152594.fb2 Калыска чатырох чараўніц - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 11

Калыска чатырох чараўніц - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 11

Казік. Музыкі. Кожнаму пад пяту – рубель! I дзеўкам – рубель! Рубеце кадрэль!

Музыкі рванулі “Кадрыль”. Скачуць некалькі параў.

Агата.

А ці я не дзеўка,Ці я не паненка?

Казік(куражыцца).

Ронкі як бячоўкі,Спіна як начоўкі.

Магдзя.

А ці я не дзеўка,Ці я не паненка?

Казік.

Крый, божа, сасніццаГэткая цяліца.

Ева.

Толку з пана Казюка,Што з Кабздоха малака.

Казік.

Не наскрэбці з ЕўкіНават на прыпеўкі.

Марыся(кінулася таксама ў скокі).

А ці я не дзеўка,Ці я не паненка?

Казік.

Сукеначка з раднаI з мордачкі ладна.

Марыся раптам азірнулася і ўбачыла, што Стафан набліжаецца да Янкі. Кінула скокі, якія точацца далей, і пайшла да Каляды. Той, убачыўшы гэта, таксама пацягнуўся да яе, як да магніту.

Стафан. Марыся. Апамятайся.

Марыся. Што “апамятайся”?

Стафан. Ратуйся ад яго.

Марыся. А хто тут ратунак? Хто музыкам плаціць – ягоныя й скокі. Чыя сіла – таго і халуі.

Стафан(ціха, бо ўжо недалёка ад Янкі). Ён такі самы халуй, як і ўсе. I ён трымае сябе так, нібы ўсё на зямельцы належыць яму. Ён усім, хто робіць, хоча давесці, што яны – ніжэй, што яны – нелюдзі. Вось ён хто.

Марыся. А ты хто? (З разлікам на Янку.) Нават не недавучка. Нават не арандатар-палавіншчык на чужой зямлі... Нават... галасоў не чуеш. Што мне? Парабчанская агульная “хата” за завескаю? А унь Казік... У іх маёнткі і фальваркі пад Радашкавічамі...

Янка. Шэры барон.

Марыся. I пад Селішчамі, і пад Бароўцамі. У іх усё, а ў вас?..

Стафан. Як табе не сорам?

Янка. Гэта праўда... Як табе не сорам?

Марыся. Падман лепшы за вашыя праўду і сорам... Казік, “Падушачку”.

Танец пад песню ідзе павольна, але зачаравана.

Стафан. Божа мой божа... Што ж тут рабіць? Праўда дзе, калі яна ў такіх?

Янка. Кінь. Няварта. Сёння я сам ледзь сябе не прадаў. А яна? Сама яна не ведае куды? Бачыш, вырашыла, што абышлася як лепей.

Стафан. Дык падмане ж. Падмане. Куды ж яна тады?

Янка. Сама захацела, каб падманулі. Мы з табою ёй – усё. Яна нам – нічога.

Стафан. Ад адчаю яна гэта! Што ты разумееш, пісьменны? Я мудрэйшы, я за яе... я...

Казік з Марысяю:

Вазьму цябе, дзеўка, замуж Гэтаю вясною, На падушачцы пуховай Будзем спаць удвое. На пуховай падушачцы Мякусенька спаці, Прыгожую дзяўчынаньку Люба цалаваці.

Страціўшы галаву, Валахоўскі прыпаў да Марысіных вуснаў.

Бацька(перахрысціўся, і ў поўнай цішыні прагучаў ягоны голас). Пане божа, гэта як?

Матка(мармыча). Дзякуй, пане божа, дзякуй.

Стафан. За што дзякуй? За бессаромнасць? Што падмане? Гэй, Казюк, кныр ты паганы, трымай галаву!

Казік(узяў з рук Блажэя шклянку, выхіліў). Змоўч, хаме. Не тваёй галаве на гэтай падушачцы ляжаць... Га-ла-ва. Угм. Якраз такая, якой зручна выбіваць вароты.

Стафан. А ў цябе галава? Якраз такая, на якой добра сячы дровы.

Казік. Пакуль дровы – ты адчыніш макітрай вароты. 3 маёй парабкоўскай і з майго маёнтка. Калі не помніш, што хлеб ма рогі, што пенёндз робі пенёндз. А ты робіш толькі даўгі, чуеш ты? (Наступае на Стафана.) І не для пса каўбаса. Бяры бацьку з маці на карак і – на ўсе бакі. Такіх, як ты, я па сто за шэлег куплю. I, як захачу, усіх куплю. Ідзі прэч!

Дастае з кішэняў грошы і шваркае імі аб падлогу. Пасля вытрас каліту. Стафан апешыў і ў поўнай цішыні зрабіў крок-другі да дзвярэй.

Збірайце! Усе! Хто не будзе – прэч!

Юзук Гладышэўскі схіляецца і пачынае падбіраць грошы.

Блажэй, шклянку! (П’е.) А ты, Стафан, велькі пан, помні, на маёй зямлі і па ўсёй зямлі “пенёндз пшэмавя, а правда мільчы”.

Марыся. Та-ат...

Янка(падымае Юзука). Устаньце, бацька. (Да Казіка.) I гэта адзінае, чаго ты з польскага нахапаўся, як сучка блох? Дык вось табе і яшчэ адна польская мудрасць: “У труны нема кешені”. Для іншых: “У труны няма кішэняў”.

I пасля паўзы, у злавеснай цішыні.

Падбяры грошы. Гэта наш пот – не твой.

Казік зацкавана азірнуўся, пачаў падбіраць. Маўчанне. Пасля крыху апамятаўся.

Казік (глуха). Н-ну так... У гэтым стойле быдлячым я... Панна Марыся... хадзем. Нам не месца тут.

Маці. Доню... до...

Марыся(вагаючыся). Стафан... Янка... Стафан. Ну?

Марыся. Перапрасіце гаспадароў. Што ж вы абразілі ўсіх...

Янка. Усіх?