152724.fb2 Маці ўрагану - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 6

Маці ўрагану - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 6

Дзея трэцяя

Карціна сёмая

Ноч на 26 студзеня 1744 года. Поле пад Царкавішчамі. Сям-там гараць на ім вогнішчы. Справа – памяшканне напаўразбітай капліцы з вузкімі байніцамі акон. Тут, на каменных плітах падлогі, таксама гарыць вогнішча. Да вонкавага мура капліцы прыткнулася нейкая пабудова: капліца не дзейнічае так даўно, што нехта палічыў за магчымае прыбудаваць да яе летні крыты загон для быдла. Паўсюль безнадзейнае запусценне, на якое глядзіць з адзінага, што збераглося ў капліцы, – з распяцця, – Хрыстос. У капліцы сядзяць ля вогнішча Вашчыла, Васіль і Васка Ветры, Надзея, дудар Яўхім Хмыз, Іван і Ілья Карпачы, Антох, Лаўрэн і Бачко.

Яўхім(спявае).

Завея над хатамі свішча,Вакол на ўзгорках ваўкі.На полі пад ЦаркавішчаміМужыцкія сталі палкі.I кліча груган груганятаўНа палеткі заўтрашніх сеч.У магнатаў гарматы і латы,У нас – толькі ісціны меч.Але вера наша і гордасць,Славы божай іскра аднаСпапяліць вашы п’яныя морды.Чуеш, Князь-Сатана?Так жарэ яго сэрца нянавісць бяссілля,Што пажэр бы цябе ён, мужыцкі кароль,Як пажэр ужо край свой, і продкаў магілы,I народа свайго сіроцтва і боль.

Вашчыла. Які я кароль? Нашто мне гэта?

Iлья. Праўду кажа. Сілы ў нас, як у караля. Нашага караля. У Варшаве.

Вашчыла. Гэта праўда. Чатыры тысячы слаба ўзброеных людзей. Сапраўды, кароль.

У прыбудове-загоне поп з Бесавічаў ціха нешта гаворыць Цялецкаму, захутанаму ў плашч.

Поп. ...Вось так. Які ён кароль? Чатыры тысячы людзей.

Цялецкі. Многа. У Пястжэцкага каля дзевяцісот чалавек.

Поп. Узброеных да зубоў. Дзвесце пяхоты, сто пяцьдзесят конных казакоў і пяцьсот з гакам гусараў. Ды твае людзі. Ды яшчэ чатыры твае гарматы і гарматы з крычаўскіх муроў.

Цялецкі. Усё адно мала.

Поп. Заўтра яны выступяць. Перадай палкоўніку, ёсць план аблогі горада. Калі закрыецеся там – возьмуць зморам. Адзіная ваша надзея – апярэдзіць. Зараз. Знянацку. Неспадзеўкі. Ноччу. Вы ж на падыходзе. Унь там галоўныя сілы мужыцкага табара. Як снег на галаву. I яны ж без гармат. Здыміце каравул ля Воўчага Яра і – ярам у самы цэнтр табара.

Цялецкі. Не папом бы табе, а палкоўнікам. Аднаго не разумею – ты чаго пнешся? Табе якая карысць?

Поп. Вашчыла хоча, каб князі ў зрэб’і хадзілі. Усе. А каб усе папы былі – як Антох. А роўнасць – дзе ты яе бачыў? Святыя на іконах – у парчы.

Цялецкі. А Хрыстос на крыжы – голы.

Поп. А хто нармальны хоча на крыж?

Цялецкі. Ну так, папом быць лепей... нават у Бесавічах... Іду.

Пайшоў. Поп заходзіць у капліцу.

Антох. Ты дзе цягаўся?

Васка. Адвяжыся ад яго, смала.

Антох. Святы стаў. Анёл!

Васка. Калі ж чортам быць абрыдла.

Антох. Калі табе дазарэзу прахвост патрэбен – ты ведаеш, як яго шукаць?

Лаўрэн. Ну.

Антох. Ідзі ў касцёл або царкву і глядзі, хто там шырэй за ўсіх хрысціцца. Бяры. Не памылішся.

Поп. Гэта наш абавязак хрысціцца... (Крыва.) Нас з табою і возьмуць.

Антох. Ты мяне да сябе прыпражным не бяры.

Вашчыла. Ну до, до... Значыць, так, людзі, заўтра выступаем. Нас чатыры тысячы ды ў Крычаве прыдатных да зброі знойдзецца столькі ж. Карпач, каравулы праверыў?

Карпач. Праверыў. I перад імі хаця б чый след.

Iлья. Які след? Завея мяце. I пройдзе нехта – міргні вокам і ўжо не відаць.

Поп. Хто ў такую завіруху куды палезе? Спяць на печках.

Вашчыла. Усё ж трэба яшчэ прайсці. I асабліва ля Воўчага Яра. Ідзі туды... ну хаця ты, Ілья.

Поп. I я з ім.

Антох. Я пайду.

Вашчыла. Вы там перасабачыцеся. Ты, Антох, ідзі лепей з Бачком і Ветрам на ўсходнюю лінію вазоў. Вы, Карпач з Яўхімам, на лінію Мікіты з Барсукоў. Ну, а я з Васкам ды Лаўрэнам праверым з боку Сажа. Рушылі.

Разыходзяцца ўсе, акрамя Надзеі, якая зараджае і раскладае на лаве пісталеты. Дзесятка паўтара.

Надзея. I пораху няшмат. У Крычаве порах. Куды ні кінь, адна дарога, Крычаў.

Вяртаецца поп з Бесавічаў.

Ты што так скора, айцец?

Поп. А Ілья адзін пайшоў. Мне сказаў вяртацца і не кідаць цябе адну. Каб бярог.

Надзея. Мяне страх беражэ. Лепей, чым што.

Поп. Ды што, урэшце, з табою і з Ветрам такое?

Надзея. А ты спытай, як скончыў войт з Ківаверцаў.

Поп. Страх з ім скончыў. А іншага, можа, нічога й няма.

Надзея. Паспрабуй.

Поп. Ну, не. На ўсякі выпадак не буду.

Надзея. I правільна зробіш.

Поп. I вораг памрэ, калі дакранецца?

Надзея. I ён.

Абтрасаючы бурку, заходзіць Агна Вецер.

Ты?

Агна. Дзе сын?

Надзея, На пасты пайшоў. Што такое?

Агна. Пястжэцкі яшчэ ўдзень рушыў з усімі сіламі на Царкавішчы. Папярэдзь Васіля і Вашчылу.

Поп. Я папярэджу (выходзіць).

Надзея. А вы ж як?

Агна. А мы пайшлі папярэдзіць вас ды збіліся. Блукалі. А пасля ўбачылі след, што вёў з вашага табара. Напаўзанесены. Па ім і прыйшлі.

Надзея. А як жа каравулы мінулі?

Агна. А не было ніякага каравула. Выбіліся па следу акурат на Воўчы Яр.

Надзея. Чакай. Там жа самы моцны каравул. Туды Ілья пайшоў. Папа назад адаслаў. Ой, нешта нядобрае. Ой, маці, нядобра!

I тут яны замерлі, бо спачатку наводдаль, а пасля бліжэй і бліжэй з усіх бакоў пачуўся крык, тупат ног, ярасны ляск сталі аб сталь, ломат мячоў, а пасля гул гармат. Вялікага мноства гармат, у акружэнні якіх зараз яны.

Агна. Спазніліся. Усё.

Грукат – адкінуў дзверы, і ў капліцу ўварвалася завіруха, забіўся, затрапятаў агонь. Пасля ў праём упаўзае з акрываўленай галавою Ілья Карпач.

Ілья. Ярам прайшлі. Табар штурмуюць. Мяне аглу... (Траціць прытомнасць.)

Агна(бярэ пісталет). Бяры і ты.

Чакаюць. Несамавіты, вар’яцкі, безупынны гул гармат. Нема крычыць сама зямля.

Надзея. Нібы пекла раскрылася.

Агна. Бегчы трэба. Адкуль прыйшлі – там іх зараз няма. Коні за прыбудовай. Бяжыце.

