152594.fb2
Стафан(амаль шэптам, разгублена). Я-ак ён мяне... Слова супраць не мог... Прападзе.
Янка. Калі яна так, калі з гэтым... Вялікі ты яшчэ дзіцёнак, Стафан.
Стафан(глуха). Нічога. Мы без слоў. Аднялі ў нас слова. Па чужых корчмах зацягалі. Хто мы зараз? Люд свінапасаў і смецяроў. Бесславесныя – але мы затое можам трымаць у руках сякеру. Печкі няма, але ўмеем мы трымаць у руках крэсіва. Умеем. Пачакайце.
Янка. Хто скажа? Дапаможа? Чаховіч? Хіба ён. Далёка? Не так ужо. Зусім, мабыць, стары саслабеў ад кепскай ежы, занядбанасці... Не... Усё адно да яго.
Ідуць да выхаду.
Бацька. Хлопцы!
Маці. Сынкі!
Стафан. Сынкі, а не панкі.
Бібліятэка ў Чаховічавым флігелі. Усё як раней. Толькі мэбля нібыта не такая запыленая, расчынены вокны, ды парадзелі кніжныя паліцы: частка кніг, запакаваная, ляжыць на падлозе. Чаховіч сядзіць у крэсле, перад ім Аконам.
Чаховіч(вочы ў яго заплюшчаныя). Далей.
Аконам. Бровар, пшэпрашам... Но і еншчэ грэбля для фолюша, сукнавальні.
Чаховіч. Гм, цікава. Прыбытак?
Аконам. Велькі.
Чаховіч. А прашэнне аб узроўні вады. Як там гэты... з... закон: “устроил на реке N фолюш и запрудою поднял воду до такой степени, что совершенно затопил прилегающие к сией реке в верхней её части луга, огороды и сады четырнадцати арендаторов, чем причинил им убыток на такую-то сумму”.
Аконам. Не будзе ўбытку. Іх тэрмін канчаецца. А сады? Не бачылі мы з іх кіслага яблыка.
Чаховіч. А чатырнаццаць абяздоленых. А сады, дзе яны летам вячэралі.
Аконам. Быў бы дзе хамут, а шыя знойдзецца.
Чаховіч. Гэта апошняе распараджэнне пані?
Аконам. Так.
Чаховіч(вочы ўсё яшчэ заплюшчаныя, страшным шэптам). Вон! Прэч адсюль, до яснэй холеры! Досыць ужо! Пасмакталі вы, пасмактаў ты сам крыві. Не выпэндзам, але прошэ вон! Пан цо, по-польску не розуме? Тады: “Вон, чтоб духом твоим в маёнтке не смердело”. (3 заплюшчанымі вачыма кідае ў аконама, які рэціруецца, розныя рэчы.) Я не дам, каб зямля пайшла на дно! Людзі будуць летам вячэраці ў садках, пакуль я жывы. Сагнаць арандатараў, га?! (Кідае пантофлем і трапляе выпадкова ў Янку, які ўвайшоў.)
Янка. Тут яшчэ адзін арандатар.
Чаховіч. Вон, смродзе!
Янка(з усмешкай). Дык я пайду.
Чаховіч(расплюшчыў вочы). Хто?.. Ян-нук... Малы Янук (ускочыў). Які малы?! Сынок... Бог мой!.. Вялікі Янук... Трынаццацігадовы пастушок (абдымае яго). А зараз – адбітак думкі боскай у вачах... Гатовы ўжо цалкам да чагосьці. Бог мой, узнагародзіў ты мяне за ўсё маё нявартае жыццё. Дзецко мое... Дзетухна ты мая!.. Сядай...
Усаджвае яго, завіхаецца па пакоі.
Янка. Нешта новае я ў маёнтку заўважыў. Ад тракту, ад касцёла да самага палаца – маладыя лістоўніцы.
Чаховіч. Я пасадзіў.
Янка. Чужое, не наша дрэва.
Чаховіч. Пінус ларыкс... Больш наша, чым думаеш... Ты ведаеш, якога дрэва ў імперыі найбольш?
Янка. Сасны?
Чаховіч. Лістоўніцы болын за ўсё. За кошт тых краёў, куды лепшых нашых людзей заганялі. Вось я і пасадзіў. На ўспамін. Я памру – а яны будуць расці. Мо і да пяцісот год, калі не знойдзецца ў дурня сякера. Людзі будуць глядзець. Успамінаць нас. Вясной шышкі чырвоныя, як наша кроў. Восенню – залаты пажар!
