152604.fb2
Вітаўт. Караліна... Пастой...
Караліна. Я спяшаюся, Вітаўт, слова гонару, вельмі спяшаюся.
Вітаўт. Два дні ты... спяшаешся. А ты ж ведаеш, што ўжо год...
Караліна. Я сапраўды спяшаюся.
Вітаўт (з глыбокай узрушанасцю, амаль груба). Гэтыя твае крокі... могуць каштаваць жыцця. Чуеш? Аддай мне пяць хвілін. Нічога, пачакаюць.
Караліна. Я слухаю цябе, Вітаўт .
Вітаўт. Слухай, дзяўчынка. Я стаяў на фарпосце, і зямля мая была за мной. Ты была за мной. I калі я хаця трошкі хацеў жыць у тыя страшныя часы – я хацеў гэтага таму, што была ты.
Караліна. Вітаўт, мілы, ты ведаеш: гэта ўсё дарэмна.
Вітаўт. Я ведаю. Але пасля майго вяртання ты горшая са мной.
Караліна. Не. Мне шкада цябе, Вітаўт.
Вітаўт. Сябры сталі горшыя са мной. I ты... Я разумею вас.
Караліна. Не.
Вітаўт. Але я ішоў бараніць цябе. I не мая віна, што яны задушылі нас сілай.
Караліна (ціха). Ты не ведаў, што яны мацнейшыя? Нашто тады ішоў у паўстанне?
Паўза. Падыходзіць Каліноўскі ў чорным плашчы.
Вітаўт. Ты не спяшаешся?
Караліна. Мне цяпер няма куды спяшацца.
Крутнуўся, усё хутчэй і хутчэй пайшоў у цемру Вітаўт.
Кастусь...
Кастусь. Што чуваць?
Караліна. Ён у тэатры. Да губернатарскага палаца пойдзе пешшу.
Кастусь. Значыць – па дарозе будзем браць. Пархвен, папярэдзь Марцявічуса.
Пархвен зусім быў сабраўся ісці, але тут з’яўляецца 1-шы прахожы.
1-шы прахожы. Люблю Беларусь...
Кастусь. Узаемна...
1-шы прахожы. Выйшлі з тэатра. Ён ідзе не адзін. З ім Мураўёў, дэ Салье, яшчэ людзі. Яны ідуць пад аховай салдат...
Чортаў Бацька. Гэ-эх... Сарвалася.
Паўза.
Кастусь. Не... На вуліцы яго вартуюць салдаты...
Чортаў Бацька. Ну.
Кастусь. Але ж на бале яны, пэўна, не будуць яго вартаваць... Уявіце сабе, кружыцца ў вальсе Цаплін, а вакол вальсуюць шэсць салдат... З прымкнёнымі штыкамі...
Караліна (у нейкім дзіўным, пакутным лікаванні). І гэта азначае?..
Кастусь. I гэта азначае, што мы выкрадзем яго на балі. (Ляпнуў Чортавага Бацьку па плячы.) Бяжы да Марцявічуса. Хай ідзе туды. Скажы – баль... (Да прахожага.) Ты – апрануты. Бяры другога і ідзі на дапамогу жмудзіну... Караліна...
Караліна. Але...
Кастусь. Ідзі дадому, сланечнік... Ідзі да Яневіч... Вазьмі там найлепшы бальны ўбор... I адразу, на рамізніку, да палаца... У мяне будзе на гэтым балі дама... Найлепшая прыгажуня зямлі... На цэлы вечар... (Вочы ў яго гарэзлівыя і адначасов а страшныя.) Скажы, ты ніколі не бачыш у сне, што танцуеш?
Караліна. Часта... Кастусь. I гэта такое шчасце!
Кастусь. I мы будзем танцаваць. Мы натанцуемся на сто год наперад, сланечнік... Мы будзем танцаваць... Ідзі.
Караліна. Ах-х... Кастусь.
Пайшла. Кастусь глядзіць ёй услед.
Кастусь.
Натоўп кіпіць. Гудзе, віруе горад,
А ты, прыкуты да яго цяснін,
З трывогаю няўлоўнай адчуваеш
Няўмольны лёс, што абступіў цябе.
I побач светлая мая, святая,
Якой не смерць – сусвет бы падарыў...
Прыслухайся да шуму: горад спіць.
Прыслухайся да шуму: спіць Зямля.
Спіць воля ў турмах, праўда – ў катавальнях,