153064.fb2 СМЕРЦЬ I НЕЎМIРУЧАСЦЬ - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 11

СМЕРЦЬ I НЕЎМIРУЧАСЦЬ - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 11

Вітаўт. Я не спадзяваўся на мужыкоў. Як часта яны кідалі косы.

Пасланец. Я казаў.

Марцявічус. Ні пікні... Супраць гарматы – кінеш.

Вітаўт. I тут нас прыціснулі да Дняпра. Пачалося знішчэнне... Гэта было страшна! Людзі з кручы падалі... Коні... Гігаталі так жахліва, як людзі. Мяшанка... Агонь...

Марцявічус. Ты скажы, чаму так атрымалася...

Вітаўт. Не папракай! Я сабраў кучку людзей. Мы па іх ударылі, прарваліся! Я не апошні, я першы з пісталетам ішоў... На конных!

Марцявічус (горка). Што мне ў тваёй мужнасці? Ты пагубіў людзей. А мужнасць – твая асабістая справа... Шчанюк ты... Шляхта, вось хто...

Вітаўт. Я табе зараз язык твой заб’ю ў тваю паганую глотку разам з зубамі.

Марцявічус. Ану!!!

Кастусь. Ціха! Кажы далей, Вітаўт.

Вітаўт. Мы беглі. Падалі людзі. Ад’ютанты ўвесь час, на хаду, зараджалі, падавалі мне пісталеты... Я смерці прасіў... А падалі яны. Пяць ад’ютантаў...

З грудзей Кастуся вырваўся цяжкі, страшны ўздых.

Марцявічус. Ён сказаў... Цяпер я. Пра тое ж... Адзін... чалавек з Сухадола (голас жмудзіна сарваўся) благаславіў на паўстанне мужыкоў. Тыя прыйшлі вось да яго. I ён... ён не даў ім зброі. Мужыкі ўсё ж пайшлі, з віламі, без зброі. А ён іхнюю зброю – шляхцюкам Хаданскага.

Пасланец. Правільна, сынок.

Марцявічус. I тыя памірыліся з палкоўнікам, што вёў салдат. У баі пад Доўгай Кручай – кінулі нас, адышлі... Мужыкі біліся тым, што пад руку трапіла. Цяпер яны ляжаць на дне Дняпра.

Кастусь. Гэта так?

Марцявічус (за Вітаўта, глуха). Так. Што мне ў яго мужнасці, калі ён сам аддаў край ворагу? Вешалі на ўсіх варот ах.

Кастусь. Гэта праўда, Вітаўт?

Вітаўт. Так. Яны неабвучаныя.

Арсень. А людзі Хаданскага абвучаныя... Чаму? Здрадзе?

Вітаўт. Я не мог ім верыць. Мужыкі дапамагалі карнікам знішчаць батальёны Серакоўскага пад Дынабургам.

Марцявічус. Мужыкі дапамагалі Каліноўскаму знішчыць карнікаў пад Бахарэвічамі.

Вітаўт. Мужыкі – здраднікі.

Марцявічус. Мужыкі – героі.

Яневіч. Гэй, пане пасланец, ану глянь на мяне...

Паўза.

Кастусь. Не верыў народу...

Караліна. Сябры... браты... таварышы...

Кастусь. Гэта страшна. Але яшчэ страшней, што не верыў... Будзеш плаціць, Вітаўт... Жыццём...

Вітаўт. Я гатовы.

Кастусь. Не нам... Бацькаўшчыне... (Да пасланца.) Так. Вось вам і канец нашай спрэчкі. Перадайце Беламу жонду, што мы забараняем ім нават нос торкаць у справы паўстання. А торкнуць – будзем расстрэльваць... як здраднікаў.

Паўза.

Пасланец. Я маўчу. Але вы забіваеце веліч нашу. Горка заплача над гэтым радзіма.

Кастусь. Добра... Ведаючы вашу схільнасць да няправільнага вырашэння практычных пытанняў, я прапаную вам прыемную прагулку... Пархвен!

Чортаў Бацька. Га!

Кастусь. Калі ласка, Пархвен, вось тут пан хоча прагуляцца.То ты ж месяц у горадзе. Ведаеш яго... Будзь другам, пакажы пану Ніжні замак, дзе Беларусь з Літвою магнатам прадалі... Пакажы месца, дзе па віне магнатаў у мінулае паўстанне суайчынніка ягонага, святога паляка Канарскага, расстралялі...

Пасланец. Хама мне ў гіды?

Кастусь. А калі не хоча, то пакажы яму, Пархвен, недалёкае месца... Наш задні двор. Дзе выграбныя ямы.

Чортаў Бацька. З асаблівым задавальненнем.

Пасланец. Што ж... Пашкадуеце... (Пайшоў.)

Кастусь. Духам не трэба падаць, браты... Не трэба. Мы жывыя. I пакуль мы жывыя – агонь не згасне.

Марцявічус. Гэта не ўсё. У мяне просьба, Кастусь.

Кастусь. Чаго просіш?

Марцявічус. Права на стрэл.

Кастусь. У каго?

Марцявічус. Я прыехаў за гэтым чалавекам з Магілёўшчыны. Гэта той, хто задушыў там паўстанне. Цяпер ён будзе правай рукой Мураўёва тут, у Вільні. Але няхай ён не думае, што мінулае забудуць.

Кастусь. У чым абвінавачваеш?

Марцявічус. Абвінавачваю ў здзеках, катаваннях, расстрэлах. Абвінавачваю ў сотнях шыбеніц.

Кастусь. Ты нешта скрываеш, брат.

Марцявічус. Той... чалавек з Сухадола, які благаславіў мужыкоў на паўстанне, быў ксёндз Малявічус... Галава карнікаў павесіў яго.