Янка(дастаючы з пляцака). Далёка стала да вас. Кідае нас лёс туды-сюды... Тут вось... шынкі кавалак... сыр... яшчэ сёе-тое. (Чаховіч хвіліну сядзіць моўчкі. У яго дрыжаць рукі. Пасля ўстае, моўчкі здымае са спіртоўкі кафейнік, дастае з шафы бутэльку і кілішкі.)
Чаховіч(глуха). Дзякуй. Акрамя некаторых, самых бедных, адзін ты быў у мяне. Я думаў, так і не аддзячу, не пачую цябе. Тым больш, збіраюся ў Вільню, паміраць. Цяпер можна.
Янка. Ды што адбылося?
Чаховіч. Анэля памерла. Царства ёй нямецкае. Гэта значыць лютэранскае. Цяпер аконама – вон, арандатараў – на месцы свае. Плату арэндную – знізіць. Прынамсі, пакуль я жывы. Шкада, што не ты мой сын. Гэтыя мае парасткі.
Янка. I вам не...
Чаховіч. Хочаш спытаць, ці не шкадую? Шкадую. Той шкадую, з якой ажаніўся, калі ўсе – і мы – чакалі паўстання і нашай перамогі. У-у, якая гэта дзяўчына была! Адданая ўся... як сонца аддадзена зямлі. Як я – ёй... Сцеражыся слабасці, сынок. Першы крок – гэта яшчэ твой, свабодны выбар. Другі крок можа зрабіць і раб.
Янка. Больш за ўсё не хачу рабства.
Чаховіч. І не рабі нат кроку да яго. Іначай – прапаў... Жанчыны, жонкі. Гэта хлусня, што адны мужыкі – ігракі. Бываюць і жанчыны. Частка ставіць на свайго мужчыну сумленна, у руднік ідзе за мужам. Частка, калі ён прайграў, кідае яго. Дурныя. Хіба Каліноўскі прайграў? Я прайграў. А горш за ўсё з ёй. 3 яе прагай быць сярод сільных. 3 такіх нараджаюцца жонкі дыктатараў.
Янка. А вы не з тых.
Чаховіч. Так. I... я не шкадую яе такой, якой яна стала. Мы пажаніліся ў пяцьдзесят дзевятым. У яе былі вось гэтыя Бясяды. У мяне – Мацковічы і Крашоны. Сто валок добрай зямлі. Тры тысячы маргоў. Дзве тысячы дзесяцін. I дзве тысячы сто трыццаць шэсць гэтых новых. Як іх... Гектараў. Ты ведаеш, я быў экспедытарам паўстання. I быў чалавекам захаплення, лёгка даваў кіраваць сабой. Калі белыя прыйшлі да ўлады, Кастусь паехаў камісарам на Гродзеншчыну, а я застаўся. Вось з чаго пачалася кара, з кампрамісу. Лепей бы на шыбеніцу з Кастусём... Арыштавалі... Паказанняў не даў. Зарана арыштавалі. Але частку маёмасці я, прадбачыўшы арышт, перавёў на жонку. I добра зрабіў. Бо разам з пажыццёвай катаргай мае маёнткі канфіскавалі. Прыкулі мяне ў Нерчынскіх рудніках да тачкі. Потым розныя паслабленні. Мылаварам быў у Іркуцку. Пасля ў Пермі, Смаленску, Варшаве. Каму патрэбен яшчэ адзін мылавар у Варшаве? Добра, што іркуцян і іншых паспеў крыху адмыць. Словам, амаль дзесяць год Сібіры, а пасля тут. Думаў, што ўратаваў частку майна ад канфіскацыі. А яна й на гэта лапу... Няшчасныя арандатары, няшчасныя мужыкі! Не, такую, якой яна зрабілася, я яе не шкадую.
Янка. I вы ўсе гэтыя гады?..
Чаховіч. Так, прыжывал. Вартаўнік пры чужым.
Янка. Але ж збераглі кнігі і рукапісы.
Чаховіч. Астатняга не шкада. Хай развальваецца гэта гняздо. Лепшага яно не вартае. Узнікне новае жыццё, хай варожае – усё лепей таго, што было. Вось так часам канчаецца каханне. Ці перажыў ты такое?
Янка(пасля паўзы). Перажыў.
Чаховіч. Вып’ем тады за два забітыя каханні... Слухай, ідзі на маю зямлю. Толькі за падатак дзяржаве.
Янка. Не. У нас ужо ўмова на Бараўцы.
Чаховіч. Можа, і рацыя. Жыцця майго мала. А што пасля?