152724.fb2
Сялянскія хваляванні ў Крычаўскім старостве, вельмі доўгія і зацятыя, выбухнулі ў 1743–1744 гадах вядомым паўстаннем Вашчылы, накіраваным супраць адміністрацыі староства і супраць арандатараў, якім Геранім-Фларыян Радзівіл аддаў староства ў поўную ўладу (уласна кажучы, на паталоку й разрабаванне).
Арандатар плоціць пэўную суму – а колькі ён пасля выб’е з мужыкоў, рамеснікаў і купцоў (якім, дарэчы, дазволена гандляваць толькі з арандатарам) – нікога не датычыцца.
Так, за гадавую арэнду (1719–1720) Уладзіслаў Пятровіч выбіў з насельніцтва дадаткова 3500 талераў. Ваўкавіцкія (з 1725 па 1727 год) выбралі звыш нормы больш за 100 000 злотых.
Асабліва пагоршылася становішча за час арандатарства братоў Гдаля і Шмуйлы Іцкавічаў. Гэтыя з 1736 па 1740 год выбралі звыш паложанага каля 700 тысяч злотых, а ўсяго за час арэнды аднялі (звыш інвентарнай нормы) і паклалі ў сваю кішэнь 1 298 909 злотых, 120 270 коп пянькі і г. д. і г. д.
Звыш гэтага пасіліліся паншчына, рабунак, гвалт. Збівалі людзей, забаранялі скаргі. Хто ішоў са скаргай да князя – таго збівалі, катавалі, даводзілі да жабрацтва штрафамі, кідалі ў турму, мучылі да калецтва, часам забівалі да смерці. Іцкавічы сатанелі ад даступнасці здабычы і ад бяскарнасці, забыўшыся на ўсякую асцярожнасць і здаровы сэнс. I сяляне забыліся на “сваіх” ваўкоў, якія рэзалі ўсё ж па выбары, а не ўсю чараду, не ўвесь статак.
...Акрамя гэтай дзікай і сатанінскай навалы разаралі народ і пастоі войск, “харугвій” (крыху раней – у 1689 –1690 гг. за год харугвія Іосіфа Слушкі выбіла з сялян на ўтрыманне 73 008 злотых. Было мноства калек і сем забітых).
Шукаць суцяшэння ў богу? Ну так. У вёсцы Горны ў 1744 г. за пахаванне селяніна Андрэя Вароні поп з Бесавічаў (а яшчэ кажуць, што няма прозвішчаў, якія самі за сябе гавораць...) патрабаваў добрага каня. Каня не было. Нябожчык тры дні ляжаў у хаце, а пасля быў пахаваны без царквы і папа, які толькі пасля пахавання злітаваўся і ўчыніў на магіле “адпяванне” за асьміну пшаніцы.
Усё ж на каго магло спадзявацца паўстанне, акрамя як на свае стыхійныя, разрозненыя сілы? На якую дапамогу?
Давайце паглядзім. Што такое былі “свае”, мы ўжо крыху ведаем і скажам аб гэтым пасля (самой п’есай і характарыстыкай дзеючых асоб). Што такое былі суседзі?
Расійская імперыя, да якой Крычаў будзе далучаны ў 1772 годзе, праз дваццаць восем год пасля паўстання, як кажуць, з агню ды ў полымя.
На троне Елізавета, “кроткая Петрова дщерь”. На час нашых падзей ужо два гады як на прастоле. Зрынула дварцовым пераваротам Браўншвейгскую фамілію (“законны” прэтэндэнт на трон Іаан Антонавіч быў зняволены, а пасля забіты), выпісала з Галштыніі пляменніка, Карла-Ульрыха (Пётр III), якога аб’явіла наследнікам (пасля, на радасць рускім, была выпісана са Штэціна нявеста яму, Сафія Ангальт-Цэрбская (пазней Кацярына II).
З польскім дваром - трэнні за Курляндыю, таму дагаджаюць і заігрываюць, і таму, ясна ж, напляваць Пецярбургу на крычаўскіх “адзінаверцаў”.
Пасланнік Кайзерлінг – гетману Патоцкаму: “Республика граничит с четырьмя сильными соседями, и потому надобно смотреть, какое соседство ей особенно может быть полезно. Разумеется, русское, потому что императрица находится в особенной дружеской склонности к республике и желает большего утверждения ее тишины и спокойствия” (С. М. Соловьев. “История России”, т. XI, ст. 194).
