152724.fb2 Маці ўрагану - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 5

Маці ўрагану - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 5

Дзея другая

Карціна чацвёртая

Вялізная святліца ў карчме Магды Мякенькай. Злева – паліцы з сулеямі і пляшкамі, бочкі. Перад усім гэтым – стойка. За стойкаю – ачаг і дзверы ў кухаварню. У дальнім левым куце – дзверы на вуліцу. Тры акенцы ў задняй сцяне, адно – у правай. За імі роў, валы і над імі драўляныя муры і цагельныя, “бутавыя”, вежы Крычаўскага замка. Пад сценамі доўгае “Г” стала, лавы вакол яго. Стаяць дзве-тры бочкі ў якасці дадатковых сталоў. За стойкай Магда, ля яе дудар Яўхім Xмыз. За вялікім сталом сядзяць у кампаніі з куфлямі поп з Бесавічаў і поп Антох Крапіла.

Антох. Іцкавічы – цю-цю! Няма іх. Свой у нас цяпер арандатар.

Поп з Бесавічаў (сербануўшы). А табе што, ойча? Яны, як іудзеі, да цябе, папа, справы не мелі. Ты што пры іх, што пры Храптовічу наліжашся, як папова свіння, дый канец.

Антох. Ну і ты ледзь не кожны дзень п’яны як гразь. Але ты з распусты п’яны. А я – з жаласці да людзей, да парафіян сваіх.

Поп. Мялі, млын. Проста яны, абдзёртыя, табе за хрышчэнне ды адпяванне заплаціць не могуць, вось ты і точыш зубы на Іцкавічаў.

Антох. Бо ў мяне сумленне. Яно не дазваляе з голага ўзяць. А ты як? Ты з сыноў жабрака добрага каня вымагаў за адпяванне. А не было яго, то нябожчыка пахавалі неадпетага, як сабаку. Тры дні людзі на каленях стаялі, пакуль не згадзіўся магілу адпець... за мерку пшаніцы.

Поп. А чаго ты п’еш са мною? Унь як зямля напіўся.

Антох. Гэта ты падсеў. Праўда, людзі?

Магда з Яўхімам. Так... Анягож... Падсеў.

Антох. Падсеў. I лепей бы я з бесам піў, чым з папом, які з Бесавічаў.

Поп. Ой, заклею я твой вобраз.

Антох. Паспрабуй, асёл Валаамаў.

Магда . Цыц!

Яўхім. Не хапала яшчэ, каб папы пабіліся.

Магда. У мяне не паб’юцца. Я іх – жыва.

Яўхім. I праўда. У цябе бойка толькі, пакуль ты не ўмяшаешся. Гэта ж за дзесяць год ніводнага членапсавання.

Антох. Дзіва што. Грудзі – як дзве машыны сценабітныя... Азадак – вось як гэтыя дзве бочкі. А мы што? Мы людзі звычайныя, дзе ўстаяць?

Магда(улешчаная). Добра-добра. Толькі без бойкі.

Яўхім. Няма чаго сварыцца. I новы арандатар тут, і дзярэ, як свой. I пры тых, і пры ім на азадках нашых як ячмень малацілі.

Магда. Іцкавічам усё заплочана. I хай коцяцца.

Антох. У тым і справа...

Яўхім. ...Што не ўсё заплочана. Што яны яшчэ тут і нейкія рэшткі выбіваюць. I як бы гэтыя рэшткі не былі апошняй нашай кашуляй.

Магда. Ветра зваць трэба. Не п’янюгу Васку, а Васіля. Ён ім толькі руку пакажа – жыва нагостраць лыжы.

Поп. Забабоны ерэтыцкія! Язычаскія. Хто гэта, акрамя бога, можа... дотыкам рукі?..

Магда. А ты нас з Лаўрэнам спытай, як войт з Ківаверцаў, нібы ад Перуна, рухнуў.

Поп. За вашыя супрацьзаконныя намеры вас з Лаўрэнам трэба... у вязніцу.

Магда. А ты з намі, ці што, быў, што ведаеш, намеры там у нас або ўжо нешта больш сур’ёзнае? Ці мо ляжаў з намі?

Поп. Цьху, бясоўскае адроддзе.

Магда(прыўзняла яго за шкірку). Хто тут бясоўскі? Хто з Бесавічаў? Я ці ты?

Поп. Ай, эпіцім’ю накладу.

Антох. У порткі ты накладзеш. Ды кінь ты яго.

Магда. Ужо кінула.

Яўхім. Ай, баба! Ай, баба, як Пярун!

У карчму ўвальваюцца браты Іцкавічы з вартай, Камісар і Павал Цялецкі, крычаўскі “губернатар”.

Гдаль. Ай, б’юцца. Ну, як бараны. Ну, як пеўні.

Шмуйла. Здароў, Магда.

Магда. Здаровы былі. Нашто завіталі?

Шмуйла. Скора з’едзем. А пакуль – даўжок за табой.

Магда. Што-о? Які даўжок?

Гдаль. Апошні даўжок перад тым, як новы арандатар даб’ецца таго, чаго мы не дабіліся, і прымусіць гэтую карчму па бервяну разнесці.

Магда. Я-ак?

Цялецкі. А так. Пабудова пры рове. Значыць, бліжэй чым дзесяць сажняў ад замка. А гэта значыць вораг можа яе разнесці і з яе праз роў мост накідаць.

Магда. Калі вораг прыйдзе – ён і за пяцьсот сажняў бярвенні паднясе. Ён не задумаецца і ўвесь горад на мост разабраць. Але верна і тое, што, як вораг прыйдзе, я гэтую карчму сваёй рукой падпалю.

Яўхім Хмыз непрыкметна выбраўся з-за стойкі ў дзверы.

Цялецкі. Добра, пра гэта пасля. А цяпер ты кажы, камісар.

Камісар(хавае вочы). Доўг за табой, Магда. А які – хай скажа вельмішаноўны пан Гдаль.

Магда. Ой, камісар, не крыві душой. Яны пойдуць – ты застанешся.

Камісар. Ведаю, але... паднявольны.

Гдаль. Семдзесят злотых з цябе.

Магда. Гда-аль!

Гдаль. Вочы мне лопні, скула мне на язык.

Магда(дастае і кідае на стойку некалькі драўляных планак). Вось насы, біркі. Давай твае паловы. Складзем і паглядзім, што на носе зарублена.

Шмуйла. Няма ў нас ніякіх насоў! Адкуль насы?

За вокнамі ў гэты момант зараўла трывожна дуда.

Антох(падпявае).

Дуды над хлопцамі выюць трывожна. Над полем бітвы спявае рог. Тапчыце зямлю, легіёны божыя! Наперадзе – вораг! Над вамі – бог!

Цялецкі. Гэта што?

Гдаль. Гэта значыць – хутчэй грошыкі, Магда. Адна ты тут не паддалася са сваёй карчмою. Напаследак – паддасіся.

Поп. Размячыце, размячыце гэты вярцеп.

Магда. Ах ты, выпоўзіна!!

Поп. Хто гэта – божыя легіёны? Тыя галадранцы? I бог наш – з імі?

Антох. Тапчыце зямлю, легіёны божыя!

За вамі ваш край. I з вамі – ваш бог!

Магда. Вось біркі!

Цялецкі. Біркі не папера. Дзе папера?

Магда. Дык былы камісар Гарноўскі ўзяў. Сказаў, што ўсё скасаванае, – і ўзяў.

Гдаль. Гарноўскі? А я такі штó да яго маю?

Шмуйла. Узяў і ўзяў. Што, м ы ўзялі? Рукі нашы адсохні, як мы тыя паперы ад вас забіралі!

Антох. Падстаўны камісар!

Камісар. Змоўч!

Магда(бярэ, як меч, востры пожаг). Паспрабуйце толькі крануць чаго.

Гдаль. Варта! Вазьміце яе, загаліце ды пасадзіце ў ачаг, калі не адумаецца.

Магда ўзняла пожаг. Антох палез з-за стала на выручку. У гэты момант увальваюцца ў дзверы мяшчане на чале з Вашчылам, Лаўрэнам, Іванам Карпачом, Ільёй, ягоным бацькам, пісарам Бачко і Яўхімам.

Вашчыла. Так, каго гэта тут – у ачаг?

Магда. Мяне. Унь біркі, а ён доўг заплочаны патрабуе, карчму пагражае размятаць.

Шмуйла. Доўг не заплочаны! Паперы дзе? Пра камісара вярзе нешта.

Вашчыла. Ведаем пра даўгі. Той падстаўны камісар квіткі аб уплаце сабраў. А квіткоў тых за ўплочаны чынш было на дзвесце тысяч. Дый знік з імі.

Гдаль. Не чуў пра квіткі. Вінен мне горад дзвесце тысяч. Пакуль не атрымаю – не пайду.

Карпач. У кішэні яны ўжо ў цябе. Другі раз выбіваеш!

Магда. Біркі засталіся!

Ніхто не бачыць, што поп з Бесавічаў перадае “насы” Шмуйлу і той цішком кідае іх у ачаг.

Карпач. I той падстаўны камісар даў пісьмовае распараджэнне на абарону жыхароў ад гвалту.

Спыніўся ў дзвярах Вецер з узброенымі людзьмі.

Ілья Карпач. Але Шмуйла пасля ўцёкаў камісара тую паперу ў прысутнасці мужыкоў падзёр.

Гдаль. Квіткоў аб уплаце няма. I бірак няма.

Iлья. Біркі ў людзей пабоямі паадбіраў.

Магда. Біркі! Дзе мае біркі?

Лаўрэн(дастае з ачага абгарэлы пучок, узмахнуў ім на канцы заскакаў агеньчык). Вось яны, твае біркі.

Магда. Бо-о-ожа! Што ж рабіць? Аспіды! Васіліскі!

Лаўрэн(рушыў з пучком на арандатараў). Нічога! Я ім зараз агнём на мордах уплату той пазыкі выкарбую... Каб памяталі на ўсё жыццё.

Гдаль. Камісар той быў часовы, а я – заўсёдны. I плаціў грошы князю згодна кантракту. Таму калі й душу дастану з мужыка – адказваць не буду.

Лаўрэн(насоўваецца). А гэта мы паглядзім, галава карэлая! Бачыш, агеньчыку з пекла табе прынёс.

Шмуйла. Гвалт!

Бачко. Камісары гэтыя – толькі расходы!

Iлья. На іх і на світу!

Бачко. I нічога добрага, акрамя гною пасля іх!

Яўхім. Нічога не далі камісары! I надзей не пакінулі!

Iлья. Яшчэ дзвесце тысяч! Не ўратуюць скаргі!

Бачко. Мужыкі! Супраціўляйцеся! Біцеся!

Лаўрэн(паднёс агонь да аблічча Гдаля). Ну-у...

