153064.fb2 СМЕРЦЬ I НЕЎМIРУЧАСЦЬ - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 19

СМЕРЦЬ I НЕЎМIРУЧАСЦЬ - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 19

Афіцэр. Цапліна не бачылі? Тэрмінова выклікае камендант.

Кастусь. Яго адправілі дамоў.

Госць. Ён набадаўся, як сорак тысяч пустэльнікаў.

Афіцэр. Ды няма яго дома.

Арсень. Значыць, не давезлі.

Збіраецца натоўп. Непаразумелыя выгукі.

Афіцэр. I дома няма.

Кастусь. I дома няма? Ну, панове, тады застаецца выказаць адно меркаванне.

Госць. Якое?

Кастусь. Яго ўкралі. Ён выкрадзены.

Госць. Кім?

Кастусь. А вось тут самае шырокае поле для вашых меркаванняў: ад паўстанцаў і нячыстай сілы да спакусніц нізкага гатунку і тайнай паліцыі.

Смех.

Асабіста я схільны падазраваць цыганоў.

Арсень. Хіба ён дзіця ў пяшчотным узросце?

Кастусь. У самым пяшчотным, панове. Настолькі пяшчотным, што я не ведаю, ці можа ён сказаць слова “мама”.

Зайграла музыка.

(Гучна.) Вось мы і танцуем свой танец, сланечнік... Гэты вальс – наш.

АКТ ДРУГІ

КАРЦІНА ШОСТАЯ

Заслона з чынаватага палатна. Перад ёй булькоча крынічка. Спачатку здалёк, а потым усё мацней і мацней чуюцца гукі ліры: струны гудуць, як чмялі. Гучыць “Дарота”.

А Дарот а крыж нясе

Па сцюдзёнай па расе,

Па папёлах стылых,

Па пажарах дымных

Нясе... Нясе...

З’яўляецца жабрачка-плакальшчыца ў распатланай чорнай вопратцы. З ёй нямы Ян, хлопчык год чатырнаццаці, ва ўсім белым. У яго дзіўнай тонкасці прыгажосць... Ён торгае жанчыну за прыпол.

Плакальшчыца. Скора, дзетка, скора нашы Бахарэвічы. Горачка маё нямое. Ніхто цябе не разумее. Адна я.

Булькоча, звініць з перападамі крынічка.

Блякочаш нешта, як тая крынічка, а людзі сабе ідуць...

Ян. Мм-м...

Плакальшчыца. Ну, прысядзем.

Сядаюць.

Я з-за цябе на ўсіх, хто адвеку маўчыць, як на знямелых, глядзець стала. Нібы ўсё ведаюць, а не могуць сказаць. Камень. А раптам і ён? Сабака пярхае “пхла, пхла” – ясна, на блох скардзіцца.

Ян дзікавата засмяяўся.

Другі раз ты смяешся з таго самага часу.

Зазвінела крынічка.

Што табе, маленькая крынічка?

Звон.

Ведаць хочаш? Пра хлопчыка? I ведаць няма чаго. Жабравалі. Залез дурнічка ў магнацкі сад. Залатога яблычка захацелася. А там на яго хортых спусцілі: цюга яго! Цюга! I хто з іх за гэта спытае?

Мыкае Ян.

Правільна. Сабакі. Страшныя сабакі. З перапуду завязала яму язык. Так шэсць год ходзім. Цяпер вось дамоў.

Мяккі звон. Жабрачка ўстае.

Ну добра, добра, крынічка. Ты заставайся, мы пойдзем.

Ідуць. Жужжаць струны ліры.

За ўсіх бедных людзей

Па палёх яна ідзе...

Ідзе...

Ідзе...

Знікаюць. Уздымаецца заслона.