152594.fb2
Казік(крыху адышоў). Ды я яго за шэлег куплю.
Стафан. За шэлег? А я вось табе.
Казік. Адкасніся галадранец (хапае Янку загрудкі).
Стафан. Ты на нашых хлопцаў?! На дзяўчат? За камень гарачы хапайся, а не за іх.
Блажэй(спалоханы). Вураднік ідзе! Снулы!
3-за царквы выплывае ў раднік з двума стражнікамі.
Снулы. Тут што такое?
Блажэй. Дык, Рахцей Рахцеевіч...
Снулы. Ерафей Ерафеевіч.
Блажэй. Рах... Рахце... Пшэпрашам... Гулялі... А гэтыя да паніча біцца палезлі.
Марыся. Няпраўда!
Стафан. Казюк пагражаў, што ўсіх за шэлег купіць!
Снулы. Пло-оха. I міня?
Казік. Ды што вы, хіба вам шэлег цана?
Янка. Дарагі вы наш... дарагі.
Казік. I куплю! Усё куплю!
Жабракі на цвінтары.
Лірнік(падхапіў).
Снулы. Што-о. Какурат бунт?! Страж!
Адзін са стражнікаў вырывае ліру з рук старога. Янка схапіў яго, але стражнік ужо адкінуў ліру ўбок. Там яе паддаў наском Блажэй. А пасля на яе цяжка апусціўся бот Снулага.
Я вам урэмя пакажу спяваць катаржныя свае песні.
I тут яго ўразіла дзіўная цішыня і твары людзей. Яшчэ дагасаюць енкам струны ліры.
I маўчанне страшней за крык.
Разыдзісь (голас у Снулага няўпэўнены). Ціха.
Пайшоў з плошчы. За ім паступова разыходзяцца людзі. Памкнулася была да Янкі дый пайшла Марыся.
Хацеў быў сказаць нешта, ды зірнуўшы на Янку, павалокся прэч Казік. Янка ўзняў знявечаную ліру.
Янка. Ну... дзе ж цяпер шукаць апошняе слова?
Лірнік. Ліра будзе. А слова – у песні, у казцы.
Стафан(адыходзячы). Казкі? Не, тут казкамі не пахне.
Лірнік. А ісці? Ісці па праўду. Жывая яна недзе ў госпада бога.
Янка. Мы адны. А колькі ж іх. Абыякавых, чужых, моцных.
Лірнік. А ты забудзь гэты дзень і сябе. Ты ідзі за ўсімі, за моцнымі. Лягчэй. Не прападзеш... Унь за такімі, як гэтыя.
Голас. Божа! Гэткі свет тут
Янка. Чуў голас?
Лірнік. Не.
Янка(разгублена). А я чуў (ашчаперыў галаву рукамі). Забыў. Забыў.
Лірнік. Каб крыніцы не былі такія запушчаныя – лячыўся б з іх.
Янка(амаль непрытомна). Каб крыніцы не такія запушчаныя...
I тут выбягае да іх Марыся.
Марыся. Янка. З Селішча Адам прыехаў. Спяшайся дахаты. З бацькам дрэнна.
Янка(непаслухмянымі вуснамі). Што? Што?
Марыся. А, што там! Не ўмею. Памірае ён... Калі ўжо... Што ж ты?
Янка. Іду, сястра. Вось табе і клічы-галасы. Вось табе і ліра. Ён – у зямлю. Я – на зямлю.
У цьмяным зарыве постаці чатырох чараўніц.
Першая. I вось ён ужо дарослы, той, ля калыскі якога мы тады стаялі.
Чацвёртая. I што паспеў зрабіць? Пахаваць бацьку, брата, дзвюх сёстраў. Папрацаваць трохі хатнім настаўнікам, “дарэктарам”... На такую працу ідуць дзеці ў трынаццаць год... Папрацаваць пісарам? Не атрымаць месца ў лясніцтве? Паслужыць малодшым прыказчыкам? Чалавекам, якому загадваюць?
Другая. Кожнаму нехта нешта загадвае. Пакуль ён не набіраецца мужнасці загадваць сам сабе. I толькі сабе.
Трэцяя. Пачаў спяваць. Надрукаваў некалькі вершаў.
Чацвёртая. Не на матчынай мове. Пасрэдных вершаў. Ці гэтага вы ад яго чакалі, вы, што судзілі яму нейкі адметны лёс? Вось ён вярнуўся на зямлю. Вось ён зноў з сахою, бараной, касою і сякерай.