152594.fb2 Калыска чатырох чараўніц - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 3

Калыска чатырох чараўніц - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 3

Дамінік. А гэта – т ы я. Бярозавы лес на лучыну звёў – чытае, месяц яму радасць – чытае. Коні на начлезе, а ён ля вогнішча чытае.

Янка. Не краду ж. Чытаю... Каб вы законы ведалі – ці ж бы вас збіла з панталыку сенацкая валакіта? Цяганіна? Блытаніна?

Дамінік. Чужым вумом гаворыш. Якія законы? Проста яны за паўстанне адыграліся на нас. На малых, на бязвінных. Паўстанне задушылі, а нам каб да пачатку ўсе дакумеыты аб дваранстве прадставіць. Іначай ідзі ў мяшчане, у падатковае саслоўе. I – недавер да нас. Указ за ўказам – “не пушчаць”. А адкуль дакументы, ды яшчэ трохсотгадовыя? Касцёлы гарэлі, хаты гарэлі, кнігі і метрыкі разам з імі гарэлі. Усе даведнікі здабывай сам. А дзе іх узяць? Нельга падаваць выпісы з метрык і актавых кніг, што не захаваліся. А кнігі самі спалілі.

Бянігна. Чаму і казала, што ўпарты ты ў дзеда Анупрэя. Пятнаццаць год ён са стрыечнікам абабіваў парогі. А за кожную душу, якая дабіваецца права, прынясі дзесяць рублёў срэбрам. А тых душ, разам з малалеткамі, семдзесят дзве. А Магільнянскі касцёл, дзе дакументы, і касцёл у Мікалаеўшчыне, дзе дакументы, – згарэлі.

Дамінік(непрыкметна паклаў руку на сэрца). А Вітгенштэйны да таго часу сагналі нас з зямлі. А адказы сенацкія – нічога ў гэтай канцылярыі не зразумееш.

Янка. “Законы трэба пісаць незразумела, каб просты чалавек звяртаўся па тлумачэнні да адукаваных паноў”. Міністр адзін сказаў.

Дамінік. Вось так. Так я і прахадзіў да трыццаці год у “панах”, а цяпер вось ужо амаль трыццаць год “мяшчук”. Угодкі сёння спраўляем.

Бянігна. Звыкай. Хрыстос таксама да трыццаці год у нехрышчоных хадзіў.

Грымоты за акном.

Злітуйся, пан Езус, не тое, бач, сказала.

Дамінік. Чаму не тое? Бог цябе стварыў, чалавеча, даў неўміручую душу, даў усю зямлю, сад твой. А ты... Дай шалянцу, Бянігна.

Бянігна. Зноў сэрца?!

Падае адвар. Бацька п’е, паступова супакоіўся.

Дамінік. А ты што напрыдумваў, чалавеча? У каго мала зямлі, у каго няма. Справядлівасць з торбай ходзіць. Хлеба чалавек хоча – страляюць у яго. Кожнае падла самавольнічае, як ашалелае. Кожны сабе грабе. Пра паноў і не кажы.

У гэты час пачынае прыглушана гучаць аднекуль Голас, які пасля будзе гучаць часта. Гэта нібы і Янкаў голас, нібы і чужы. Але хутчэй усё ж Янкаў, толькі непазнавальна амаль узмужнелы, незгінальны і непахісны:

I мужык – пан у старонцы Гора гэта вечна бача, Бача, што толькі ў карчомцы I ў магіле ён не плача.

Янка(страпянуўшыся). Вы... чулі голас?

Бянігна. Які голас?

Дамінік. Ты што? (Паўза.) Не, мабыць, у цябе ўсё ж мазгі набакір. Жаніць цябе трэба.

Бянігна. I тое. Унь бяры хаця Марыську Гладышэўскую. Якраз семнаццаць. Бацька спраўны арандар. I яна ж за табою аж вачыма страляе... ну проста як на панскай ахвоце.

Янка. Ды я пра гэта не думаў. Што ж мне, ускінуць на хіб яшчэ й гэта? Сагнешся... А я адчуваю сілу на нешта іншае, велькае... Вось не ведаю толькі, на што... А голас.

Дамінік. Галасы толькі юродцы гэтай, Анелі Вітгенштэйнавай, чуюцца. Не наша гэта справа, галасы чуць... Панская гэта, ад залішняга туку, справа.

Бянігна. Ну, і паны бываюць розныя. Унь у Бясядах пан, што Янучку кнігі дае. Вось гэта пан, дарма што паляк.

