152746.fb2 Млын на Сініх Вірах - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 8

Млын на Сініх Вірах - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 8

Заўвагі для артыстаў

У гэтай драме дзве асаблівасці. Першая асаблівасць яе тая, што гэта драма рамантычная, дарэмна шукаць у дзеючых асобах (акрамя некаторых другарадных) рысы будзённасці. Другая асаблівасць тая, што ў драме няма галоўнага героя. Яна не называецца “Андрэй Лаўрановіч”, або “Пан Дзюбка”, або “Сапраўдная гісторыя камандзіра Каляды”, хоць кожны з гэтых герояў можа прэтэндаваць на першае месца. Яна называецца проста “Млын на Сініх Вірах”. Гэта маленькая гісторыя маленькіх людзей, якія разам, баронячы жыццё партызанскай брыгады, сталі вялікімі. Гэта – гісторыя млына. Гісторыя невялікага ўчастка вялікай барацьбы. I таму людзі, якія дзейнічаюць у драме, прыходзяць і ўходзяць, мяшаюцца ў справу і паміраюць тады, калі прыйшоў іхні час, калі ніхто больш не можа іх замяніць, як і ў жыцці. Першую карціну можна было б таму назваць “Каляда”, другую – “Цыкмун Асінскі”, трэцюю – “Варагі” або лепей “Немцы”, чацвёртую – “Тэкля Каваль”, пятую – “Пан Дзюбка”, шостую – “Абаронцы млына”, сёмую і восьмую – “Марыся і Андрэй”. Але няправы будзе той, хто абвінаваціць драму, кіруючыся гэтай прычынай, у шматковасці. Смальта, якая ўваходзіць у мазаіку, яшчэ не мазаіка, але, разам з іншымі каменьчыкамі, стварае яе. Кожны з герояў гэтай драмы таксама не герой паасобку. Галоўным героем гэтай драмы я жадаў зрабіць народ, добры і памяркоўны да сяброў, люты і бязлітасны да ворага, народ з аналітычным розумам Каляды, в мудрай іроніяй Цыкмуна, з дзівацкім скепсісам і бязмернай любоўю да Радзімы Дзюбкі, з таямнічай змрочнасцю Тэклі Каваль, з пяшчотнасцю Марысі і нязломнасцю Андрэя. Як мне гэта ўдалося – няхай судзяць іншыя. Але я, калі пісаў, бачыў перад сабою гордае і магутнае племя, адзінае ў мностве сваім, бачыў сутыкненне двух сіл, жорсткую бітву будучай Камуны з цёмным мінулым, бачыў усю непаўторную прыгажосць душы народнай і прыгажосць нашай зямлі: яе смалістых лясоў, яе лясных рэчак, якія зараслі белымі лілеямі, прыгажосць старога млына на адной з такіх рэк і людзей, якія біліся за яго, біліся за наш горкі, за наш ваенны хлеб, за нашу будучыню.

А цяпер некалькі слоў наконт дзеючых асоб. Перш за ўсё Асінскі. Гэта чалавек своеасаблівай філасофіі, трошкі скептык, адзін з тых “нязносных” людзей, якія да ўсяго падыходзяць з іроніяй, але ў душы самыя лепшыя людзі, якіх толькі можна ўявіць. Ні ў якім разе не трэба яго рабіць “фальклорным дзедам”, хоць у ягонай мове ёсць фальклорныя звароты. Ён усё ж такі рабочы, хаця і з сялян.