Надзея. Куды нам бегчы, асуджаным? Ад каго? Ад сябе?

Агна. Якія вы асуджаныя? Якія вы да д’ябла асуджаныя?! Хто асуджаны – ведаю. А вы – не!

Надзея. Не разумею.

Агна. Зразумееш. Шукай яго. Усё яшчэ наперадзе ў вас.

Адстрэльваючыся, збіраюцца ў капліцы ўсе, што спачатку былі тут.

Вашчыла. Усе тут? Усе. Хаця ненадоўга, а ўсе. Сціхнулі гарматы, але страляніна мацнее. Ненадоўга. Што ж, дзешава яны нас не возьмуць. Зараджайце ўсё, што ёсць. У каго колькі пісталетаў?

Галасы: Адзін... тры... два... тры... адзін...

Поп. У мяне два. Дзве кулі. Так і загінеш.

Агна. Не трэба гінуць. Яр вольны ад іх. Коней завадных – пятнаццаць. Вось, праз прыбудову. Вы можаце яшчэ зноў пачаць. Гэта не канец.

Вецер. Астатнія хай бягуць. Мне – нашто?

Агна. Нічога ты не ведаеш, дурню. Ты...

У гэты момант знадворку рвануў залп, замалаціла па мурах і атынкоўцы. Сёй-той страляе ў адказ у праём дзвярэй. Страляе з абодвух пісталетаў і поп. Прыцэльна. Не ў дзверы. Цішыня.

Карпач. Параненыя ёсць?

Вашчыла(трымаючыся за плячо). Я... Я, здаецца, адваяваўся.

Вецер. Дурань, ты толькі пачынаеш ваяваць. Не сёння дык заўтра зноў пачнеш. Уцякайце! Добра, што аднаго цябе зачапіла.

Гамана. Усе спяшаюцца да лазу.

Больш нікога. Надзея... Надзея!

Кінуўся да яе. Тая ляжыць нерухома.

Вецер. Надзея! (Прыўзняў ёй галаву.)

Надзея. Няма... надзеі... Шчаслівая... I бог з намі... I я з табой... Ва ўсе дні да сканчэння веку.

Дудар. Усё.

Агна(як праз сон). Не, цяпер я не скажу яму. Як гэта яму будзе. Ведаючы. Пакінуць яе адну... Цяпер я знікну. Чаму – не пытай. Трэба.

Вецер. Я цябе не пакіну. Не. Вы ідзіце. Мы прыкрыем вас.

Агна. Благаславенне чалавечае з табой.

Вецер. Ідзіце. Мы прыкрыем вас.

Усе выбіраюцца праз прыбудову. Выносяць параненага Вашчылу. Вецер падцягвае да дзвярэй пацурбалкі і дошкі. Стаў ля дзвярэй. Пасля, пачуўшы ўдары сталі, выглянуў у байніцу.

Перастрэлі... Вось, хапаюць кагосьці... Не, прарваліся... Частка прарвалася ўсё ж.

Голас Пястжэцкага(за сцэнай). Вашчыла, здавайся.

Вецер(страляючы ў адказ, бурчыць сам сабе). Чорта б вы выпусцілі тых, каб не думалі, што Васіль тут. Пагналіся б усім палком.

Некалькі стрэлаў, і зноў ціха. Вецер узводзіць ля дзвярэй барыкаду. Моўчкі. I ўвесь час гучыць і гучыць у ягоных вушах голас Дудара:

Везлі ў Крычаў палонных скутых...Паўсюль, як страшныя сны,Глухія і безнадзейныяПажары вёсак начных.Панства сабрала сілуI там, каля Сожа-ракі,Жалезам сваім раздушылаЯно мужыкоў палкі.Не было ў тыя дні адлігі,Але ў першы раз на зямліАд крыві нашай вогненнай крыгіПа Сожы ў Дняпро паплылі.I ўцякалі людзі па звею,А вакол снягі і ільды,I завея, завея, завея, завеяКосмамі снегуЛізала, залізвала іх сляды.Кроў на лёдзе гарэла расная,Трушчыў косці ім крыгаход.О, радзіма мая няшчасная!!!О, мой бедны народ!

Сціхнуў голас. Вецер паставіў лаўку, расклаў на ёй пістілеты, падцягнуў цела Надзеі да агню і лёг побач з ёй, замёр.

Голас Пястжэцкага. Вашчыла, здавайся!

Вецер страляе ў адказ. Перастрэлка. Цішыня.

Вецер. Баліць табе? Не... табе ўжо не баліць. Я так і не сказаў... I што я даў табе, акрамя холаду?! (Страляе.) Нічога, мы затрымаем іх. (Мосціць яе бліжэй да агню.) Бедная. Цёпла табе?

Стрэлы.

Цёпла... Цёпла табе.

Карціна восьмая

У цемры вядзе песню хор мужчынскіх галасоў:

Сядзеў крумкач на магіле, Дый каркнуў шалёна. Наша слава, наша воля Ў палоне, ў палоне. Наша сонца ў кайданах, Доля ўмерла ад ранаў. Наша зброя, наша воля Пабіты, зламаны.

Святлее. Вядуць песню людзі, кінутыя ў сутарэнне Крычаўскага замка. Хто сядзіць, хто ляжыць без усякай змогі ўстаць.

Кат(зверху сходаў, што вядуць у сутарэнне). Ды канчайце. Усю душу на шматкі падзерлі.

Лаўрэн. Гэта ты нас... На шматкі. Дзёгаць ты чорны, шыя твая як халява. Толькі цягаеш людзей, як дурань дзверы. Узрадаваўся.

Кат. Вялікая гэта мне, думаеш, радасць? Загад. Не зробіш – са ўсіх маіх скуры злупяць. А яны... Кожную раніцу цягнуцца сюды, як казіная смерць. Рыгаць хочацца. Вы ўжо не таіце злога, хлопцы.

Лаўрэн. Ды мы не таім. Што ўжо тут псяр, як загадвае цар.

Карпач(пасля паўзы). Хто ўратаваўся?

Лаўрэн. Пісар, Стэся Бачко сын, Агна Вецер, Яўхім Хмыз, Васка Вецер, твой бацька Ілья, поп з Бесавічаў.

Карпач. Бацька, перад тым як нас схапілі, казаў: аглавушыў яго доўбняй і ворага ў стан пусціў, зняўшы каравул, гэны з Бесавічаў. Не лічы яго.

Лаўрэн. ...Айцец Антох Крапіла... I вось што, галава ўратаваная. Васіль Вашчыла з братам Багданам уцяклі праз Цімошкаўскі фарпост на Украіну.

Карпач. Значыць, не ўсё яшчэ згубілі. Шмат уратавалася. I лічы, што ўратаваўся – смерцю сваёю – Васіль Вецер.

Вартавыя, Цялецкі і Кат уводзяць у сутарэнне Васіля Ветра.

Т-та-ак, паспяшаліся мы цябе запісаць ва ўратаваныя. Думалі – памёр.

Цялецкі. І я мысліў, што памёр. Страляў, як ашалелы. Сціхнуў. Ну, думаю, са духам святым. Аж калі ўварваліся – аглушаны. Ну, бабе нічога ўжо не дапаможа. Непрытомны, а ледзь адарвалі. А Вашчылы няма. Прыкрыў, чорт гэны. Гэта ён нас як мокрай анучай па зубах. Каб не ты, чорт шалёны, – галаву ўзялі б. (Замахваецца.)

Вецер(стома ягоная і безнадзейнасць жахлівая). Ты на смерць сваю замахніся, гіцаль.

Цялецкі адступіў.

Мне ўсё адно. Але ты войта ўспомні. А мне... нашто мне ўсё? Вось Васіль уратаваўся – гэта як бог радасць паслаў... Вы што, хлопцы, катаваннем зламаныя?

Карпач. Анягож. Гэй, цялецкае рыла, князь прыпоўз?

Цялецкі. Прыбыў. З трыма сотнямі. I гэта значыць – канец вам. Нядоўга. Ды нашто тры сотні? Спакойна ўжо тут. Хто ўцёк, хто ў лесе... Кат, што там за гарлаграй?

