153064.fb2
Цаплін. Выдаляюць цвярозага!
Кастусь. Цвярозыя маюць дастаткова здаровага розуму, каб разумець, што ва ўсякім іншым месцы ім будзе зручней.
Павялі Цапліна.
Цаплін. Панове, мяне выносяць!
Голас. Бачым.
Цаплін. Мы яшчэ сустрэнемся... пры святле маланкі!
Кастусь. I пры секундантах... (Падае картку Марцявічусу.) Перадайце яму маю візітную картку... калі ён, вядома, мае звычай хоць калі-небудзь выходзіць з такога вось стану.
Вывелі Цапліна.
Марыя (ціха). Князь Мсціслаўскі?
Кастусь. Уф-ф! (Да Караліны.) Раю вам, сястрычка, запасціся верай, што не ўсе мужчыны падобныя да палкоўніка. Зрэдку трапляюцца і іншыя.
Караліна. Веру.
Смяшок. Людзі разыходзяцца.
Дэ Салье. Мілы князь, граф хоча пазнаёміцца з вамі... Вас я вазьму з сабой, дарагая княжна. Вы ўбачыце графа, а тады я аддам яе вам, князь Стоцкі.
Падыходзяць да Мураўёва. Дэ Салье рэкамендуе Кастуся і Караліну.
Мураўёў (Караліне). У вас адухоўленыя вочы, княжна. Вы непадобная на большасць свецкіх паненак.
Караліна. Мне прыемна чуць гэта, граф.
Дэ Салье. Хадземце, дарагая... (Мураўёву.) Спадзяюся, вы будзеце ў захапленні ад князя... як я...
Мураўёў. Мне часта даводзіцца захапляцца вось так... Аддаюць перавагу маладому Нуліну, які толькі што прыехаў з Парыжа, а не мне, які “в сраженьях изувечен”.
Кастусь. “И вас за то ласкает двор”.
Караліна і дэ Салье пайшлі.
Мураўёў. Ласкі двара не ласкі жанчын... Мсціслаўскі... Я ведаў аднаго па Магілёўшчыне.
Кастусь. Наш радзінны край, граф.
Мураўёў. Н-нулін... Непрыемны выпадак, га?
Кастусь. Відаць, вам дрэнна, калі сярод гэтых жырандоляў і калон людзям блюзняцца цені паўстанцаў.
Паўза. I раптам Каліноўскі рассмяяўся.
Цікавая ідэя. Уявіце сабе, што я сапраўды паўстанец. I сустракаюся з чалавекам, які мяне ведае... Бр-р...
Мураўёў. А вы пайшлі б у паўстанцы, князь?
Кастусь. Пайшоў бы. Каб імператару прыйшла ў галаву ідэя адмяніць гасудараў радасловец.
Мураўёў. Дзікая ідэя. Хіба ён можа?
Кастусь. Радасловец – небяспечная кніга.
Мураўёў. Чаму?
Кастусь. З яго вынікае, што першыя – мы, а Раманавы – мелката.
Мураўёў. Сказалі б гэта ў вочы?
Кастусь. Прывілей арыстакратаў – праўда.
Мураўёў. Нават на эшафоце?
Кастусь. Э-э! Столькі сапраўдных дваран за апошнія гады мужна стаялі на ім. Я не горшы. Толькі мне хацелася б ведаць... навошта вам усе гэтыя страты, граф? Якая вам патрэба знішчаць?
Мураўёў. Таму што толькі на імперыю, на ўцёс у збаламучаным моры спадзяюцца сёння высакародныя людзі ўсёй зямлі.
Кастусь. А нашто нам апраўдваць іх спадзяванні, ратаваць іх?
Мураўёў. Для сябе. Бунт мужыка – заканамерны. Ён воўк і глядзіць у лес. Калі ж дваранін стае на бок мужыка, здраджвае саслоўю, хоча ў свінапасы – такога нельга літаваць.
Кастусь. А такія ёсць?
Мураўёў. Ёсць.
Кастусь. Хто яны?
Мураўёў. Ну вось, напрыклад, Каліноўскі...
Кастусь. Хто ён?
Мураўёў. Самы небяспечны і самы дастойны мой вораг.
Кастусь. Тады гэта, відаць, фігура. Хацелася б мне ўбачыць яго. Я з цікавасцю паціснуў бы яму руку. Гэта, ці ведаеце, сустрэча не з тых, якія забываюць.
Мураўёў. Я не магу забыць аб ім ужо некалькі месяцаў.
Кастусь. Цікава, які ён?
Мураўёў. Кажуць, русыя, вельмі пышныя, хвалістыя валасы.