Дамінік. Такі ён паляк, як я Беркаў Зяма. Толькі што ў адной карчме. Я пію, ён падносіць.

Янка. Дык хто ж мы?

Дамінік. Тутэйшыя. Веры польскай, то, кажуць, і палякі.

Бянігна. Не, ты не кажы. Ён пан сардэчны, пісьменны.

Дамінік. Ну і што? I багаты, і адукаваны, а што з таго... Усё жончына, ягоныя толькі кнігі. А імі сыты не будзеш. А жонка пана Цыкмуна надгаладзь трымае.

Бянігна. І як быццам ён ад людзей хаваецца. Ці яго хаваюць. I... начальства ведае, але праз пальцы глядзіць. Кажуць, ён цяпер бяспечны, Чаховіч.

Дамінік. Кажуць – значыць, на іх і небяспечны.

Янка. Ды што вы, урэшце? Хто ён? Я ж яго як вас бачу.

Дамінік(амаль шэптам). Бунтаўшчык. Яшчэ з таго паўстання. Начальства казала: паны прыгон вярнуць хацелі, і таму паноў лавіць і вешаць трэба. Ды толькі не мужыкі іх вешалі, а яны самі. Начальства.

Далёкія грымоты.

Значыць, нейкая хлусня ў тых чутках была.

Бянігна. Ты б радзей да яго хадзіў. Усё ж стра-ашна.

Янка. Дачытаю вось кнігу – пайду.

Дамінік. Упарты. Але і кніга не выручыць... Зямля адна выручыць... Зямля.

Янка расчыняе акно. Аднекуль здалёк вядзе песню дзявочы голас.

Бянігна. Марыся вядзе. I галасістая ж на нашы песні. Глядзі-і, Янка.

Голас Марысі.

I ўчора ня быў, і сёння ня быў,Відаць, мой міленькі мяне пазабыў.– Ой, я не пазабыў, не пазабуду,Сяду паеду, сем год не буду.

Дамінік. Хай чужая – зямля.

Янка. Не хачу чужой зямлі. Мая гэта зямля.

Заслона.

Карціна другая

Бібліятэка ў флігелі Зыгмунда Чаховіча ў Бясядах. Простыя беленыя сцены, паўкруглыя зверху вокны, канапа, пацёрты дыван, столік, крэслы. Адзіная раскоша – мноства кніг, і патрапаных, і старадаўніх скураных, і ў ціснёных золатам вокладках. Астатняе – пацёртае і нібы прыцярушанае пылам. Янка Луцэвіч толькі зайшоў у пакой з пакункам кніг. У пакоі два чалавекі. Сядзяць ля століка. На крэсле малады хлопец Стафан Каляда. У фатэлі, накрыты пледам, сам Зыгмунд Чаховіч. Яму каля сямідзесяці год.

Чаховіч(не расплюшчваючы вачэй). Пачакай, Янка. Вось пагаворым са Стафанам, тады ўжо і з табой. Лезь у кнігі... Ну дык і што, пане вялебны Стафан Каляда?

Стафан. Валахоўскі стары як ашалеў. Як ваўкалак яго пакусаў. Сабак і тых, здаецца, грыз бы. Сагнаў арандатараў у Ліпаёве, Шульжыцах, яшчэ “запашнікаў” чалавек дзесяць. Цяпер прыходзіць, відаць, чарга на нас.

Чаховіч. А Гладышэўскія?

Стафан. Наўрад ці Казік, сынок ягоны, заступіцца. Той па дзяўчатах, відаць, так да сівых валасоў і гойсаць будзе. А цяпер гэты Казік... як паказіўся на Марысьцы Гладышэўскай.

Чаховіч. То хай бы і жаніліся. I Гладышэўскім спакой.

Стафан. Угу. Гэта ён проста капытамі б’е. Так ён з ёю і ажаніўся, з арандатаравай дачкой. А тады і згоніць... А можа, і раней згоніць, бо тая Марыся ні на яго, ані на каго іншага і пляваць не хоча (пакасіўся на Янку). Ёй іншы ў галаве. Валахоўскім толькі і ў галаве, што людское шчасце. Авечкі, бульба, бровары ім у галаве. Словам, нам раней у парабкі, Гладышэўскім – пазней. Цаной ганьбы... Што рабіць, дзядзька Цыкмун?

Чаховіч. Што ж я магу табе зрабіць, хлопча? Хіба скаргу за цябе напісаць?

Стафан. Каму?