152604.fb2
Вы не надумалі?
Паўза.
Хто вы?
Гогель. Камісар Літвы...
Кастусь. Я Вітажэнец, настаўнік. Займаўся распрацоўкай матэрыялаў гістарычнага характару. Гэта ўсё.
Гогель. I гэта ўсё?
Кастусь. Усё.
Шалгуноў. Шоціка сюды.
Салдаты прыводзяць Ігнася Шоціка.
Ігнась Шоцік, сорак год, католік, з казённых сялян Віленскага павета, пяць год як дворнік пры гімназіі. Так?
Шоцік. Какурат так.
Шалгуноў. Ведаеце гэтага чалавека?
Шоцік. Ды я яму... сумяшчальна, значыцца, прыслугоўваў, кватэру прыбіраў. За два рублі штомесяц. Гро-ошы!
Гогель. Што падазронага заўважылі?
Шоцік (хітруе). Ды яно, як жа ж бо яно і сказаць... Калі б нешта такое, то яно, можа б, і так, а каб гэткае нешта, то яно і дальбог нічога. (Падумаў.) Пан харошы. Добры. Грошы заўсёды наперад плаціў. Я ж кажу, каб нешта тут такое, то дальбог не тое, што паны думаюць.
Вочы Кастуся смяюцца.
Гогель. Не паяснічай!
Шоцік. Ды ў мяне, пане, паяса і няма. Людзі простыя, матузком абыходзімся.
Гогель. Што рабіў арыштаваны, мужыцкая морда? Ён што, купіў цябе?
Шоцік. Не. Ён мэблю купляў. У гандляроў-яўрэяў. Ніштаватая мэбля. Купляў вось чалавек, спадзяваўся. А яго замест канапы на турэмны тапчан. Так вось і не ведаеш, дзе цябе па кабаку грукне.
Гогель. Што рабіў?
Шоцік. Уст авалі яны каля дзевяцёх, кушалі чаю ў ахвотку, у сваю насалоду, ды ішлі сабе ў горад. У дванаццаць прыходзілі ды абедалі. Любілі строганага быка. (Хітруе і выкручваецца як можа.)
Шалгуноў. Якога строганага быка?
Шоцік. Ну, мяса такое настраганае. З бульбай. Каровіна мяса. Словам, хаця строганы, але ўсё адно бык.
Гогель (здагадаўся). Бефстроганаў.
Шоцік. Потым зноў гулялі. У шэсць амаль заўсёды дома. Зноў чай пілі... Дасхочу.
Гогель. У сваю насалоду?
Шоцік. У сваю, паночак, насалоду. Чай – справа сур’ёзная. Потым зноў ішоў.
А ключоў ён мне, галубочкі вы мае, ніколі не пакідаў.
Гогель (прагна). Чаму?
Шоцік. Мы ж людзі не высакародныя. Ці мала гэта выпадкаў, што дворнікі рабуюць? Унь у нас нават будачнік адзін, проша пана, праходжага абдзёр. Зняў паліто і гадзіннік. Дык нам і бог загадаў.
Гогель. Або ты здзекуешся са следства, або ты дурань.
Шоцік. А нашто нам разумнымі быць? Мы не паны. Хамуйлы, проша, вароны.
Паўза. Шалгуноў схіліўся да суседа. Шэпча.
Шалгуноў. Нічога, відаць, не зробім.
Гогель. Т-так...
Паўза.
Я думаю, трэба вочную стаўку з тымі... домаўласнікамі. Памятаеце, затрымалі ўсіх тых, у каго папсуцці ў кнігах домаўласнікаў за сакавік мінулага года?.. Калі Макарэвіч жыў у Вільні.
Шалгуноў. Лухта. Я яшчэ тады казаў – гэта беззаконне... I тут будзе – беззаконне.
Гогель. Але зразумейце, гэта адзін... бадай што адзін шанс... Дазвольце мне.
Шалгуноў. Гм... Колькі затрыманых домаўласнікаў?
Гогель. Тры... I яшчэ дачка адной домаўласніцы... Бо тая – хворая... Яны – тут.
Гогель. Ну хаця б тую. Усё ж жанчына.
Шалгуноў. Каб вы былі ў маім узросце – вы б ведалі, што з жанчынамі цяжэй... Нязмерна... Вядзіце...
Гогель ідзе да дзвярэй, шэпча нешта салдат у і вярт аецца на сваё месца.
Гогель. Слухай, Шоцік. Слухай і паспрабуй толькі падманваць. Гаспадар кватэры Жэброўскі казаў, што бачыў аднойчы, як у кватэру пана прыходзіла дзяўчына.
Шоцік (няўпэўнена). Ды яно... было...
Салдаты прыводзяць Марыю. I тады Гогель рэзка нахіляецца да Шоціка і амаль крычыць.
Гогель. Гэтая?!