152874.fb2 Пінская шляхта - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 3

Пінская шляхта - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 3

Кручкоў. Пусць выступят вперед! (Трое шляхтаў выходзяць наперад.) Пратасавіцкі, за што ты яго біў?

Ціхон. Дык ён жа назваў мяне мужыком, – хрэн яму ў вочы.

Кручкоў. Маеш сведкаў?

Ціхон. Маю, Куторгу.

Кручкоў. Яго няможна ставіць, – ён пад судом. (Абярнуўшыся да сведкаў Ліпскага.) Вы бачылі, як Пратасавіцкі біў Ліпскага?

Тры сведкі(боязна кланяючыся). Бачылі, найяснейшая карона.

Кручкоў(абярнуўшыся да іншай шляхты). А вы бачылі?

Усе іншыя. Не, не бачылі, найяснейшая карона!

Кручкоў. Ну, дык добра! Следства кончана, цяпер будзе суд, а наўперад: па указу всеміласцівейшай гасударыні Елісаветы Петровны 49-га апреля 1893-га года і всеміласцівейшай Екацярыны Вялікай от 23-го сенцябра 1903-га года, а равномерно в смысле Статута літоўскаго раздзела 8-га, параграфа 193-га, коім назначается в пользу суда от цяжушчыхся грывны. Обжалованный Протосавіцкі імеет зараз жа ўплаціць пошлін 20, прогонных 16 і на канцэлярыю 10 рублёў. Жалуюшчыйся Ліпскі ў палавіне того; сведкі, каторыя бачылі драку, а не баранілі, – па 9-ці рублёў, а вся прочая шляхта, што не бачыла дракі, за тое, што не бачыла, – па 3 рублі. Плаціце! (Садзіцца на месца ды піша; шляхта шэпчацца паміж сабою, пасля выбраны ўсімі зборшчык Цімох Альпенскі падыходзіць да Пратасавіцкага, Ліпскага і іншае шляхты, збірае грошы і, злажыўшы грошы ў адзін мяшок, падносіць, баючыся, да станавога ды кладзе на стол.)

Ціхон(адлічыўшы зборшчыку грошы, калі той пайшоў збіраць ад другіх). Э... глядзі ты! Як ён на бяду нашу ўсе ўказы і законы як рэпу грызе і не заікнецца, – хрэн яму ў вочы!

Куліна. Чаго тут дзівіцца? Відаць, судовы чалавек, дык ён на тым і зубы згрыз, – такая, бач, парода.

Кручкоў(як Альпенскі палажыў на стол грошы), А ўсе?

Альпенскі. Да капеечкі, найяснейшая карона!

Кручкоў. Ладна, ідзі! Зараз будзе дэкрэт.

Ціхон. Ух, госпадзі! Што гэта будзе, – хрэн яму ў вочы?!

Куліна. А што будзе? Вядома, юрыста, – абдзярэ ўсіх дачыста дый паедзе з Богам дахаты.

Ціхон. Хрэн табе ў вочы, – каб прынаймні шкура была цэла, а то як дабярэцца да яе, будзе нячысты інтэрас!

