152594.fb2
Янка. Я нікуды не ўцякаю. Толькі... дарэмна гэта. Хочаце, каб Стафан да вечара не дадыхаў.
Ева. Не выдумвай.
Магдзя. Каб твайму Стафану сто гадоў жыць і сто гадоў ногі валачыць. Няўклюда гэткі.
Ева. Дык помні.
Янка. А што, калі забуду, дык мяне рак убрыкне?
Магдзя. Качка цябе тады ўбрыкне, а камары затаўкуць.
Пайшлі. Янка толькі круціць галавою.
Янка. Ну, дзе-еўкі. Ну, каб ім елася хутка, работалася доўга.
Лірнік. Каб ім на старасць кот яйка знёс, а ваўкі па іх голас вялі.
Янка. Аж у пот кінула.
Лірнік. А што ты думаеш? У нас такі-ія.
Падыходзіць Марыся.
Марыся. Адыдзем, Янка?
Янка ўстае і адыходзіць.
Сядзем? (Прыселі на выступ мура.) Што гэта ты, сугней такі, каб ты ўдзень зорак не бачыў. Хлопцы з дзеўкамі, мужыкі з бабамі ля карчмы. Музыка там, скокі.
Янка(на лірніка). Унь мая музыка.
Марыся. А дзяўчачыя спевы табе не музыка?
Янка. Кожнаму дню – свая музыка. I на сённяшні дзень розная яна ў мяне і ў цябе.
Марыся. Праўда?.. Да канца праўда?
Янка. Так. Нікога не хачу падманваць. I асабліва цябе. Як самую ўлюбёную сястру. Як і сонца і неба. Бо не ведаю, што я магу табе даць.
Марыся. Усё на свеце.
Янка. Я не ведаю, што я ў гэтым свеце, а ты мне кажаш, што я – усё. А раптам я паабяцаю табе залаты яблык, а выявіцца, што я зацвілы сухар. Не хачу рабіць такога людзям. А табе – стакрот. Чыстымі вачыма хачу глядзець табе ў вочы. Асабліва таму, што хацеў бы глядзець доўга.
Марыся. Янка... Янка... Бацькі пана баяцца... Казік толькі што сказаў, што ўтопіцца... Абяцаў – сватоў зашле... А мне гэта – атрута смяротная.
Янка. Найболыд сорамна – адмовіць у глытку вады. Мне – сорамна.
Марыся. Ты лічыш – я прасіць падышла. Ды не, тут няпраўда твая. Мяне прасіць не вучылі. Мяне рабіць вучылі. Браць па праву заробленае.
Увальваецца ў кола дзяўчат Казік Валахоўскі, крыху на падпітку. З другога боку Стафан Каляда.
Унь яны – яшчэ дзве дарогі. Не на табе свет клінам.
Янка. Я рады... за Стафана.
Марыся. А я – невядома за каго радая. Гэй, дзяўчаты, кола!
(Танец)
Агата.
Ева.
Магдзя.
Марыся.
Казік. Гэй, людцы! Усё ёсць. Поле нямеранае, грошай – сам не ведаю. Чаляднікаў – роту маю... Чаляднік! Блажэй-фурман, да яснай халеры.
Блажэй(з’яўляецца і ляскае бізуном). Тут, Казю найяснейшы.
Казік. Бенкетоваць. Кумаёў-любаўёў заклікаць. (Да Марысі.) Ну, рончку бялу. Князёў-баяр сюды!
Блажэй. Роту-пяхоту, прапышную чэлядзь!
Натоўп вывальваецца са сцэны.
Лірнік(ціха). Я хаця і адным вокам, але святло крыху бачу. Што ты за камень у гэтае гадзючае кубло кінуў? Чаму дзяўчына так раз’юшылася?
Янка. Нешта кліча. Сілы ў сабе адчуваю вялікія. Не магу іх закапаць у зямлю, думаць аб зямлі, гаспадары, дзяўчатах.
Лірнік. Што, зусім не думаць?
Янка. Якраз не. Няма на свеце прыгажэйшых за нашых дзяўчат. Але, адчуваю. Здайся – і пойдзе тая самая арэнда, дзеці, гаспадарка, кавалак малой зямлі. А мне, адчуваю, і на вялікім чамусьці цесна. Жыву – нібы чакаю чагосьці. Нібы трэба кагосьці ратаваць. Не аднаго – многія тысячы. А як? Чым?.. Не ведаю. (Паўза.) І галоўнае, словы... Найлепшыя на свеце. Гучаць, гучаць у душы. А аб чым? Якім глаголам гучаць – не разумею.
I зноў увальваецца дзікі натоўп.
Казік. Чаму не ўсе пайшлі... у карчму... Ты, з лірай... I ты, Луцэвічаў псюк.
Янка(спакойна). А няма чаго туды ісці. Дзе ты – там і карчма. Хаця й не п’юць – рыгаць хочацца.
Казік. Цо? Цо ты гадаш? Гальцапа ты гэткая.
Янка. Змоўч ужо, гадота цэлага свету.
Казік. Ты, ты... гіцаль!