152594.fb2
Чаховіч(занадта ўважліва). Добра. Добра, што ты просьбіт толькі за іншых. Вып’ем за іншых.
Янка. Хіба што, можа, ужо позна.
Чаховіч. А можа, й не, Мне – позна. А табе, можа, й не.
Янка. I мне позна. Хіба – Стафану не?
Чаховіч. Ну, давай тады проста ціха заспяваем.
Спяваюць амаль шэптам, не дужа добрымі галасамі. I менавіта гэта кранае да глыбіні душы.
Урываецца Аконам.
Аконам. Пане, што я чулем? Пан тыя ўчасткі спшэдалі?!
Чаховіч. Я сказаў, каб тут не смярдзела вашым духам. Вон! I без рэкамендацыі. Прахвост і без рэкамендацыі знойдзе гаспадара, якому будзе патрэбен. Кажыце дзякуй богу, што не адбіраю ў вас крадзенае. Брыдка.
Аконам знікае.
Янка. А вы ўсё ж пан. Таксама паказваеце ўладу.
Чаховіч. А над колькімі куражыўся ён? А я бяссіла глядзеў. Прыжывал, нахлебнік, аб’яўлены вар’ятам. Але гэтаму цяпер канец. Памятаеш, я казаў пра таямніцу.
Янка. Ну... Вы чагосьці чакалі?
Чаховіч. Чакаў. Смерці жонкі... Не глядзі на мяне, як на пачвару і страшыдла. Чакаў, абпляваны і прыніжаны ўсімі, акрамя адзінак. Але дачакаўся.
Янка. Чаго?
Чаховіч. Я заплаціў са спадчыны ўсе пазычкі і даўгі паўстання.
Паўза.
Янка. А калі б... першы пайшлі вы?
Чаховіч. Значыць, я дарэмна ўсё жыццё цярпеў прыніжэнне. Ну, цяпер нехта кіне адзін сказ. “Первшым его чынэм было сплацэне пожычэк, зацёнгнентых на цэле повстаньчэ”.
Янка. I што, сэнс жыцця – у адным сказе?
Чаховіч. Ну. Я не вінен нікому. Акрамя забітых, што самі абралі свой лёс. Паўстанне не вінна нікому. У сваёй галаве я трымаў гэты гросбух. Але паўстанне не вінна нікому. Я сплаціў ягоны і свой доўг. Ніхто цяпер не скажа пра тутэйшых, пра беларусаў, што яны не плацяць свой доўг.
Янка. I ў гэтым усё?
Чаховіч. А ты што думаеш? У чым сэнс жыцця? Сплаціць свой доўг народу, які цябе нарадзіў. Сплаціць да канца і памерці. Не чакаючы падзякі.
Янка. Праз сорак год? Многія, мабыць, памерлі?
Чаховіч. Нічога, засталіся дзеці. Унукі. Пляменнікі. Калі ёсць той свет – яны раскажуць. Калі няма – у нас застанецца чыстае сумленне. Паўстанне нікому не вінна. Вінныя толькі тыя, хто вешаў і ссылаў нас. Але прыйдзе час – мы станем перад Праўдай з чыстымі рукамі. А ў іх рукі будуць па локаць у крыві.
Уваходзіць пакаёўка.
Пакаёўка. Пане. Тут прыехалі купцы наконт гаю.
Чаховіч. Хай пачакаюць. Пакарміце іх.
Пакаёўка. І тут яшчэ стражнік прыбягаў на кані ў Гайну. Ад вурадніка, ад Рахцея Рахцеевіча, каб яму прычасць калом у глотцы. То ён казаў...
Чаховіч. Што?
Пакаёўка. Найміт ёсць у Валахоўскага. Каляда такі.
Янка. 3 ім нешта?!
Пакаёўка. Ды не з ім, братачка. 3 бацькам ягоным. Арандар сагнаны. Пагубіў...
Янка. Каго?
Пакаёўка. Не каго. Душу пагубіў. Узяў ды на браме ў Валаховіча ноччу павесіўся.
Янка(Чаховічу). Позна я да вас прыйшоў.
Чаховіч(да пакаёўкі). Заўважылі за ім нешта перад... гэтым?
Пакаёўка. А як жа. Удумлівы хадзіў. Бо тут яшчэ паніч з ягоным сынам за дзеўку заеліся. I сына ледзь з наймітаў не пагналі. А што дзеўка? Што ён, у касцёл з ёй пойдзе, паніч? Вось будзе яна цяпер праз слёзы бусла чакаць. Матку не слухала – бабку цяпер будзе слухаць.
Янка. Кінь. Бацькі яе і прадалі. Не людзі – саладуха пракіслая. Рабы. Каб хаця свяшчэнніка, а то яны бога вакол пальца абвесці хацелі, душу запрадаць.
Чаховіч. Яшчэ што?
Пакаёўка. У карчме, кажуць, казаў: “Вязуць дарогамі паваленыя дрэвы з майго калісьці гаю, воўну з авечак, што пасвіліся на маёй калісьці, адабранай зямлі. Зрабілі з мяне нішто. То ўжо хай бог ці д’ябал і гэтае нішто забіраюць...” I аб чым гэта ён?
Чаховіч(глуха). Ідзі.
Пакаёўка выходзіць.
Ну вось так. Спазніліся. I ты і я... Вып’ем яшчэ за тры пагубленыя, бесславесныя душы. (Паўза.) Ну як, галасы чуеш?.. Гэ-эх, у іншай краіне быць бы табе паэтам. А ў нас паэтаў, відаць, чорт выпалаў.
Янка. Я спрабую. Пару вершаў нават надрукавалі. Польскіх.
Чаховіч. Польскіх? Пасля Міцкевіча. Хаця і ён адсюль. Ну, прачытай, калі не жартуеш.
Янка.
Чаховіч. Падалі рукі. Валаховіч і Каляда. Яшчэ нешта.
Янка.