153064.fb2
Кастусь. Ідзі дадому, сланечнік... Ідзі да Яневіч... Вазьмі там найлепшы бальны ўбор... I адразу, на рамізніку, да палаца... У мяне будзе на гэтым балі дама... Найлепшая прыгажуня зямлі... На цэлы вечар... (Вочы ў яго гарэзлівыя і адначасов а страшныя.) Скажы, ты ніколі не бачыш у сне, што танцуеш?
Караліна. Часта... Кастусь. I гэта такое шчасце!
Кастусь. I мы будзем танцаваць. Мы натанцуемся на сто год наперад, сланечнік... Мы будзем танцаваць... Ідзі.
Караліна. Ах-х... Кастусь.
Пайшла. Кастусь глядзіць ёй услед.
Кастусь.
Натоўп кіпіць. Гудзе, віруе горад,
А ты, прыкуты да яго цяснін,
З трывогаю няўлоўнай адчуваеш
Няўмольны лёс, што абступіў цябе.
I побач светлая мая, святая,
Якой не смерць – сусвет бы падарыў...
Прыслухайся да шуму: горад спіць.
Прыслухайся да шуму: спіць Зямля.
Спіць воля ў турмах, праўда – ў катавальнях,
I людзі спяць, абпіўшыся хлуснёй...
Нічога... Ёсць такія, што не дрэмлюць.
Такія не даюць сабе дазволу
Любіць што-небудзь, акрамя свабоды.
Няшчасна закаханыя ў яе,
Адрынутыя ёю ў смерць і ў турмы,
Яны пажнуць найлепшых закаханых
Праз трыста год. У новы вольны час,
Калі прамовіць нейкая дзяўчына:
“Чаму я не жыла тады, матуля?
Чаму не йшла на бітву сярод іх?”
Ты будзеш жыць і танцаваць, дзяўчына,
Кахаць... А ў нас крык гневу рвецца з вуснаў...
Сланечнік мой, прамень мой светлы, добры...
Гляджу услед, і ад пяшчоты сэрца
Спыняецца. А ты, мая зямля,
Глядзіш мне ў вочы змрочнымі вачыма,
I нема замірае мой язык.
Паўза.
Ідзе... З Дамініканскага завулка,
Дзе мураўёўскі, чорны той засценак,
Святло касое падае пяшчотна
На плечы, твар і золата касы...
О, як ты будзеш танцаваць сягоння,
Якім жывым і цёплым захапленнем
Заззяюць вочы мілыя. I руку
Адчую я ў сваёй руцэ. I вочы
Ніжэй сваіх вачэй убачу я.
I вусны мне раскрыюцца насустрач,
Як кветка цёплая насустрач сонцу...
А потым... Што казаць аб тым, што потым...
Дадому з балю разам не паедзеш...
I я ў святле бягучых ліхтароў
Не буду цалаваць тваіх вачэй...