Вецер. Ціха, мужык! Ціха! (Цішыня.) Та-ак, другую шкуру дзераце, манюкі? Вось ён, мужыкі, пачатак пачаткаў. (Спакойна.) Не рабунак, не здзек, нават не біццё. Падман узняў нас на ногі. Адыдзі, Лаўрэн. Ну, давай, Гдаль. Валі адсюль. Чаго адступаеш? (Гдаль паспрабаваў прарвацца да дзвярэй, але Вецер перагарадзіў рукамі калідор з людзей.) Не, браток. Не атрымаецца. Ты адсюль не як сумленны п’янюга выйдзеш, не праз дзверы. Мае людзі сёння ў дзесяці дварах даўгавыя кнігі спалілі. Чуеш, Вашчыла? У растаўшчыка Аляксандра Вуці. I ў іншых растаўшчыкоў знішчылі судовыя рашэнні, паперы па абавязках, закладныя паперы на сенажаці, судовыя рашэнні на права валодання зямлёй, адабранай у бедных. I пазыкавыя абавязкі ў Міхала Аніскевіча, арандатара Моўшы Айзіковіча, у многіх багатых купцоў, і майно адабралі і раздалі. У Старым Стане ў багатыра Галайды аднялі і раздалі майна бедным не менш як на дзесяць тысяч. На жаль, і без ахвяр не абышлося. У Геранімаве купец Міхал Белавіцень, што наваколле разарыў і людзей біў да смерці, уздумаў супраціўляцца. То забілі яго і ягонага цесця Сымона. Не мог я мужыкоў стрымаць. (Да Гдаля.) То няўжо такую гніду пашкадуем? Чаго адступаеш? Не бойся. Замест павольнай нашай смерці ты – адразу. А кнігі твае – у агонь. Не бойся, Магда. Яны твае квіткі ў агонь, а мы іх – у агонь. Вось я сам (працягвае рукі – Гдаль забіўся і нема закрычаў). А мо хай ідзе? Без даўгавых распісак, без грошай, голы? Га, мужыкі?

Поп. Не выпускаць! Вернуцца, агаранскае адроддзе!

Антох. Ды хай ідуць. Нашто адбіраць душу? Сваю маем.

Бачко. Не маюць яны душы.

Антох. Яны не маюць. Мы маем.

Вашчыла. Ладна. Хай ідуць.

Карпач. Толькі не дзвярыма. Дзверы – для высакародных п’янюг.

Iлья. У вокны хай.

Вецер. I калі вы бліжэй Слуцка спыніцеся – наракайце на сябе. З марскога дна дастанем. Ну...

Тыя пачынаюць выбірацца ў вокны. Сумятня. Цялецкі і Гдаль заселі.

Гэй, мужыкі, падмагніце ім. Гэтага – касой прышпорце, а гэтаму – выспятка.

Поле “бою” ачысцілася. Усе пераглядаюцца, і раптам – рогат.

Вось. Прынеслі яны нам такі акіян крыўды, такое бяспраўе нязменнае і вечнае, што ўсе здрыгануліся, нават зямля (пошчак капытоў). Хай ідуць туды, дзе іх чакаюць... А мы... нам, мужыкі, трэба трымацца, як мур. Шкоды мы асаблівай пакуль не нарабілі. Значыць, жорстка слухацца загаду, парадак у горадзе трымаць, як у манастыры.

Антох. Крый божа.

Вашчыла. I нікога не забіваць.

Вецер. Так, самі душу маем. Не забіваць.

Поп. А Белавітня з цесцем куды спішаце?

Вецер. Кепска атрымалася. Але ён смертабойнічаў, у людзей майно адбіраючы. Дый тут уздумаў страляць. Не стрымаліся людзі.

Антох(папу). Ты ўжо не вякай. Божай дабраданасцю гандлюеш, а туды ж...

Карпач. I праўда. О-ой трымайся, поп з Бесавічаў. Як бы мы цябе не прымусілі замест вядра царкоўнага віна выхлябтаць вядро воцату.

Поп. Ды я што? Я з вамі.

Iлья. Але кнігі пазык у с е спаліць. Дачыста. .

Бачко. I справядлівасць усім.

Поп. I трэба суплікантаў, скаржнікаў паслаць да князя ў Белую Падляшскую. Хай лобам б’юць.

Бачко. I тое праўда.

Вашчыла. Ты і скаргу напішаш. Быць табе пісарам новай рады, бо Вецер, бач, здуру прысягу даў ні да каго не дакранацца, пакуль не пераможам або не памром.

Вецер. Ну даў... Ну здуру.

Вашчыла. А скаргу? Скаргу чаму ж не паслаць. Арандароў няма.

Карпач. Князь зразумее.

Яўхім(бярэ дуду). Ох, і жыццё будзе.

Былі ў бацькі тры сыны – ух я! Ды ўсе ж яны Васілі – ух я!

Лаўрэн. Гэта Вашчыла ды два Ветры.

Яўхім.

Адзін козы пасе, Другі лапці пляце.

А дзе гэта трэці Васіль? Ён якія такія лапці пляце?

Магда. За гэтым шалапутам вока ды вока.

Ужо некаторы час за вокнамі скача нейкі слабы водсвет, які цяпер разліваецца ў зарыва. Пасля далятаюць адтуль лямант, праклёны, гвалт.

Карпач. Што такое?

Iлья. А гэта ці не трэці браток-Васілёк? Васка Вецер.

Вашчыла(мужыкам). Ідзіце паглядзіце. I калі што – спыніце брыду.

Тыя пайшлі.

Вецер(да Ільі). Ты якое права маеш думаць кепска пра майго стрыечніка?

Iлья. Стуліся, Вецер. Пакуль ты купцоў, растаўшчыкоў, глытаёў граміў, пакуль ты распіскі кабальныя паліў – брацік твой, падбухтораны новым арандатарам, нашым, Хрыптовічам, сваёй крыві чалавекам, швэндаўся п’яны па яўрэях, нават бедных, і пагражаў, што вось паліць вас будзем і што вось будзе пагром.

Вецер. Праўда?

Лаўрэн. Так. I казаў, што можа той пагром ад хаты адвесці. I багатыя яўрэі яму грошы давалі.

Магда. I гарэлкай паілі, бо пасылалі да мяне. Ходзіць увесь час як гразь.

Урываецца Бачко, які пайшоў з мужыкамі.

Бачко. Пажар! Жыдоўскі канец гарыць! З вуліцы ў вуліцу. Вецер падпаліў з сябрамі.

Вецер(ціха). Вось яно. I як жа я не хацеў у бунт, у разбой гэты ісці. Падпальшчыкі цёмныя, забойцы. Абы да гарэлкі дарвацца. Але цяпер... цяпер ужо дарогі назад няма. Цяпер ужо хаця й бляваць хочацца, а – з імі.

Вашчыла(Ільі і Бачко). Бяжыце, уздымайце людзей. Гасіць. Гасіць, не шкадуючы шкуры.

Поп. А нашто? Цяпер ужо войска ўсё адно прыйдзе. Цяпер – у кулаку трымацца трэба, і на розныя соплі часу няма. Няхай іхнія Суркі над сваімі бебехамі павыюць. (Ён зусім сп’янеў.) “А зэйдэлэ, а бобэлэ! Уй-ю-юй!..” Хрыста нашто распялі?!

Вашчыла. Ціха, поп! Цябе не білі, але я, імем сваіх ста пяцідзесяці бізуноў... Хай розны лёс, хай іншая кроў, але... кажы,. Антох... З пісання.

Антох. ...Хай розная кроў. Але перад богам – усе браты на свеце! (Ціха, апусціўшы вочы.) Гэта не з пісання, але гэта праўда...

Магда. Праўда перад тым самым Хрыстом.

Дзверы расчыніліся ад удару Ільёвай нагі. За ім, у атачэнні яго людзей, увальваюцца некалькі растрапаных людзей, а сярод іх моцна пабіты Мендл Кеймах і моцна п’яны, расхрыстаны Васка Вецер.

Вашчыла. Яны што, парсюка смакталі?

Iлья. Бачко з людзьмі гасіць пажар. А гэтых вось граміл узялі. Яны... Мендла Кеймаха білі на горкі яблык. I кузню ягоную хацелі падпаліць.

Лаўрэн. Гэх, пагулялі!

Васка. А гэта што тут? Там жыдоўскі шабас, тут – чарнакніжны. I ўжо што адна вядзьмарка ды ёсць.

Магда. А я вось, калі я вядзьмарка, цябе – ступай!

Васка. I бра-атухна тут! Здароў, братка! Здароў ц-цёплай кампаніі! У карчме седзіцё?.. Ад пажару, ад відовішча такога мяне ўзялі? Ну, добра хаця, што ў карчму. Налі (кідае на стойку жменю манет).

Магда. Я за крадзенае не наліваю.

Васка. У каго крадзенае? У гэтых ІІейсатых разбойнікаў сумленна адабранае!

Магда. Гэта ты ў каго адабраў? У Іцкавічаў?

Карпач. Іцкавічы зараз далёка. Ім у пэўным месцы агнём пячэ.

Лаўрэн. Гэта ты ў Ёськавых дзяцей узяў, што і сала з’ядуць цішком, калі дасі, каб з голаду не здохнуць?

Магда. У Двойры-ўдавы з падпаленай хаты выцягнуў? Ці вось у гэтага, у Мендла ўзяў? Кеймах, што яны табе зрабілі?

Мендл(разгойдваецца). О Аданаі! Рукі.

Васка. У крыві твае рукі!

Iлья. У крыві. За шулы трымаўся, у кузню не пушчаў.

Вашчыла. Твае людзі яўрэйскі канец падпалілі?

Васка. Угу, і сінагогу. Дымко-ом пайшла! Лупі-і, Янка, тут табе бог, тут табе п’янка!

Поп. Аб веры дбаеш. Сто грахоў з цябе.

Вашчыла. За веру, праўда, стаяць трэба. А ты як думаеш, Антох?

Антох. Мяне за гэта згнаіць могуць. Але, па-мойму, бог адзін. Толькі імёны розныя. Як маці ў нас “маці”, а ў хахлоў “ненька”. Імёны розныя, а маці – чыста ва ўсіх адна.

Мендл. Мамеле. Рукі.

Магда. Баляць рукі. Зараз вось...

Дастае чыстую анучу, лье гарэлку з пляшкі на рукі.

Мендл. Рукі. За што яны... з мордамі такімі страшнымі. А халупа гарыць.

Васка. А ад Іцкавічаў вашых нашы хаты не гарэлі? А забітых імі куды падзець? Усё жыццё як вол пад ярмом. Усё жыццё пад плёткай, усё жыццё на мякіне. Усё жыццё нагаладзь.

Мендл. I накрыцца жонцы з дзецьмі няма чым.

Васка. Ну так, усе блохі згарэлі. А што вашы Іцкавічы з нас, як блохі, апошнюю кроў смакталі? Па кроплі. Я ўдосталь не еў. I дзеці мае не елі. Усіх вас, разам з панамі, кніжнікамі, багамазамі, растаўшчыкамі... Дзеці мае не елі!