Каму была справа да прыдушанага беларускага народа? Каго прасіць аб дапамозе, калі ў імперыі занятыя тым, што ловяць беглых сялян, калі па Волзе, Мядзведзіцы і Карамышу паўстанні мардвы. I гэта нават не мардва, а “старыя рускія ідалапаклоннікі, па-мардоўску гаварыць не ўмеюць, а гавораць яраслаўскаю гаворкаю” (архірэй ніжагародскі Дзмітрый загадаў разарыць іхнія старыя могілкі. Таму і выбухнула паўстанне). У 1741 –1742 гадах у дзяржаве схілілі (сілком) да хрысціянства 17 362 чалавекі. Раскольнікі спальваюць сябе або бягуць ледзь не ў мясціны нашага паўстання. Іх патрабуюць вярнуць назад, а не тое каб прымаць уцекачоў з Беларусі. Іх, гэтых уцекачоў ад пакут і смерці, і выдаюць, калі ў таго, хто спаймае, няма сумлення.
Караюць людзей, якія дрэнна гавораць аб паводзінах імператрыцы, шкадуюць аб зрынутым урадзе (справа Лапухіна). Бізун і ссылка з адразаннем языкоў, не шкадуючы і жанчын (тры Лапухіны і Ганна Бястужава), што ў адносінах да некаторых жанчын было б проста дабрадзейства.
Чым занятая імператрыца якраз у дні, калі паўстанцаў адбілі ад Крычава і збіраюцца садзіць на палю, завостраны кол? Яна кіруецца ў Маскву і разглядае справу аб тым, што толькі з аднаго Ноўгарада трэба выбіць нядоімак мытных і карчомных 476 888 рублёў, а канцылярскіх – 13 270.
Якая ёй справа пра чужы народ, даведзены да смяротнага адчаю, калі ў свайго народа няма солі (С. М. Соловьев. “ИсторИя России», т. XI, ст. 250), “ад чаго многія хварэюцы”. 9 лютага 1744 г. (нашых паўстанцаў у гэты дзень катуюць) генерал-пракурор ездзіў у Маскве да крам у адзінаццатай гадзіне, але ўжо прадажы солі не застаў: “В Москве... казённую соль... крестьянство и прочие подлые люди едва ли могут купить”. Ён “нашел у лавок крестьян и прочей подлости многое число, которое ему объявили, что уже несколько дней не могут добиться купить соли”.
“Для честного труда рабочих рук не было; а между тем столько рук были заняты нечестным промыслом” (С. М. Соловьев, т. XI, ст. 254).
Па правінцыях пануе адкрыты разбой, нават недалёка ад Масквы. I не па маёнтках, а нападаюць на вёскі і паляць іх (атаман Кнут, напрыклад, у Сакольскай воласці); кн. Хаванскі даносіць, што разбойнікі “приходили многолюдством в суздальское село его Пестяково: церковь, его двор и крестьянские дворы выжгли, пять человек крестьян убили до смерти, четверо лежат при смерти”.
Разбой па ўсёй Ацэ, ад Калугі да Ноўгарада. Нават у самой Маскве якраз у тыя дні спайманыя тры разбойнікі і адзін атаман.
I паўсюль сялянскія бунты.
I паўсюль нецярпімасць і адсутнасць свабоды сумлення. У Казанскай акрузе з 536 мячэцяў зламалі 418 і спынілі барацьбу толькі таму, што пабаяліся, а як на гэта паглядзяць суседзі ў дзяржавах мусульманскага веравызнання.
Імператрыца занята не тым, не лёсам простых людзей – яна занята прыездам чатырнаццацігадовай дзяўчынкі, будучай Сatherine le Crand, пры якой рускім і нярускім падданым будзе яшчэ саладзей.
...Ну, а Украіна? Дапамогі таксама чакаць дарэмна. I таксама дарэмна туды ўцякаць. Калі бегчы ў Правабярэжную Украіну – гэта значыць зноў бегчы пад уладу тых самых паноў. А наколькі салодкая была тая ўлада– сведчаць паўстані гайдамакаў у 1734, 1750 і найбольшае з іх, «Колиивщина» (1768 год, праз 24 гады пасля Крычава), якое актыўна дапамагла задушыць Кацярына II.
А бегчы ў Левабярэжную і Слабадскую Украіну – азначала бегчы пад уладу буйнога феадальна-старшынскага землеўладання. Старшыны гвалтам захапілі сялянскія і казацкія “грунты”. Гетманскі універсал 1701 г. узаконіў двухдзённую паншчыну, забараніў адыходзіць на Слабоды і ўцякаць у казацкія палкі.