Варта з Пястжэцкім прыводзяць Васку Ветра і папа Антоха.

Пястжэцкі. Вось вам яшчэ да кампаніі. Самі прыцягнуліся, як п’яныя па пляшку.

Выходзяць усе, акрамя Ката. Маўчанне.

Вецер. Нашто вы?

Васка. Не адпакутавана.

Антох. З бяздоні пекла клікнулі вы...

Вецер. Дурасць. Жывыя Вашчылу б вы болей спатрэбіліся. I ты, Васка, сваю пакуту лепей збыў бы, чысцячы іх па зубах.

Кат. Прытрымайце язык.

Лаўрэн. А чаго нам цябе саромецца. Ты ўжо нам як свой чалавек, хатні.

Кат(азірнуўшыся). Хлопцы, хоць частку маёй правіны... Кажуць, Радзівіл Вашчылу патрабаваў выдаць, ды яго ўжо адаслалі ў Кіеў. Але каб і быў, то выдаць яго не маглі без указу царыцы. Аб чым і адказаў у лісце да князя капітан Цімошкаўскага фарпоста Селядзец Папоў.

Антох. Маліць буду за царыцу.

Карпач. Ты памаліся, як яна, сучка, Пятрова кроткая дшчэр, нас выдала. Уцяклі ж – выдала. Мяне, ды Мікіту з Бараўкоў, ды Навума Буяна, ды іншых. Ды як нам, перад тым як выдаць, сто кнутоў выдалі (ай тут сто бізуноў). Ды унь Мікіту з Бараўкоў язык адціснулі, бо імперыю ды імператрыцу лаяў... Так што дарма прыйшоў, Антох.

Антох. Няўжо вы думалі, што я кіну вас у пекле, дзеці?

Васка. Шмат ты грахоў царквы гэтым адмаліў. Нават я пашкадаваў.

Антох. Ды я ведаю, як ты апраўдваўся: “Я не грэшнік. Ці я ў царкву калі хаджу, ці карчму мінаю?”

Лаўрэн. Проста мучыўся. Манах. Аскет.

Рогат.

Кат. Ціха.

Карпач. Ціха, як поўху ўдарыўшы.

У святле паходняў заходзіць князь Геранім, Каршук, Капітан Гран Мушкецёраў, Цялецкі, Пястжэцкі, Пёкур, поп з Бесавічаў.

Радзівіл. Ого. Ды ў вас тут ве-се-весела.

Лаўрэн. Ну, ве-ве-весялей, чым у тваім палацы. Што ж нам, слязьмі залівацца?

Карпач. Божа, колькі іх?! Усё кодла.

Вецер. Не. Дзе Данаван?

Пёкур. Яго няма болей... на службе ў князя. Захацеў усё разам, і службу і сумленне. Дудкі! У нас такая планета, што ўжо нешта адно...

Карпач. Ясна, куды яму сярод такога хаўрусу. Усё ж адносна прыстойны.

Лаўрэн. Цікава, колькі ж у гэтым прытоне дурных?

Карпач. Лягчэй сказаць, колькі ў ім разумных. Адзін быў Данаван, дый той...

Рогат.

Радзівіл. Др-дрэнны смех. Пястжэцкі, колькі ты іх адразу пад Царкавішчам?

Пястжэцкі. Дзвесце забітых, безліч параненых, сто семдзесят шэсць у палон.

Радзівіл. Вось аб тых, параненых, і тых, што ў палон.

Пястжэцкі. Ну-у. Пагарачыўся трохі. Шэсць дзесяткаў адразу на пáлі, ды на шыбеніцы, ды абсадзіў на крук.

Капітан. Ды пад Крычавам палонных семдзесят сем. Суд.

Каршук. I чаго было зброю хапаць? Вось ваш найяснейшы і справядлівы князь замест прымусовай працы на будах будзе браць грашовы чын. Зняў абмежаванні ў сялянскім гандлі, а вы. Ы-ы- ы-ы, ён абяцае староства не здаваць у арэнду, а вы гэтак-так? Вось і на калы. I вам тое будзе. А да таго...

Вецер. Ведаем, кінь звягаць.

Радзівіл. Уратавальнік Вашчылы? Не памёр?

Цялецкі. І я думаў, памёр, аж – аглушаны.

Вецер. Я загавораны. Не памёр. Хаця лепей было б.

Радзівіл. I ў Санкт-Піцербурху, і ў Кіеве, і тут – паўсюль вам ворагі. Усе па-памрэце. I іншага лёсу, іншага вы-выхаду вам няма.

Вецер. Ёсць. Добрая слава. Душы, якіх не стопчаш. Людзі, што супакутваюць нам.

Каршук. Дуж-жа супакутваюць. Вось цябе, Карпач, білі і на царскім і на нашым баку і унь яму, Мікіту, браты на тым баку язык адціснулі. Што, духам палі?

Карпач. Слухай, Мікіта, во каб нам гэта ў царыцы ды ў караля тую заціскачку ды тыя бізуны пазычыць. Я-ак бы яны для нашых жонак прыдаліся б ды спатрэбіліся (рогат). А то ж, бывала, як загавораць – ну, галава як Нясвіжскі касцельны кумпал – хаця ты з хаты ўцякай (рогат). А тут ледзь пачне звягаць – мы б ім гэтым самым... ды за язык, ды па тоўстым азадку.

Мікіта нема рагоча.

Поп. Пасаромеліся б хаця перад таінствам смерці. Нічога чалавечага ў вас няма.

Антох. Гэта ў цябе няма. А ў нас ёсць. Вось гэты рогат. Я б цябе сваімі рукамі... (I заспяваў.) “...Нечасцівы Іуда, срэбралюбствам заражаны, звар’яцеў і вось здраджвае беззаконным суддзям цябе, праведны суддзя... Глядзіце, збіральнікі маёнткаў, на таго, хто ўдавіўся праз іх”.

Радзівіл. Хадзі сюды, Вецер.

Той падыходзіць. Наступная размова ідзе амаль без голасу і вельмі значна.

Гэта та-табе апошні шанц. Апошняя сцежка да выйсця.

Вецер. Аб чым ты?

Радзівіл. Ты. Яны – зра-зра-зумела. Яны – чэрнь. Але ты? Як ты з імі, высокапісьменны? До-до-добры. Пальцам нікога не зачапіў – пагромшчык. Кніжнік – з падпальшчыкамі кніг. Яны ж спалілі разам з даўгавымі і проста кнігі. Розныя. Не разбіраючыся па цемры сваёй. Учынілі пажар – да неба.

Вецер. Што ж, калі іх вымусілі. Кнігі? Ну так. Некаторыя з іх думалі, па непісьменнасці сваёй: няма чаго пісаць. Раз піша – так і лічы, што падман або данос. Але гэта таму, што ў іх забралі святло. Вы адабралі. То з кім мне быць? З дзікунамі? З табою, князь-сатана?

Радзівіл. Ты, высокі кніжнік – з забойцамі?

Вецер. Паўтараю: а з кім мне? Я ўсё адно адрынуты ўсімі. Я магу-у сказаць ім: вы мне чужыя. Чужыя са сваімі пагромамі, грубіянствам, нянавісцю да кніг. I гэта будзе праўда. Але гэта я табе кажу, князь, што ўзнёсся над усімі, а нос задзёр яшчэ вышэй, скажу, каб запомніў ты гэта да канца клятага богам твайго жыцця. Што трэба быць за звычайных, сярэдніх, простых, нават калі пагарджаеш імі, нават калі на сто галоў вышэй. Імя гэтага не скажу. (Уголас.) Я з вамі памру, людзі.

Антох(зразумеўшы). “Я з вамі ва ўсе дні да сканчэння веку”.

Радзівіл. Бач, проста як бог. (Пёкуру.) А што скажа твой бог?