Мендл. Рукі. Што цяпер без іх мае дзеці есці будуць? Няма нічога.

Карпач(з цяжкасцю ўздымае гіру ля стойкі). На, Мендл. (Той нечакана лёгка ўзняў гіру.) Бач ты яе як. Ты ж каваль. Трахні яго гэтай гірай па галаве – і разлік.

Iлья. Галава ў яго вытрымае. Што ёй?

Мендл(раняе гіру). Не магу... Ай, куды бедным падзецца?.. Уй, калі ж хлеба ніхто за так не дае!.. Рукі.

Вецер. Ну так, рукі. Зусім яны чорныя, рукі. У цябе, Васка, бялейшыя. Дык гэта праўда, стрыечны брат, што ты з багатых жыдоў грошы вымагаў і казаў, што тады пагром адвядзеш?

Васка. А што? Што? З крывасмокаў?! Я не еў з-за іх... каб сытым... Племя ўсё іхняе пад корань!

Вецер. I цяпер пра ўсіх нас будуць казаць, што мы пагромшчыкі і вымагальнікі. I праўду нават над страшнай нашай магілай сказаць не захочуць. Бо збаяцца, каб і іх не палічылі, што яны заадно з галаварэзамі. Хаця яны нават Іцкавічаў не забілі, якіх бы за... ногі павесіць трэба. Збаяцца праўды – і ўсё гэта ты нарабіў. Ты што – і гарэлкай не грэбаваў? Піў з рук аднолькава гэтага вось бедалагі і гэтых вошаў, Гдаля са Шмуйлам?

Васка(крыху няўпэўнена). I што? I піў.

Вецер. Беларус абпіваў жабрака і піў падачку з рук ворага?!

Магда(спалохана). Васіль! Васіль, кінь!

Мендл. I тут яны – за глотку. А мне што рабіць? Сябры мае адзіныя... Рукі.

Вецер. Рукі. У крыві і дыме. Ты прабач мне, Мендл. Я не магу падаць табе рукі. Адзінаму, у каго б я тут з ахвотаю яе паціснуў. Але я магу іншае... Васка! (I тут амаль шэпт узвысіўся ледзь не да грымотаў.) Ты, вось ты... дай я пацісну тваю руку... брат.

Васка і ягоныя людзі задкуюць у кут перад Ветрам, які наступае на іх.

Ты пойдзеш гасіць пажар. Ты будзеш ставіць з людзьмі новыя хаты. Ты ніколі не ўцячэш і прымеш з намі самую смерць. I калі ты заб’еш не ў баі, і калі ты хоць раз адбярэш жыццё, вартую жалю страхý або кавалак хлеба ў няшчаснага – тады ты, клянуся, падасі мне сваю руку, брат, і – бог бацька! Вымятайцеся.

Тыя пайшлі, як пабітыя. Маўчанне.

Ну вось. Нарабілі лайна – што цяпер?

Iлья. А цяпер, пасля пажараў, чакай кары.

Вашчыла. Усіх узброіць.

Лаўрэн. I мне доўбню... самую цяжкую. Пасля таго, што тут убачыў.

Магда. Куды-ы ты, кіндзюк. Біцца? Ды я цябе падалом замяту.

Лаўрэн. Ну ты-ы. Ты падалом і полк замяцеш. Не ведаю, як на цябе, а на іх у мяне сілы хопіць.

Вецер. Біцца. Цяпер ужо да апошняга. А калі што...

Поп. А калі што, дык за рубеж завадатарам бегчы. Там аднаверцы.

Антох. Куды-ы. Бачко дужа пісьменны. З гасцямі з-за рубяжа гаворыць. На Украіне цяпер казакамі Лізка з Пецярбурга запраўляе.

Поп. Дык вось туды.

Антох. Туды? Там свае мужыкі бунтуюць – што ім да чужых? Там у простых нават солі няма. Там паўсюль адкрыты разбой. Там раскольнікам храмы ломяць і людзі бягуць да нас – уяўляеце? У наша пекла бягуць! – або паляць сябе жыўцом. Там галовы сякуць і языкі рэжуць за адзінае слова. Выдадуць яны завадатараў назад нашаму каралю. Наш кабель іхняй сучкі не ўкусіць.

Карпач. Тады адно. Узбройвацца. У князя нашага зараз дзве вайны. Адна з “каралём” Славацінскім. Ён яму замак у Славаціне пабудаваў, каралём паставіў і цяпер яму вайну аб’явіў. Усур’ёз, з забітымі. I другая вайна, ужо не цацачная. З Янам Тарлам, ваяводам Сандамірскім, за маёнткі Сабескіх. Тут ужо міжусобная, братазабойчая вайна. Буйных сіл не пашле. Не да нас яму. Можа, і паспеем.

Поп. I пасольства да князя.

Вашчыла. Перапрошваць, што пабілі? А што ж, і перапросім, галава не адваліцца. Бачко з Ветрам ліст напішуць. Каго дасылаць?

Iлья. Бадай што, мяне.

Карпач. Татка...

Iлья. Змоўч, смаркуль. Дзед твой бурмістрам Крычава служыў. Я – гарматнік. Ты, зеляпан, таксама бурмістр. Служылі мы гораду, не адмаўляліся. Сілы ў мяне ўжо мала, то паслужу напаследак паношанай шкурай.

Вашчыла. Гэта можа быць і сапраўды “напаследак”. Хоць і паношаная, а...

Iлья. Дзярмо разграбаць паедзем. А гэтай работы ў новым адзенні не робяць.

Вашчыла. Яшчэ хто?

Лаўрэн. А хаця бы й я.

Магда. Куды, распуста. Абібок. Лоб, як у бугая, а абы яму гультаіць, абы не працаваць.

Лаўрэн. Дровы ў тваю карчму секчы – гэта не работа.

Яўхім. Яна не пра тую работу кажа.

Лаўрэн. Не, дудар, гэта ты ўжо кінь. Яна ў мяне як лава. Хоць каменні кладзі. (Завёў.)

Усе дзеўкі дрэнна йдуць –

Мая дзеўка добра йдзець...

Магда. Э-эх, змоўч, кастаглод. Скажа, як атопкам па балоце гошсне.

Лаўрэн. Кароста ты мая любая. Трэба ісці. А то там наш князь сядзіць, напнуўся, як жаба на купіне. Радзіві-іл!

Вецер. Хто і калі вас разуменню вучыць будзе? Ёсць Мендл – і Гдаль, ёсць той наш пракажоны ў лесе – і наш Радзівіл. А і Радзівілы розныя. Ёсць тыя, што кнігі выдаюць і асвету нясуць у наша дзікае балота – а ёсць і такія, як наш, злачынцы ў светлай княжай кароне.

Яўхім. Не бывае яна светлая.

Вецер. Бывае. Гэта як на якім чалавеку.

Вашчыла. Едуць пасламі да Белай Ілья Карпач і Лаўрэн Каўбаса.

Яўхім(перакідае дудку на грудзі). Галасы ў адзін. (Цямнее.)

Голас:

На палеткі асірацелыя Аблятае лісце нясмелае, Абгарэлае, заінелае, Каб укрыць раны нашай зямлі. Веларусь мая белая, смелая Засылае паслоў у Белую. Засылае ў Падляшскую Белую Падлаедаў аб праўдзе маліць.

Карціна пятая

Зала для прыёмаў, “тронная” зала ў палацы Гераніма Радзівіла ў Белай. У пярэдняй сцяне, справа, стральчастыя ўваходныя дзверы. Высокія вокны высока і ад падлогі, а пад імі – канапы, лавы і крэслы. На прыступках каля левай сцяны, на ўзвышэнні, крэсла самога князя, вышэйшае за ўсіх і сапраўды нечым падобнае на трон. Насупраць яго, у правай сцяне, гарыць камін і каля яго стаіць высокі экран. Вісяць габелены і зброя, стаяць у прасценках латы. Зала таму робіць дзіўнае ўражанне: сумесь параднай залы і кардэргардыі. Князь сядзіць на высокім крэсле, побач, на ніжэйшым – Аліцыя Гайдаловіч. Іхняй “канфідэнцыяльнай” размове аніяк не перашкаджае прысутнасць Капітана Аддзялу Гран Мушкецёраў, асабістай аховы князя, і палкоўнікаў Данавана і Пястжэцкага.

Радзівіл. Ды не магу я з та-табою ажаніцца, ду-ду-душка.

Аліцыя. Але чаму ж?

Радзівіл. Ла-ладна, жо-жонка ўцякла. Шлюб ра-разарваны. Але ж яна была да-дачка Сапегі і жонкі ягонай з-з Браніцкіх. Прыйдзе час – ва-вазьму новую. З такога ж высокага дому.

Аліцыя. I тая ўцячэ. Бо і жанчыны з гэтых дамоў такія, халодныя, як рыбы. Дый ты.

Радзівіл. Цы-цы-цыц!

Аліцыя. Два мокрыя палены не гараць. Сухое патрэбна – тады яшчэ сяк-так.

Радзівіл. Гэта ты – сухая? Гм.

Аліцыя. Прынамсі, магу прьшусіць цябе варушыцца.

Радзівіл. I мне ад жа-жанчыны патрэбна паслушэнства. Безагаворачнае, ду-душка.

Аліцыя. Ну н-не. Са мной не атрымаецца. Жыць замкнёнай і толькі чакаць, што часам з’явіцца муж і пан. Гаварыць няма з кім. Толькі праз вокны глядзець на вязняў і асуджаных. Крыкі слухаць.

Радзівіл. А ш-ш-ш-то? Найлепшыя спевакі пры маім двары.

Аліцыя. Ціха, людзі ж тут.

Радзівіл. Гэта не людзі.

Аліцыя. У цябе ніхто не людзі. Сам святло гасіш, сам дзверы запіраеш.

Радзівіл. Бо не ха-хачу, каб іншы бачыў тое, што належыць мне (паказвае на яе).

Аліцыя. Ага, значыць, усё ж людзі. Глядзяць.

Радзівіл. А гэта я-я-якасць не толькі лю-людзей, але й быдла.

Аліцыя. Якая табе розніца, калі на мяне, скажам, пёс паглядзеў?.. Угм. Толькі й ёсць у цябе, што зайздрасць, а толку што? Не палац, а турма. Паноў за стол – ніколі. У нясвіжскіх Радзівілаў чалавека на тым канцы стала ў твар цяжка пазнаць.

Радзівіл. Нясвіжскія мне не ўказ. Я-я-яны адну сабачую мову змянілі на другую, польскую, таксама сабачую.

Аліцыя. А што ў цябе не сабачае?

Радзівіл. Ня-ня-нямецкая. Там, у Нямеччыне, парадак, там законы, там – войска, там – мова, там – людзі... Дойч хайт... Дойч тум... Нямецкі побыт. Нямецкі дух.

