152874.fb2
Куторга. То ведаеце што, пане Пратасавіцкі? Як прыйдзе к вам асэсар, то стаўляйце мяне ў сведкі; хоць я і не бачыў, але буду сведчыць, што ён цябе біў, а ты толькі бараніўся. Не жаль для Марысі скрывіць душою. Толькі ж, пані Пратасавіцкая, прышліце сюды Марысю, каб я мог з ёю пагаварыць ды ўгаманіць дурную, бач, каб не цуралася разумнага чалавека.
Куліна. Памагайце толькі майму Ціхону, а ўжо Марыся будзе ваша; я ёй сама ладам напілую вушы... Пойдзем, Ціхон, прыгатуемся, каб па-гаспадарску прыняць найяснейшую карону. А ты, пане Куторга, пачакай, − зараз прышлю Марысю. (Выходзіць з Ціхонам.)
Куторга (адзін)
Куторга. Ну, хвала Богу, бацькоў удалося атуманіць! Цяпер трэба пайсці ў галаву па розум, каб дзеўку амарочыць. Прынадны, бач, кусочак. (Цалуе пальцы, як бы смакуючы.) Тварык − як сонейка яснае, шчочкі − як малінкі красныя, губкі − моў тыя каралі, а як засмяецца срэбным галасочкам ды вышчарыць зубкі − то, здаецца, бачыш два перлавыя шнурочкі. Ды і пасаг мае гаспадарскі: адна ў бацькоў, а стары грошы асьмінаю мерыць; у гумне поўна, у хаце дастатак, і абора багата. Добра гутарка кажа: калі абора цячэ, − гаспадыня бліны пячэ, а калі гумно цячэ, − гаспадар з хаты ўцячэ. Дык няхай жа дзень у дзень блінамі гасцей прымае. Праўда, век не схожы: я ўжо шосты дзесятак дажываю, а яна − семнаццаты гадок. Будзе клопату нямала, − о-ёй! Не раз пачашу патыліцу, − моладзь, як пчолы ў вуллі, будуць аблягаць маю хату; прыяцеляў копамі лічыць буду. Дык што ж рабіць? Не я першы, не я апошні, − дурных дзядоў нямала на Божым свеце. Каб сарваць такую прыгожую і багатую кветачку, не шкода і ў балоце пакачацца.
(Выцягвае над галавою пальцы, паказваючы рогі.)
Так, так! У цяперашнім разумным веку хочаш спакойна жыць? Будзь філосафам: бачыш − не бачыш, чуеш − не чуеш, − ба, ба, бы! Ды вось і Марыся ідзе сюды. Якая красачка! Гледзячы на яе, аж слінка па губах цячэ. Ану, Куторга, падпусці ёй лёстачкі...
Марыся і Куторга
Куторга(салодка пасміхаючыся, заляцаецца). Дабрыдзень, панна Мар’яна!
Марыся(сарамліва). Дабрыдзень, пан Куторга!
Куторга. А як панна Мар’яна прыгожа выглядае, які свежы тварык, моў ружачка толькі што з пучка! З якой нецярпячкай я ждаў шчаслівага моманту, каб пацалаваць беленькую ручку панны. (Падыходзіць з камічнай зграбнасцю і цалуе руку Марысі. Тая, адступіўшы назад, абцірае руку фартушком.) Панна Мар’яна! Вы не чуеце, вы не ведаеце, як я вас крэпка люблю, як па вас ныю.
Раманс
Марыся(перабіваючы). А ведаеце ад чаго гэта, пане Куторга? − Ад старасці! Ды ты ўжо нямала пажыў, − пара аб дзяўчатах перастаць думаць, а маліцца Богу, каб даў спасенне.
Куторга. Стары, стары!! (У гневе.)