Кручкоў(устаў і выходзіць з папераю на сярэдзіну сцэны). Слухайце з увагаю!.. (Усе кланяюцца.) Буду чытаць дэкрэт. (Зноў кланяюцца.) Па указу его імператарскаго вялічаства, во врэменном прысуцтвіі, в комплекце, саставленном із участковага заседацеля і его пісьмавадзіцеля, слушалі дзело, коего абстаяцельства следуюшчыя: Іван Цюхай-Ліпскі назвал Ціхона Протасавіцкаго мужыком; тот за такую обіду пабіл Ліпскаго, на что сей последній прэдставіл і свідзецелей. Расследовав таковое дзело, врэменнае прысуцтвіе, сообразно указу всеміласцівейшаго гасудара Пятра Вялікаго в 1688 г. марта 69 дня паследававшего і прымяняясь к Статуту літоўскаму раздела 5-га, параграфа 18-га, – опрэдзеліло: а) Ціхону Протосавіцкаму, как угалоўнаму прэступніку, назначается: 1-е) 25 лоз на голай земле без дывана, і 2-е) штрафа 25 руб. в пользу врэменнаго прысуцтвія; б) Івану Цюхаю-Ліпскаму, как нанёсшаму лічнае аскарбленіе Протосавіцкаму, назначается: 1-е) 15 лоз на дыване і 2-е) 15 руб. штрафа в пользу врэменнаго прысуцтвія; в) свідзецелям, каторыя відзелі драку і не разнялі дзерушчыхся, – 1-е) па 10 лоз на дыване і 2-е) па 10 руб. штрафа в пользу врэменнаго прысуцтвія; д) всей прочэй шляхце, каторая не відзела дракі, за то, што не відзела, а цем самым не магла і разняць дзерушчыхся, назначается: 1-е) па 5 лоз на дыване і 2-е) па 5 руб. штрафа в пользу того же прысуцтвія. Напаследак: г) прымяняясь к указу яе вялічаства Анны Іаанаўны 1764 г. акцябра 45-га чысла за негербовую бумагу, упатрэблённую і імеюшчуюся ўпатрэбіцца па сему дзелу, – Протосавіцкі 5, Ліпскі 3, свідзецелі па 2, а все прочыя па 1 рублю ўплоцят... Кончэна! Цяпер зборшчык няхай збірае грошы, пасля жа прымемся за лазу.

(Падыходзіць да стала і ўглыбляецца ў паперы.)

Ціхон. У... у... у... бацькі мае родныя! Хрэн яму ў вочы, – 25 лоз ды яшчэ і не на дыване, а на голай зямлі! Даў бы сто рублёў, каб дыван падаслалі.

Кручкоў нібыта ўглыбляецца ў чытанне папераў; зборшчык збірае грошы, пачынаючы ад Пратасавіцкага, каторы, аддаўшы зборшчыку грошы, падкрадваецца к Пісулькіну, адклікае таго ўбок і совае 25-рублёвую бумажку.

Ціхон. Дабрадзею, ратуй няшчаснага ды навучы, як ад лазы збавіцца!

Пісулькін(убок, разглядаючы бумажку). Харашо быць пісьмавадзіцелем у разумнага чалавека, маляваныя госцікі! (Паказваючы на бумажку.) Самі ў карман лезуць, не нада і рук выцягваць. (Да, Ціхона.) Не ведаю, што рабіць! Ён сам баіцца, каб, зрабіўшы вам палёгку, перад судом не адказваць. Але папробуйце. (Тут падыходзіць другая шляхта і слухае яго рады.) Злажыце яму добры гасцінчык, авось паквапіцца? Пагаварыце з сабою і злажыце, а я, тым часам, папрабую ўгаманіць яго.

(Падыходзіць да Кручкова і шэпча, той злосна адказвае.)

Кручкоў. Не магу, не магу! Знаеш, па всеміласцівейшаму ўказу нашага гасудара 1881 года, сенцября 75-га дня какой вялікі адказ за паблажку сторанам в угаловнам прэступленіі?! Не толькі пасаду магу страціць, но і лічнасць падвергнется опасносці.

Ціхон. Жонка, а жонка, – хрэн табе ў вочы! Прынясі шкураны мяшок, што ляжыць у кубле з грэчкаю; там ёсць сто рублёў, трэба выкупіць шкуру. Ох, даражэй яна каштаваць будзе, – хрэн ёй у вочы!

Куліна. Што? Нацярушыў бяды, а цяпер расплачвайся. (Выходзіць ды праз мінуту варочаецца з мяшком.)

Грышка(да бацькі). Ану, бацька, рассупонь свой мяшок ды вынь якіх рублёў з 50, – можа і тваю пашануюць шкуру. (Да іншае шляхты.) І вы разварушыцеся; каторыя бачылі драку – па дзесяць, а каторыя не бачылі – па пяць рублёў, – злажыце ў кучу ды паднясіце найяснейшай кароне. Дык ён зжаліцца над вамі і дзела кончыць; вось як яны, людзі судовыя, умеюць: і воўк будзе сыты, і козы цэлы.

Шляхта збірае грошы, пасля, зложаныя ў адзін мяшок, аддаюць Грышку, падпіхаючы яго да станавога і ўгаворваючы, каб ён асмеліўся аддаць іх Кручкову і прасіць дараваць ім.