Аліцыя. А сам у тым нямецкім, як я. Як той парыжанін, што Парыжа ў вочы не бачыў, Пляцеш – дык унь у палкоўніка Данавана, немца, вушы вянуць. Таксама мне, немец. Такі ты немец, як і Вайберхельд, як Вайберфройнд, Вайберфайнд[2] , ты і не немец, ты і не паляк, а тутэйшае...

Радзівіл. Нун гут... Іх геборэ вурдэ ін штадт Веlаjа. Ваlorussia. Абер... а ідзі ты да д’ябла! А шляхта за ма-ма-маім сталом – прабач. Яны павінны ведаць месца, душка. Я па-па ўладзе больш чым кароль. I вось таму мне з табою ісці ў касцёл не выпадае. (З пагрозаю.) Не па са-сабе дрэва ломіш. Я ка-ка-ка-кароль! Толькі пакуль не ка-ка-каранаваны! Я й падаткаў не плачу. Я самому каралю сказаў: “Мам войско венкшэ ніз Жэчпосполіта, готув естэм служыць нем ойчызне – дам е крулёві, але податкув жадных не заплацэн”[3]. Вось. “Маю войска большае, чым Рэчпаспаліта, гатовы служыць ім айчыне – дам яго каралю, але падаткаў ніякіх не плачу”.

Аліцыя. Яўрэям ты іх плоціш, бо лень самому займацца. Болей, чым каралю, плаціў бы. (Убок.) Ладна. Ты не ажэнішся, але я з цябе ўсё магчымае выцісну, мерын. А тады заікайся хоць па-нямецку, хоць на мове сваіх пастухоў.

Радзівіл(ужо супакоены, задуменна). Вось бачыў сон. Сяджу бым і бачу – перада мною бым на троне кароль сядзіць. Наша бяссілая морда. Аўгуст трэці Фрыдэрык. I хачу бым я ўстаць перад ім, а ні-ні-ні-як не ма-магу. Варажбітка ска-ка-казала, што гэта нейкая дзяржава пасодзіць мяне на польскі пра-прастол. Пасля – вайна будзе, скінуць мяне з трона. Але я... я... я па магілу буду ганарыцца – я і зараз ганаруся, што бы-бы-быў польскім каралём. (Прыасаніўся.) Ве-ве-вельмішаноўны пан канцлер дзяржавы, пан Піліп Каршук, та-так бы мовіць мі-міністр замежных і ўнутраных спраў... Гэй! Прывядзіце канцлера, Пястжэцкі (той пайшоў, Радзівіл – да Аліцыі). З табой больш размовы няма. Змоўч!.. Ох-х, цось мі глова болі.

Пястжэцкі вяртаецца. З ім Каршук і Іцкавічы.

Што, бушацкія морды. Так бессаромна грошы вы-выбівалі, што да бунту дайшло? Колькі лішняга ўзялі?

Гдаль. Сонца наша найяснейшае! Дальбог жа анічога не ўзялі.

Радзівіл. Бра-брашы! На што ж бы-было водкул, арэнду браць, калі сабе выгады няма?

Шмуйла. Ды толькі каб вам клопату не было. А вам лягчэй. А нам – прывілей на гандаль.

Радзівіл. Павешу за ногі. Колькі тысяч у кішэнь паклалі? Дзесяць? Пятнаццаць? Ды я ж не супраць. Трэба ж і вам на кугель і рыбу?

Гдаль. Дваццаць тысяч... I палову з іх на каленях падносім вам, Саламону мудраму нашых дзён... Шмуйла, дай распіску.

Шмуйла ўкленчвае і працягвае распіску.

Радзівіл. Мабыць, крыху больш. Ла-ладна, чорт з вамі.

Гдаль. Бралі болей, сын сонца. А чаму?

Радзівіл. А чаму?

Гдаль. Каб я граў у вашыя карты, то сказаў бы: вось наш козыр. Падманшчыкі, вашамосць.

Шмуйла. Шкуру мала здзерці. Манюкі.

Гдаль. Народ разбягаецца, то яны цішком іхнія валокі, іхнія землі прыбіраюць да рук, а падаткаў вашай мосці за іх не плоцяць. Укрываюць ворныя валокі ад вас, гаспадара. I ў лесе зéмлі цішком аруць і грошай не плоцяць, бо тыя валокі ў інвентар не ўлічаны.

Шмуйла. Пан-князь у лес не палезе. А мы палезлі. А ў лесе паўсюль патаемныя пасекі і борці, няўлічаныя папасы, гарбузы ў бур’яне на палянах. Музікі! Падманшчыкі! Бушацкія морды!

Радзівіл. А бунт?

Шмуйла. А грошы недаплочаныя князю? Мы іх выбівалі, і за гэта ў бунце ледзь не загінулі.

Радзівіл. Як кулаком пад дых. Ну не, скаржнікаў гнаць, упартых – вешаць. Канец справе скаргаў... Чорт, галава разломваецца.

Каршук. Там дэлегацыя скаржнікаў з Крычава. Два чалавекі, княжа.

Радзівіл. Павесіць!

Аліцыя. А можа, яны не са скаргай.

Радзівіл. Добра, гэтых яшчэ выслухаю. Але хай пастаяць, пачакаюць. I вы пачакайце... Можа, я вам і падмагну вярнуцца. Толькі – не-не-не да таго мне ц-цяпер. У мяне са Славацінскім вайна з Тарлам – усобная вайна. I... хто там яшчэ, Каршук?

Каршук. Сяржант фон Швальбе ўцёк.

Радзівіл. Як? Не паляк? Курляндзец? З іх-іх-іхнім безварнуковым паслушэнствам? Ве-ве-ведаючы мя-мяне сýум домíнум вíтэ эт нéціс, як па-пана свайго жыцця і смерці? Куá субдзíтус, як падданы, ве-ведаючы, што яго чакае? Ад мяне, дзе ў во-войску ад салдата да ге-генерала мова нямецкая? (У страшным гневе.) Сто... дзвесце... тысячу пагоні за ім. Спаймаць! Дзе б ні схаваўся – той палац або кляштар спаліць!.. Пястжэцкі – пяцьсот чалавек!

Пястжэцкі. Слухаю (выходзіць).

Радзівіл. Капітан Аддзялу Гран Мушкецёраў... Дзвесце... У пагоню. Калі паспеў уцячы за мяжу – да тых двароў патрабаванне: выдаць. Хоць бы і ў рымскага папы!

Капітан. Ія... Абер іх глаўбе, князь...

Радзівіл. Ты мне не глаўбай. Іначай будзеш мець кіёў у спіну.

Капітан. Ія (выходзіць).

Радзівіл. Та-а-ак. Ш-ш-шт-то яшчэ? Галава, халера, як гарбуз.

Каршук. Ваша светлая велькаяснавяльможнасць. Кароль Славацінку просіць пардону ў іх яснавяльможнасці.

Радзівіл. Падумаем. Забава, што праўда, зацягнулася. Ну, збудаваў я яму замак... пяцьдзесят тысяч каштаваў. Ну, аб’явіў яго ка-ка-каралём. Я лі-лічаныя двары сусвету лічу ро-роўнымі сабе, дык ён зазнаўся.

Каршук. Дазволю нагадаць – гэта м ы яму аб’явілі вайну.

Радзівіл. Капітана! Пястжэцкага!..

Тыя ўваходзяць. Капітан мяце пер’ямі капялюха падлогу. Увогуле ўвесь этыкет – жахлівая пародыя на этыкет пры двары “караля-сонца” і нямецкім двары.

Капітан. Ваша яснавяльможнасць, людзі дасланыя.

Пястжэцкі. Мае таксама.

Радзівіл. Дакладвайце аб штурме Славацінку, капітан. Замак...

Пястжэцкі. Замка таго ўжо амаль няма. I ў іх і ў нас забітыя, параненыя.

Капітан. Мы замак атачыць і падступіць. Тыя страляць...

Радзівіл. Па-нямецку!

Капітан. Холь ін дэр Тойфель! Ферфлюхунг! Гешворэнэр Файнд...

Радзівіл. А, чорт, яшчэ горш! Канцлер, скажы яму – хай брэша па-тутэйшаму, а будзем лічыць – па-нямецку.

Капітан. Ваш закляты вораг замак выхадзіць і біцца. То яны нас, то мы іх.

Радзівіл. Падпалілі?

Капітан. Ія.

Радзівіл. Час канчаць. Досыць ужо з ім дыпламатычных зносін і вайны. Артылерыю, штурм, сам на чале. Узяць у палон. Судзіць. Асудзіць на-на-на смерць.

Пястжэцкі. Ваша яснавяльможнасць! Караля! Які прыклад?!

Радзівіл. Так. Караля нельга. Я яму... дарую. Уласкаўлю. I – вось што я зраблю! – вярну яму свабоду і дзяржаву.

Пястжэцкі. Вялікі і мудры!

Радзівіл. Ты не хвалі. Ты да-да-давай пра бойку, пра вайну з Сандамірскім ваяводам.

Пястжэцкі. То ест правдзіва война за маёнткі Сабескіх. Война домова. Воевода Сандомежскі Ян Тарла, як сьвіня, пшэпрашам...

Радзівіл. Ой, ды кі-кінь ты гэтае свінства. Валі па-хлопску, а хай лічаць, што па-польску. А то галава баліць, цяжкая, як жлукта поўнае. Не даходзіць па-польску.

Пястжэцкі. Даслаў на яго дзве харугвы. Хай трывожаць. Пасля выступлю сам. Гэта – сапраўдная вайна. I мы ім хрыбты зломім... А што з галавою?

Радзівіл. Напіўся ўчора... Пробашча Пёкура сюды... Ох, галава ты мая, галоўка, кадоўбец божы.

Уваходзіць Пёкур.

Пан пробашч Бельскі. Нашто ты мяне ўчора напаіў, свіння такая?

Аліцыя. Ты ж не п’еш.

Радзівіл. Гэты здолеў упаіць.

Пёкур. Але, пане муй. Што там было? Палова вядра крупніку, кварта кмяноўкі ды пляшка пітнага мёду! Што гэта на дваіх здаровых драбаў?

Радзівіл. І ў пляшцы чатыры кварты. Вось сядай зараз за стол і пішы... Пяро яму. Ох, макітра ты мая! З піяньствем вальчыць тшэба. Змагацца.

Пёкур. Пішу. “Без жаднай клеменцыі маёй, яком Радзівіл...”

Радзівіл. Так. Так. Піяньствам ба-ба-бавёных се, яко не жолнерскім і негоднім сьвінім налогем, не іначей як батыжкамі каралі.

Пёкур. I па-хлопску тое самае. “Тых, хто п’янствам бавіцца, як не салдацкай і нягоднай, свінскай распустай, не іначай як батагамі караць...” Апахмяліцца б табе, княжа.

Радзівіл. Трэ... ты-ты-ты што гэта тут?! Тут закон прынялі, а ты з апахмелкай.

