152604.fb2 Кастусь Каліноўскі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 26

Кастусь Каліноўскі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 26

Занадта... Не павераць... Стой, Заруба.

Мацуйся, любы браце Вастравух.

Яўхіміха.

Трымайцеся спакойна, мужыкі!

Хрыстос над вамі. Ён, пакутных, вас

Каля сябе пасадзіць.

Яўхім.

Ціху табе

З тваім Хрыстом. Не мог падмогі даць

На памагатых д’ябла.

Яўхіміха.

Не блюзнер!

Яўхім.

Чаго блюзнерыць? Я яшчэ не знаю.

Ці ёсць ён, бог?

Юнген. А што ты, хаме, зведаў?

Яўхім.

А тое! Краем правіць Сатана.

Ты, капітан, і твой Мураш Паскудны,

I ваша банда, і царок ваш снулы.

Ты пачакай, яму яшчэ за нас

Павытаргаюць ногі са...спіны.

Вастравух. То спраўдзіцца.

Юнген. Салдаты! Закапаць!

Паступова сыплецца з-пад рыдлёўкі зямля. Загаласілі бабы.

Яўхім.

Цыц, бабы, не рвіце наша сэрца.

Спакойна дайце нам сустрэць канец

I весела...

Гарэліха. Змоўч, людзі... з імі бог...

Яўхіміха.

А гэтым – гонару занадта многа,

Каб перад імі плакаць... Змоўч, народ.

Цяпер цішыня вісіць над галовамі людзей. Зямля дастае смяротнікам амаль да плячэй.

Вастравух (Яўхіму). Бачыш, а ты мяне засячы хацеў... “Пан, пан...” У адной зямлі... стаяць будзем.

Яўхім. А можа, табе і лягчэй было б?

Вастравух. Ну не. Памерці растаптаным, як я тады? Так я хаця чосу ім даў...

Заруба вышэй за ўсіх, астатнім зямля дастае да рота.

Яўхім. Гэй, Заруба, ты й тут выгадаў... каб я табе прысніўся.

Заруба. Прысніся, брат, я тады адразу ўваскрэсну. Ад жаху.

Зямля падае Зарубу на галаву. Ён адплёўваецца.

Эй, афіцэр, каўбаса гарохавая... Можа быць у смяротніка апошняе жаданне?

Юнген. Ну?

Заруба. Я служыў паручнікам. Ты – капітан. Ці нельга саст упіць сваё месца старэйшаму па чыну?

I ўсё. Замест людзей – капец зямлі.

Юнген (да натоўпу). Ну як?

Маўчанне.

Карцiна дзявятая

Задні пакой за модным магазінам, які належыць Юзэфе Яневіч. Пад манекенамі доўгія рагожныя цюкі са зброяй. Тут жа сядзіць Арсень, узброены лупай; рэжа на гуме штамп, робячы пробныя водціскі. Кастусь сядзіць за сталом, гамонячы з Каралінай, Чортавым Бацькам, Марцявічусам. Кастусь скандуе.

Кастусь. Сачыніцель папулярных баек, з камітэта адказны таварыш, паважаны Арсенька Станевіч...

Арсень. Чаго табе?