана на ЙванаПроці Івана ночка мала Ой, рана на ЙванаОй, рана на ЙванаДзе купала начавала?Ой, рана на Йвана. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . Начавала ў чыстым полі.. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . Ў чыстым полі, ў густым жыце. Ой, рана на Йвана

Другая. Чуеце, спяваюць. Нам скора знікаць. У туманы, пушчы, да зор.

Трэцяя. Прыйдзем, калі з дзіцяці вырасце юнак.

Чацвёртая. Ці вырасце? I ці тое, чаго вы хочаце?

Першая. Вырасце. I імя яму будзе Ян.

Трэцяя. Янаў на Беларусі тысячы.

Чацвёртая. Якой такой Беларусі?

Першая. Прызабытай. Але ён будзе з тых, хто нанава, з пустэчы і папёлаў, з занядбання створаць яе... Ян...