Пёкур. Пакуль не падпісаў – гэта ж не закон? Ну дык выпі, а пасля падпішы. Гэта зручна. Пазабівай ворагаў, а пасля выдай закон: забойства караецца смерцю. Але зваротнай сілы закон не мае. I людзям страх, і табе спакайней.

Радзівіл. Ладна. Дапісвай...

Пёкур. Дапішу: “Жэбы тыле веле кропель...” Тут ужо я, як ксёндз. Калі вып’е, то “каб столькі шмат кропель, каб столькі д’яблаў, што пры скананні бяруць с в а ю душу, бачыў...». А ты ўсё ж пахмяліся... Там Грабоўскі, пасол ад брата твайго Марціна-Мікалая чакае. Вось ты з ім аб богу пагавары дый выпі.

Радзівіл. Што такое Грабоўскі?

Пёкур. Фаварыт. Выканаўца ўсіх ягоных збродняў. Загадае Марцін – падсудка брэсцкага Грабоўскі заб’е ў карчме. Падюбоўніцу князеву па яго загаду задушыў. Забіў шляхціца Кукаўскага з жонкай – вясёлы такі чалавек. Маёнткі падпальвае. Наконт сялянскіх двароў падпаленых і мужыкоў забітых – і не кажу. Цяпер хваліцца, што заб’е брэсцкага гараднічага. А братка твой, княжа, з розуму з’ехаў. Верыць у перасяленне душ, алхімік, каменя філасофскага шукае. Ні пра што, акрамя баб, гаварыць не можа, людзей забівае. Перайшоў у юдаізм. Рабіны вакол. Суботу спраўляе. Ну, па-свойму ён правільна разважае. Яму ж невядома, які бог на небе, дуралому. Калі наш – ён крыж пакажа, а калі іхні... Ён і жанчын святых не пасаромеецца.

Радзівіл. Звар’яцеў братка.

Пёкур. Угу. I самае горшае – замест мёду і гарэлкі п’е пейсахоўку. Гэта ўжо зусім з розуму трэба з’ехаць. Ніякага параўнання – гэта і мурону ясна.

Радзівіл. Так, гэта ўжо канцы. Увесці Грабоўскага. I крычаўскіх сюды!

У залу ўводзяць Грабоўскага, Ілью Карпача і Лаўрэна. Грабоўскі ідзе да “трона”.

Грабоўскі. Чалом табе, яснавяльможны, ад не менш яснавяльможнага брата Марціна-Мікалая – недатыкальны пасол ягонай дзяржавы Грабоўскі.

Радзівіл. Ну, недатыкальны ці не – гэта мне меркаваць. Унь узброеныя вакол. Як у Берліне. Кожнай раніцы пры-прычасаныя і напудраныя, як да-да шлюбу.

Грабоўскі. Яны вакол. Але я – пасярэдзіне. Непрычасаны і ненапудраны. Але ўзброены. I шлюб мой – забойства па загаду майго пана.

Лаўрэн. Бач ты, забойства ў золаце.

Iлья. Змоўч!

Радзівіл. Цік-кава. Ану, тыя, што вакол. Зброю нагала!

Капітан, Пястжэцкі і Данаван стаюць у пазіцыю, агаліў шаблю і Грабоўскі. Б’юцца. Пасол з цяжкасцю, але абяззброіў двух першых. Данаван знемагае.

Данаван. Ферфлюхтэ вайсрусішэ швайне! Саксонія, наперад!

Радзівіл. Надзверны!

Вартавы каля дзвярэй прыяднаўся да Данавана. Ім з цяжкасцю ўдалося прыперці Грабоўскага ў кут. I тут Лаўрэн нечакана падхапіў выбітую шпагу мушкецёра і напаў на ўсіх трох, як ураган. Пацясніў.

Iлья. Ты што робіш, патаўпешка?!

Лаўрэн. А я ім пакажу, як нашы б’юцца. (Выцесніў тройку за дзверы, кінуў шпагу сярод залы.) Ваша яснавяльможнасць. (Прыдурваецца.) Не сячыце галавы. Не мог стрываць, што немцы так над чалавекам адной з вамі крыві пацяшаюцца. А мы ж вашы падданыя. А мы ж за вас у агонь і ваду... і сячыся во як умеем.

Тройка апасліва заходзіць. Пабітыя стаяць у цэнтры залы. Лаўрэн адышоў да Ільі. I тут ксёндз Пёкур шэпча на вуха князю, паказваючы на вартаўніка.

Пёкур. Той самы. I трэба, каб бачылі. I крычаўскі хам бачыў і вывады рабіў.

Радзівіл. То-то-той. Ану, сюды (еартаеы падыходзіць). Ты-ты-ты што ўчора казаў?

Вартавы. Паночку, па-па-паночку, дальбог.

Радзівіл. Такога слімака толькі вешаць... Ты што сказаў? Калі я ўчора, спатыкаючыся, ад пана пробашча вяртаўся... цужэсь ты по...по...ведзял?

Аліцыя. Ну ўсё, шыбеніца.

Вартавы(з мужнасцю адчаю). Поведзялэм то, цо правда – нігдым Вашей Мосьці піяным не відзял, венд жеклэм, же велька ксенця Мосьць сьпілэсь сен як сьвіня і жэбы то бедны чловек так зробіл...

Радзівіл. Кажы і для тых. Каб разумелі.

Вартавы(гераічна). Сказаў праўду. Сказаў сябру, што ніколі Вашай Княжай Мосці п’яным не бачыў, дык сказаў... Бач, упіўся Ваша Княжая Мосць, як свіння, а каб гэта бедны чалавек так зрабіў, то яго б павесіў і...

Радзівіл(перарваў). О-ох... До... до...добжэсь васан поведзял, естэсь васан сержантэм... Для вас, хамы: “Добра васпан сказаў, быць васпану сяржантам”.

Нечаканы сяржант. Бу-бу-бу-буду.

Гайдук падносіць Радздвілу паднос з кубкам, той машынальна п’е, скрывіўся. Пасля сяржанту.

Радзівіл. Бач, з радасці заікацца стаў, як я. На гэты раз дарую. Але як камандуючы будзеш заікацца – павешу.

Гайдук узяў кубак, на хаду абмахнуў крысо князю.

А ты што тут усё ля мяне цярэшся? По цо ту – тутай ходзіш?

Гайдук. Хцэн быць завшэ на ўслугах Вашай Ксёнжэнцэй Мосьці, венц естэм му на відоку.

Радзівіл(з глухім гневам). Хочаш быць у мяне на вачах. Варта! Узяць яго і на дуб у двары.

Гайдук(крычыць). Ваша! Ва-а-а-ша! (Яго пацягнулі.)

Радзівіл(наўздагон). Тэ-тэраз, вацпан, бе-бендзеш мі завшэ на ві-ві-відоку. Ты зараз, вацпан, будзеш заўсёды ў мяне на вачах. (Супакойваючыся, да Грабоўскага.) Чаго просіць брат, пасол?

Грабоўскі. Просіць аб прадажы таго каня.

Радзівіл. Сказаў, што прадам. I нашто тое пасольства ганяць?

Лаўрэн. Ваша яснавяльможнасць. За што вы? Даруйце беднаму дурному чалавеку.

Радзівіл. Ды ты што-о?

Iлья(выглянуўшы ў акно). Позна, Лаўрэн. Унь ужо ён вісіць, як груша.

Радзівіл. Тваё шчасце, крычавец. Іначай бы я загадаў яму павесіць цябе. Ён бы паве-е-есіў. Ён бым це жыця не пардоновал. Ён бы не злітаваўся.

Iлья. Ну так. Ён ваш слуга.

Радзівіл. Ну, пасол, што яшчэ?

Грабоўскі. Пляткараць пра ўзаемныя вашы падкопы.

Радзівіл. Пра ўсіх так. Лю-удзі-і.

Грабоўскі. То, каб выказаць вам сваю прыхільнасць, панскі брат пасылае вам скаргу ад крычаўскіх мяшчан на яго імя (падае грамату).

Радзівіл. А пры чым тут Марцін?

Грабоўскі. А яны просяць, каб ён адмаліў у караля Крычаўскае староства пад сваю ўладу.

Радзівіл. Ну, адмоліць? А я караля не паслухаюся. ПІто далей?

Грабоўскі. А далей, каб адбіў іх у вас.

Радзівіл. Ну, х-хай па-паспрабуе.

Грабоўскі. Ён не хоча. I выдае іх галавой, перадае вам скаргу, даводзячы тым сваю да вас зычлівасць.

Радзівіл. Гм... Ды... ды вось і я-я-яны тут. Што, хлопі, хочаце, каб мой брат вас у мяне адбіў?

Ілья. Ён вам далёкі брат. З другой галіны, няродны.

Радзівіл. Ну, дык ці хо-хочаце?

Лаўрэн. Пасля гэтай бязвіннай шыбеніцы (паказвае ў акно) – хочам.

Ілья. Ды ты што?!

Лаўрэн. Так. Яшчэ Людовік, кароль польскі, прысягаўся, што не будзе чужаземцам аддаваць старостваў і гарадоў. А ты каму аддаў? Іцкавічам драпежным?

Iлья. Чакай, Лаўрэн, дай я. (Падае князю грамату.) Там усё ёсць.

Радзівіл. А ты словам скажы.

Iлья(ён таксама рашыўся). Каралі і князі мелі намеснікаў-старостаў. Яны не толькі баранілі замкі княскія, не толькі старажылі спакой зямлі, але і каралі гвалт, крадзёж і разбой. А гэтыя? (Паказвае на Іцкавічаў.) Яны могуць твой замак у Крычаве – памежны, заўваж! – абараніць? Яны, калі прыйдзе гвалтаўнік, гонару жонак сваіх не абароняць. Мала таго, іхнім гонарам адкупяцца. Яны могуць старажыць спакой зямлі? Яны могуць толькі біць слабейшых і бяззбройных. I ці могуць яны караць гвалт, крадзёж і разбой, калі самі гвалцяць і рабуюць?

Лаўрэн. Права мяча старое замянілі правам бізуна. А нам лепей меч, чым бізун, лепей плаха, чым стайня.

Радзівіл. А калі раней ста-стайня, а пасля – пла-плаха.

Лаўрэн. Калі вачам сваім не верыш – спытай у гэтых вось сваіх, як ім ад мяне перапала. I ў нас шмат такіх.

Радзівіл. Новае права Польшчы датычыць.

Ілья. А ў нас зараз, вашым дбаннем, паўсюль Польшча.

Грабоўскі. Дазвольце мне, княжа, іх павесіць, саслужыць вам.

Гдаль. Басякі-і! Падманшчыкі!

Шмуйла. Княжа, сонца наша, аддай іх нам галавою. Аддай.

Радзівіл. Пачакай з шыбеніцай. Я вось ім лепей Іцкавічаў вярну. Што бу-удзе! А то яны да браціка дужа хочуць. Ты, пасол, раскажы мне, як там брацік?

Грабоўскі. Ды што. Гаворыць пра перасяленне душ.