Пёкур(дужа спакойна). А ён нічога не скажа. Бо гэта не ён стварыў сатану. Бо калі ён стварыў, то павінен быў бы ведаць, колькі будзе мець з ім непрыемнасцяў. I, калі ўсё ж ён стварыў, – нашто ён мне, такі непрадбачлівы?.. Не, не ён стварыў. Спрадвечна існуе два супрацьлеглыя, варожыя пачаткі: прычына ўсяго добрага і прычына ўсяго злога. Роўныя яны па сіле, ніхто не пераможа. Ідзі да таго, да каго цябе цягнуць унутраныя схільнасці. (Усміхаецца.) Вось бог. А вось сатана. Бог даў табе свабоду волі. Выбірай.

Радзівіл. А калі і туды і туды цягне?

Пёкур. I там і там будуць радавацца.

Радзівіл. Значыць, чаго Мая Нага захоча?

Пёкур. Ну. Гэта ж і ёсць твая сутнасць.

Радзівіл. Бадай што гэта па мне... Страшны ты чалавек.

Вецер. Ён – я не ведаю чыё стварэнне, калі такое гаворыць. А цябе, прынамсі так кажуць, бог стварыў. А ў яго ёсць пекла: хвіліна смерці, калі ў жыцці ўжо нічога-нічога нельга змяніць. I ты памрэш голы. Адзін. А я памру з людзьмі.

Радзівіл. Ты памрэш страшнай смерцю, Вецер.

Васка. Што вы прычапіліся да яго? Я Вецер! Усе ведаюць, што гэтая, Васіль Вецер! Які падпальваў і граміў!

Радзівіл. Не, Васіль – гэта ён. Ты – Васка. Ты граміў, гэны – думаў. Ты – толькі доўбня ў руцэ. А найгоршы ён, які не граміў. Ён, ды яшчэ гэты рагатун Карпач, бо-бо-бо гэта ненатуральна, рагатаць, калі над табою стаіць смерць. Я-я-я!

Карпач. Смерць. Пакуль сам не памрэш. Бо яна ж неўміручая. А ты будзеш смярдзець, як усе. I слабыя яшчэ ў цябе кішкі, каб не толькі што над Ёю ўзвысіцца, але й рагатаць з Яе. Як я.

Васка. I я... Княжа... I я з імі...

Радзівіл. Добранька. I т-т-ты. То-толькі ка-калі даведаешся, я к ты будзеш паміраць, ты памрэш тройчы.

Васка. Пляваць. Браце Вецер. Выкупіць. Аднаго прашу. Бо помню, як ты хацеў падаць мне руку, а ахвяры маёй – не хацеў. Браце, цяпер усё адно. Хаця цяпер... падай мне руку... Не, стой, Вецер... Яны ж падумаюць, што я лёгкай смерці шукаю, танна хачу адкупіцца... Ты здалёк благаславі мяне. А пойдзем – разам.

Вецер з адлегласці благаслаўляе яго.

Радзівіл. Аб чым гэта яны?

Капітан. Не ведаю. Забабоны нейкія. Дзікуны.

Радзівіл. Я думаю, ты, Вецер, – і гэта за нашу з табой размову, – і ты, Карпач, – за дзёрзкасць і крайнюю непавагу. I ты, Васка, бо надта ж прасіўся з імі. (Паўза.) У мяне харошая зграя сабачая ёсць. Абвучаная спецыяльна на мядзведзя. Кожны бярэ мядзведзя адзін на адзін. Вось мы вас у шкуры мядзведжыя зашыем і... Пасярэдзіне Крычава. Відовішча, якіх мала! Каму папярэджанне, каму забава.

Лаўрэн. Эх-х ты! (Узяў сябе ў рукі.) Мяне ты забыў. Памятаеш, як я пра тваю шлюху? Нічога яна не круціць задам, як мядзведзь. Я вось пайду з імі і пакажу ёй, як трэба. Хай вучыцца. (Прайшоўся па-мядзведжы.)

Радзівіл. Ідзі і ты.

Вецер. Князь, гэта праўда, што мядзведзі?

Радзівіл. Ну так. А ты што, хочаш нешта пра-пра-прапанаваць?

Вецер. I ім?

Радзівіл. Ну і ім. А раптам па-пашанцуе дый адаб’ешся.

Вецер. А што? Я ігрок. Ну, не выйду жывы. Але лепей ужо так, у бойцы. Не раздумаеш?

Кат. Што ты робіш, чалавеча?

Радзівіл. Не раздумаю.

Вецер. Дык руку на гэтым, князь.

Падаюць адзін аднаму рукі, і Вецер, паглядзеўшы князю ў вочы, цалуе яго.

Кат(ціха). Цьху!

Цялецкі. Вось яны, нераскаяныя. Што б яны нарабілі, што было б, калі б перамаглі? А маглі перамагчы. Маглі б адолець, каб...

Радзівіл. Маё войска? Адолелі б? Каб не што?

Пястжэцкі(паказвае на папа з Бесавічаў). Каб не ён. Расказвай, Цялецкі.

Цялецкі. Калі гэтыя (паказвае на вязняў) пачалі – ён зразумеў, што гэта зусім не тое, што патрэбна... роднаму, так бы мовіць, гораду.

Карпач. Угм. I падбіваў людзей – унь хаця б Васку – разам з Хрыптовічам на пагромы.

Лаўрэн. А пасля ветліва раіў Іцкавічам размятаць Магдзіну карчму. А пасля клікаў, калі нашы ўваліліся, Іцкавічаў пабіць і ісці да князя са скаргай і ўсіх зваў на новы пагром, бо ўсё адно войска прыйдзе.

Каршук(важна). Я думаю, ён проста хацеў, каб скула хутчэй наспела. Разважаў па-дзяржаўнаму.

Кат(ціха, але князь пачуў). Хто яго ведае, чаго ён хацеў. I чым разважаў.

Радзівіл. Н-на. Па-па-пазіцыя стойкая.

Каршук. Але тут ён да канца стаў наш. Калі выступіў супраць асвячэння зброі, бо ведаў, чым гэта царкве пахне. I Данавану хацеў памагчы ўцячы.

Антох. Але як убачыў, што не выйдзе – выдаў. Усім свой.

Радзівіл. Да-да-Данавана варта было выдаць. Як па-па-пачаў дзя-дзяўкаць мне пра гонар.

Пястжэцкі. I тут ён нам бясцэнна дапамог. Цялецкі, кажы...

Цялецкі. Я не ведаў, што ў горадзе за шум, каго б’юць. Пайшоў лазутчыкам. Сам. Бо на каго спадзявацца?! Нарваўся на яго. Я яму льготы рабіў, і ён па добрай памяці мне сказаў, каб я чакаў на пэўным месцы, а ён, як даведаецца... I пасля ён перадаў мне асабіста, што ідуць на штурм. I я паспеў паставіць пушкароў. I – на той выпадак, калі ўварвуцца ў замак, – частку пушак завалачы ў палац, каб біць з вакон. Ну, разгром. Лёгка было. Ён даў нам на гэта амаль гадзіну.

Антох. А нам гэта каштавала сотні забітых, пяцісот зраненых, сямідзесяці сямі закатаваных у палоне. Шэсцьсот семдзесят сем разоў Іуда. Хлопцы, плáчу разам з усёй сумленнай службай божай крывавымі слязьмі.

Цялецкі. Я абяцаў яму плату, але ён сказаў, што пасля.

Поп. Ну – плата платай. Можна і плату. Але я не за плату. Я...

Радзівіл. Угм... Ві-вір інацэнцісімус і-ідэмквэ дакцісімус... Най-найсумленны і ў то-той жа час най-найадукаваны чалавек. І-ідэ-аліст. Ах, як жа ва-ва-вакол м-м-мяне шмат ідэалістаў. У-у-у-усе.

Ніхто не заўважае нядобрага, нават злавеснага ў ягоным тоне, і таму Цялецкі шпарыць далей.

Цялецкі. І ён тады папярэдзіў мяне, што ў выпадку няўдачы іхні збор пад Царкавішчам.

Каршук. Ды як яно ўрэшце, Царкавішча ці Царкавішчы?!

