152604.fb2 Кастусь Каліноўскі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 17

Кастусь Каліноўскі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 17

Дэ Салье. Хадземце, дарагая... (Мураўёву.) Спадзяюся, вы будзеце ў захапленні ад князя... як я...

Мураўёў. Мне часта даводзіцца захапляцца вось так... Аддаюць перавагу маладому Нуліну, які толькі што прыехаў з Парыжа, а не мне, які “в сраженьях изувечен”.

Кастусь. “И вас за то ласкает двор”.

Караліна і дэ Салье пайшлі.

Мураўёў. Ласкі двара не ласкі жанчын... Мсціслаўскі... Я ведаў аднаго па Магілёўшчыне.

Кастусь. Наш радзінны край, граф.

Мураўёў. Н-нулін... Непрыемны выпадак, га?

Кастусь. Відаць, вам дрэнна, калі сярод гэтых жырандоляў і калон людзям блюзняцца цені паўстанцаў.

Паўза. I раптам Каліноўскі рассмяяўся.

Цікавая ідэя. Уявіце сабе, што я сапраўды паўстанец. I сустракаюся з чалавекам, які мяне ведае... Бр-р...

Мураўёў. А вы пайшлі б у паўстанцы, князь?

Кастусь. Пайшоў бы. Каб імператару прыйшла ў галаву ідэя адмяніць гасудараў радасловец.

Мураўёў. Дзікая ідэя. Хіба ён можа?

Кастусь. Радасловец – небяспечная кніга.

Мураўёў. Чаму?

Кастусь. З яго вынікае, што першыя – мы, а Раманавы – мелката.

Мураўёў. Сказалі б гэта ў вочы?

Кастусь. Прывілей арыстакратаў – праўда.

Мураўёў. Нават на эшафоце?

Кастусь. Э-э! Столькі сапраўдных дваран за апошнія гады мужна стаялі на ім. Я не горшы. Толькі мне хацелася б ведаць... навошта вам усе гэтыя страты, граф? Якая вам патрэба знішчаць?

Мураўёў. Таму што толькі на імперыю, на ўцёс у збаламучаным моры спадзяюцца сёння высакародныя людзі ўсёй зямлі.

Кастусь. А нашто нам апраўдваць іх спадзяванні, ратаваць іх?

Мураўёў. Для сябе. Бунт мужыка – заканамерны. Ён воўк і глядзіць у лес. Калі ж дваранін стае на бок мужыка, здраджвае саслоўю, хоча ў свінапасы – такога нельга літаваць.

Кастусь. А такія ёсць?

Мураўёў. Ёсць.

Кастусь. Хто яны?

Мураўёў. Ну вось, напрыклад, Каліноўскі...

Кастусь. Хто ён?

Мураўёў. Самы небяспечны і самы дастойны мой вораг.

Кастусь. Тады гэта, відаць, фігура. Хацелася б мне ўбачыць яго. Я з цікавасцю паціснуў бы яму руку. Гэта, ці ведаеце, сустрэча не з тых, якія забываюць.

Мураўёў. Я не магу забыць аб ім ужо некалькі месяцаў.

Кастусь. Цікава, які ён?

Мураўёў. Кажуць, русыя, вельмі пышныя, хвалістыя валасы.

Кастусь. Гэта не прыкмета. На жаль, мода псуе валасы мужчын памадай.

Мураўёў. I вялікія выразныя вочы.

Кастусь. У беларусаў наогул выразныя вочы. Нямнога... Чакайце, чакайце, як, вы сказалі, прозвішча?

Мураўёў. Каліноўскі.

Кастусь. Я ведаў аднаго па Пецярбургу. Як яго зваць?

Мураўёў. Канстанцін.

Кастусь. Н-не. Таго звалі Віктар... Сядзеў у Публічнай бібліятэцы днямі і начамі.

Мураўёў. Гэта яго старэйшы брат. Ідэйны выхаваўца. Кажуць, быў яшчэ горшы якабінец. На шчасце, не дачакаўся перамогі ўлюбёнага браціка. Здох ад сухотаў.

Паўза. Кастусь устае.

Кастусь. Я вымушаны адвітацца, граф.

Мураўёў. У чым справа?

Кастусь. Мне няма аб чым размаўляць з вамі. I не хочацца.

Мураўёў. Князь, вы няветлівы!

Кастусь. Магчыма. Але затое – прамы. I выхаваны ў правілах дваранскага ганаровага кодэкса. А ў прыдняпроўцаў, у мяне... ёсць цвёрдае перакананне ў тым, што павінен і чаго не павінен рабіць дваранін... чалавек. Што ён павінен мець.

Мураўёў (з жудаснай іроніяй). Прасвяціце старога. Што?

Кастусь. Толькі душу для праўды, жыццё – для сапраўдных людзей, сэрца – для жанчыны... I яшчэ гонар. Чуеце? Гонар... для самога сябе і ні для каго на свеце больш.

Мураўёў. У чым жа ён, калі не сакрэт?