Радзівіл. Ну гэ-гэ-гэта даўно. Ён мне раз сам сказаў, што нос у яго ве-вельмі доўгі, і таму ў мінулым жыцці ён, відаць, быў куліком. А ў будучым жыцці будзе сланом, на якім вялікі першасвяшчэннік бу-будзе ездзіць па Ерусаліме, а калі зноў вернецца ў чалавека, то сядзе на першасвяшчэнніка, які будзе аслом за свае грахі. Я ў яго пытаю: “А чым жа я стану?” А ён мне: “Кабаном за любоў да га-га-небнага дзярма”. Дурны брат зусім...

Аліцыя(ціха). Ды не, не такі ён і дурны.

Грабоўскі. Ходзіць у сінагогу. Вывучыў ужо, дрэнна, старагебрайскую і жаргон.

Пёкур. Гэта ён выбраў найлепшую рэлігію. А службу хрысціянскую прагнаў.

Грабоўскі. Рабіны вакол. Кожную пятніцу збіраюцца ў князя на борурухі, ядуць лапшу, шчупака і кугель.

Радзівіл. Пры-прыдуркаваты брат.

Грабоўскі. Шыбеніца кожны дзень цёплая.

Радзівіл. Гэта лухта!

Грабоўскі. I кошэры і шабасы дакладна выконвае. А на шабасах сядзіць у лапсердаку з ордэнам святога Губерта на шыі.

Пёкур. Божа! Ён бы яшчэ пад лапсердакам каўчэжац са святымі мошчамі насіў!

Радзівіл(Іцкавічам). Тут не да Крычава. Тут брат здурэў, а вы, морды, са сваімі мужыкамі.

Лаўрэн. Божа! Каб ён гэта сапраўды нас адбіў – да каго б трапілі?

Iлья. Беларусам заўсёды шанцуе.

Радзівіл. Ён бы, вас адбіўшы, жыва Іцкавічаў, вось іх, вярнуў, і тут бы вам літасці не было.

Лаўрэн. Тут бы тады і вам усім літасці не было.

Радзівіл. Ого! А што, можа, мне і вярнуць іх вам? Пад канвоем палкі ў тры? Га?

Iлья. Вярні, княжа. Палкі нам – раз плюнуць. А яны? Ты ведаеш, колькі яны вышэй паложанага сабе ў кішэнь узялі?

Радзівіл. Ведаю. I чаму ўзялі – ведаю. Частку – аддалі.

Ілья. Паўтара мільёна яны сабе ўзялі.

Радзівіл. Ко-колькі?

Ілья. Паўтара мільёна.

Радзівіл(злавесна, аж усё сціхнула). Та-ак.

Гдаль. Ваша яснавяльможнасць! Ой, не вер!

Шмуйла. Маняць! Маняць!

Радзівіл. Не, не маняць. Та-ак. Ты, Пястжэцкі, зоймешся справай брата. Узяць! У жа-жалеза! У яму пад вежай. А то рас-рас-пусціліся з-з-занадта! Каб усіх яўрэяў пад замком, пакуль братца ў яму не кіну. Каб з ніводным з іх словам не па-паспеў пе-перакінуцца! Я-я-я стакрот гэта ўсё выб’ю. Я-я-я сінагогі вашы дымам пушчу. Прэч з вачэй!

Іцкавічы кінуліся ў дзверы.

Абселі! I брата абселі і мяне! (У ярасці.) Усіх дымам пушчу. I з вамі, што іх абагацілі, мужыцкія морды, тое ж будзе. (Прыпадак ярасці страшны.) За рабрыну іх на крук! На палю! Узяць!

Данаван, Пястжэцкі і Капітан набліжаюцца.

Iлья(спакойна). А яшчэ Радзівіл. Ніякай велічы. Іншыя Радзівілы ваююць, пракудзяць, кнігі выдаюць.

Лаўрэн. Крычыць, як рэзаны бугай. Іншыя Радзівілы – баявыя пеўні, а пан – кураня. Зносак.

Радзівіл. Агнём! Агнём выпалю.

Iлья (грымотным голасам). Хай вось тут кабеціна выйдзе.

Аліцыя. Чаго, я пагляджу.

Iлья. Ну што ж. Хай паглядзіць, калі цікава. (Цягне экран да каміна.) Чакалі доўга, то назапасілі.

Радзівіл. Агнём!

Iлья. Назапасілі. Знойдзецца на ваш агонь наша вада.

Стае за экран, з-за якога хутка засычэла і рванула пара. Iлья выходзіць, падцягваючы порткі. Усе стаяць збаранелыя.

Пёкур. Ды... ды што гэта? Ды... бог жа бачыць. (Сам сабе.) А ўрэшце, якога толькі растуды ён, бедны, на гэтай зямлі не бачыў.

Iлья(паказвае на Радзівіла). Чалавек стварыў бога па сваім вобразе і падабенстве.

Аліцыя. Геранім. Князь. Што тут пры мне робіцца?! (Пайшла да выхаду.)

Лаўрэн(ціха). Гэх, валіць, як ступа. Дрэнна йдзе.

Аліцыя(учула). Князь! Яшчэ й абражае. Ён, хамуйла гэты, сказаў, што я дрэнна йду.

Радзівіл(блізкі да ўдару). Ш-ш-ш-што?!

Лаўрэн. Пано-очак! Велькая вашамосць. Яна ў вас да таго ж і глухая. Дык я басам скажу, што шэптам сказаў:

Усе дзеўкі дрэнна йдуць, Мая дзеўка добра йдзець. Мая дзеўка добра йдзець: Круціць задам, як мядзведзь.

I тут Радзівіл няўмела і зусім нечакана разрагатаўся. Нават крыху істэрычным смехам. I тут зарагаталі ўсе.

Аліцыя(трохі ўлешчаная). Бач ты... Эх, князь. Такі спектакль смехам сапсуў.

Радзівіл(рагоча). Ні-ні-ні-нічога. Паслоў не за-забіваць. Ідзіце, мужыкі. Я разгледжу ваш ліст. Адпраўце іх. Але глядзіце, калі па-па-падзецеся не пасламі, ды пад дрэнны настрой.

Лаўрэн. Які ж гэта ў вас, паночак, дрэнньі настрой, калі гэты называецца добры?

Ідуць да дзвярэй.

Радзівіл. Але ве-едай сваё месца, горад! Калі што – канец вам.

Iлья(заўважыўшы дыван перад дзвярыма, да Лаўрэна). Бачыш хаднік? Мужык! Бушацкая морда! Ты дзе? У палацы! I куд-ды ты прэш? Куд-ды ідзеш? Выцеры ногі, хамуйла!

Выціраюць ногі і выходзяць. Усе ашаломлена глядзяць ім наўздагон.

Радзівіл(з нечаканым спакоем). Гэта больш сур’ёзна, чым я думаў. Вы займіцеся мужыкамі, а я... Не, здурэў браток. Ты пойдзеш з палком саксонцаў туды, на Крычаў, Данаван.

Данаван. Ія. Іх хабе генуг. Іх трэба аўфс Хаўпт шлаген. Нагалаву разбіць.

Радзівіл. Ты запамятай іх, Данаван. Не, паслоў забіваць не будзем. Але як Крычаў выкажа непакору – разбіць. Завадатараў на палю. I тады паслы хай паглядзяць... Вядзі кірасіраў, Данаван. А не справішся – у дапамогу пойдзеш ты, Пястжэцкі.

Карціна шостая

Зноў тупат капытоў у змроку. I іскра. Коннік вязе паходню, “агнявую віцу” – знак паўстання. У цемры крык: “Данаван ідзе!” Пошчак капытоў множыцца. Ад першай іскры аддзяляецца другая... трэцяя... пятая. “Данаван!.. Данаван!.. Данаван ідзе!” – лятуць у ноч крыкі. А пасля ўзнікае харал:

Над борам, над полем, над вірам Крумкачы прарочаць бяду, брат. Жалезнай ступой кірасіры На Беларусь ідуць, брат. Зіхацяць гарматы і латы. Але грозна рыкае зямля, брат. Скача грозны коннік адплаты. Вый, акаянны магнат, кат! Прыкіпелі да шабляў далоні. Устаў на пачвару Давід, брат, – Ураганны бог жаху – коннік. Скуголь, захрыбетнік магнат, кат!.Коннік зломіць прыблудаў калоны, Ён праломіць чужынцаў сталь, брат, Бог адплаты, бог помсты, коннік. Вый, пракляты магнат, кат! Над ляснымі цёмнымі шатамі, Над абшарамі роднай зямлі, брат, Грукоча коннік адплаты! Выйце, каты, паны, каралі, брат! Коннік вечнасці, коннік бяссмерця, Сонца светлага добры сын... Хай яны паспрабуюць нас зжэрці, – Падавяцца ўсе, як адзін.

У слабым водсвеце зарыва відаць сілуэты ўзброеных мужыкоў, а злева ад іх група: поп з Бесавічаў і поп Антох. Між імі точыцца ледзь не сварка.

Поп. Не маеш права мужыкам...

Антох. Данаван ідзе. Шмат хто з іх вып’е смяротную чашу, і трэба ім асвячэнне, каб спадзяваліся яны на зброю сваю.

Поп. Гэта каралеўскім, магнацкім воінам зброю свянціць можна. А гэтым, якія без пана-магната і пана-караля – не можна.

Антох. Няма ў іх гэтых паноў, то няхай не будзе і пана-бога? Так?

Поп. Ты на свяшчэнства, на нас навальніцу наводзіш!

Антох. А што ж, бог з імі ў той час, калі ў хама поўна каўбас? А як сала хам не дасць, то і бог яго прадасць?

Поп. Не блюзнер! Агнём гэта пахне, асвячэнне зброі!

Антох. Я не ведаю, ці дапаможа. Але яны пойдуць у бойку з надзеяй на бога і зброю. Дык што, адабраць у іх надзею? Не. Гэтага я не магу. Кінуць іх адных – не на таго ты напаў. Не магу. Не на тое мяне высвяцілі, каб я іх у бядзе – адных...

Поп. Што табе ў іх? Яны з нас смяюцца, што поп і певень, не з’еўшы, не пяюць.

Антох. Гэта пра цябе. А я, як і певень, спяваю нашча.

Вашчыла. Пачнем і без папа.

Антох. Ідзі. I ў чужой царкве не папраўляй свечак.

Лаўрэн. Ідзі ў сваю. У сваёй нары і тхор не смярдзіць.

Ударылі званы. Людзі ўзнялі ў чырвань іконы, харугвы і зброю. Пачынаецца асвячэнне зброі ратнай[4]. Антох з малітваю акрапляе зброю святой вадой.