Пястжэцкі. А ляд яго ведае. Ці не ўсё адно, калі я іх там заспеў знянацку з ягонай дапамогай?

Радзівіл. Ну так, зноў з ягонай.

Цялецкі. І ён шкураю рызыкаваў, пайшоў пад Царкавішчы, каб далей нам служыць. I там, мяне ў стан правёўшы, папярэдзіў аб Воўчьм Яры, якім нам можна прайсці да сэрца іхняй абароны. I каравул мы знялі. I ён, каб Ілья Карпач трывогу зарана не ўзняў, аглушыў яго і даў нам час прайсці. I мы ахнулі па іх з пушак і нечакана.

Карпач. I нам гэта – дзве сотні забітых на месцы, шмат параненых і сто семдзесят шэсць тых, што ў палон. А многіх “браты” выдалі пасля. Колькі забітых!

Вецер(ціха). I Надзея.

Пёкур. Спрытны мужык.

Кат(ціха). Аж надта.

Пястжэцкі. I ўсё сам. Каб не ён – ой скрутна б нам было.

Радзівіл. Значыць, каб не ён. Здорава... (Вельмі журботна.) Ну-у (паглядзеўшы на Ветра), гэтага падарунка я табе не магу не даць... Гм... М а я сіла нішто, каб не здрада. Ну так. Я немец па сваёй ахвоце, капрызу, перакананні – і пляваў я на палякаў і свой народ. Я паляк па выхаванні – я і пля-пля-пляваў на свой на-народ. А-а-а-але апо-по-апошняй кропляй сваёй беларускай крыві я по-пом-ню правіла свайго народа. Здраду прымаюць, а здрадніка вешаюць. Вазьміце яго. Рабрынай на крук.

Пястжэцкі. Княжа?! Чаму?!

Радзівіл. А яны ўсе, ці ве-ве-ведаеце, думаюць, што здрада ду-дужа выгаднае рамяство. А здрада рамяство яшчэ й дужа небяспечнае.

Поп. Ды за што? Што я такое? (Паверыў.) Княжа! Кня-а-а-ажа! “Памяні, госпадзі, цара Давіда і ўсю рахманасць яго”. Ай! А-а-а-ай! Княжа, залаценькі, ручкі... ножкі... Я Надзею... Я Вашчылу параніў.

Радзівіл(вязням). Пацешцеся перад смерцю, бо літасці маёй вам не будзе.

Поп(лямантуе). А-а-а! Княжа! Княжа! (Страшна.) З глыбіні пекла клічу! (1 раптам выпрастаўся.) Хаця якім коштам апраўдацца хочаш? Маёй шкурай?! Шкада мне, шкада. Цьху на цябе, гліста! Шкада-а.

Папа выцягнулі.

Радзівіл. А па гэ-гэтых ту-тут зараз – чын пахавання. Жывым – экценню па мёртвых. Папоў! Усе туды! Цялецкі! Каб да адчаю давесці, каб трэсліся ад жаху! Тут! Яшчэ жывых! I ўставайце. Збірайцеся.

Пайшоў з астатнімі аксамітнікамі. Антох падымае людзей і ў страшным маўчанні спрабуе пастроіць іх, і гэта яму сяк-так удаецца. Тых, хто падае, зламаны катаваннямі, трымаюць пад рукі. I тут далятаюць звонку змрочныя галасы пахавальнага чыну.

Экцення аб памерлых

“Злітуйся з нас, Божа, па вялікай літасці Тваёй, малімцеся, пачуй нас і памілуй.

Яшчэ молімся пра ўспакаенне душ заснулых (усопшых) рабоў Божыіх... (Тыя, каго ўспамінаюць, ускідваюць галовы або апускаюць іх.) Івана... Васіля... Лаўрэна... Пакі Васіля... Анцівоха... (Поп Антох хрысціцца.) Навума... Захарыі... Хвёдара... Восіпа... Кузьмі,.. Курылы... Атрохіма... Пакі Кузьмы... Ігната... Міхайлы... Пракопа... I пакі – пакі дваіх Васілёў і шасцёх Іваноў і о ежэ прасціцеся ім усякаму граху вольнаму жэ і нявольнаму, яка да пан Бог учыніць, душы іхнія там, дзе праведныя ўспакаяюцца”.

Антох. Хадзем, людзі. Гэты чалавек жадае зрабіць усё, каб давесці нас да адчаю.

Лаўрэн. Страшна.

Нехта ў натоўпе заплакаў.

Антох(уздыхнуў). Страшна. Але для радзімы нашай разадранай, для нас, пашматаных і змучаных, – суцяшэнне.

Вядуць экценню галасы:

“Літасці Божыя царства нябеснага і пакідання грахоў іх, у Хрыста, бессмяротнага Цара і Бога нашага просім. Яка Ты ёсць уваскрасеніе і жывот і спакой заснулых (усопшых) раб Тваіх, Хрысце, Божа наш і Табе славу ўссылаем са безначальным Тваім Айцом і Прасвятым і добрым і жыватворным Тваім Духам, ныня і прыснам і ў вякі вякоў. Аман”.

Антох. Пяюць. Просяць, каб дараваў нам усякае саграшэнне, вольнае і нявольнае. Каб убачылі мы святло боскай любові, – мы, усімі на свеце пазбаўленыя яе, – а ўсе, што застаюцца на зямлі, атрымалі суцяшэнне. Ідзем, нясем ім святло.

Усе ідуць да сходаў. Антох ціха і вагома кажа ў натоўп.

Гэта князю адпяванне будзе страшнае. Бо не зрабіў ён нічога добрага на зямлі. То хай ён слухае. I вы там слухайце, наверсе. Разлічвалі вы, мучыцелі, на іншае, а тут... тут заспакаенне. Цярзанні спыняцца, мукі скончацца. Яны – не вечныя... Не вечныя.

Карціна дзевятая

26 лютага 1744 года. Плошча перад замкам. Налева і направа будынкі з галерэямі, на якія вядуць сходы. Між будынкаў каменны мур. У левым доме – дзверы ў сутарэнне. Ля правага дома, у муры, дзверы, якія вядуць на арэну. Такім чынам, асуджаныя павінны прайсці сцэну злева направа, каб трапіць тымі дзвярыма на месца пакарання смерцю.

З-за мура відаць верхавіны дрэў і вярхі шыбеніц.

На галерэі і сходах ля левага дома – народ. У натоўпе Яўхім Хмыз, Магда, Ілья Карпач, Агна Вецер, пісар Бачко. На больш багатай галерэі справа – члены суда, Радзівіл, Каршук, Цялецкі і іншыя. Грай крумкачоў і варон. Павялі з сутарэння асуджаных. Вядуць Капітан Аддзялу Гран Мушкецёраў і Пястжэцкі з салдатамі.

Капітан(паказвае Лаўрэну). Глядзець. Унь на дрэве, на круку, вісіць поп Бяссовітц. Хе-хе, дэр Бірнбаўм... Як ігруша. I вашым так.

Лаўрэн. Во каб гэта на кожным беларускім дрэве ды па такім хрукце.

Карпач. Ты што народ ганьбіш? Нібы ў нас на кожнае наша дрэва па гэткай сволачы хопіць.

Лаўрэн. Суседзям у арэнду аддамо. Для іхніх.

Антох. Чым табе дрэвы беларускія правініліся?

Лаўрэн. Нічога. Дзеля такога свята адзін дзень пацерпяць.

Антох. Не, не дам паскудзіць гэтай навалачы й дыму ад нашых дрэў.

Радзівіл(спакойна). Кончыць. Мы яму пакажам і дрэвы і дым ад іх. Чытай, Цялецкі.

Цялецкі(чытае). Злаўмыснага і злашкоднага папа Анцівоха – Антоха – Крапілу і яшчэ некалькіх такіх самых (а спіс па імёнах – тут)...

Капітан. Сіла на нашым баку.

Антох. Угу. Гэта ж закон. Мудры мацуе свой дух, а дурань – цела. А што яму застаецца рабіць? Дай слухаць.

Цялецкі. ...Пасадзіць у коміны, а печкі знізу запаліць дзеля павольнага ўдушэння.