У гетмана Мазепы, напрыклад, больш за 100 тысяч залежных сялян. У 1709 г., пасля Палтавы, Сеч Запарожская разбурана (беглыя аселі ў Алешках, у нізоўях Дняпра, пад уладай Крыма). З 1722 года, калі памёр гетман Скарападскі, краем кіруе Маларасійская калегія: рускія афіцэры кантралююць часовага гетмана і старшыну.
У 1734 – 1775 гг. існуе новая Сеч (казакі вярнуліся з Алешак). Прыгону ў ёй, праўда, не было, але сяляне і радавыя казакі былі на становішчы наймітаў. Ад масы беглых страшэнна дзешавелі рабочыя рукі.
“Злачынцаў” старшына магла і выдаць, не жадаючы псаваць адносіны з суседзямі. Выдалі б магнатам і Вашчылу, ды ён памёр ад хваробы страўніка (існуе падазрэнне, што атруцілі, мучыла “сумленне”, ведалі, чым скончыцца выдача Радзівілу сялянскага кіраўніка).
Ну, а наконт “сваіх” раскажа п’еса.
Поўная безвыходнасць панавала над крычаўскімі паўстанцамі. Няма выйсця. Нідзе.
Але чалавек не можа пагадзіцца з гэтым. Зламаць шыю лёсу, нават калі сам пры гэтым зломіш шыю. Адказваць безнадзейнай барацьбою на безнадзейнасць, уласнай загібеллю на безвыходнасць становішча.
Нават самім паражэннем перамагчы – гэтага чалавеку не можа забараніць ніхто.
У гэтьш пафас паўстання, як яго разумее аўтар, які просіць рэжысёра-аднадумца таксама зразумець гэта.
Характарыстыкі некаторых гістарычных асоб п’сы, зробленыя для тых акцёраў, якія, ствараючы свой жывы вобраз, хацелі б стварыць яго па максімальна дакладнай гістарычнай канве.
Лагер паўстанцаў, на мой погляд, асаблівых заўваг не патрабуе. Тут усё больш-менш ясна. I тыпы, і характары. Хіба што патрабуюць тлумачэння некаторыя адрозненні ў сацыяльным становішчы, скажам, Вашчылы, Карпача або братоў Ветраў. Гэта не звычайныя сярэднія сяляне, гэта сялянская эліта, людзі пісьмовыя і сяк-так абазнаныя ў падзеях, што робяцца ў свеце, на Беларусі і ў старостве.
Вашчыла – войт вёскі Селішча і крыху гандляр (а гандляваць дазволена толькі з арандатарамі, і толькі пасля паўстання Радзівіл адмяніў гэта). Ездзіў скардзіцца да Радзівіла ў Варшаву, па вяртанні атрымаў ад арандатараў 150 бізуноў, цяжка хварэў. У 1731 годзе зноў скардзіўся (у Мір ездзіў, быў затрыманы слугамі Гдаля, “тыранскі” збіты і кінуты ў крычаўскую турму).
Іван Карпач, унук Змітра Карпача, бурмістра Крычава (яго імем была названа адна з вуліц горада), сын гарматніка мешчаніна Ільі. У 1696 г. дзед, бацька і ўнук абвінавачаны ва ўзброеным выступленні супраць харугві Рыгора Агінскага. Іван складае скаргі сялянам, сам засноўвае на зямлі двор і гаспадарку. З 1741 г. бурмістр крычаўскі.
Васіль Вецер (не блытаць з братам, мешчанінам) сын панцырнага баярына, што ўдзельнічаў у 1696 годзе ў разгроме харугві Агінскага. Пазней загінуў. Герой наш пісьменны і нават на свой час начытаны, ведае латынь. Гэтым, акрамя прыроднай дабрыні, і тлумачыцца яго насцярожанасць да грубасці і казацкай разбэшчанасці паўстанцаў, нянавісці іх да ўсякай “кнігі”, бо ў ёй або даўгі запісаны, або данос, хлусня і паклёп. I тая ж крайняя дабрыня, мяккасць і спачуванне болю людскому прымушаюць яго ўступіцца, зусім не спачуваючы метадам сяброў. Мала таго, ненавідзячы ўсякія боль і забойства, быць ледзь не самым смелым воінам гэтай няшчаснай і цёмнай, хаця і па-дзікунску сумленнай, масы.