Псалом

Бог нам прыстанішча і сіла, скоры памочнік у бедах.Таму не ўбаімся, хаця б пахіснулася зямля і горы рушылі ў сэрца мораў.Хай шумяць, уздымаюцца воды іх, трасуцца горы ад хвалявання іх.. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .Усшумелі народы; дзвігнуліся царствы: Усявышні даў голас Свой, і растаяла зямля.Гасподзь сілаў з намі, Бог Іякава заступнік наш....Прыйдзіце і ўбачыце справы Госпада – якія зрабіў ён спусташэнні на зямлі.Спыніўшы брані да краю зямлі, скрышыў лук і пераламіў кап’ё, калясніцы спаліў агнём.

Экцення

О як студа і бясчэсця абліччы праціўнікаў нашых сполніці, сэрца ж іх страху і жаху; і анёл гасподні хай будзе гнаць і паражаці іх. Госпадзі памілуй.

Вашчыла(з хорам). Госпадзі памілуй.

Экцення

О як пачуці ў царкве сваёй воп і ўздыханне адзінаверных нашых і ад ворагаў і супастат прыгнечаных рабоў сваіх, у тузе і журбоце сваёй да яго вапіюшчых...

Карпач(з хорам). Госпадзі памілуй.

Дыякан (глас I)

Камень, якім пагарджаюць дойліды, ён будзе асновай асноў: ад госпада бысць сей і ёсць дзіўны ў ачасех нашых.

Трапар

...не пагрэбуй, добрая, малітваў нашых, усяпетая маці божая... падай ім з нябёс перамогу, бо нарадзіла есі бога, адзіна блаславёная.

Вецер(з хорам). Амінь.

Цемра. I ў цемры марш соцень ног, якія аж скаланаюць і рвуць зямлю: ідуць у бой легіёны кірасіраў Данавана. I яшчэ тупат многіх ног, насустрач.

Вецер. Ідуць, як па шкілетах.

Данаван. Гешворэнэр файнд. Смерць ім! Меч!

Тупат ног. Узвіўся крык Вашчылы: “Юры святы! Край! Край!” I ўсё запаланіў шалёны ломат сталі аб сталь, маўклівая, лютая, нясцерпная сеча. Хробат, ляск, гром нарастаюць, як шаленства перуноў у навальніцу.

Данаван. Куды вы?! Саксонцы! Сак-сон-цы! Стой! Стой!

Ламаецца сталь, шэрагі, хрыбты. Зямля шалёна б’ецца ад конскага тупату. Стогне зямная цвердзь...

I цішыня. Пажар за вокнамі паступова наліваецца, асвятляючы ўсё чырваней і чырваней залу Магдзінай карчмы. У ёй, за сталом на покуці, адзін чалавек: поп з Бесавічаў.

Поп. Разбілі. Адолелі, халера на іх. Цяпер князь усур’ёз за Крычаў возьмецца. Цяпер толькі беражы скуру.

Абарваўся ля вокан конскі тупат. Увальваюцца ў карчму добра патрапаныя палкоўнік Данаван з сынам.

Данаван. Усё, Раймунд. Усё, сынок. Канец. I на нашых конях не ўцячы.

Раймунд. Бедныя коні. Змучаныя. Дзіва што, пасля такога. Я-ак яны нас! Як яны нас! Як молатам арэхі! Толькі кірасы трашчалі. Як яны біліся!

Данаван(заўважыў). Хто гэта? А-а, гэта ты, поп. Выпоўзіна гэткая! Куды цяпер?!

Поп(падыходзіць да сцяны). Унь тут лаз у падпол.

Данаван, Каб узялі, як пацука?

Поп. Чаму? Там ход да яра. Тут, ля яра, недзе Цялецкі з коньмі акалачваецца.

Раймунд. Сам губернатар?

Поп. Які ён губернатар. У князя з ім адна манера: “Як не прыгоніш у тэрмін транспарт гарэлкі ў Слуцк, то будзеш цешыцца падарункам няхібных ста кіёў у задніцу. Падаю гэта да вернага ведання Яснавяльможнага Пана як добра выхаваны і пачцівы Яснавяльможнага Пана слуга...” Што гэта вы, пане, як не тут?

Данаван. За нейкія пару гадзін – і ўвесь полк. Мае саксонцы, найлепшыя ў свеце ваякі!

Раймунд. Целамі віснулі на нашай зброі. Змялі. Вагой задавілі. I ані кроплі страху.

Данаван. Гэта не людзі! Гэта дэманы!

Поп. Уцякай, Данаван (адчыняў лаз, але там раптам з’яўляецца постаць Яўхіма Хмыза)...

Яўхім. Я й лічыў, што яны недзе тут.

Данаван і Раймунд памкнуліся былі да дзвярэй, але тыя ў гэты час упалі пад ударам нагі. Уваходзяць Вашчыла, закрываўлены Васка Вецер, Іван і Ілья Карпачы, Лаўрэн, Магда і Антох.

Поп(пасля замяшання, паказвае на Данавана). Вось яны.

Данаван. Дзякуй свайму богу, што ў мяне ёсць гонар, сука.

Яўхім. Ох, і падступная ж ты тварына.

Поп. Я табе дам, тварына. Я табе пакажу... Вось яны.

Вашчыла. Вось яны. Апошнія з саксонцаў.

Iлья. Замак дзякуючы ім не ўзялі.

Карпач. I зараз той замак нам, як скабка.

Уваходзіць пісар Бачко.

Бачко. Кончыць іх, а я напішу, за што.

Магда. Дзіця пашкадуйце.

Карпач. Гэтае лізь-мызь канчаць трэба. Чуткі ёсць, Гдаль са Шмуйлам даюць грошы ахвочым на нас ісці.

Бачко. Войска Радзівіла збіраецца. Большае, чым у караля.

Карпач. Шляхта, Пястжэцкі, мушкецёры. А мы тут валаводзіцца будзем. Дабіць.

Васка(ціха, аж нязвыкла для яго). Паслухай, Вашчыла. Ты ведаеш мяне. Я прапойца і гуляка. Не было тына, аб які я не абціраўся б, бочкі, якую я не абцалаваў бы. Лужыны, у якой бы не ляжаў. Мы, беларусы, усе без мяжы. Але каюся не ў тым. Што мне рабіць, калі той пажар і пагром стаяць у вачах? I я ўжо мноства дзён як з пахмелля. I ці злітуецца з мяне, п’янага, бруднага, грэшнага, бог. Я нібы ў гнаі і няма мне даравання... Ніхто ж не скажа, што я сёння дрэнна біў вось ягоных людзей.

Вашчыла. Так. У самую сярэдзіну іхняга строю ўдзёрся, падхарунжага зваліў. Прайшоў праз іх, як нож, вырваўся і ўдарыў у тыл..

Васка. Я паслужыў Крычаву. Хай я не замаліў грэх, але я паслужыў (стае на калені). Я зранены і ў крыві. Вось дзеля гэтага адпусці іх, Вашчыла.

Бачко. Ты ж пагражаў і пажар уладкоўваў. Паліў, граміў, біў. Я запісаў гэта.

Васка. А пасля, запішы і гэта, паглядзеў смерці ў вочы. У вочы брата. Паглядзеў на яго далонь, а на ёй ляжала смерць. I сказаў, нельга нікога граміць і рабаваць... Так, паглядзеў смерці ў вочы. I скажу, нельга, каб у вочы ёй глядзелі людзі. Каюся перад вамі, людзі. Вашчыла, гэтымі вось ранамі прашу, адпусці.

Карпач. А прыйдзе зноў?

Яўхім. Пусці. Усё адно.

Васка ўстае.

Васка. Пусці.

Антох. Будзь моцны. Даруй.

Уваходзіць захутаная ў плашч Агна Вецер.

Усе. Агна! Агна тут! Агна прыйшла!

Агна. Жаху вы нарабілі, мужыкі. Колькі пабітых! Ехала – усё поле стогне... I чую я сэрцам трывогу. Ці мне здалося?

Бачко. Што здалося?

Агна. Па-мойму, Цялецкі тут круціўся.

Iлья. Ён у замку дзесяты сон бачыць.

Агна. Пэўна, здалося.

Вашчыла. Дзякуй за сына. Каб не ён, не Васка і не Лаўрэн.

Лаўрэн. Раскалолі мы іх на дзве паловы. Васіль прабіўся і ўдарыў па засаднаму атраду. У зямлю мы яго ўмялі. А пасля прабіліся да сцяга і сын твой дрэўца падсек. Тут яны завагаліся, пахіснуліся. Пачалося смяценне, паніка і жудасць. Як перцу з рэдзькай з’елі. Як на агні закруціліся. Бягуць, выюць!

Агна(ціха). Нарабіла я ліха. I ніводнага не... Таксама ж людзі. Не даруе бог за такое.

Поп. У, вядзьмарка. Закляла людзей – аж да іх дакрануцца нельга. Яна вам, людзі, накаркае бяду.

Агна. Бяда і так і так будзе. Чуткі – ідуць войскі з усіх бакоў.

Бачко. Канчаць гэтых, дый...

Агна. Досыць забойстваў. Вайна – гэта так. Але досыць забойстваў (засланяе сабой Данавана з сынам). Хто першы падыдзе?

Данаван. Трымайся, Раймунд. Трымайся, хлопец. Пакажы ім. Не толькі яны смелыя.

Уваходзяць Вецер і Надзея.

Вецер. Апошніх наздагналі... А-а, яшчэ гэтыя.

Надзея. Васіль, не трэ...

Вецер. Апошнія два...

Ён такі страшны, што ўсе падаліся назад.

Раймунд. Та-татачка. Прыйшла наша смерць!

Вецер(правёў далонню па абліччы, ціха). Не, сынок. Прыйшло ваша жыццё. Адпусці іх, Вашчыла. I не бяры з яго слова, што не падыме на нас зброю. Няма Слова ў таго, што ваюе з дзецьмі. I ўсё ж... Хай ідуць, Вашчыла.

Вашчыла(гледзячы ў зямлю). Хай ідуць.

Данаван з сынам ідуць. Данаван спьшяецца, уздыхае і кідае Ветру да ног уламак мяча. Выйшлі.

Нашто ты так?

Вецер. Я ведаю, што такое смяротная туга, браце. Дзеля астатніх тое, што сёння, – свята. Падумаць, яны, моцныя, непераможныя, як бог, жорсткія, яны ўцякалі ад нас, аж абганяючы свой жа крык. А для мяне гэта – туга.

Агна. Бог мой!

Вецер. Пане мой божа? Ты? Нашто?

Агна. Час выпрабавання прыйшоў да нас. Цяжкі час. У цябе ўсё добра?

Вецер. Так.

Агна. I ў цябе, дочухна?

Надзея(памкнулася да яе). Як жа не добра, калі ты нас звяла. I ён самы смелы за ўсіх?

Агна. А ты не думаеш, што ён проста шукае смерці?

Вецер. Я нават яе шукаць не маю права. Праз вось яе (паказвае на Надзею). Нічога ў мяне няма. Я нават і смеласцю ганарыцца не магу. Яна не мая. Яна твая... Ну, дзень добры.

Агна. Не дакранайся. Пакуль не скажу. I ты, дачка, адыдзі. Яшчэ няўчасна. У замку сядзіць Цялецкі.