Антох. Нішто. Гэта свой дым. А вось якім дымам вы ў пекле дыхаць будзеце, бажавольцы, баўбешкі, анцыпары, вашапрудзіны, хракі дурныя?! Канарэзы, падхлебнікі сабачыя, зачухі, дрынды.

Пёкур. I тут пад табою жар будзе. I ў пекле.

Антох. Не ўбаюся, недаедак блышыны, капусцяная галава, пустамол і лустасвят. Хай пекла. Рэшткамі свайго жару з табой падзялюся. Яго хопіць, каб і князя з усёй світай засмажыць.

Капітан. I гэта поп? Лаецца, як брудны кароф.

Антох. Сам ты кабыл тоўсты. Мушкецёраў голадам морыш. Яны як лучынкі, а ты – тоўсты кабыл.

Радзівіл дае знак, варта набліжаецца да Антоха.

Чакай!.. Васка, не сумуй душою. Не плач. Грэх твой страшны ў смяротны гэты час здымаю. Людзі, чысты ён у вашых вачах! (Ціха.) Памры годна – будзеш з богам, п’янюга ты мой родны, гуляка, прапойца ты мой бесшабашны... Лапы брудныя прэч!

Ідзе. I тут зараўла аднекуль дуда: “Тапчыце зямлю, легіёны божыя”.

Князь! Мардун, дурань маляваны, рапуха аблезлая... п’яная карова! Дымам пайду ў роднае неба. Да бога! I вымалю ў яго праклён на ўсе вашы галовы. (Яго валакуць.) Хлопцы! Хлопчыкі! Благаслаўляю вас, так вашу! Благаслаўляю вас!

Яго вывелі.

Пёкур. Княжа, гэты тэатр можа абысціся дорага.

Радзівіл. Тэатр? Ну так. Такі тэатр, каб нашчадкі іхнія пра-пра-праз трыста год здрыгануліся. Калі яны бу-будуць, на-на-на-шчадкі.

Пёкур. Будуць. Памылка, па-мойму. Не туды відовішча.

Радзівіл. Чытай, Цялецкі.

Цялецкі. Акрамя тых, каго біць бізуном і адрэзаць па адным вуху, памочнікаў галавароў паўстання – а лікам іх трынаццаць, аднаму, сыну Стэся Бачко, сакратару бунту, адрэзаць абодва вухі і на лобе выпаліць шыбеніцу.

Каршук. Каб ведалі... вось чыя рука пісала.

Цялецкі. Івана Дакуку, Захарку Сямашку, Іванішку з Баранкова – а ўсяго тры галавы – на шыбеніцу. Сямёна Варону, Ігната Мадунёнка, Івана Крывулю ды Івана Галёнку – абезгаловіць. Мікіту з Бараўкоў, Івана Труса, Навума Буяна, Васіля Пушчаёнка ды Васку Косціка – жывымі на вострую палю.

Радзівіл. Рэшту таксама было асудзілі на кол. Але па асабістай просьбе – некаторых з іх, а менавіта: Івана Карпача, Васіля Ветра, Лаўрэна Каўбасу...

Васка. Князь, прыпомні...

Радзівіл. ... I Васку Ветра, зашыўшы ў мядзведжыя шкуры, разарваць на плошчы сабакамі.

Цялецкі. На галоўнай плошчы.

Каршук. На галоўнай плошчы? Зашмат ім, злодзеям, гонару.

Радзівіл. Унь там. За мурам. Як усіх.

Варта вядзе чацвёрку назад у сутарэнне.

Магда. Лаўрэн! Я з табой, хадзяка мой каханы, трыбухлей ты мой, лында, бадзяга ты мой няшчасны.

Лаўрэн. Магдачка! Уцёк я ўсё ж ад цябе. Нішто, на тым свеце сустрэнемся. А там нам лаяцца не дадуць. Там строга. I нам добра будзе. А вы, панове, скажыце гэта сваім бабам, бо ў вас не бабы, а кожная – качарга старога лесу.

Іх вывелі. Пястжэцкі з вартай вядзе і астатніх у дзверы, што ў муры.

Пястжэцкі. Не спяшайцеся, мілыя, паспееце на шыбеніцу.

Каршук(Пёкуру). Ведаеш, што Данаван сказаў князю, калі яго выгналі? “Яны навучылі мяне, што ёсць людзі, якія б не ўсё на зямлі зжэрлі. А вы хочаце мець болей, чым заслужылі. I гэта вам хай дзякуе свет за ўсе войны, ганьбу і зло”.

Пёкур. Дурань. Набраўся ад іх, як сучка блох... Але гэтыя і сапраўды лічаць за лепшае быць пакрыўджанымі, чым самім крыўдзіць.

Каршук. I вось таму трэба кідаць гэты народ, бо з гэтай прычыны ён не жыхар на зямлі.

Пёкур. Хто ведае, х т о не жыхар на зямлі? Магутныя магнаты або сініца, што села на мачту Ноевага каўчэга? Хто ведае?

Каршук. За што ж вам плоцяць, калі вы не ведаеце?

Пёкур. Нам плоцяць за тое, што мы ведаем. Бо каб начальным людзям плацілі за ўсё тое, чаго яны не ведаюць, – золата б на зямлі і ў сусвеце ў бога не хапіла б... Я гляджу на іх і, ненавідзячы, пачынаю сумнявацца, што ім канец.

Каршук. Але чаму?

Пёкур. У іх ёсць нешта галоўнае. Яны жывуць сярод звяроў. I дасягнулі, не пабаюся сказаць, таго, што неяк – хай не заўсёды – ужываюцца з імі. Пустэльнікі сярод ваўкоў.

Каршук(раззлаваўшыся). Калі яны такія ўжо святыя – хай ідуць у нашы высокія замкі і манастыры і паспрабуюць ужыцца з нашым братам, каб не ўкусіў ніводны сабака.

Пёкур. Таму і палім... Калі хочам жыць.

Асуджаных вывелі за мур.

Радзівіл. Ну што яны, капітан?

Капітан. Цялецкі! Тоўсты кабыл? (Ціха.) А добра: “тоўсты кабыл”.

З сутарэння павольна ідзе шэсце: чацвёра ў шкурах. Толькі маскі-морды яшчэ не апушчаныя на твары.

Радзівіл. Пра гэтых не пішы, што ў шкурах. Выкраслі наконт шкураў. Усё ж недзе там лічаць, што мы Еўропа.

Цялецкі. Ваша... Заўсёды ж знойдуцца сведкі.

Радзівіл. Нічога, заўсёды знойдуцца і в-в-вуч-чоныя, якія: “Раз у дакуменце няма – значыць, не было”. Мы з табою ім свечку павінны ставіць. Абаронцы. У азадак за нас улезуць.

Бачко(сам сабе). Запішу я. Я запішу. I няхай не павераць, няхай нейкі крот скажа: байка, дакументаў няма. Гэта не байка, тое, што помніць народ. А вы можаце дзе хочаце ўжыць тыя паперы. Памяць жыве.

Радзівіл. Развітвайцеся.

Агна(спускаючыся да Васіля). Бывай... Я ўсё ж не буду цалаваць цябе... А раптам дзіва...

Вецер(ціха). Маці, мінуў такі час. Не трэба. Я ўсё зразумеў, маці. Я толькі раблю выгляд, каб не заламаўся хтось іншы. Я нават без гэтых падпорак даўно ўжо жыву без страху. Без яго і памру. Цяпер жа мне ўсё адно, і дзіва не будзе. Ну...

Кідаюцца адно да аднаго.

Агна(ціха). Ідзі. Я ведаю, што ты не Вецер. Я ведаю, што ты ўраган... А цяпер глядзі на мяне.

Ідзе па сходах на панскую галерэю. У яе выгляд не то захоплены ад радасці, не то апанаваны адчаем.