Ліпскі. Ідзі ты, сынку, – палажы на стол ды прасі і малі, каб ён памілаваў нашу шкуру ды скасаваў строгі свой дэкрэт.

Грышка. Бачыце, бацька, як нядобра, што вы зводзіцеся з суседзямі. Добра, я асмелюся падысці, толькі каб вы пагадзіліся з Ціхонам ды каб паслалі ад мяне сватоў к яго дачцэ Марысі.

Ліпскі. Д’ябал яго бяры! Няхай толькі ўладзіцца дзела, а я не адкажуся. Ідзі, прасі!

Грышка з аднаго, а Пратасавіцкі з другога боку баязліва падыходзяць да стала, пры каторым Кручкоў, нібыта ўглыблены ў чытанне папераў, ды кладуць мяшок з грашыма; Грышка, моцна кашлянуўшы, кланяецца нізка станавому ды гаворыць

Грышка. Найяснейшая карона! Мы – адвеку пінская шляхта і ты шляхціц. Не глумі ж, не пэцкай у балоце шляхецкай, братняе табе, крыві! Скасуй строгі твой дэкрэт, на сорам нашай ваколіцы пісаны, – паміры майго бацьку з Ціхонам, ствары мае і Марысі шчасце, а мы ўсе, цэлаю ваколіцай, век за цябе будзем Бога прасіць і век табе дзякаваць!

Пісулькін. І я вас прашу, ваша благародзіе, – пусць подадут міровую і канцы в воду.

Кручкоў(да Пісулькіна, але моцна). Харашо! Для вас это здзелаю, прыму грэх і ответ на себя... Ціхон Пратасавіцкі і Цюхай-Ліпскі! Падыдзіце сюды бліжэй. (Тыя падыходзяць, за ім і Грышка і Марыся.) Абніміцеся і пацалуйцеся на згоду, – ну, што ж? (Марыся свайго бацьку, а Грышка свайго патхаюцъ, каторыя потым абнімаюцца і цалуюцца з сабою.) Ціхон! На згоду каб быў крупнік[2].

Ціхон. Гатовы, найяснейшая карона! Схадзіце, жонка і Марыся, ды прынясіце, – хрэн вам у вочы. (Куліна і Марыся ідуць у хату.)

Кручкоў. Вы думаеце, што мне міла паняверыць кроў шляхецкую? Я ж сам шляхціц, вам родны, але што ж рабіць? Служба – не дружба. Законы, міленькія, законы! Годзячы вас, бяду на сябе бяру; толькі пад такою кандыдацыяй, каб Ціхон з Ліпскім навек з сабою памірыліся ды каб я з-за вас не ўлез у нерат. Канечна трэбую, каб тут жа, пры мне, дзетак сваіх заручылі, а там і павянчалі. (Тут Куліна і Марыся ўносяць дзве міскі гарачага крупніку ды ставяць на стол з кубкамі.) Ну, што, Ціхон, – аддасі за Грышку сваю Марысю?

Куліна(ставячы міску). Гарачая, ой, гарачая, найяснейшая карона!

Кручкоў. Адкуль жа ты ведаеш?

Куліна. Дык я ж сама яе зладзіла...

Кручкоў. Што?

Куліна. Да гарэлку. Толькі што перагарэла, шафрану і розных прыпраў насуліла многа, мёду ж цэлы кадобчык укінула.

Кручкоў. А... ты талкуеш аб крупніку!

Ціхон. Хрэн табе ў вочы! Чуеш, што найяснейшая карона кажа?

Куліна. А як жа, аб прыправе...

Ціхон. Аб якой прыправе? Хрэн табе ў вочы, – аб Марысі! Ці аддасі яе за Грышку Ліпскага...

Куліна. А што будзе з Куторгаю?

Ціхон. Хрэн яму ў вочы! Твой Куторга толькі хваліцца ўмее, а як прыйшло да дзела, дык чуць у бяду з сабою разам і мяне не ўцяг.

Кручкоў. Вот я тут зараз цэлую справу кончу. Налівайце кубкі! (Куліна з Ціхонам наліваюць, падаюць Кручкову, Пісулькіну і ўсім іншым.) Грышка, любіш ты Марысю? Хочаш з ёю да шлюбу?