Поп з Бесавічаў хутчэй выключэнне з правіл. Большасць свяшчэннікаў, што ўдзельнічалі ў паўстанні, былі святыя людзі, хаця і лаяцца маглі добра, і кулакі мелі моцныя, і выпіць пры выпадку маглі.
Як поп Антох Крапіла. Бо гэта былі бедныя папы бедных парафій, якія касілі і аралі побач з сялянамі, ведалі іхнюю бядоту, іхняе гора, іхнюю безвыходнасць і спачувалі ім.
Такія ж почасту галодныя і бяспраўныя, як мужыкі, яны не схільныя былі адбрэхвацца “байкамі аб райскай канюшыне”, ведалі, што шчасце павінна быць у чалавека і пад гэтымі зямнымі стрэхамі, ні ў якім разе не былі дуалістамі, якія лічаць, што Сатана – роўны Богу злы пачатак і, значыць, зло вечнае. Наадварот, у падтрымку сваім мяцежным парафіянам яны высунулі прынцып, што Сатана створаны Богам, ужо тым самым ніжэйшы за яго і таму неадменна павінен быць калісь пераможаны разам са сваімі паслугачамі, “сільнымі і магутнымі людзьмі розных народаў”. Таму яны і свяцілі нажы, таму не пакінулі сваіх, калі тым давялося піць смяротную чашу. Таму і былі пакараны смерцю.
Цяпер пра ворагаў. Яны збольшага таксама ясныя. Трэба сказаць толькі некалькі слоў увогуле пра жыццё некаторых з іх. Жыццё, якое не ўлазіць у абмежаваныя часам рамкі п’есы. Што яны рабілі дá і пасля паўстання, як некаторыя з іх скончылі свой век. Магчыма, гэта дадасць на палітру акцёраў некаторыя дадатковыя фарбы і адценні.
Князь Геранім-Фларыян Радзівіл. У часе, калі пачынаецца дзеянне (сцэна ў Бельску), яму дваццаць восем год (нар. у 1715 годзе ў Белай). Правёў пяць год (1730 – 1735) за мяжой, адкуль вывез кепскае веданне нямецкай мовы і свяшчэннае захапленне ўсім нямецкім. Асеў у Белай Падляшскай удзельным князем, які пляваць хацеў на ўсе законы і самога караля. Ён – падчашы, пасля харунжы Літоўскі, вялікі пан, але абсалютна абыякавы да грамадскіх спраў. Бязмерная амбіцыя, “неўшанаванне законаў боскіх і людскіх”, паляванне, распуста. Чалавек дзікі, злы, здольны да зверства, жорсткасці, бесчалавечнасці.
Яму 28 год, але выглядае старэйшым. Абліччам самы брыдкі (не таму, што адмоўны герой, а па гісторыі так). Лысы, заіка (я не люблю гэтага бяздарнага прыёму: надзяляць нягоднікаў яшчэ і фізічнымі недахопамі – я ведаў шмат такіх, з недахопамі, якія былі вартыя сотні Апалонаў і герояў-каханкаў, але гэта так было, сапраўды, быў заіка), целам каляны.
Па п’есе смяецца два разы, і больш, бадай, ніколі не смяяўся ў жыцці, заўсёды пануры і смутны.
Двор амаль нямецкі, асабістая служба – таксама, хаця збіваўся з нямецкае мовы на польскую і яшчэ больш ахвотна на “хлопскую”. У “войску” ўсе ступені, аж да генерала: немцы, курляндцы. Мясцовых не надта любіў, бо не было ў іх безварунковага паслушэнства.
Ну і немцы, не вытрымаўшы, уцякалі, і тады – пагоня ў некалькі сот (а то і тысяч) салдат. Урэшце вырашыў рабіць афіцэраў са “сваіх” і таму заснаваў кадэцкі корпус. На манер караля французскага сфарміраваў “Аддзял Гран Мушкецёраў” – асабістую ахову.
Адзін з найбагацейшых уладцаў краю, але скупы і багацее з дня на дзень. Не шкадуе грошай толькі на асабістае войска. Акрамя гарнізонаў – шэсць тысяч умундзіраванай і вымуштраванай пяхоты, плюс кавалерыя і артылерыя. Амаль удзельны манарх. Ніякіх распараджэнняў караля не слухае, падаткаў не плоціць.
Пад замкам – вялізныя склепы. Стараўся, каб былі перапоўненыя. Енкі тых, каго катавалі, называў “найлепшымі спевамі”.
