152594.fb2 Калыска чатырох чараўніц - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 4

Калыска чатырох чараўніц - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 4

Чаховіч. У сенат.

Янка. Што скарга? I ў нас было тое самае за сем год да майго нараджэння.

Чаховіч. Ну тады адразу з “всеподданнейшей жалобой”. (Вочы ўсё яшчэ заплюшчаныя, але на вуснах іранічная ўсмешка). Ну, напрыклад, так: “Ваше Императорское Велнчество, Августейший Монарх, Всемилостивейший Государь. Просит такой-то отставной арендатор, жительствующий там-то. Всеподданнейшая жалоба. Правительствующий Сенат по такому-то Департаменту, рассмотрев такого-то числа... определил. Решенне это, как несогласное с обстоятельствами дела и с точным смыслом таких-то законов, я нахожу неправильным по следующим основанням... представляя при сём...»

Стафан. Будзе вам цар гэткае глупства разглядаць.

Чаховіч. Угу. I таму: “Всеподданнейше прошу: Дабы повеле-но было настоящее дело передать на рассмотренне на Общее Собранне Правительствующего Сената»... Тых жа, хто пазбавіў яго шляхецтва, а цябе – зямлі... А ты – умову аб арэндзе. А ён тады – прашэнне “о взысканни арендной платы с наложеннем ареста на движимость”.

Стафан. А ён куды? Цару?

Чаховіч. Будзе ён пэцкацца. “Его Высокородню Г-ну Мировому судье такого-то участка... По такому-то договору такой-то взял у меня в аренду то-то на такой-то срок, обязавшись, по истечению такого-то срока, очистить беспрепятственно оный участок н подчиняясь в противном случае неустойке по столько-то рублей в день. Обязательства сего ответчик добровольно не исполнил, по истечении срока контракта участка не очистил... Ввиду вышеизложенного, представляя при сём... договор найма... а также судебных пошлин... н сбора за бумагу”. А ты “прашэнне аб вызваленні, што заплочана”. А ён: “На основании, представляя при сём подлинный... с подписями на оном... прошу Ваше Высокородне о взыскании... с судебными и за веденне дела издержками, с предварительным обеспеченнем этого иска...”

Стафан. Памрэ бацька. Хворы.

Чаховіч. “Такой-то, ныне умерший, должен мне такую-то сумму по арендному договору... Представляя настоящий иск к лицу умершего собственника на основании 215, 752, 960 ст. Устава Гражданского Судопроизводства”.

Стафан. Што ж рабіць?

Чаховіч. Ведаць, што ты жывеш у вялікім імперскім свінстве (расплюшчыў вострыя вочы) “от финских хладных скал до пламенной Колхиды”.

Стафан. Усё. Ды я тады – за сякеру... Ды я ім – пеўня чырвонага.

Чаховіч. Гэх, думалі б вы так сорак год назад. Не стаялі б убаку. Не верылі брахні. Былі б з намі – мокрае месца ад іх асталося б.

Стафан. Застанецца.

Чаховіч. Гінулі мы тады адны. I чым я магу памагчы табе? Сагнанаму арандатару былы катаржнік, а сённяшні напалову жабрак.

Стафан. Мокрае месца... Толькі зараз м ы адны згінем. Усё адно вы – паны.

Чаховіч. Чаму?

Стафан. Усе адно вы – паны. Гаворыце – не па-нашаму. Пішаце – не зразумець. Праўду, відаць, ад нас пад зямлю схавалі, зааралі, каменем прыціснулі.

Выбег, ледзь не сутыкнуўшыся ў дзвярах з Аконамам.

Аконам. Нех бэндзе пахвалёны.

Чаховіч. Няма за што хваліць... Ну, што там?

Аконам(ён споўнены самага нязноснага гонару, бо цвёрда ўпэўнены, што ўмее гаварыць па-польску). Пані скаржыся, жэ мужыцы ходзёнць па садон. Могонць држэвы обэбіць. Могонць држэвы абэнбіць, абэрваць.

Чаховіч. Ты лічыш, што па-польску “абэнбіць” – гэта па-тутэйшаму “абабіць”, а “абэрваць”, адарвацца, надарвацца – гэта “абарваць”.

Аконам. А ліха, пшэпрашам, паньства ведае. Вядома... Нестэты, пані...