Дуэт
Марыся
Куторга
Падчас спеву ўваходзяць станавы з Пісулькіным і хаваюцца па баках, каб падслухаць іх размову
Куторга. Бач, сабака Грышка! Ён клешчам упіўся табе ў сэрца, ды нічога з таго не будзе. Бацька твой дакляраваў мне тваю руку за тое, што я буду сведкай проціў Цюхая-Ліпскага. Найяснейшая карона прыехаў на прасоку па жалобе Цюхая на твайго бацьку, што ён яго пабіў; і калі ты пойдзеш за мяне, дык я гатоў і душою пакрывіць, ды даказаць на следстве, што бацька твой не біў Цюхая; а калі мае не ў лад, то я з сваім назад. Заспрачаўся толькі, дык я зараз буду сведкай проціў твайго бацькі. Уехаў твой родны ў нерат – ні ўзад, ні ўперад. Папаўся юрысту ў кіпці, – выссе ён яго, як упыр непамысную дзяўчыну. А калі б яму і ўдалося перапрасіць найяснейшую карону, то не канец яшчэ бядзе. Ведаеш, што кажуць людзі: чорт бяду перабудзе – адна згіне, дзесяць будзе. Справа ў суд як пойдзе, дык так дапякуць юрысты, моў баравіка на вуголлях, – адцураецца і сваіх.
Марыся. Дарма ты мяне палохаеш! Мы з Грышкам паклонімся ў пояс найяснейшай кароне, дык ён пагодзіць нашых бацькоў, а табе за крывое паказанне дасць харошую гонку.
Куторга. Што?! Ты думаеш, я баюся асэсара? Ды я такой задам яму пары, што ён не згадае, дзе ўюны зімуюць. Я чалавек бывалы, маю розум і патраплю ладам яго вывесці ў поле, як зайчыка пад хартоў.
Тыя самыя, Кручкоў і Пісулькін, Кручкоў падыходзіць ціха к Куторгу ды б’е яго па плячы; Пісулькін жа з камічнаю ўхваткаю падыходзіць да Марысі, каторая сарамліва і баючыся кланяецца.
Кручкоў. Дык ты мяне думаеш вывесці ў поле? Хочаш павучыць, дзе ўюны зімуюць? Пачакай жа, галубчык! Я ж цябе навучу, куды няправых сведкаў садзяць. Гэй, дзесяцкі!
Куторга(зляканы). Ваша благароднае сіяцельства! Найяснейша карона! Ды я ж толькі сабе жартаваў, – вот страшыў дурное дзяўчатка, каб яна прызволіла пайсці за мяне замуж. Бацькі благаслаўляюць, а яна казырыцца, – дык я вось так здуру сказаў ёй.
Кручкоў. Здуру хочаш крыва прысягнуць? А знаеш, чым гэта пахне? Па ўказу ўсеміласцівейшага цара Пятра Вялікага, 1779 года, аўгуста 10-га і па Статуту літоўскаму раздзела 3-га, параграфа 375-га гэта ўгалоўнае прэступленне, Сібірам пахне. Сібір, Сібір, галубчык! Гэй, дзесяцкі! (Дзесяцкі ўваходзіць.) Пасадзі гэтага моладца ў асобую святліцу ды глядзі, каб ён не бачыўся ні з кім, а барані Божа, з гаспадаром не згаварыўся.
Куторга(выходзячы з дзесяцкім). Найяснейшая карона! Бойцеся Бога, не губіце беднага чалавека! Мала што язык малоў, – добра прыказка кажа: млын меле – мука будзе, язык меле – бяда будзе. Выбачайце майму дуру!
Кручкоў. Якому дуру? Ты ж чалавек бывалы і нядаўна хваліўся сваім розумам.
Куторга(з бакавых дзвярэй). Які тут у чорта розум, калі так неасцярожна папаўся ў бяду, бы швед пад Палтавай! (Выходзіць з дзесяцкім.)
Тыя самыя, апрача Куторгі
Кручкоў. Ну, пане Пісулькін, пакінь ваша заляцанне, а бярыся за дзела. Тут, брат, нам харошае жніво!.. Гэй, дзесяцкі! (Той уваходзіць.) Пастаў тут пасярэдзіне стол ды накрый яго судовым сукном. (Дзесяцкі выпаўняе прыказанне.) Харошая пагода, можна і на дварэ папрацаваць. Садзіся, пане Пісулькін, ды прыбяры бумагі. (Пісулькін важна садзіцца, вымае корак з чарніліцы, разбірае паперы і іншыя падае станавому, каторы садзіцца таксама пры стале, задам да Пісулькіна, а потым гаворыць да Марысі.) Ну, Марыся, хадзі сюды, пабліжэ, дык кажы мне шчырую праўду, – ты ж бачыш, што ў мяне вусы не натапыраны, дык я не сярдзіты, – кажы: любіш ты Грышку Ліпскага?
Марыся(саромячыся і перабіраючы фартушок). Ну, дык што?..
Кручкоў. За што ж ты яго палюбіла?