Злітуйцеся з яго, злітуйцеся з іх. (Цалуе рукі ўсім, акрамя Радзівіла.) Паночкі. Паночкі. Вось бог пашле лёгкую смерць таму, каго я пацалую. (Цалуе Пястжэцкага.) Даруе табе жорсткасць і дасць табе лёгкую смерць. (Цалуе ў рукі і вусны Каршука.) Даруе ліхое кіраванне і дасць лёгкую смерць. (Цалуе Цялецкага.)

Карпач. Апамятайся! Праклянем!

Лаўрэн. Маці, што ты робіш?!

Вецер. Змоўч. Ціха. Яна ведае, што робіць.

Агна(цалуе рукі ў Пёкура). Даруе табе, што ўсё-ўсё разумееш і аднак робіш паскудствы, тваю подласць... I дасць табе лёгкую смерць. (Хоча пацалаваць руку кату.)

Кат(у жаху). Што ты робіш, жанчына?! Мне?!

Агна. Не буду. Ты лепшы за іх усіх. Ты сумленны кат... I табе я таксама не буду цалаваць руку, князь Геранім-Фларыян. Не было б цябе – не было б і іх. Бог не дасць табе лёгкай смерці.

Радзівіл(прыняў зухаватую паставу). А я што казаў? Аблізала ўсіх. Няма меры іхняй нізасці. Пайшла прэч.

Агна пры поўным маўчанні спускаецца і ідзе да левых сходаў, дзе ўжо стаіць Магда.

Вецер(са шкадобай). А ты ніч-чога не зразумеў, князь Геранім-Фларыян Радзівіл. Ясна ж. Разумны заўсёды распазнае дурня, бо сам калісь быў такі. А дурань ніколі не ўгадае разумнага, бо ім не быў... і не будзе. Ты яшчэ і зараз нічога не зразумеў.

Магда(Агне, ціха). Затое я цяпер у с ё зразумела. Так? Так? Дай і я пацалую цябе, гаротная ты мая, бедная ты мая маці ўрагану. (Цалуе Агну.) Вось цяпер мы сёстры, маці ўрагану.

Васка(яго вядуць паўз Агну). Людзі. Зямля... Маці. Даруй мне, п’янаму, даруй акаяннаму!

Агна(абдымае яго). Ідзі. Усе даруюць табе.

Вывелі. Цяпер чарга Лаўрэну.

Лаўрэн(князю). Ты здохнеш, князь. За сённяшні дзень.

Капітан. Гэта чаму?

Лаўрэн. Бо дурань. (Князю.) Добра, калі ворагі – людзі з вялікім розумам. Разумны сто разоў падумае, перш чым учыніць паскудства і зло. А дурань што захоча, то й зробіць на злом галавы. Як ты, княжа... Бывай, Магда (ідзе прытанцоўваючы). Гэх...

Мая дзеўка добра йдзець: Круціць задам, як мядзведзь.

Ах, каб мяне халера з-пад цёмнай хмары. Магда, я маўчаў! Магда, душа мая з табой!

Магда(крычыць). I мая!.. I мая!..

Вывелі Лаўрэна.

Бывай, цецярук ты мой пышны. Бывай.

Карпач. Мая чарга, князь. Хаця? Які ты князь? Нясвіжскія – гэта князі. Шырокія ў зле і дабрыні. А ты – кур’ян, курыца, што пеўнем крычыць. Хамут!

Радзівіл(здзекліва). Адно мне шкада, Карпач, не танна мне вашае здыхла выйдзе. Гэта ж аж чатыры такія шкуры ўшчэнт, у дробныя шматкі.

Карпач. Ты, князь, дарма ганарышся ашчаднасцю і скупасцю. Ты самы шчодры ў свеце. Бо ты здохнеш без дзяцей, а грошы – усе! – пакінеш братам, якіх ненавідзіш. Ворагам. I яны будуць смяяцца й жэрці твой набытак.

Цялецкі. Пястжэцкі, ды вядзі ты яго. До!

Вецер. I праўда, досыць камедыі. Не атрымалася твая кумедзь, княжа. I не атрымаецца. Ты не бог. Бацька Антох сказаў бы, што ты чорт смалены з бурага балота, Лаўрэн – што ты шатанская сіла. Карпач – што ты паршук і шкарадзь. А я табе скажу, што ты й на чорта рылам не выйшаў. Чучала ты. Асклізлы шыцік, чарвяк з дзярма.

Ідзе да дзвярэй.

Гэтыя – яны здохнуць, людзі! А за намі... за намі святло нябёсаў. Даруй мне, люд, калі чым саграшыў табе. Дзякуй і табе, маці Агна.

Апусціўшы маску, Вецер пераступіў парог.

Радзівіл(з клёкатам у горле). Вядзі сабак, кат.

Кат. Княжа (распластаўся на зямлі). Княжа, не смею.

Радзівіл. Я сказаў. Ведаеш, чым пахне?

Кат. А хаця і самога да іх. Не смею.

Радзівіл. Капітан.

Капітан(дастае шпагу). Магу засячы і не міргну.

Радзівіл. Ну.

Капітан. Я ўсё ж воін, а не псяр.

Радзівіл. Пястжэцкі, ідзі аддай загад псярам. А то ў гэ-гэ-гэ-тых псяроў кішкі сла-слабыя.

Той пайшоў. Праз некаторы час за мурам сабачы брэх.

Цялецкі. Што буйвалы. Адзін пёс лоб у лоб мядзведзя бярэ.

Пёкур. А тут іх дваццаць на чатырох.

Радзівіл(нервова). Ды-ды-ды што, урэшце, цягнуць? Пяст-жэцкі!

Пястжэцкі падымаецца на галерэю.

Што там?

Пястжэцкі. Муляюцца псяры.

Радзівіл. Спушчай, іначай усіх на кол!

Бачко. Людзі! Сведчыце ўсе, калі каму казаць будзеце. Князь наш зараз абмочыцца са страху.

Iлья. Сынкі! Трымайцеся! Яны свой агонь самі замочуць.

Каршук. Жолнежы, узяць!

Радзівіл. Гэта той, гэта пасол! Варта!

Варта ідзе да левых сходаў, і ў гэты момант шалёны брэх і рык зграі.

Магда. Пусцілі! Пусці-і-ілі! Пусцілі сабак!

Варта спынілася. Агульнае замяшанне, спалоханы енк, стогны, лямант адчаю і плач сярод людзей. Брэх за мурам. Гучныя, перападам, басы: “Бам-бам! Там-бам!”

Радзівіл. Дзе яны?

Цялецкі. Няма.

Бачко, Ільі і Хмыза сапраўды няма. Стаяць толькі, як скамянелыя, Магда і Агна. А за мурам нястрымнае гаўканне, хрыпенне, брэх, віск, рык, клёкат праз забітыя поўсцю пашчы. I ачумелае, шалёнае гырканне неўтаймаванай бойкі, нібы дзве ваўчыныя гайні б’юцца не на жывот, а на смерць. I не звычайныя ваўкі, а казачныя, жалезныя.

Радзівіл. Вось яны, псы мае. Душы іх, ірві, шматай!

Магда. Б’юцца. Б’юцца! Псу хрыбет зламалі. Другому. Упаў нехта. Яшчэ два сабакі... Нехта другі ўпаў.

Сладастраснае, хцівае гырканне.

Пятага пса забіў нехта... Сёмага... Божа, нашто доўжыць мукі?!

Радзівіл. Дзесяты пёс. Яны мне перакалечаць зграю. А-а, адольваюць. Хапай іх! Ірві!

Жалезны брэх.

Як той жалезны воўк, які прарочыў узнікненне радзімы!

Пёкур(ціха). Жалезны воўк, які, мабыць, прарочыць развал радзімы.

Пястжэцкі. Адзін застаўся. Цікава, хто гэта?

Капітан. Дас іст мір айнерляй. Аднолькава. Паўсюль у свеце такая... такая (узняў палец) айнзамкайт. Самота.

Каршук. Вецер самотны.

Кат. Самотны Вецер.

Страшны сабачы рык.

Радзівіл. Узяў!

Голас Ветра. Клічу на страшны суд! Клічу. Клі... (Голас абарваўся.)

Радзівіл. Скончана.

Пёкур. У с ё скончана.