Чаховіч. У пані – палац. У мяне – пакой у флігелі. Я не хаджу да пані. Яна – да мяне. Яны, мужыкі, – і дарэчы вось гэты “мужык”, у якім блакітнай крыві больш, чым у цябе, вялебны пане Пшыпердзіньскі, – не ходзяць параднай брамай. Яны ходзяць чорнай форткай. Як я. Так ёй і скажы.

Аконам. А калі яна, скажам, звернецца ды скажа яшчэ недзе?

Чаховіч. У “блакітным” доме?

Аконам. У “жоўтым” доме... Пан глову сву барзо змэнціл. Тржэба пану гловон одпоцёнць.

Гэта гучыць так нясцерпна, што Чаховіч не вытрымаў.

Чаховіч. Як ты смееш, хамуйла, не ведаючы, польскую мову перакручваць ды псаваць?! Згінь, варона!!!

Аконам знікае.

Ах, быдла! Ах, якое паскуднае быдла!

Янка(крыху азадачаны). Вас так абразіла знявечаная мова польская?

Чаховіч. Ат, глупства... Аднойчы мужык у лесе ўбачыў, што маланкі б’юць у корч. Аж гэта бог ваюе з чортам, ды ніяк не трапіць. А чорт на кожную маланку – дулю, дулю ў неба. Мужык падумаў: “Трэба памагчы”. Зарадзіў стрэльбу срэбнай куляй ды я-ак пальне – чорт і пятамі накрыўся. Тут з неба голас: “Бэндзеш збавёны”. Мужык за галаву схапіўся: “Маці мая, і там палякі...” Я тутэйшы мовы польскай. А жонка мая, Анэля Арамавічуўна, з польскіх лютэранак. Рэч ненатуральная. Усе адно як шчаслівы геній, смярдзючая ружа... манарх-дэмакрат... дыктатар-народалюбца... свядомы свайго паходжання тутэйшы. Дый дзеці мае... большыя католікі, чым папа рымскі. Больш самотнага ўявіць сабе нельга. Адзін. Чужы я. Усім.

Янка. Таму што калісь паверылі, нібы вы з сябрамі хочаце прыгон вярнуць, зноў людзей прадаваць?

Чаховіч. I таму. Гінулі за вас. А народ паверыў агульнаму нашаму ворагу (разглядае сухія кулакі). Шкада, што ў свой час не здолелі па-сапраўднаму ўдарыць. Нават не за сябе, не за мужыка шкада. Шкада дзеля таго, што ходзяць па зямлі вось такія хамуйлы. Разбэшчаныя сваім рабствам перад моцнымі. Сваёй “уладай” над слабымі. А была ж у нас агульная справа.

Янка. I загінула.

Чаховіч. Так, знайшліся кнігаўкі, канюхі. Памятаеш казку: усе звяры і птушкі капалі студні, рэкі, ручаінкі, каб на зямлі была вада. А канюх сказаў, што працаваць не будзе, што яму і расы хопіць. I бог сказаў яму: хоць бы ты здыхаў, то нават у паводку будзеш прасіць “піць”!

У гэты час зноў, яшчэ больш настойліва загучаў Голас:

“...Боская кара ўсіх мусіць спаткаць Тых, хто, баючыся цярпення і мукі, Не хоча папраўдзе для ўсіх працаваць. Дык ведайце ж, браткі, хто к працы вялікай З вас рук прылажыць не захоча сваіх, Такому бог скажа: “Піць!” Цэлы век клікай I будзь праклінаны ад браццяў сваіх”.

Янка(схамянуўшыся). Вы сказалі нешта, пане Цыкмун?

Чаховіч(са здзіўленнем). Не... А... што такое?

Янка. Разумееце, галасы. Ні ўдзень ні ўначы не даюць спакою. Вырвацца хочуць, сказаць. Як хворы я.

Чаховіч(занадта ўважліва глядзіць на яго). Быць табе нечым або вельмі дрэнным, або надта добрым. Прапаведнікам, місіянерам сярод глухіх абэлтусаў... Паэтай.

Янка. Але яны... не па-польску... I... ні на якой іншай мове.

Чаховіч. А ты паляк?

Янка . Хто ведае. У касцёле... Дый там, як гэны аконам.

Чаховіч. Ну, гэта крый цябе божа.

Янка. Проста... тутэйшы я.

Чаховіч. Ну, гэта ўжо лепей. Але такога яшчэ ніхто не рабіў. Дый як рабіць? Гавораць – і я таксама – як з пушчы.

Янка. Гавораць прыгожа. Запісаць няма як.