Уся справа ў тым, што быў несумненны вар’ят. Памешаны на ўсіх пунктах: грамадскім, рэлігійным, палавым. Не лепшы, чым сваяк Марцін-Мікалай (хаця той не адказваў за. свае ўчынкі, а ў гэтага вар’яцтва было ад бязмернай распушчанасці).
Іцкавічаў выгнаў не таму, што абакралі на мільён з трэццю (яны яму былі выгадныя, бо ўносілі інвентарныя грошы адразу), а са злосці, бо вышэйпамянёны Марцін-Мікалай раптам увераваў у перасяленне душ, выбраў у якасці рэлігіі юдаізм, пачаў вучыць ідыш і іўрыт, скрупулёзна выконваў шабасы, на якіх сядзеў у лапсердаку з ордэнам святога Губерта на шыі.
Геранім раззлаваўся. Дабіўся апякунства, “брата” затачыў, гарэм ягоны разагнаў (а свой меў, і вялікі). Але грошы Марцінавы забіраў, так што дзеці апошняга хадзілі ў рызманах. Абдзіраў і іх.
Верыў у чарадзейства, быў забабонны.
З жанчынамі яму, ясна ж, не магло шанцаваць пры такіх добрых якасцях. Шалёна зайздросны і, адначасова, нейкі абыякавы, сепаратны, “сам не дужа гам і другому не дам”.
Жанаты быў тройчы. У час, калі адбываецца дзея п’есы, першая жонка Тарэза Сапяжанка (ажаніўся ў 1740) ужо ўцякла (у 1742). Ветлівы, але халодны, ён трымаў жонку ледзь не ў турме – толькі візіты мужа і пана, ды ў акно глядзець на вязняў і пакараных смерцю.
У час дзеяння п’есы князь абыходзіўся палюбоўніцай і гарэмам.
Другая жонка, Магдалена Чапская, вытрымала яшчэ менш (1747, і ледзь не ў наступным годзе ўцякла).
Трэцяя, Ангеліка Мянчынская, вытрымала аж чатыры гады прысягі, а пасля ўцякла і пайшла замуж, як і папярэднія.
Ні ад адной не было дзяцей.
Другую жонку трымаў як у турме, нават у Варшаву не ўзяў, выдумаў, што цяжарная, а пасля яе ўцёкаў дарэмна прасіў аб вяртанні (нейкія неймаверна нудныя і рыпучыя лісты: “мая душка”, “пакорлівасць” і г. д.): лепей воля без мужа, чым з ім – няволя. Лепей разбойнік, чым гэткая лютая і цягучая, нудная казіная смерць.
Хацеў экспатрыявацца ў арыстакратычнай Аўстрыі, спадзяваўся на яшчэ большы абшар да сваволі і манархічных капрызаў. Не атрымалася.
...Памятаць трэба, што ён быў разумны (каб жа ж не неабмежаваная ўлада) і не баязлівец (у 1752 годзе, скажам, зваліў за месяц 26 мядзведзяў, 17 дзікоў і 126 ваўкоў). Толькі што ўсе дадатныя якасці лютасцю і разбэшчанасцю ператварыў у адмоўныя.
Памёр у 1760 годзе (вязень Марцін у гэты момант сказаў варце: “Геранім не жыве”), у Белай падчас імшы, ад апаплексіі. Пайшлі набажэнствы, панегірыкі, вершы, “Вялікі муж Айчыны”, “нязмерная страта”, “Айчына аплаквае добрага грамадзяніна і энергічнага, дзельнага мужа”. Словам, як казалі вярхі нават пра Іуду Іскарыёта: “Нябожчык вызначаўся шчодрасцю, непадкупнай сумленнасцю і адданай любоўю да радзімы”.
Прароцтва Агны Вецер, такім чынам, спраўдзілася: памёр, абкружаны холадам і нянавісцю, і ўсе ягоныя скарбы дасталіся людзям, якіх ён ненавідзеў.
Вось такому чалавеку было аддадзена Крычаўскае староства. Вакол яго, як і належала чакаць, рабы.
Палюбоўніца – звычайная метрэска, у меру дурная, юрлівая, як кошка, і прагная, бо ведае, што яе становішча – часовае.