Маўчанне. Усе стаяць, нібы ашаломленыя тым, што нарабілі.

Агна(ціха). Колькі мёртвых. Я забіла яго, Магда.

Магда. Ну, не плач, не плач.

Ціха плачуць адна ў адной на плячы.

Магда. Саба-акі.

Задаволены, залівісты брэх і бурчанне сабак за мурам.

Бывай, Лаўрэн. Я не абяцаю табе вернасці. Наадварот, я буду... з кім напрапалую. Толькі не з добрымі. Я... унь з такімі, як тыя. Калі некаму, крый божа, сёння пашанцуе выслізнуць. Ты даруй мне гэта, Лаўрэн. Гэта будзе мая мядзведжая шкура. Не твая, славутая ды грымучая, а мая, ганебная. Ну ды ўсё адно. Ты ім так проста не сыдзеш з рук. Даруй мне, Лаўрэн.

Усе на галерэі стаяць як прыбітыя, хаваючы вочы адзін ад аднаго.

Радзівіл. Усё.

I тады Агна выпрасталася і рушыла да “панскіх” сходаў.

Агна. Не. Яшчэ не ўсё. Слухайце, вы. (Яна гаворыць наступнае звычайным голасам, але з такой стрыманай сілай, што ўсе нібы слупянеюць ад беспрычыннага пакуль што жаху.) Я прайду праз вас, як вогненны нож праз масла. (Варце.) З дарогі. Смерць ідзе. (Ціха.) Князь. Чуеш? Напярэдадні паўстання я паслала Ветра ў нару да пракажонага, і ён там вячэраў з ім.

Радзівіл. На-на-нашто?

Агна. Кепска ведала яго. Баялася ягонай слабасці, калі будзе па-ранейшаму любіць жыццё. Я памылялася ў ім, дурная. Спачатку ён не ведаў, ён не мог захварэць так хутка. I я не казала яму, не магла сказаць, бо ён плакаў бы, што не пашкадаваў жонку. А калі б сказала, радаваўся б, што ў яе была лёгкая смерць. А смерці нельга радавацца. I смерць не бывае лёгкай. Я не сказала, дурная...

Радзівіл. ...Ён па-падаў мне руку.

Агна. ...Але ён здагадаўся сам. Думаю, што да таго, як падаў табе руку. Ён не падлюга, мой хлопчык, ён не такі, як ты... I ён не захварэў тады. У яго не было на скуры чырвоных плям, што знікаюць, калі націснеш пальцам. А пасля з’яўляюцца белыя...

Радзівіл(справіўся і кажа наступнае з іроніяй). Ну так, яму пашанцавала.

Агна. Святкуеце? У вас не будзе свята. Ну так, яму пашанцавала. Вам не пашанцавала.

Радзівіл. Чаму?

Агна. Ён не захварэў. Затое я. Я ўсе гады насіла таму пракажонаму ежу, а апошнія месяцы дакраналася да яго і – чым жа ён вінен, што адзін? – я закрыла яму вочы, апускаючы ў магілу. Сын не мог яшчэ захварэць. Затое я (раздзірае на плячы сарочку)... Бачыце белую пляму? Як матыль... Праказа... Белы матыль смерці... Ён, Васіль, не атрымаў хваробы. Хвароба – гэта маё. А цяпер і ваша. Ну так, я ж аблізала ўсе вашы рукі, як прыніжаная валачашчая сука. I ты, князь, яшчэ казаў, што няма меры нашай нізасці. (I завыла.) Ну так, я сука. У мяне аднялі майго шчанюка.

Напятае маўчанне, і раптам галерэя ўзвыла. Усе шарахнуліся ад Агны. I застаўся ля парэнчаў адзін князь, а астатнія кішаць за ім, а над галовамі стаіць несамавітае, жывёльнае выццё і рык: “Дыму!”, “Жару!”, “Абпячы рукі!”, “Запаліць!”, “Гарэлкі!”, “Спірытусу сюды!” З’яўляецца бачонак са спірытусам, і яго вырываюнь адзін у аднаго з рук, льюць на рукі, у рот, абліваюцца, б’юцца за струмень.

Пёкур. Спыніце віск... Сорамна.

Але віск і выццё гучаць і далей у гэтай штурханіне звар’яцелых.

Агна. I сука ашалела. I перакусала вас усіх. Чаго вы шарахаецеся? Чаго кідаецеся? Позна. (Яна гаворыць з ледзяным спакоем.) Ну так, ваша смерць не будзе такая хуткая, як у яго. I яна будзе лягчэйшая, я вам не хлусіла, я праўду казала. Праказа ж не баліць. Проста ў вас будзе адгніваць аблічча, нос, вушы, шчокі. Пальцы рук не будуць адчуваць болю – як ён адчуваў – і нават апёкаў – як балелі яны яму. А пасля, паступова, адгніюць і яны. А пасля ногі і іншае. Вы зажыва згнілі душою – цяпер згніеце і целам.

Усе прыкіпелі да месца, як саляныя слупы.

Вузлаватая праказа цягнецца дзевяць год. Гладкая – васемнаццаць. Я не скажу вам, якая яна ў вас. Бо нават той, каму пашанцавала не заразіцца зараз, будзе дзевяць, а то васемнаццаць год чакаць лянівай смерці. I ў кожную хвіліну дрыжаць ад жаху. Будзе засынаць і прачынацца з думкай аб ёй. I кожную раніцу першая думка будзе: “Божа, вось няўжо сёння... Бо-о-о-ожа, ратуй. Вось... Вось здаецца... Вось-вось...” А людзі і ўласныя дзеці будуць цурацца вас. Не, я не назапасіла вам лёгкай смерці. Будзь спакойны, сынок. (Узвысіла голас.) Яны памруць. Яны – памерлі ўжо.

Цяпер яны твар у твар, як на двабоі: яна і Радзівіл.

Не торгайся, князь. Сука не лізала цябе. Табе будзе горш. Я ж акрамя ўсяго і ведзьма, прарочыца – ты не ведаў? Табе будзе нават горш за іх. Богам і зямлёй сваёй клянуся, што ўсё гэта збудзецца. Вось што будзе з табой. Адна жонка, з Сапегаў, ужо ўцякла ад цябе. Жанчыны любяць тыранаў, але толькі не скупых, не халодных і не нудных, як свіная чума. Уцячэ і другая. I трэцяя. I ўсе – з вялікаю ганьбай для цябе, напладзіўшы табе сотні ворагаў. Ты будзеш пасмешышчам нават у вачах бяссілых і садамітаў. I ні ад адной бабы ў цябе не будзе дзяцей, бо бог пракляне чэрава кожнай жанчыны на час, калі яна з табой. Не ведаю, ці хопіць у цябе сілы абгадзіцца ў чацвёрты раз?! I нішто з таго, што ты задумаў, не споўніцца. I ўсе будуць бегчы ад цябе, як бягуць з дома – нават калі дом гэты замак – пацукі ад пацука, якога злавілі, вымазалі дзёгцем і выпусцілі. I ты будзеш блукаць адзін бясконцымі замкавымі калідорамі і сутарэннямі, дзе шкілеты замучаных, і ніхто не падасць вады. Блукаць і смярдзець пры святле месяца. I ніводнай роднай душы... А мой хлопчык загінуў страшна, але сярод родных і любоўных. Бо мой хлопчык – Чалавек, а ты – пацук.

Радзівіл(амаль непрытомна). У-у-узя-аць!

Усе муляюцца ў страху.

Ды няўжо... ды няўжо ніхто?

Агна(кладучы руку на грудзі). Сустрэчы з табою... шукаць стану... Сэрца... яно такое вя-лі-кае...

Падае павольна, як падсечанае дрэва.

Вялікае.

Мёртвая цішыня. I толькі потым далятае аднекуль, як з таго свету, трубны голас ці то Ільі, ці то Дудара.

Голас. Маці. Пачуй нас. Не чуеш? Маці ветру. Маці ўрагану! Чорта яны нас узялі! Чорта лысага яны ўзялі і возьмуць нас!

Заслона