152604.fb2
Беларусь.
Кастусь Калiноўскi.
Арсень Станевiч – сябра Кастуся.
Каралiна Яцына.
Вастравух – камандзiр атрада iнсургентаў.
Юзэфа Яневiч.
Пан Заруба.
Бронюс Марцявiчус - кiнжальшчык.
Пархвен Бабаед па мянушцы Чортаў Бацька.
Яўхiм Барданос.
Яўхiмiха.
Чорная плакальшчыца.
Агей Блажэнны - юрод.
Баба Гарэлiха - удава.
Iгнась Шосцiк.
Нямы Ян.
Граф Мiхаiл Мiкалаевiч Мураўёў.
Iмператар Аляксандр II.
Жандарскi палкоўнiк Лосеў.
Палкоўнiк Цаплiн.
Капiтанфон Юнген.
Паручнiк Гогель – член следчай камiсii.
Пасланец белага жонду.
Вiтаўт Парафiяновiч.
Марыя Грэгатовiч.
Стоцкi.
Мадам дэ Салье
Палкоўнiк Шалгуноў – старшыня следчай камiсii
Палкоўнiк барон Тызенгаўзен.
Сяляне, прахожыя, салдаты, натоўп, госцi на бале, члены следчай камiсii i трыбунала.
Дзея пачынаецца ў маi 1863 - канчаецца ў сакавiку 1864 года.
Яшчэ перад тым як падымаецца генеральная заслона, чуваць далёкiя, жудасныя па сiле i журбе, гукi старадаўняй песнi. Гэта "Дарота"... На саматканым чынаватым палатне заслоны скачуць адбiткi далёкага агню. I вось перад заслонай узнiкае жанчына ў чорным. У яе журботнае аблiчча з прадоннямi чорных вачэй. Вялiзны цень жанчыны рухаецца ва ўспышках зарыва, то ападаючы, то вырастаючы амаль да столi.
Жанчына.
Я - Беларусь... Я - чорная зямля...
Я - мацi ўсiх дзяцей маiх.
I ўсiх гасцей, што прыйдуць з добрым словам
На берагi маiх празрыстых рэк.
Нямнога, пэўна, знойдзецца такiх,
Што злом мяне успомняць. Толькi тыя,
Што смерць прыносiлi ў мае палi
I зараз спяць на дне маiх курганаў.
Я - перад вамi... Паглядзiце... Рукi...
Стагоддзi працы - шрамамi на iх.
Я - ў чорным. Але быць бы мне ў барвяным
Ад рэк крывi, што працяклi па мне...
Якой была я светлаю дзяўчынай!
Ў каралах арабiн, ва ўборы ясным
З зялёнага атласу i ў сапфiрах
Маiх азёр бязмежных i крынiц.