153064.fb2
Яневіч. Не захочаце зразумець – загадаю Бабаеду выкінуць вас у акно. Ідзі, Пархвен... Ён не будзе.
Пасланец (цішэй). Вас будуць біць.
Кастусь. Пакуль – мы б’ём.
У прыхожай званок. Чортаў Бацька прапускае дваіх людзей, захутаных у плашчы.
Чортаў Бацька. Каго любіш?
Марцявічус. Люблю Беларусь.
Чортаў Бацька. То ўзаемна. Што перадаць?
Марцявічус шэпча яму нешта на вуха. Чортаў Бацька ідзе ў гасціную.
Чортаў Бацька. Пані Яневіч... Кастусь... Там нейкі Парафіяновіч.
Пасланец. Хто?
Арсень (ціха). Вітаўт Парафіяновіч.
Чортаў Бацька. І з ім яшчэ чалавек. Амаль за рукаў яго цягне... Кажуць, “надзвычайныя” весткі.
Яневіч. Вядзі.
Чортаў Бацька выходзіць у прыхожую.
Чортаў Бацька (Вітаўту). Здымі плашч.
Вітаўт. Ты мне не загадвай – здымаць ці не здымаць.
Марцявічус (глуха з-пад капюшона). Пакінь яго. Там, відаць, паненкі, а ён ведае, што ў плашчы ён больш эфектны... Крылаты серафім...
Вітаўт. Памаўчаў бы. (Глядзіць на Чортавага Бацьку.) Мужык. Людзьмі аскудзелі, ці што?
Чортаў Бацька. Ты, здаецца, казаў, што Беларусь любіш?
Вітаўт. Ну...
Чортаў Бацька (амаль сурова). То і я... паныч... яе люблю.. Давеку.
Заводзіць абодвух у пакой.
Кастусь. Вітаўт, ты? Здорава як!
Вітаўт. Вечар добры, Кастусь... Да ручак, пані Яневіч... Шчасліва, Арсень... Добрага сонца... дзяўчынка...
Паўза.
Кастусь. Вітаўт, што здарылася?.. Адказвай...
Вітаўт. Даношу аб разгроме. Паўстання на Магілёўшчыне больш не існуе.
Караліна. Што?.. Як?..
Вітаўт. Не ведаю. Пярэдняму краю цяжка...
Караліна. Цяпер паўсюль пярэдні край.
Кастусь. А дзе атрады Раўбіча, Грынкевіча, Загорскага?
Вітаўт. Бадзяюцца недзе, але арміі няма.
Паўза.
Вы, спадзяюся, не сумняваецеся ў маёй смеласці?
Арсень. Хлапецтва! Пры чым твая смеласць?.. Разгро-ом.
Пасланец. Нясцерпна. Але што я вам казаў?
Арсень. Знойдзеш сілу хвіліну памаўчаць?
Пасланец. Непрыемна? Закруціліся?
I тут нечакана аддзяляецца ад сцяны Марцявічус.
Марцявічус. Хлюсты паўстаннем кіруюць. Белая сволач. Вы ад іх чаго, перамог хацелі?
Караліна (амаль з жахам, бо чалавек – страшны). Хто гэта?
Марцявічус. Я Бронюс Марцявічус, жмудзін. Сын... аднаго чалавека з горада Сухадола... Люблю Беларусь!
Кастусь. Люблю Жмудзь!
Марцявічус. Я прыйшоў з ім, каб паслухаць, як ён раскажа аб усім.
Кастусь. Кажы, Вітаўт.
Вітаўт. Мы гналі іх тры тыдні. I вось, калі мы ўсёй сілай ішлі з Сухадола на Гадарочы... Тысяча дваран... Дзве тысячы мужыкоў... На ўз’яднанне з атрадамі Загорскага і Грынкевіча – гэта яшчэ чатыры тысячы...
Кастусь. Ведаем...
Вітаўт. Нас спыніла войска...
Марцявічус. Мы гэтаму войску маглі б духам вязы скруціць.