Палкоўнік Пястжэцкі. Не трэба забываць, што хаця і палкоўнік, а значыць, неймаверная на той час улада, але Радзівіл можа загадаць яму ўсё. Ён у тым жа стане, што і Губернатар Цялецкі, да якога Радзівіл звяртаўся як да “Яснавяльможнай Мосці пана Губернатара”, але заўважаў, што як не ў тэрмін прывязеш транспарт гарэлкі ў Слуцк, то “будзеш цешыцца прэзентам няхібным сотні кіёў”. I падпісваўся “вытанчаны (свецкі) Яснавяльможнага Пана слуга”.
Піліп Каршук – раскошная абалонка пры поўнай нікчэмнасці, як амаль ва ўсіх канцлераў пры тыране. Веданне этыкету і перабольшаная стараннасць у выкананні яго. “Міністр унутраных і замежных спраў”, якія ідуць сабе, не звяртаючы ніякай увагі на яго існаванне.
Грабоўскі – пасол ад князя Марціна-Мікалая Радзівіла, сваяка Гераніма, “браткі” ягонага (таго самага, што трымаў жонку і дзяцей у турме, верыў у перасяленне душ, выбраў у якасці асабістай рэлігіі юдаізм і хадзіў у лапсердаку з ордэнам святога Губерта на шыі; пазней трапіў у апеку да “браткі” Гераніма і замкнёны ім у турму). Фаварыт Марціна, але фаварыт таму, што выканаўца самых дзікіх ягоных збродняў, нават забойства (забіў у карчме падсудка брэсцкага Збароўскага, удушыў па загаду князя яго палюбоўніцу, забіў шляхціча Кукаўскага з жонкай, падпальваў двары і г. д.). Асуджаны “на горла”, але пляваў і толькі калі прыгразіў, што заб’е гараднічага брэсцкага Грабоўскага, – той са сваякамі і стральцамі схапіў яго і скутага завёз у Пётркаў, дзе дэкрэт быў выкананы.
Але цяпер да гэтага яшчэ далёка, і Грабоўскі трымае сябе паўсюль нахабна, як дзікі гун.
Гдаль і Шмуйла Іцкавічы – браты-адкупшчыкі, непасрэдная прычына Крычаўскага паўстання. Адносна дробная сволач у параўнанні, скажам, з Геранімам Радзівілам або пробашчам Пёкурам – яны, аднак, ухітрыліся разарыць цэлы край. Навучыліся ад пана-старасты бяскарнай разбэшчанасці, прагнасці, садызму. Грошы выбівалі турмой, збіццём, падпаламі, забойствамі. I Вашчыла і Карпач паспыталі на сабе іхнюю руку. Дзікая помслівасць і самавольства, людзі са староства бягуць (колькасць пустых надзелаў павялічылася за час іхняга праўлення ў 2,5 раза; “выбілі” звыш інвентара ў сваю кішэнь 1 298 909 злотых). Часам нават Радзівіл стрымліваў іх універсаламі, але тыя іх палілі, а скаржнікаў збівалі і садзілі ў вязніцу.
Камісары былі купленыя імі, і ім баяліся скардзіцца. Збіралі падатак (без квіткоў) і знікалі, а Гдаль тады здзіраў другі падатак.
Палкоўнік Данаван. Яму, як немцу, няма чаго шкадаваць прыгнечаных людзей чужой крыві. Але ён усё ж салдат і трымаецца сякіх-такіх рэштак кодэксу гонару. Салдат павінен жыць коштам абдзёртага насельніцтва – так тады думалі ўсе. Але як стаў сведкам нечаканай высакароднасці “быдла” (да свайго лёсу абыякавы, але з ім быў сын), калі немінучая смерць падарыла сыну жыццё, пачаў сяк-так варушыць рэшткамі сваіх мазгоў і знайшоў тую парушынку сумлення, каб адмовіцца ад разбою і служэння злу.
Пробашч бельскі Пёкур – адна з самых важных асоб п’есы. I адна з самых страшных. Уплывам на людзей (толькі ён можа прымусіць князя, які карае п’яных, нажэрціся, як свіння), для якіх ён жывое апраўданне на небе подлых зямных спраў. Але самае важнае не гэта. Ён бачыць да апошняга, дзе святло, а дзе цемра. Ён самы зоркі і самы сумленны, бо бачыць наскрозь мярзотнікаў і іх мэты і пагарджае імі. Але ён свядома пагарджае сумленнем, бо “ідэя” – раз ужо яна ягоная ідэя – павінна выжыць і трыумфаваць. I дзеля гэтага трыумфу ён пойдзе нават па трупах. “Яны за святло і праўду– тым горш для іх”.