Усе пераглядаюцца, нічога не разумеючы. I ўсім чамусьці цяжка. Лаўрэн паспрабаваў перабіць гэты настрой.

Лаўрэн. Хай сядзіць. Антох, га Антох!

Антох. Чаго?

Лаўрэн. А ці не до ўжо дурня строіць? Невядома, ці будзем жывыя. Вось баба поруч: цягавітая, як мурашачка, спеўная, як зязюлечка, а... спінаю, ну як печка. Дык абвянчай мяне з гэтай вось заразай. Яна ж, людзі...

Усе жонкі дрэнна йдуць, Мая жонка – добра йдзець. Мая жонка – добра йдзець, Круціць задам, як мядзведзь.

Усе зарагаталі. Але Агна гне сваё.

Агна. Там абвянчаецеся.

Магда. Ды ці пайду я яшчэ за гэткі недатопак?

Лаўрэн. А мая ж ты дзюбачка. А хай жа ж я з лапаць, абы за мной не плакаць.

Агна. Абвянчаецеся там (у яе тоне ўладная, гіпнатычная, няўхільная сіла). А т а м пакуль што Цялецкі сядзіць. З гарматамі. I з усіх бакоў войска ідзе. Пакуль не ачомаліся – трэба браць замак, сядзець там як цвік, мець апору.

Вашчыла. А калі адаб’юць?

Агна. Адкуль? Яны не чакаюць. I вось пакуль не чакаюць... Ну, а калі адаб’юць – збірацца ўсім пад Царкавішчамі, куды ідзе мужыцкая сіла, уздымаць яе і абкласці замак. Каб муха не праляцела. Зморам узяць.

Вашчыла. Іван, ганцоў туды. Але думаю, што замак мы зараз возьмем. Знянацку.

Поп замуляўся.

Ты што, поп?

Поп. Так, нешта млосна. Задуха тут.

Прабіраецца да ўвахода.

Бачко. Там, у замку, гарматы... Ты куды, поп?

Поп. Млосна нешта.

Выходзіць.

Лаўрэн. Браць! Браць замак. Як на вяселле пайду, каб хутчэй. I сапраўды ж вяселле.

Магда. Во, як на злом галавы.

Вашчыла. У нас гэта заўжды так.

Карпач. Браць замак. Неадкладна, пакуль не спахапіліся.

Iлья. Каб гарматны адпор зрабіць – час патрэбен. (Дастае з сумкі пясочны гадзіннік, ставіць на стойку.) У мяне яны назапашвалі зелле і ядры і самі былі гатовыя ля гармат – вось пакуль пясок не перасыплецца. Тады я лічыў, што вучэнне прайшло добра.

Карпач. Ай, татка! Гарматнікі твае ў Магілёў паехалі па зелле. А там вучні, свежанабраныя.

Iлья. Тое і кепска, што свежыя. Свае страляць бы не сталі. I кепска тое, што я зараз не там. Дарэмна я ад іх пайшоў з вамі на поле, перачніца старая. Многа з мяне было тут карысці. А там я і гэтым не даў бы стаць ля гармат.

Антох(раптам, нібы ўражаны чымсьці). Людзі. Стой. Дзе поп?

Яўхім. А што раптам поп?

Антох. Н-не ведаю. Як стукнула. Поп дзе?

З’яўляецца поп з Бесавічаў, чарпануў з рукамыйніка вады, плюхнуў на твар.

Поп. Тут поп. Чаго ты лопаіссі?

Магда. Што з табой?

Поп. Збляваў – лягчэй стала.

Магда. Ясна. Столькі крыві бачыць – як не бляваць? Вечна ты, Антох...

Вашчыла. Адразу ж на замак. З боку Сажа не йсці – далёка відаць. Ты, Іван, пойдзеш з боку Крывічанкі... Ты, Вецер, Лаўрэн і Стэсь павядзеце людзей як мага больш ціха і скрытна праз роў на валы вось тут, крыху правей карчмы.

Магда. I карчму па прычыне скрытнасці раскідаць на мост не трэба. А я б на такі выпадак з радасцю б сама раскідала.

Лаўрэн. Ух ты, мая півонька!

Магда. Укараці лапы.

Вецер(збіраючыся). Маці, нашто ты тут?

Агна. Даведаешся пасля. Ідзіце.

Антох. Ну, я наперадзе з крыжам. Толькі вы... гэта... ведайце, гэта больш для парадку. Казаў табе бог, каб сабе сам памог.

Выходзяць. Цякуць імгненні. Магда і Агна маўчаць, і маўчанне ўжо нясцерпнае. Зарыва за вокнамі: нешта загарэлася.

Магда. Лаўрэн вяселле правіць.

Агна. Не. Не паспелі б яны яшчэ нічога падпаліць. Дый не трэба ім. I гэта кепска, вельмі кепска. I ці не замкавыя гэта самі падпалілі, каб поле асвятліць?

Магда. Адкуль ім ведаць?

Агна. Кепска. Цяжкае будзе вяселле. Кепска, вельмі кепска.

Магда. Ды – не – кар-кай!

Надзея(вяртаючыся). Пасадзіла на каня. Пайшлі. I адышлі недалёка, а ля замка нешта як шугне, як запалае. (Паўза.) Маці, ты не гаруй. Хай табе не баліць ні за яго, ні за мяне. Не было б у нас так добра, каб не тое, што шчасце наша адмеранае і кароткае, як дзіцячы пальчык. А так ён мне і я яму – усё. Бо абапірацца нам толькі адно на аднаго. Бо мы адны і нікога больш, акрамя цябе, у нас няма і не будзе. Сонца згары, неба трэсні, зямля раскаліся – нам горш, чым цяпер, не будзе. Бо кожная хвіліна мая з ім – як апошняя. I таму трэба ўсю душу аддаваць, бо “праз гадзіну” можа і не быць. Дзякуй, матуля! Жыццё сплывае...

Агна. Пясок сплывае. Апошнія пясчынкі.

Магда. Ціха!.. Чуеце!..

Здалёк нястройны шум, а затым уздымаецца рык соцень галасоў: “Край! Край! Наш!.. Наш!.. Наш горад!!!”

Агна. Усё. Сплыў пясок.

У гэты момант, перакрываючы ўсё, выбухае пякельны рык. Затрэсліся, закалаціліся сцены, дзынкнула ў вокнах шкло. Над усім светам раве наканаваны, пякельны, хаўтурны пярун. Ва ўсю глотку, дзіка, як нямы сатана.

Надзея. Што гэта?

Магда. Пярун з яснага неба?

Агна. Гэта гарматы.

Усе падышлі да акна, за якім злавесна скача зарыва.

Магда. Б’юць ва ўпор у натоўп.

Надзея. Падаюць! Падаюць! Божа, заслані іх!

Магда. Ля гармат б’юцца. Каша.

Агна. Б’юць з вокан палаца! Паспелі колькі там гармат туды ўсцягнуць!

Натужлівы, на апошнім дыханні, пагрозлівы рык гармат.

Магда. Бягуць!

Надзея. Бог мой, бягуць!

Агна. Так, бягуць. (Паўза.) Што ж, дарэмная ахвяра?.. Ну не, хай да скону вякоў ведаюць: мы ніколі не гінулі. Ніколі не гінем дарэмна.

У дзверы ўвальваюцца ўдзельнікі няўдалага штурму: усе выкачаныя, твары ў парахавым куродыме, сёй-той паранены.

Вашчыла(у дзвярах). Гэй там, падбіраць параненых. Каб ніводнага жывога ім у рукі. Убачыце, цягнуць некага – дзесяць ляжце касцямі, а выручыце аднаго.

Агна. I што?

Бачко. Патрапалі нас.

Карпач. Адбілі.

Яўхім. Гэта ўсё.

Вашчыла. Не, гэта не ўсё. Адыходзім пад Царкавішча. Збіраем усіх.

Поп. Пад Царкавішча?

Вецер. Там збіраюцца з усіх бакоў.

Вашчыла. I ўсе абкладзем горад. Зморам возьмем.

Лаўрэн. Ясна, возьмем. Спалох тут развялі. Якое тут усё? Мы з іх яшчэ тэльбух вытрасем (ірвануў рукаў). Зачапіла-такі (да Магды). Пасунь сваю тоўстую паню, дай сесці. Не адну цябе ногі не трымаюць.

Вецер. I мяне зачапіла.

Яўхім. Дай перавяжу. Пляваць на гэты праклён. Усё адно канец.

Надзея. Не. (Перавязвае Ветру плячо.)

Вецер. Не, нам не канец. Мы яшчэ вернемся з-пад Царкавішча (устае). Хлопцы, я не патрабую ў вас клясціся ў любові да Крычава, Пасожжа, Падняпроўя, усёй нашай зямлі... Я проста хачу спытаць у вас, ці дарэмна вас нарадзілі вашы маці?

Людзі моўчкі пацягнуліся да выхаду. Выйшлі. За акном сумятня, стук падкоў.

Ты – недарэмна, маці. Давяду ўсім на свеце.

Пайшоў. Стук капытоў. Стрыманая песня:

Ой, едзь, сынку, мой Васільку, ды не аглядайся, За год, за два, за тры, за чатыры назад варачайся. О бог знае, бог ведае, калі я вярнуся, На двары, двары шырокім мой конь спатыкнуўся.

Сціхла песня. Агна і Магда адны.

Агна. Бывай, сынок.

Магда. Ды што вы гэта, нібы ў палонцы седзіцё?

Агна. Веры ў добры канец няма. Няма веры, Магда. I я нават не магу яму сказаць, што праклён з яго зняты, што праклятая – гэта я. Хай ён і надалей страшыць ворагаў і хлуслівых сяброў. Без гэтага ён можа часам злітавацца з сябе, а ён павінен быць не Ветрам, ён павінен быць сынам урагану. (Паўза.) I ўсё ж я праклінаю тое, што зрабіла. Такое глупства – Крычаў, добрае імя, памяць мёртвых. Дзеля гэтага забіць хоць у адным чалавеку радасць?.. Я ўсяго слабая жанчына, Магда... I нельга нават, каб ты мяне пашкадавала... Пракляты будзь той дзень.

Магда. Ты мацуйся. Я не ведаю, што з табою, які гэта праклён, але я веру табе. Мацуйся, маці ўрагану.


  1. Сэрцаед... аматар жанчын... жанчынаненавіснік.

  2. Польскія цытаты даюцца ў вымаўленні пачатку ХVІІІ стагоддзя. Гэта не памылкі, а так тады казалі.

  3. Абрад асвячэння зброі запісаны па памяці, могуць быць збоі, трэба кансультацыя. Толькі спевы – каб разумелі – патрэбныя не стараславянскія, тым больш што ХVІІІ стагоддзе (уніяты) маліліся па-беларуску. Можна мяняць тэксты месцамі, але так, каб напружанне вырастала. І яшчэ, каб у гледачоў дрыжэлі сэрцы.