Марыся. Сама не ведаю, – вот так штось прыпаў к сэрцу. Ды як жа яго не любіць, калі ён малады, прыгожы хлопец, а сэрца ў яго залатое.
Кручкоў. Дык хош за яго замуж выйсці?
Марыся(з сарамлівасцю). Але, хочу... калі за яго не пайду, то ўжо век мне, беднай, гараваці дзеўкай. Найяснейшая карона! Злітуйцеся над намі ды сатварыце наша шчасце! (Кланяецца яму.)
Кручкоў. Чаго ж ты хочаш ад мяне?
Марыся. Найяснейшая карона! Скончыце дзела няшчаснае між нашымі бацькамі не па-судоваму, а па хрысціянскаму абычаю: пагадзіце іх з сабою, – няхай больш не індычацца, ды прымусьце, каб яны нас з Грышкам злучылі. Найяснейшая карона! (Кланяецца яшчэ ніжэй і жаласліва кажа далей.) Ты ж такі, хоць чалавек судовы, чыноўны, ды, пэўна, верыш у Бога, – дык дзеля ласкі Божай сатвары ты нам ласку, зладзь нашае шчасце, а мы век будзем за цябе, тваіх дзетак і ўнучкаў Бога прасіць.
Кручкоў. Но, но, мілая, будзь спакойна! Я хоць чалавек, як кажаш, судовы, але ўсё зраблю па-хрысціянску ды яшчэ на тваім вяселлі паскачу... Гэй, дзесяцкі! (Той уваходзіць.) А чы сабралася шляхта з ваколіцы?
Дзесяцкі. Усе сабраліся, хто з курыцаю, хто з кадобчыкам мёду, а хто з сушонай рыбай. Чакаюць, што ваша міласць ім прыкажа.
Кручкоў. Добра! Няхай усе аддадуць хурману, ды спакуйце там харашэнька ў возе... Ты пакліч сюды Ціхона Пратасавіцкага з кабетаю. А Цюхай-Ліпскі з сынам ёсць?
Дзесяцкі. Цюхай, апроч мёду і рыбы, прыцяг дзесяць вянкоў сушаных баравікоў, а сын яго – капу ражынкаў-уюноў.
Кручкоў. Добра, добра! Усё ўпакаваць асцярожна! Ды кліч усіх сюды!
Дзесяцкі выходзіць. Кручкоў строіць сур’ёзную фізіяномію: адзін вус ставіць угору, другі ўніз. З глыбіні сцэны выходзіць шляхта, баіцца, кланяецца нізка і хаваючыся адзін за другога. З бакавых дзвярэй выходзіць Ціхон Пратасавіцкі з жонкаю. Марыся зыходзіцца ў глыбіні сцэны з Грышкам і ціха шэпчуцца паміж сабою.
Тыя самыя і Ціхон Пратасавіцкі, яго жонка, Цюхай-Ліпскі, яго сын Грышка, Цімох Альпенскі і іншая шляхта
Ціхон. Жонка, а жонка! Будзе бяда! Паглядзі, як у найяснейшай кароны вус адзін уніз, а другі ўгору задраўся. Ідзі ты наперад ды пакланіся яму, хрэн яму ў вочы.
Куліна. Што ты мяне пасылаеш! Ты сам наварыў піва, сам і папівай здароў, я баюся.
Ціхон. Ты – кабета, хрэн табе ў вочы, – ён жа цябе не з’есць! Вазьмі гэтыя грошы, – тут іх пяць дзесятак, – пакланіся ў ногі ды палажы на стол; ён жа юрыста, не адцураецца грошай, – тады і дзела пойдзе, як па салу.
Куліна. Ну, што рабіць, – папытаю. (Яна боязна падыходзіць, кладзе грошы на стол, пасля нізка кланяецца станавому.) Найяснейшая карона...
Кручкоў. Цішэ! (Куліна са страху адыходзіць ад стала ды хаваецца за мужа; Кручкоў, трымаючы паперу, устаў ды, не пазіраючы на шляхту, гаворыцъ.) Па ўказу Пінскага земскага суда от 23-го мая сего года за № 2312 прыбыл я в околіцу для расследованія уголовного дзела о побоях, нанесенных Ціхоном Протосавіцкім Івану Цюхаю-Ліпскому... Ліпскі, маеш сведкаў?
Ліпскі. Маю, найяснейшая карона.