152604.fb2
Марцявічус (за Вітаўта, глуха). Так. Што мне ў яго мужнасці, калі ён сам аддаў край ворагу? Вешалі на ўсіх варот ах.
Кастусь. Гэта праўда, Вітаўт?
Вітаўт. Так. Яны неабвучаныя.
Арсень. А людзі Хаданскага абвучаныя... Чаму? Здрадзе?
Вітаўт. Я не мог ім верыць. Мужыкі дапамагалі карнікам знішчаць батальёны Серакоўскага пад Дынабургам.
Марцявічус. Мужыкі дапамагалі Каліноўскаму знішчыць карнікаў пад Бахарэвічамі.
Вітаўт. Мужыкі – здраднікі.
Марцявічус. Мужыкі – героі.
Яневіч. Гэй, пане пасланец, ану глянь на мяне...
Паўза.
Кастусь. Не верыў народу...
Караліна. Сябры... браты... таварышы...
Кастусь. Гэта страшна. Але яшчэ страшней, што не верыў... Будзеш плаціць, Вітаўт... Жыццём...
Вітаўт. Я гатовы.
Кастусь. Не нам... Бацькаўшчыне... (Да пасланца.) Так. Вось вам і канец нашай спрэчкі. Перадайце Беламу жонду, што мы забараняем ім нават нос торкаць у справы паўстання. А торкнуць – будзем расстрэльваць... як здраднікаў.
Паўза.
Пасланец. Я маўчу. Але вы забіваеце веліч нашу. Горка заплача над гэтым радзіма.
Кастусь. Добра... Ведаючы вашу схільнасць да няправільнага вырашэння практычных пытанняў, я прапаную вам прыемную прагулку... Пархвен!
Чортаў Бацька. Га!
Кастусь. Калі ласка, Пархвен, вось тут пан хоча прагуляцца.То ты ж месяц у горадзе. Ведаеш яго... Будзь другам, пакажы пану Ніжні замак, дзе Беларусь з Літвою магнатам прадалі... Пакажы месца, дзе па віне магнатаў у мінулае паўстанне суайчынніка ягонага, святога паляка Канарскага, расстралялі...
Пасланец. Хама мне ў гіды?
Кастусь. А калі не хоча, то пакажы яму, Пархвен, недалёкае месца... Наш задні двор. Дзе выграбныя ямы.
Чортаў Бацька. З асаблівым задавальненнем.
Пасланец. Што ж... Пашкадуеце... (Пайшоў.)
Кастусь. Духам не трэба падаць, браты... Не трэба. Мы жывыя. I пакуль мы жывыя – агонь не згасне.
Марцявічус. Гэта не ўсё. У мяне просьба, Кастусь.
Кастусь. Чаго просіш?
Марцявічус. Права на стрэл.
Кастусь. У каго?
Марцявічус. Я прыехаў за гэтым чалавекам з Магілёўшчыны. Гэта той, хто задушыў там паўстанне. Цяпер ён будзе правай рукой Мураўёва тут, у Вільні. Але няхай ён не думае, што мінулае забудуць.
Кастусь. У чым абвінавачваеш?
Марцявічус. Абвінавачваю ў здзеках, катаваннях, расстрэлах. Абвінавачваю ў сотнях шыбеніц.
Кастусь. Ты нешта скрываеш, брат.
Марцявічус. Той... чалавек з Сухадола, які благаславіў мужыкоў на паўстанне, быў ксёндз Малявічус... Галава карнікаў павесіў яго.
Караліна. Ты раней казаў, што ты... сын аднаго чалавека з Сухадола... брат.
Яневіч. Караліна... Як можна?! Ксёндз...
Караліна. Што ж з таго? (Яна ласкава дакранаецца да скроні Марцявічуса.) Хіба перад сапраўдным пачуццём бываюць перашкоды? Ды яшчэ і такія дурныя... нявартыя.
Марцявічус (на яго страшна глядзець). Дзякуй, сястрычка... Добрая мая... (Нячутна прыклаў вусны да яе рукі.) Праўда. Я тое, што людзі завуць “байструком”. Ксёндз Малявічус – мой бацька.
Яневіч. Ну і дзякуй богу. Падумаеш, бяда вялікая!
Марцявічус. “У бога быў сын, а чаму мне нельга?” – казаў бацька. Ён любіў мяне. I вось ён вісіць.
Кастусь. Хто гэты чалавек?
Марцявічус. Палкоўнік Цаплін...
Кастусь. Ах, бестыя!
Паўза.
(Караліне ціха). Памятаеш?
Караліна (вельмі ціха). Памятаю.
Паўза.
Кастусь. Чаго патрабуеш?
Марцявічус. Жыцця Цапліна... Прашу помсты.